Адраджэньне Беларусі і Польшча (1921)/I
← Чытачу | I. Слова уступнае Публіцыстыка Аўтар: Аляксандр Цвікевіч 1921 год |
II. Беларусь і Польшча ў мінулым → |
Галоўнай азнакай, вызначаючай палажэньне народа ў гісторыі, зьяўляецца яго ўласная моц, яго воля да жыцьця. Усе іншые азнакі — роль ураду, адносіны суседзяў і розные іншые об'ектыўные варункі, маюць другораднае значэньне.
Калі жыцьцёвые сілы Рыму вычэрпаліся, калі ў яго аслабела воля да жыцьця — ён паў, і ніякіе комбінацыі разсудчага, палітычнага характару, ніякіe глыбокадумые проэкты не маглі збавіць яго ад сьмерці. Як чэлавек, зжыўшый свае жыцьцё і утраціўшый у працэссе яго жывотные сілы засуджэн на сьмерць, гэтак сама і народ, перажыўшый сваю гісторыю павінен зыйсьці са сцэны, зьнікнуць з аблічна зямлі.
Калі вычэрпываюцца усе сілы народу, калі зжываюць сябе і пазбаўляюцца волі да жыцьця усе яго складные часьці, калі не астаецца ў ім ніводнай групы, ніводнага стану, годнага вясьці барацьбу за істнаваньне, тагды памірае, зыходзіць са сцэны ўвесь народ без астатку. Але калі друзеюць сілы якой небудзь часьці яго, калі здольнасьць да творчай чыннасьці утрачвае толькі асобны стан, асобная група яго, то ўвесь народ яшчэ не засуджэн на скон. Пакуль ня вычэрпалася крыніца ўсей волі нацыі, датуль гэта нацыя ня можэ быць зьніштожана. Заніштажаецца адрузьлеўшая засохшая часьціна. Народ заменяе гэты адумершы гангренны член, адсекае яго і ў зьвязку з гэтым перэмешчае цэнтры сваей творчай волі.
У гэткі пэріод народ падобен хвораму, на неякі час утраціўшаму магчымасць адпору і чэкаючаму даканчаньня працэса хворасьці, каб з новымі сіламі стануць на ногі, дзеля новага жыцьця і далейшага змаганьня. Гэткі крытычны пэріод вельмі небаспечан: гістарычные варункі, паміж якіх жыве і абнаўляецца нацыя, могуць аказаць катастрофічные ўплывы на яе долю і надоўга затрымаць яе натуральнае разьвіццё.
Калі пэріод хвараблівага перабудаваньня нацыі зыходзіцца па часу з гэткім самым працэсам у суседніх народаў, то німа небаспекі староннага ўмешаньня: увага ўсіх скіравана ўнутр сябе, на змаганьне са сваей хворасьцю, са сваей нягодаю. Калі-ж гэтага німа, то ўмешаньне неунікнёнае.
Здолеўшый ачуняць ад ўласных хворасьцей, народ пасьпешае скарыстацца часовай слабасьцю свайго суседа і пад рознымі аслонамі, а часьцей за ўсё вайной, кіруецца захапіць яго і прымусіць служыць сваім інтэрасам.
Гэты захват і паняволеньне, у залежнасьці ад фізычнай сілы і палітычнага спрыту захватчыка і ад сілы і спрыту паняволенага, цягнецца розны час. Гісторыя сьведчыць (Польша, Чэхія, Украіна) што звальненьня ад палону народам прыходзіцца чакаць сталецьцямі.
І тая ж гісторыя сьведчыць, што ня рэдка ролі меняюцца, і ўчора паняволеная нацыя становіцца панам палажэньня і пападае у палажэньне пануючай і эксплёатуючай.
Але ні тое, ні другое не значыць, што паняволены народ памёр і ня вернецца да далейшага жыцьця. Палон азначае толькі, што сілы нацыі часова прыдушаны, развіцьцё яе спынено, што народ гэты жыве ў стане спэцыфічнага анабіоза, палітычнага законсэрваваньня.
Учарайшая Расея ў прадоўжаньні неколькіх вякоў была тым суседам, каторы, апіраючыся на сваю пераможнасць і карыстаючыся часовай слабасьцю акружаючых яго народаў, падмінаў гэты народы пад сябе і, ўпіхаючы іх у рамкі сваей дзяржаўнасьці, абязлічваў іх і экплёатаваў. Гэта Расея, гэта „вялікая турма народаў," была выяўленьнем сілы цьвёрдагаловага і цьвёрдазубага расейскага дваранства, павольна сьпеўшага і, з прычыны адлегласьці ад калыбак культуры, не падлегаўшага ідэйным пакусам і псаваньню.
Адгарадзіўшыся праваслаўем ад творчых крыніц рымскае цывілізацыі, ядро учарайшай Расеі — Маскоўшчына — парадзіла з тучнае нівы гэтага цьвёрдагаловага дваранства яшчэ больш цьвёрдае, яшчэ больш нерухавае маскоўскае самадзяржаўе. У процэсе росту і ўзаемнага забаспечаньня, дваранскаму самадзяржаўю быў прыдадзены містычны характар, гэтак даладна пасаваушый па зьместу візантыйскаму характару маскоўца. Каменны балван лёг магільнай плітой на парадзіўшую яго старонку і на доўгіе часы прыдаў ей незвычайную цьвёрдасьць.
Спрэчацца з гэткім суседам было цяжка, і мы бачым, што аграмадны лік народаў, з якіх адны знайходзіліся у пэріодзе пачатковага фармаваньня, другіе ў стадзіі палітычнай хворасьці — усе яны раней, або пазьней трапілі ў "вялікую турму."
Разам з іншымі народамі трапіла туды і Беларусь.
Стан палону народаў Расеі цягнуўся, як ведама, больш як таго можна было чакаць; гэтак доўга, што шмат у каго загінула вера ў магчымасць іх адраджэньня і ахвота барацьбы за незалежнае жыцьцё. Было забыта слаўнае мінулае гэтых народаў і радзілося пераконаньне, што захопленые Расеяй народы, за доўгі час свайго палону, загубілі свае гістарычные пашпарты і дзеля гэтага страцілі правы на ўласную дзяржаву, ўласную ўладу.
У даны момант ясна, што гэта была мана, што гэта было сумнае зьявішча палоннай псіхалёгіі, за якую цяперака шмат каму прыходзіцца чырванець; але аддалі дань гэнай псіхалёгіі ня толькі прадстаўнікі больш слабых народаў, але і значна заможных.
І гэта спраўдзілося: годзі было, каб Расею, з прычыны адрузьленьня дваранскага стану, абхапіла рэвалюцыйная сутарга і яна вайшла ў пэріод хвараблівага рэфармаваньня, як „вялікая турма“ пад напорам паняволеных народаў развалілася, і яны з надзвычайнай яскравасьцю выявілі сваю волю да жыцьця.
Векавое лятуцэньне зьдейсьнілося, і перад зьдзіўленым сьветам падняліся рожнакалёрные штандары вольных нацый. Былі знойдзены, і прэд'яўлены каму трэба, напоўзабытые гістарычные граматы. Некаторые з гэтых грамат былі адразу-ж прызнаны, некаторые-ж да сяго часу чакаюць свайго прызнаньня.
Да апошніх залічаюць і грамату беларускага народу.
На тэй аснове, што ў Беларусі бытцым німа гістарычнага атэстату, шмат хто адмаўляе ей у прызнаньні права на дзяржаўнае жыцьцë і лічыць азнакай нізкага тону уступаць з ей па гэтаму поваду у перэгаворы.
Як нацыя (калі наагул гэта нацыя, дадаюць яны пры гэтым,) ня быўшая дзяржавай, Беларусь ня можа сядзець за адным сталом з імі і роль яе у прысёнку. Іншые хоць і не прызнаюць нас аддзельным народам, ды ласкава жадаюць нам усяго добрага ў змаганьні за палітычную будучыну. У рэшце, ёсць і такіе простадушные і адкрытные суседзі, ня любячые завіваць іголкі ў кудзельку, якіе проста змагаюцца з намі каб задушыць нас і скарыстаць з гэтага.
Усім тым, хто цікавіцца нашым гістарычным атэстатам, мы радзім звярнуцца да гісторыі. Да нашай беларускай гісторыі, але на жаль не нашымі, беларускімі рукамі напісанай.
Дзеля зусім зразумелых прычын там можна знайсьці не шмат, далёка не усё тое, што напісала бы беларуская, знаючая і любячая рука. Але пры вядомай долі безстароннасьці там будзе знайдзена даволі, каб пераканацца, што калі ідзе мова аб праве на палітычнае жыцьцё, то аснову гэткага права беларускі народ мае мабыць больш, нічым другі які дзяржаўны народ, і што толькі звычайнае верхаглядзтва, дылетантызм і самапэуная арбітральнасьць могуць парадзіць іншые пераконаньня.
Але ня ў гэтым, не у гісторыі шукае беларускі народ права на свае дзяржаўнае істнаваньне; не ў запыленых сталетніх, архівах знайходзіць ён апраўданьне сваей програмы. Пасьля рэвалюцыйнага вызваленьня з старой турмы, беларускі народ лічыць, што яго права на жыцьцё — гэта яго хаценьне жыць, а апраўданьне яго програмы — дарога чыстай лёгікі і здаровага народнага сумленьня.
Мы чуем, што хочам жыць, мы жадаем стварыць сабе дакончэ патрабные, паводле нашай думкі, варункі дзяржаўнага жыцьця, у рэшце, мы творым адпаведна нашаму жаданьню формы дзяржавы і разам з гэтым усьведамляем, што гэтае нашае натуральнае, правечнае права.
Зьдзейсняючы свае права жыць пад сонцам так, як наказуе нам наш розум, мы ня умешваемся у чужые справы, мы заняты толькі сваей справай і наша сумленьне спакойна. Нас не цікавіць наша генэалёгія, мы не чырванеем ад таго, што наш народ мала ваеваў і мала пабіў сабе падобных; мы не шкадуем, што нашы прадзеды ня вешалі сваіх пабедных шчытоў на вароты суседзяў і на шыі іх не надзявалі ёрмаў.
Нявернікі скажуць, што змаганьне наша за дзяржаўнасьць передчасна, што народ беларускі да незалежнага жыцьця не дасьпеў, што об'ектыўные варункі складаюцца не на яго карысць, што з гэтай прычыны мы мало чаго дойдзем.
Так мысьліць нельга! Дзеля таго толькі, што беларускі народ не ўсьвядоміў яшчэ да рэшты таго, што ён можа быць незалежным, дзеля таго толькі, што сучаные варункі складаюцца не ў на шу карысць, адхадзіць ад справы, кідаць змаганьне нельга, немагчыма.
Незалежнасць — гэта поўная свабода. Ніхай нам дакажуць, што свабода агідна нашаму народу, што яна ідзе ў разрэз з яго пажаданьнямі, і мы кінем змаганьне за незалежнасць.
У змаганьні за беларускую дзяржаўнасць, як і ва ўсякай барацьбе, трэба спадзевацца перш за ўсе на свае ўласные сілы, на арганізаваные сілы беларускага народу. Толькі безпасярэдная Воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольна стварыць дзяржаву і захаваць яе ў будучыне. Бяз гэтай волі, бяз хаценьня народу жыць палітычна, кожнае гэтай меры змаганьне будзе штучным, слабасілым, бязжыцьцёвым і разваліцца пры першым найменшым штурчку.
Мы пэўны, што хаценьне свабоды ў беларускага народу ёсьць. Але ці ёсьць у яго цяпер ясная сьвядомасьць таго, што гэтае хаценьне можна ператварыць у чын? Ці веруць шырокіе масы народу ў тое, што дасягненьне гэтае свабоды, гэтага лятуцэньня магчыма?
Нам здаецца, што якраз цяпер, у час вялікіх рэволюцыйных рухаў, у час вялікага развалу і вялікага будаваньня, гэтая сьвядомасьць і гэтая вера ёсьць. Калі-ж іх німа, ці лепей, калі гэтая сьвядомасць і гэта вера яшчэ не зусім выразны і не зусім моцны, наш абавязак іх развіваць і ўзмацоўваць.
Гэта — першая задача стварэньня з народу актыўнай сілы, здольнай збудаваць гмах дзяржаўны і захаваць яго ад разбураньня.
Другая задача — выясненьне об'ектыўных варункаў, перашкаджаючых і спрыяючых тварчаму процесу.
Хто нашы ворагі і хто нашы прыяцелі? У гэтым нарысе мы ня будзем датычыць аналізу ўзаемаадносін унутры самой Беларусі, ўстаноўленьня этапаў і складных элемэнтаў беларускага адраджэньня; ня будзем разглядаць так-жа ва ўсей поўнаце ўзаемін Беларусі са сваімі суседзямі.
Тэмаю нашаго нарысу будзе раз'ясьніць, у якім стасунку стаіць Беларусь да Польшчы, або лепей, як адносіцца польская палітычная мысль да адраджэньня Беларусі.
Прыймаючы беларускае адраджэньне ў тых формах, у якіх яно выявілося; за факт самабытнага палітычнага значэньня, як зьявішча саматужнае — пастараемся узнаць, насколькі яно ўплывае на адносіны абодвых народау, ў чым гэты ўплывы выяўляюцца і што суляць яны ў бліжэйшай будучыне.
Тэма нашаго досьледу не прыпадкова. Трэба думаць, што галоўным па важнасьці старонным фактарам, ўплываючым на форму і кірунак беларускай дзяржаўнасьці, з'яуляецца акурат Польшча. Увесь комплекс ўзаемін гэтых двох народау, ўся іх гісторыя і палажэньне ў цяперашнім сьведчыць, што Польшча і Беларусь лішне цесна адней зьвязаны.
Німа сумніву, што Польшча больш чым хто небудзь іншы зацікаўлена у будучыне Беларусі, і што ні пры якіх варунках яна не адмовіцца ад самага блізкага учасьця ў разьвязцы ўсіх нашых пытаньняў.
Дакончная патрэба досьледаў над адносінамі да нас Польшчы дыктуецца яшчэ другімі варункамі.
Польскі народ на нашых вачах вярнуўся да дзяржаўнага жыцьця пасьля поўтаравяковага паняволяньня; і хоць ён у гэные цяжкие часы жыў і разьвівауся, але развіцьцё гэнае не выяўлялося у дасканаленьні форм палітычнага будаўніцтва Польшчы і не выражалося ў дасьпеваньні яе дзяржаўнага арганізму. Усе гэтые поўтараста гадоў Польшча не выяўляла сабой нават аднаго цэлага: яна была разшматана на тры часьці, і кожная часьць знайходзілася пад упраўленьнем саўсім іншай дзяржаўнасьці.
Вертаючыся ізноў да дзяржаўнага будаўніцтва, польскі народ, саўсім звычна, не зразу зможǝ знайсьці сябе самога, знайсьці аснаўную лінію сваей палітыкі, вытварыць палітычные традыцыі. У данны момант ён знайходзіцца у пэріодзе буйнага росту, са сквапнасьцю раскрывае вочы на акружаючае, убірае ў сябе ўсе тые ідэі, тэорыі і нават настраеньня, каторые выпрацавала за гэты час Эўропа, хватае без разбору ўсе тые мэтоды, каторымі упраўляюцца сучасные эўропэйскіе дзяржавы. У выніку гэтага самаазначаньня, гэтага самознайхня, пад уплывам тых, або другіх варункаў, маладая польская дзяржава можэ аказацца або нашым прыяцелям, або нашым ворагам.
Для Беларусі рэзультат гэты не ўсяроуны. Спэцыальна падкрэсьляем — ня польскі народ, але польская дзяржава можэ аказацца для Беларусі варожай.
Усякая дзяржава, як ведама, пабудавана на прымусе, на панаваньні аднаго стану над другім. У залежнасьці ад таго, які стан польскага народу прыдзе да ўлады, Польшча займець тую, або іншую пазіцыю у стасунку да Беларусі. Калі на чале яе станець запраўдная дэмокрацыя, г. зн. працоўны стан, то Беларусь можа спакойна чакаць свайго супрацоўніцтва с Польшчай: апошняя зразумее заданьня беларускага адраджэньня і згодзіцца з імі. Калі-ж у Польшчы да улады прыдзе стан капіталістычны, стан эксплёататароў, то польская дзяржава займе безумоўна воражую пазіцыю.
Характэрная тэндэнцыя капіталу — кіраваньне-ся да росту дарогаю захватау ўсё новых і новых рынкаў. Беларусь з яе тэрыторыей, правышаючай тэрыторыю этнографічнай Польшчы, і пятнадцацімільённым жыхарствам самы блізкі, танны і выгодны рынак закупу для Польшчы сырья і збыту яе гатовых фабрыкатаў. Поўны захват Беларусі і паняволеньне ея утворыць для польскага капіталу панадную задачу.
Адраджэньне Беларусі, выяўляючаеся ў палітычным і соцыальным звальненьні працоўных мас народу, становіцца наўпоперак гэтай капіталістычнай эксплёатацыі. Ведама, што для гэткай Польшчы беларускае адраджэньне будзе косцью папярок горла, і яна усімі спосабамі патуровіцца яго задушыць.
З гэтым трэба змагацца. Але якім спосабам?
Безпасярэднага учасьця ў змаганьні працоўных кляс у самой Польшчы мы прыняць ня можам, але змагацца проціў плянаў дзяржаўнай палітыкі капіталістычных груп, проціў іх палітычных програм, магчыма усюды і за межамі польскае дзяржавы.
Адным з галоўных пунктаў польскай палітыкі зьяўляецца, як ведама, адносіны да так званага „усходняга пытаньня.“ Апошняе складаецца з адносін да Расеі і да усіх тых дзяржаўных новатвораў, каторые узніклі на яе развалінах. Беларусь і беларускае пытаньне займае ў гэтым агульна усходнім пытаньні адно з самых галоўных месц: без актуальнай развязкі беларускага пытаньня ні водная польская партыя ня мысьліць проблему вырашанай. У гэтым пункце нам надаецца шырокае поле да чыну.
Раз'ясняючы шырокім кругам беларускага грамадзянства імпэрыалістычные пляны польскага капіталу, мы тым самым аткрываем яму вочы на насуваючуюся небаспеку і піхаем яго на шлях актыўнага адпору гэтым захватам. Змагаючыся за сваю справу, за Беларусь, мы гэтым самым эмоцнім пазіцыю польских працоўных кляс, з каторымі мы павінны і будзем жыць ў згодзе і дружбе.
Як бы не слажыліся ў будучыне беларуска-польскіе адносіны, ў якую бы форму яны ня выліліся, але мы ня хочем каб польскі імпэрыалізм сварыў беларускі народ з Польшчай.
Годзі та што ёсьць.
Годзі таго, што расейскі урад у прадоўжаньні цэлага сталецьця нацковываў нас адніх на адніх, карыстаючыся супярэчнасьцямі ня толькі нацыональнага і соцыальнага характару, але базсумленна пускаючы ў ход нават рэлігію. Раздуваючы зьверыную ненавісьць ў нашым народзе да ўсяго польскага, уасабляючы польскіх памешчыкау і ваюючых ксяндзоў на Беларусі з усім польскім народам, ён у той самы час пускаў у ход провокатарскае пераконаньне, што беларускае адраджэньне „беларускі сэпаратызм“ — справа здрадныхъ польскіх рук. Чым разьбіваў наш адзіны фронт і на доўга затрымліваў натуральнае развіцьцё нашага вызвольнага руху.
Дзякуючы ўсяму гэтаму, сталася тое, што на Беларусі, паміж рэнэгатаў беларускага народу, ненавісьць да Польшчы і да усяго польскага была у сто раз большай, нічым паміж каранных маскоўцаў. Самые заузятые палякаеды выходзілі з паміж гэтых рэнэгатаў, адналькова глыбока ненавідзеўшых як польскі народ, так беларускае адраджэньне.
Далей гэтага ісьці некуды.
І прыймаючы пад увагу, што стары лад, як бытцым, памёр і што народам трэба выцягаць рукі згоды: адзін да аднаго, маладая Беларусь хацела-б працягнуць сваю руку польскай дэмакрацыі праз галаву польскага імпэрыалізму.