I. Слова уступнае II. Беларусь і Польшча ў мінулым
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
III. Варункі сучаснасьці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІ. Беларусь і Польшча ў мінулым.

Добрае мінулае і сучасная мода. 1772 год. Роля Вільні і паўстаній. Патрыархальная падвойнасьць у стасунку да Беларусі. „Літва“ у чужаслове. Gente Russus albus — natione polonus. Адкрыцьцё Беларусі у расейскай літературы. Барацьба за чужую спадчыну і яе вынікі. Эволюція польскай мысьлі пад прэсам расейскага самаўладцтва. Ад ягелёнскай да пястоўскай Польшчы. Трагічныя прызнаньня эпохі рэакцыі. Платформа 1904-5 г.г. Новыя часы — новыя песьні.

Два суседніе народы — беларусы і палякі — адзін аднаму не чужые. Злучаюць іх доўгіе гады супольнага жыцьця.

Гісторыя запісала акты уніі:

„Любоў творыць правы, уладае дзяржавамі, парадкуе месты, вядзе станы Рэчы Паспалітай да найлепшаго канца. Дзеля гэтага, мы, палякі, рыцарство, шляхта кароны польскай, гэтым дакумэнтам зьліваем нашы семьі, пакаленьня са усей шляхтай і баярствам літоўскім". „Ужо Карона і Вялікае Князство Літоўскае ёсьць адно неразлучнае і нераздзельнае целае, а так сама нярозная, але адна супольная Рэч Паспалітая, якая з двох дзяржаў і народаў ў адзін народ зьліла і стапіла. "

Ў Варшаву, на варшаўскі вальны сойм мы пасылалі сваіх дэпутатау, прыймалі удзел у абмеркакаваньні справаў Найяснейшае Рэчы Паспалітай Польскай, разам з жыхарамі кароны, не чынячы вялікай рожніцы паміж интэрасамі свайго, літоўска -беларускага князства і правечнай пястоўскай зямлёй. Выбіралі агульнымі сіламі караля, крычалі яму „віват", скідалі яго, крытыкавалі урадовую палітыку; хадзілі вайной на агульных ворогаў, рабілі з імі угоды.

Ў 1589 гаду гаварыў наш прадстаўнік Мелешко на варшаўскім сойме:

„Найяснейшыя міласьцівы каралю і на мяне ласкавые панове брацьця! Выехаўшы з дому, Богу-ся я памаліў, каб к вам здароў прыехаў, ды і вашу міласьць здаровых аглядаў, ды і прывітаў. Прышлось мне з вамі радзіці, а я на гэтакіх зьездах ніколі не бываў і з каралём, яго міласьцю, ніколі не заседаў. Толькі за пакойнікаў князёў нашых, каторые каралевалі і што ваеводамі бывалі. Сэнтэнцый гэтых не бывало, па просту правым сэрцам гаварылі, палітыкі не зналі, а ў рот праўдаю. як соляй у вочы кідывалі."

„Скора-ж каралі больш немцаў, як нас улюбілі, што старые нашы сабралі, то усё немцам раздалі.

„Нашы гаспадары проч Жыгмунта Аўгуста караля (таго нечаго і ў людзі лічыці), бо той Падлясьсе і Валынь вынішчыў, ляхам менячыся. Але Жыгмунта першага, салодкая памяць аго! Бо той немцаў як сабак не любіў і ляхаў з іх хітрасьцю вельмі не любіў, але Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў і гаразд лепш нашы за яго меваліся, хаця у так дарагіх сьвітка не хаджывалі."

„Помню я караля Гэнрыка, каторы з заморская нямецкай стараны быў, ды зразумеў, што мы яму ня многа дамо шабункаваці, а немцы яго ня вельмі перакрыквалі, так ён пазнаўшы, што то ня штука, ды і сам нікому не аказаўшыся, проч паехаў у сваю старонку, аж за морэ скікнуў. Кажучы праўду, не так вінават кароль, як тые радные баламуты, што пры ём сідзяць, ды круцяць... Многа тут такіх ёсьць, што хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла і ваняе..."[1]

Мы былі тагды — палякі на Беларусі і беларусы у Польшчы — роўнапраўные і вольные: „як роўны з роўным і вольны з вольным."

На гэтые абставіны польскія палітыкі цяпер вельмі часта ссылаюцца. З гэтага робяць цэлую палітычную плятформу, сваей адмены таран, які павінен прабіць сьцяну непаразуменьняў і сьцюдзёнасьці, істнуючую апошнія вякі.

Паказываюць: глядзіце, як мудра, як даладна складаліся нашы беларуска-польскіе адносіны ў мінуўшым. Няўжо-ж мы, культурные нашчадкі нашых малакультурных прадзедаў, не патрапім так гожа улажыць нашы узаеміны ў цяперашнім? Глядзіце, як велікадушна ішла вольналюбівая Польшча на сувязь з меньшым братам — „Літвой“, вымагаючы ад яе нябольш таго, што сама давала. Гэта не здарэньне, гэта аснаўная рыса нацыональнага характару польскага народу, зьдзейсняючага свае заданьня не прымусам, не гвалтам, а свабодным еднаньнем дзьвёх роўных старон.

Так кажэ, паміж іншым, „Страж Крэсова“, у адозвах да беларускага народу, заклікаючы ісьці разам супроць „маскоўскіх наезднікаў."

Мы ня хочэм спрэчацца супроць таго, што трыста-чатырэста гадоў таму назад беларуска-польскіе адносіны склаліся спрыяйна для абедзьвіх старон. Ня будзем адкідаць гэнага ідыльлічнага малюнку.

Быць можа, запрауды, дзяржаўны розум Ягайлы і акружаўшай яго шляхты знайшоў правільную разьвязку усходнага пытаньня; быць можа, запраўды, ў гэтым нельга дагледзіць сваеаблічнага „імперыалізму ў ірхавых рукавічках", скрытага жаданьня пры помачы праўнага, добравіднага спосабу падагнуць пад сябе упорных „сызматыкаў", і перавярнуць іх у пакорных слуг сьвятога пепежскага пасаду і польскай дзяржаунасьці.

Хоць калі прыняць пад увагу долю беларускага земянства, дык справа да гэтага неадклонна хілілася.

Але перш на перш, усё гэта было так даўно, што аб гэтым спажыцьці у памяці беларускага народу неасталося ні найменьшага сьледу. Гэтые гістарычные ўспаміны не кажуць ні розуму яго, ні сэрцу; яны могуць толькі будзіць прыемные абразы ў галовах гісторыкаў і наводзіць іх на розмысл аб чэзнаце ўсяго жывога.

Гэта было так даўно, і так далёка ад сучасных варункаў, тая эпоха была нагэтулькі рознай ад нашай эпохі, што людзі, кіруючыяся падыйсьці да беларускага пытаньня з актам Люблінскай, ці інашай якой небудзь уніі, робяць уражэньне артыстаў у серадвечных косьцюмах, прама са сцэны трапіўшых на вуліцу сучаснага эўропэйскага гораду.

Прыгожа, але сьмешна і не даладна.

Па другое, дапасаваць гэту ідэальную формулу на практыце у нашы цяжкія дні бязмерна трудней, нічым ў тыя даўно прайшоўшыя часы. Яна падкупляе сваей прастатой і дзеля гэтага родзіць мімавольную боязнь, што да сваей няшчырасьці; асабліва калі праводзіцца агітацыйным тэкстам з дадаткам абразка чэнстахоўскай і вострабрамскай „крулёвы польскай".

1772 год! Ці захавалася у беларускага народу памяць аб гэтым агідным годзе? Ці можа беларускі народ, як такі, шкадаваць, калі можна так высловіцца, аб сваей долі, успамінаючы жах разьделу?

Нашто скрываць! Скажем проста, што не.

Ён можа спачуваць, ён можа балець за польскі народ, які так жорстка расквітаўся за грахі сваіх заможных клясаў. І ён запраўды спачувае Польшчы, пратэстуе супраціў актаў дзікага гвалту, створанага рукамі расейскага і прускага самаўласьця. Але сябе, сваю долю беларускі народ пакідае ў старане, супроць жаданья большасьці польскіх гісторыкаў, хочучых бачыць і ў ім ахвяру раздзелаў.

Зрэшта, ёсьць у гэтым сумным пэріодзе адзін момант, аб каторым Беларусь шчыра шкадуе. Мы кажэм аб 3 маю 1791 г. Можна шкадаваць, што дабрадзейные пастановы гістарычнай констытуцыі неажыцьцёвілісь.

Тут зьяўляецца натуральнае пытаньне: ці зьявілась бы гэта грамата селянскай волі у 1791 гаду, калі-б не было трагэдзіі 1772 году? Мы гатовы думаць, што не. Ўся істота польскага шляхтіца і яго погляду на „працоўнае быдло", прымушаюць сур'езна сумневацца ў гэтым.

Быць прарокам вельмі цяжка і цяжка правідзець, як бы злажылася доля Беларусі, каб не было 1772 году. Запэўненьне польскіх дасьледчыкаў, што пад Польшчай ей было-б куды ляпей, нічым пад Расеей, адносіцца да круга акурат гэткіх гістарычных варожэб. Невялікую цэннасьць выяўляюць сабой і запэўненьня расейскай патрыотычнай навукі, што „славетны паварот Беларусі на лоно аднаплемённай дзяржавы расейскай, уратаваў яе ад пагібелі у моры полëнізму і лацінства."

Пасьля 1772 году Беларусь зьменіла аднаго благога гаспадара на другога, з шляхецкай няволі народ трапіў у так сама цяжкую няволю — царскую. Якая рожніца для беларускага селяніна была ў тым, што апалячэны прадажны земянін паехаў на паклон ў Пецярбург, а не Варшаву? Праўда, пасьля азнаёмленьня з крэпкай уладай маскоўскага самадзяржаўя, земянін пачуў сябе безпячней у сваім двары - і гэта было ужо крыху горэй; але у рэшці малюнак астаўся такі самы. Папярэднюю няволю сваю народ павінен быў перажыць.

Вялікае нешчасьце, якое здарылося з Польшчай ў 1772 г. мело аграмадные вынікі, да якіх беларускі народ бязрозна ставіцца ужо ня можа. Гэтые вынікі — моральнае перэраджэньне польскага грамадзянства і барацьба яго за сваю палітычную волю.

Абодвы гэты зьявішчы, цягнуўшыеся немаль сталецьце, аказаліся ў самым цесным зьвязку з Беларусьсю, з жыцьцём і развіцьцём беларускага народу, дзеля чаго мы лічным патрэбным спыніцца на іх крыху падрабней.

Пасьля таго, як патрыотычные спробы Костюшкі і князя Панятоўскага вярнуць сваей бацькаўшчыне быўшае вяліччэ не удаліся, Польшчэ аставалася адна, незабароненая паліцэйскімі законамі, вольная дзедзіна, — дзедзіна духу. Толькі тут, у сьферы чыстай навукі, ў дзедзіне вольных навучных досьледаў, можно было найсьці усьцеху ад усіх жахаў разгрому і дабіцца прызнаньня свайго вялічча.

І гэтага прызнаньня Польшча запраўды дабілася.

Сабраны стараньнем усяго асьвечага грамадзянства эдукацыйны фонд, палажыў падваліны Віленскага універсітэту. Сюды былі сьцягнуты лепшые навучные сілы Польшчы і ў кароткі час Вільня сталася асяродкам, душой, розумам усяго польскага народу. Хоць росквіт Віленскаго універсітэту зышойся з агульным пад'ёмам веды ў Эўропе, але ў зраўнаньню з варункамі яго істнаваньня, ён падняўся выжэй шмат якіх падобных яму навучніх асяродкаў заходу. Тлумачыцца гэта перш за усё тым, што ніводзін народ таго часу ня меў так магутнага напружэньня да удасканаленьня да асвабаджэньня, як народ польскі. Ідэі французкай рэволюцыі, прынцыпы нямецкага філёзофічнага ідэалізму і настроі романтычнага народніцтва, — усё чым жыла Эўропа, знайшлі тут сваіх яркіх, здольных прэдстаўнікоў.

Палітычнае адраджэньне заменілася адраджэньнем духоўным, і Вільня стала яго галоўнай выявай. Дзякуючы энэргічнай чыннасьці кн. Ад. Чарторыйскага, асьвета на Беларусі была паднята на аграмадную вышыню: край пакрыўся цэлай сецьцю ніжэйшых школ і гімназій. Праўда, школы гэтые былі як па форме, так па зьместу польскімі і зьяўляліся інструмэнтам полёнізацыі Беларусі. Але гэтага асабліва баяцца беларускаму жыхарству ня было чаго. Асьвета, якую шырыў Віленскі універсітэт і яго вокруг, не была сьветай офіцыальнай, па загаду з гары, не была асьветай казённай: за гэтай асьветай не стаяла улада, не стаяла дзяржава. Самы дух гэтай асьветы быў пазбаўлены казённага зьместу, ён ня быў ня толькі „в видах правительства", але ішоў з імі ў разрэз.

Характэрнай рысай настроеў гэнай эпохі было кіраваньне яе да запраўднай вольнай веды. Вольная-ж веда ў той час была сынонімам пратэсту супроціў гвалту паліцэйскай дзяржавы, сынонімам дэмократызму (хоць і романтычна зразумелага), а ў прызьме польскай мыслі, нават рэвалюцыйнасьці. Зьвязь Вільні з паўстаньнямі 31 і 63 гг. — вочавістая.

Да гэткай асьветы селянская Беларусь заўсёды павінна была больш хінуцца, чым да тхлявых програмаў расейскага міністэрства. У той самы час, як незалежные досьледы Віленскага унівэрсітэту і гімназіі Чарторыйскага, хоць на польскай мове, але гаварылі аб патрэбе змаганьня за лепшае жыцьцё, програмы расейскага міністэрства, за каторымі стаяло самаўласьце і губэрнатары, душылі уселякую мысьль аб волі, у чым бы яна ні выяўлялася, і вымагалі безадмоўнага послуху „предуказаніям, исходящим свыше".

Ясно, што Беларусь павінна была выжэй ставіць вольную кнігу у польскай мове, чым цыркуляр аб шкоднасьці эўропэйскай навукі, напісаный па расейску.

Раней, ці пазней, але памешчыцкі стан на Беларусі павінен быў прайсьці сярэднюю і вышэйшую школу, і для справы было карысней, каб ён гэту школу прайходзіў не ў Маскве, Казані, ці дзе небудзь яшчэ далей, але у сябе на бацькаўшчыне ў Вільні, Горадні і ў другіх месцох.

Мы бачым, што як раз у Вільні, а не у другім мейсцы, у выніку усяго толькі некалькіх гадоў свабодных навучных досьледаў, радзілася думка аб незалежнай прыродзе Вялікага Княства Літоўскага а так жа ідэя аб яго адраджэньні;[2] акурат тут, а не на другім месцы, зьявіліся першые досьледы аб духоўных і гістарычных багацьцях беларускага народу, тут рукамі любячымі сэрцэм шчырым, поўнасьцю адданым на служэньне свайму краю і свайму народу, хоць на свой спосаб, на польску, тлумачанага, быў кінут загнет, нясмелы сьветач беларускага нацыональнага адраджэньня.

Дарогай хоць бы зьверхняга азнаёмленьня з біографіямі і работамі пачынальнікаў нашага адраджэньня, як напр. Баршчэўскага, Дуніна-Марцынкевіча, Верыгі-Дарэўскага, Сыракомлі і інш., мы вызначаем безпасярэдную сувязь гэтага адраджэньня з выключным прасьветным уплывам Bіленскага унівэрсітэту.

Трудна ў гісторыі другіх краёў і другіх народаў знайсьці прыклады так шпаркага і пышнага росквіту духа і зьвязаных з ім гістарычных празрэній. І хоць Віленскі унівэрсітэт быў створаны не беларускімі сіламі, але Беларусь ня меней ад Польшчы мае право з хвалой успамінаць аб гэтай агульнай страніцы гісторыі. Яна была агульнай — гэта безумоўна. І нават больш таго: мы важымся уцьверджаць, што калі-б Віленскі унівэрсітэт пратрываў яшчэ десятак-другі гадоў, ён стаўся бы больш беларускім, чым польскім: акружаўшая яго беларуская стыхія з часам узяла бы верх над уплывамі польскімі, крыніцы якіх знайходзіліся на этнографічных абшарах Польшчы.

Ссылка на гэту слаўную страніцу нашай агульнай гісторыі мае у кожным здарэньню для беларускага народу бязьмерна большае значэньне, як дзесяткі зацьвілеўшых, і зьедзяных мольлю актау уній.

Не юрыдычнымі формуламі, не хітроразумнымі палітычнымі махінацыямі, карысыць ад каторых для Беларусі была вельмі няпэўная, але агнём і сілаю духа, нядоўга пыляўшага і ня здолеўшага выявіць крыніцы сваей моцы, пакрыжаваны нашы народы.

Роля Вільні ласьне такая і сьляды яе жывуць паміж нас яшчэ і да гэтуль.

Другім фактарам, спрыяўшым абзнаёмленьню беларускага народу з народам польскім, зьяўляецца змаганьне апошняга за узварот быўшай палітычнай свабоды. Гэтые змаганья адбываліся, як ведама, у значнай меры на Беларусі. У губерніях Віленскай і Гродзенскай лік рэвалюцыйных выступленьняў ў 63-64 г. быў блізка такі-ж, як і ў цэнтральных польскіх губэрніях.

Беларускі народ, праўда, прыймаў у іх саўсім малае учасьце. Прычына была ў тым, што яму фактычна не зашто было змагацца. Памяці аб Польшчы, як аб часах для яго лепшых, беларускі селянін не захаваў. Новы пан у істоце быў тым жа старым польскім панам; куды ішлі плачаные ім падаткі, — ў польскі скарб, ці ў расейскую казну, — беларускаму селяніну ў глыбокай меры было усё роўна.

Палітычнай сьвядомасьці, так сама як і нацыональнай, беларуская маса ў тые часы яшчэ ня мела; да гэтага было яшчэ лішне далёка. Істоты адбываючагося змаганьня яна не разумела, як не разумела і не хацела прызнаваць лёсунгаў, пад якім яна велася. Яе не маніла пэрспэктыва трапіць ізноў пад панаваньне Варшавы, асабліва пасьля таго, як стала ведама аб маніфэсці, касуючым прыгонную залежнасьць.

Што датычэ усходнай, чыста праваслаўнай Беларусі, то відаць было хутчэй адваротнае зьявішчэ: праваслаўнае жыхарство адчувало, што Масква, як бытцым, бліжэй ей па веры, але і з ëй еднасьці палітычнай, нацыональнай і рэлігійнай беларускае селянство, пражыўшае некалькі сталецьцяў пад уніей, побач с каталіцтвам, не усьведамляло.

У чым жа мы бачым адзнакі знаёмства і збліжэньня Беларусі з Польшчай?

Перш на перш у тым, што усё-ж такі шмат хто з беларускага народу, перэважна з яго мешчанскай клясы, і вясковай дробнай шляхты, прынялі безпасярэдна учасьце ў гэтых паўстаньнях. Асабліва гэта прыходзіцца зазначыць ў стасунку да той часьці беларускай інтэллігэнцыі, каторая яшче не пазбылася успамінаў аб уніі. Яшче ў большай меры прыймалі учасьце ў гэтай барацьбе беларусы-каталікі. Для апошніх задача паўстаньня была напалавіну зразумела: для іх перамога Польшчы весьціла зварот атабраных расейскай уладай касьцёлаў, вольнае вызнаваньне глумлёнай веры. Паміж гэтай групы беларускага жыхарства агітацыя за паўстаньне мела безумоўны послух.

Але тая-ж агітацыя і, асабліва самы, факт рэволюцыйнага бунту проціў ураду, прымушалі задумацца і больш шырокіе кругі народу. Яны бачылі, што істнуючы парадак не ад Бога, не непарушны, што супроць яго можна паўставаць і скідаць яго. Паўстаньня Польшчы былі прыкладам таго, што жыцьцё можна перабудовываць па свайму жаданьню, абы была для гэтага патрэбная адвага. Дзеля гэтага, хоць беларуская селянская маса, цëмная і загнаная, не ішла на актыўнае падтрыманьне палякаў, але яна не асабліва ахвотна адклікалася і на патрыотычные заклікі расейскіх губэрнатараў.

Пасьля доўгага ваганьня, расейскі урад памкнуўся знайсьці у гэтай цёмнай масе свайго саюзьніка. Праўда, шлях быў выбраны не зусім баспечны для самога самаўласьця, і таму ім карысталіся асьцярожна, як сільнай атрутай.

Былі пушчаны чуткі, што польскіе паны паўстаюць супроць расейскаго ураду, каб вярнуць сабе даўнае панаваньне над краем, а беларускага селяніна загнаць ізноў на ненавідны прыгон. Гэта была яўная провокацыя, але яна мела послух, асабліва у некаторых паветах Вітэбскай губерніі; селяне ладзілі аблавы на паўстанцаў, лавілі іх паадзінока і групамі, ды аддавалі у рукі паліцыі.

Паны з аксакоўскага „Дня" і каткоўскіх „Московскіх ведомостей дарэмна лічылі, што ўсё гэта рабілася з мэтай абароны расейскай дзяржаўнасьці. Саўсім не! Селяне арганізовывалі гэты аблавы на паўстанцаў не таму, што тые паўставалі супроць расейскага ураду, а таму, што гэта былі „паны", памешчыкі, прыганятые эксплёататары яго цяжкой працы. На гэты чыннасьці пад'юджвала іх не клопатнасьць аб захаваньні ў сіле дзяржавы расейскай, якой яны ня ведалі, але інстынкт змаганьня суцроць пана, клясовы інстынкт прыгоннікаў, намагаўшыхся спагнаць сваю злосьць на векавечных сваіх угнетацелях. Імі кіравала не дзяржаўная ідэя і не любоў да Расеі, але элемэнтарная клясовая ненавісьць.

Але гэта былі выключэньня. Наагул, беларускае селянства ставілося да паўстаньняў пассыўна, не бачучы ў іх для сябе ні яўнай карысьці, ні яўнай шкоды. Тым ня меней, сама памяць аб гэроічным змаганьні, успаміны аб паўстаньнях - у яго захаваліся і да барцоў тых ён адносіцца з пашанай.

Часы паўстаньняў памятны беларусам яшчэ і таму, што гэты час — я гавару аб другім паўстаньню 63 году - беларускі народ быў заўважан і прызнаны, як аддзельная нацыональнасьць і як аснаўная сіла краю. Зьвярнуцца да гэтай сілы, як да свайго саюзьніка, польская шляхта, кіраваўшая паўстаньнем, натуральна, не магла; у гэтага „саюзьніка" быў саўсім іншы смак і інтэрасы. Адзіна, каго ён мог бы зразумець і падтрымаць у тыя часы, дык гэта Пугачова, Гонту, Жэлезняка.

Але да яго зьвярнуліся, і гэта вельмі знаменна. У ём прызналі, часьцю маўкліва, часьцю адкрыта тую сілу, без якой кожная барацьба проціў Расеі наўперад засуджалася на неудачу. Паўстанцы першые заўважылі, што абмылка іх заключаецца ў нябытнасьці на іх старане народу у даслоўным гэтага слова значэньню. І дзеля гэтага да яго зьвярнуліся.

Што цекаўней за ўсё, зьвярнуліся на роднай беларускай мове. „Мужыцкая праўда“, „Гутаркі старога дзеда" і другіе палітычные і агітацыйные брашуры і адозвы, уложаные у простых, зразумелых селянам словах, аб чужасьці расейскай улады на Беларусі, аб яе насільніцкім характеры, аб процілегласьці інтэрасаў беларускага народу і расейскага (маскоўскага) рабілі сваё уражаньнье. Яны абіцалі народу звальненьне ад усіх яго мук, паварот быўшай свабоды веры, клікалі народ на змаганьне з расейскім насільствам, на аружны бунт супроць расейскаго самаўласьця.

Як шчыры былі гэтыя абіцаньня, і што запраўды магла даць звольненая Польшча Беларусі, — другое пытаньне. Нам ласьне, нават ня ведама, чым кіраваліся паўстанцы, пускаючы ў народ проклямацыі у беларускай мове: ці прызнавалі яны яе запраўды мовай, каторую трэба падняць да роўна акружаючых яе моў, ці глядзелі на гэту справу з пункту погляду выгад агітацыі, лічылі, што карыстаючыся роднай мовай можна лягчей пад'юдзіць беларускага селяніна на актыўнае выступленьне, закрануўшы яго пачуцьця. Нас гэта не так цекавіць, як самы факт паяўленьня агітацыйнай літэратуры на беларускай мове. Важно, што Беларусь заўважылі, што беларускі народ прызналі ня толькі як фізычную сілы, прыхільнасьць каторай развязывае пытаньне аб прыналежнасьці краю, але і як асобную нацыональнасьць.

Нарэшці, эпоха другога паўстаньня важна яшчэ тым, што ў гэты час устанавіўся палітычны пагляд польскага грамадзянства на Беларусь.

Край, носячый імя Беларусі, быў вядом Польшчы ужо даўно.

У лацінскіх дакументах найменьне „Alba Russia" сустрэчаецца у XІV сталецьці; у XVІ сталецьці гэтая назова курсуе ваўсіх літаратурных памятніках („Хроніка" Стрыйкоўскага, творы Старовольскага і інш.) як агульна вядомая.

У час першага разделу пад гэтым найменьнем разумелася тэрыторыя Мсціслаўскага. Магілёўскага, Полацкага і часьці Мінскага ваеводства. Пад найменьнем Беларусі гэтые тэррыторыі уходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым пад найменьнем уласьцівай Літвы разумеліся ваеводства Віленскае і Троцкае.

Паняцьце „Літвы" (у адрожненьні ад этнографічнай Літвы мы будзем і далей ужываць гэты умоўны тэрмін, так шырока вядомы у польскай літэратуры і перанесяны праз недаразуменьне у літературу расейскую, дзеля скарочаньня, у чужаслове), - у процілегласьць „Кароне" г. зн. ўласьцівай Польшчы - абыймало, такім чынам, апроч этнографічнай Літвы і ўсю этнографічную Беларусь. Назова „Літвы" пашырался раней і на беларускіе землі Смаленскай і Чэрнігаўскай губерніі (ваеводства Смаленскае і Северскае), якіе адыйшлі да Масковіі па Андрусаўскаму міру 1667 года. Цікава зазначыць, што і па сëняшній дзень жыхары-беларусы быўшага северскага ваеводства прадаўжаюсь себя называць літвінамі.[3]

Тэрмін „Літва" атрымаўся ад скарочэньня дзяржаўнага найменьня Вялікага Княства Літоўскага. Замест таго, каб казаць „Канцлер Вялікага Князства Літоўскага", гаварылі „Літоўскі канцлер"; замест „Трыбунал Вялікага Князства Літоўскага"— Літоўскі трыбунал" і г. д. Гэтае найменьне з бегам часу увайшло ў агульны ужытак і асталося нават у навуцы, азначаючы сабой абшырные прасторы паміж Дняпром — Нёманом і Дзьвіной — Прыпяцьцю. Паняцьце „Літвы" было, гэтакім чынам, родавым у стасунку да тэрміну „Беларусь", а паняцьце „Беларусі", ў свой чарод, было родавым у стасунку да назоў ваеводстваў.

Калі па першым раздзелі гэтая тэрыторыя адыйшла да Paceі, за ëй асталася тая-ж усëабнімаючая і зусім неправільная умоўная назова. Разам з арганізацыей Могілёўскай і Полацкай губэрній, было утворано асобнае „Беларускае наместніцтво" і устаноўлены беларускіе эпархіі, як праваслаўная, так і каталіцкая.

Тэрыторыі, прылучаные ад Польшчы па другому і трецьцему раздзелу да Расеі, так-жа прадаўжалі называцца „Літвой". Гэткім чынам, расейскі урад, хоць і падзяліў быўшае Вялікае Князства Літоўскае на губэрніі, якіе агульна зыходзіліся з дзяленьнем на ваеводствы, але па недаразуменьню тэрміналёгія не была папраўлена, што унясло страшэннае зьмешаньне паняцьцяў на доўгіе годы.

У канцы XVІІІ і нават у першай палавіне XIX сталецьця аж да паўстаньня 63 году, тэрмін „Літвы" меў рэальны зьмест. Польская літэратура, якой дорагі былі сваі нацыональные традыцыі, трымалася гэтага тэрміну. Для яе з гэтым паняцьцем злучаліся ўспаміны аб быўшым вяліччы Польшчы. Для яе гэтае паняцьце злучало землі, насялённые зусім чужымі польскай нацыональнасьці народамі. „Літва" сталася для палякаў, якіе жылі на Беларусі і Літве, другой бацькаўшчынай, дзе яны, палякі, зьяўляліся верхаводчым і рэпрэзэнтуючым гэту тэрмінолёгічна адзіную, а этнографічна чужую ім старану, элемэнтам.

Так здавалася ня толькі на месцу, у самой „Літве", але і са стараны: ня толькі офіцыальная Польшча, але і офіцыальная Расея, карысталіся гэтым тэрмінам для абазначэньня зямель на захад ад Дзьвіны і Днепра. Для Расеі гэты тэрмін быў ня новы: як і ў Польшчы, ён астаўся ў Расеі яшчэ за часоў істнаваньня Літоўскае дзяржавы (кн. Курбскій, друкар Федараў др. уцекалі „ў Літву“). Ў сьлед за палякамі. і расейцы былі пэўны, што „Літвa" — край польскі.

Лічучы зусім шчыра цяперашнюю Беларусь і Літву часткамі суцэльнай Польшчы, польскіе дзяржаўные дзеячы ня мысьлілі сабе адбудаваньня польскага каралеўства без „Літвы". Даволі успомніць проэкты Александра І аб адбудаваньні царства польскага, выражаные пры гэтым дамаганьня палякаў і засьцярагаючы голас Карамзіна.

Гэткім чынам мы бачым, што ні аб Беларусі, ні аб Літве, як аб адзінках нацыонально рожных ад Польшчы, мовы у літэратуры таго часу быць не магло.

Першы вылам ў гэтым гістарычным недаразуменьню зрабілі навучные досьледы этнографоў і гісторыкаў Віленскага універсітэту.

Ужо Ліндэ, ў прадмове да свайго знаменітага слоўніка ад 1807-1814 г. навучна абасноўвае прызнаньне беларускае мовы, як асобнай і рознай ад мовы расейскай і польскай.

Затым, па чародзе, запраўдная істота краю выяўляецца ў вядомых працах Нарбута, Ярошевіча, Яна Чэчота і інш.

Дзякуючы гэтым досьледам ў паняцьці палякаў атрымалася арыгінальная двойнасьць: з аднаго боку яны хацелі бачыць ў старой „Літве" край нацыонально адзіны, бо у гэтым нацыональным адзінстве лежало апраўданьне яго палітычнага адзінства і дзяржаўнай сувязі яго з Польшчай; з другога - яны усьведамлялі, і не маглі не усьведамляць, што каранное жыхарства гэтай правінцыі зусім ня польскае.

Згадзіцца, што аборыгены гэтага краю, г. зн. беларусы, - ня толькі не зьяўляюцца па нацыональнасьці палякамі, але паводле племянных азнак стаяць зусім блізка да ненавідных маскалёў - было для Польшчы надта цяжка.

І вось, любоў да гэтай, ў сваім сэнсі, роднай старонкі, з аднаго боку, і вывады навукі, з другога, прымусілі польскіх літэратараў і палітыкаў стварыць яшчэ болей сваероднае паняцьце „польскай нацыі", чым паняцьце „Літвы".

Было заяўлена, што грамадзяне гэтай „Літвы" зьяўляюцца этнографічна беларусамі, ці літоўцамі, але нацыональна — палякамі. У рожнага роду літэратурных творах гэнае эпохі мы сустрэчаемся вельмі часта з гэтым прынцыпам, выражаным лацінскай формулай: gente Russus albus - natione Polonus.

Што павінна было разумець пад гэтым тэрмінам, не зусім ясна было як для яго тварцоў, так і для сучасных дасьледчыкаў.

Так напр., І. Стржэўскі, гаворачы аб прычынах упадку Польшчы, воь як стараецца растлумачыць гэтае цёмнае паняцьце:[4]

„Польская дзяржава пала, ласьне, у той момант, калі пачала ў канцы XVІІІ сталецьця рэфармаваць свой палітычны лад, калі ў ей пачало устанаўляцца паняцьце „суцэльнай нацыональнасьці" (jednolitej narodowości). Гэткую суцэльную нацыональнасьць трэба, натуральна, разумець у значэньні не этнографічным, але палітычным; наагул, у краëх, ў каторых стварылося вядомае дзяржаўнае аб'еднаньне, гаворыцца аб народзе выключна, як аб вядомай палітычнай цэласьці. Так, напр. адзнакі мовы і культуры норманаў, провансальцаў, гасконцаў, брэтонцаў, баскаў і інш. растапляюцца ў адным усеабхопліваючым паняцьці народу французкага."

„Вузлы супольнай дзяржаўнай і цывілізацыйнай традыцыі зьвязывалі і злучалі ў адну цэласьць польскіх, літоўскік і [бела]рускіх грамадзян даўнай Рэчыпаспалітай і пасьля яе упадку".

„На грунце гістарычнай і культурнай супольнасьці вытварылося паняцьце грамадзян, зьяўляючыхся этнографічна літвінамі, ці русінамі (беларусамі — такжа), а палітычна палякамі. Прыцягаючая сіла польскай дзяржаўнай традыцыі павінна была ўплываць так доўга, як доўга формы палітычнага строю краёу запраўды польскіх, ці сьвядомасьць і аспірацыі іх грамадзян, праменавалі на Літву і Русь".

Аргумэнтацыя - якую шырылі заўсягды расейскіе ура-патрыоты і, дзякуючы каторай, залічалі ў склад палітычна-расейскіх грамадзян этнографічна розных эстонцаў, грузін, эскімосаў, і... палякаў.

Аргумэнтацыя, пры каторай беларусы і украінцы, ня гледзючы на асобнасьць сваей мовы і культуры, павінны былі „зьлівацца ў адзіным расейскім моры".

З яшчэ меншым доўсьціпам, але затое поэтычнымі словамі, стараўся вытлумачыцца ў свой час вядомы эмігрант трыдцатых гадоў - Александр Рыпінскі:[5]

„Гэтая Русь, насколькі яна ёсьць і будзе польскаю, творыць непадзельную частку нашае дарагой бацькаўшчыны... Жыве тут-ка просты народ славянскага племяні, здаўна парадніўшыйся з сямьёй ляхаў, чэсны, але убогі і мала вядомы нават уласнай айчызьне яго, Польшчы, хаця-ж ён любіць яе больш за ўсё. З даўных часаў народ гэты быў об'ектам спору паміж суседзяў; але іх напады засталіся дарэмнымі; народ уцалеў, каб давясьці ім, што ён сам можа абраць сабе гаспадара і чужых наездцаў ня хочэ знаць. Ён выбраў сабе, нарэшці, Польшчу за маці, кінуўся ў яе апякунчые абняцьця і прытуліўся да яе са усей сыноўскай любоўю."

Аўтар годзіцца, што „татарскі наплыў маскалёў закрануў гэту старану бліжэй, як якую небудзь другую частку Польшчы, але ён ніколі не пранікаў „ў глыбіну сэрца" народу, як пранікала Польшча і ня здолеў з ім зліцца ў адзінае цела, у адну душу“.

Згодна са словамі аўтара, беларус аддаляецца ад маскаля і нават чуець да яго агіду. У гэтым не малую ролю адыгрывае рожніца релігіі, дзеля таго што схізма ёсьць для гэтага народу сынонімам паганства".

Беларуская мова, згодна апініі аўтара, так сама больш зьвязвае беларусаў з Польшчай, чым з Масквою.

Цікава, што кніжку сваю Рыпінскі пасьвяціў „першаму з беларускіх мужычкоў, (кмёткаў), каторы наперш навучыцца чытаць, а пасьля гаварыць і думаць па-польску."

Падвойнасьць, аб якой ідзе мова не магла, разумеецца, трымацца доўга; навука не пазваляла умоўных тлумачэньняў там, дзе ўсё было зусім ясна. і таму, як ні старалася польская думка забарыкадаваць зумыснымі натугамі свае даўные правы на „Літву", а разам з тым і на Беларусь, але ад гэтых натуг ей прыйшлося адмовіцца.

Пасьля гэтага заставалося адно: не дапусьціць ідэолёгічнага аб'еднаньня Беларусі з Масквой: калі Беларусь і беларусы ня Польшча і не палякі, хоцьбы палітычна, то гэта і не Масковія і не маскоўцы.

Асабліва моцную акцыю павялі ў гэтым кірунку польскіе дзеячы заграніцай. У францускай і бэльгійскай прэсе, спачуваўшай ідэям адраджэньня Польшчы, яны горача спрэчаліся ня толькі з дамаганьнямі расейскай палітыкі залічыць Беларусь як частку Расеі, але нават з самым тэрмінам БелайРусі. Замест назовы „Blanche-Russie. Weiß-Rußland", яны увялі назову „Ruthenie-Blanche, Weiß-Ruthenien" якая засталася і да нашых дзён.[6]

На тым, што беларусы асобны ад расейцаў, ці вялікаросаў народ, палякі сталі цьвёрда і сваей прапагандай узмацавалі ўжо ў той час ідею беларускага нацыональнага адраджэньня.

Уплыла на апошняе і другая старана — расейцы, — падняўшая, з прычыны новай пазіцыі палякаў, надзвычайна жорсткую палеміку аб істоце беларускага народу. Разгарэлася гэтая палеміка, як ведама, пасьля таго, як расейская ўлада, „адкрыла Белую Русь"; повадам адкрыцьця паслужыло паўстаньне 63 году.

Хоць расейскі урад, дзякуючы працам так званаго „Заходнага Камітэту", рапартам гр. Бобрынскага і Іoc. Cемашкі, ужо за царства Мікалая І, меў выразнае прадстаўленьне аб палітычных, национальных і рэлігійных адносінах на Беларусі. але расейскае грамадзянства ня мело аб іх ні найменшага паняцьця.

Ня мела аб гэтым паняцьця і расейская навука, ў тым ліку і этнографія.[7]

Расейскае грамадзянства нічога ня ведало аб Беларусі таму, што самаўладна-паліцэйскі урад не лічыў патрэбным яго аб гэтым асьведамляць. Пытаньня гэткага зьместу былі пытаньнямі палітычнымі, а ўселякае учасьце грамадзянства ў палітыцы расейская ўлада разглядала як небаспечную „крамолу".

Не магла раскрыць істоту польска-беларускіх адносін і расейская публіцыстыка, якая знайходзілася ў той час у зачатачным стане.

Грамадзянства трывало ў шчасьлівым няведаньні і, пад ўражаньнем польскіх крыніц, шчыра лічыло „Літву“ польскім краем. Аб Беларусі і беларусах амаль што нічога ня чуло. Таго самага пагляду на гэные „землі ад Польшчы далучаные", які выкладаў у сваіх „Записках путешественника" ў 1800-3 г. Акадэмік Васіль Сверыгін, прытрымоўвалося расейскае грамадзянства у 50-60 гадох.

Але вось узнялося паўстаньне і маладая расейская публіцыстыка „адкрыла" — так літэральна і гаварылася — Беларусь. Тоны пачалі ўжывацца самые гострые.

„Мы павінны перад вамі, даруйце нам;" — пісала з Масквы рэдакцыя „Дня",[8] „здарэньня раскрылі нам вочы, засьлепляные польскай маной ... Мы, расейцы, як бы забыліся аб істнаваньні Беларусі, мы доўга мадзелі ў няведаньні аб тэй мауклівай, невядомай, але разам з тым, велеслаўнай барацьбе, якую беларусы вялі за сваю народнасьць і веру."

„Адцяпер не панаваць над вамі чванлівай польскай шляхце, нахрапным польскім офіцыалістам і дробнаму польскаму чыноўніцтву. Ніхай іх зжануць сабе дамоў, у Польшчу;"

„У гэны час“, гаворыць Пыпін, „расейскае грамадзянства першы раз даведалося з пэўнасьцю аб этнографічным укладзе заходнага краю і аб яго гісторыі. На жаль, пры тагочасных варунках пытаньне ставілося з гэткай нецярпімасьцю, што выключалася безстароннасьць і спакойная ацэнка фактаў.... Замест таго, каб разглядзець супярэчнае пытаньне спакойна, „ваюючая публіцыстыка, знайходзіўшая повад да зацятасьці ў тоне загранічнай польскай прэссы, даходзіўшай нярэдка да вялікіх „нелѣпостей", у сваю чаргу прысвоіла сабе ролю патрыотычнай, адзначыла сябе палітычным цкаваньнем, траціўшым уселякую моральную годнасьць і, ў канцы канцоў, аставіла пасьля сябе дрэнные насьледкі і для заходнага краю і для самога расейскага грамадзянства".

Уся гэтая сварка паміж польскай і расейскай аргумэнтацыей, вымагаушай — першая, вызнаньня гэтага краю нацыональна асобным ад Paceі, а палітычна польскім, другая вызнаньня, што гэта ёсьць „край русскій, тысячу раз русскій!" — мела той добры вынік, што, нарэшці, быў выяўлен запраўдны нацыональна-палітычны характар Беларусі: што гэта край ня польскі і ня рускі, але што гэта ёсьць „край самабытны, асаблівы", як гэта зазначыў між іншым праф. Безсонов.[9]

Што датычыцца палякаў, то безпасярэдным вынікам для іх ў гэтай палеміцы зьявілася адмова ад карыстаньня тэрмінам „Літвы" ў старым значэнню; замест яго ў навуцы і літаратуры пачынае ўжывацца тэрмін Беларусі і ўласьціва Літвы.

Пасьля грунтоўных этнографічных досьледаў расейскіх вучоных (П. Шпілеўскага. П. Боброўскага, І. Носовіча і др.), і асабліва пасьля атласаў Эркерта і Pітіха, калі аб „Літве" ў старым сэнсе і гавораць, дык, каб адрожніць яе ад этнографічнай Літвы. стаўшай разам з Беларусьсю зусім пэўным паняцьцем, называюць яе гістарычнай".

Тэрмін „гістарычнай Літвы" (Litwy historycznej) застаецца ў польскай навуцы як паняцьце варунковае, гістарычнае, абхопліваючае сабой не народы але тэрыторыю быўшага Вялікага Князства Літоўскага.

У настаўшай пасьля спыну паўстаньня 63 г. рэакцыі, асабліва цяжка наваліўшайся на грудзі „мятежной Польши", проэкты уваскрашэньня польскае дзяржавы пачалі разглядацца як „безсмысленныя мечтанія". Больш як трыдцаць гадоў цямрычнага урадаваньня Александра III і Мікалая II выдушылі з польскай сьвядомасьці ўселякую думку аб актыўнай барацьбе са ўсемагутным царызмам.

„Ня будзем нічога чакаць ад палітычных пераваротаў" такі быў лёзунг гэнае эпохі, якую адзін з выдатных польскіх дасьледчыкаў называе „okres zdretwienia z braku czynu".

Грамадзкая думка Польшчы выпрацоўвае програму арганічнае працы: „будзем займаць усе аслабаняючыеся мейсцы, будзем пралезаць ва ўсе шчыліны, будзем пускаць карэньня ўсюды, дзе толькі будзе спрыяйны грунт"; параджае ідэалёгію гуманітарнай эволюцыі, загразае ў "палітычным гешэфтмахарстве і золатапаклонстве.[10]

Франка-расейскі саюз пазбавіў Польшчу саюзніка ў асобе Францыі, якая пачала пераконвацца, што Польшча можа быць шчасьліва толькі пад бэрлам расейскага цара.

Польскіе палітычные дзеячы з радоў буржуазыі, адзіна каторай дазвалялося выяўляць свае грамадзянскіе пачуцьця, мала-памалу ператварыліся ў лойяльнейшых грамадзян расейскай імпэрыі і нязменшай, чым расейская бюрокрацыя абурэньнем адкідалі ўселякую ревалюцыйную думку, ўселякую нясьмелую спробу абароны лёзунга незалежнай Польшчы.

Ясна, што аб Беларусі, як частцы Польшчы, аб якіх небудзь правах на Беларусь, палякі перасталі думаць. Беларусь ператвараецца ў „Сѣверо-Западный край", як і сама Польшча ператвараецца у „Край Привислянскій".

Адбываецца мала-памалу зьмена агульна-палітычнага пагладу палякаў. Адмаўляючыся ад сваіх „правоў" на Беларусь, польская мысьль заменяе ідэю „ягелёнскай Польшчы", ідэяй „Польшчы пястоўскай" і пачынае лічыць польскую зямлю не там, дзе пламянее польскі дух, але там, дзе яе абрабляе рука польскага селяніна. Аполёгія духа заменяецца аполёгіей плуга. Польшча пачынае мысьліць сябе ў этнографічных граніцах і моўчкі годзіцца з грубым окрыкам з Пецярбурга, што Беларусь ёсьць „расейская провінцыя".

Польскі элемэнт на Беларусі, так званые „polacy kresowi" з часам пачынаюць разглядаць сябе як месцовы элемэнт, маючый свае асобные месцовые інтэрасы, якіе трэба падпарадкаваць жаданьням Вільні, ці Менска, а не Варшавы.

Упадак грамадзкай энэргіі Польшчы, ўрэшці, даходзіць да таго, што самые прэтэнсыі польскай дзяржавы на Беларусь, ці, як вобразна выражаліся у той час, „дзяржаўная экспанзыя Польшчы на ўсход" стала разглядацца як гістарычная абмылка, а нават як праступленьне, за якое гістарычная нэмэзіс пакарала яе паражэньнямі і няшчасьцямі.

„Нашым этнографам здавалося", гаворыць п. Стржэўскі,[11] „што ў іх адмове ад фіктыўных, зрэшта, правоў Польшчы на Беларусь, заключаецца адкупленьне за віну дзядоў і што выканаўшы яе, яны створаць вялікую справу і могуць быць спакойны за будучыну."

На гэтые трагічные прызнаньня пан-расейскі националізм нічым другім адказаць ня мог, як новым вымаганьнем: калі палякі жадаюць згоды З Расеяй, яны павінны адрачыся ня толькі ад якіх-бы то не было „правоў“ сваіх на Беларусь, але і ад „далейшага развіцьця сваей культуры на гэтай зямлі. "[12]

Мова у данным выпадку была, відаць, аб тым, што калі хто жыве на Беларусі, той не павінен называць сябе палякам і не павінен ужываць польскае мовы.

Ад поўнай загібелі польскі элемэнт на Беларусі уратавалі падзеі 1904-5 гг.

Грамадскі уздойм гэных гадоў разам з тым паказаў, што калі польскі элемэнт на Баларусі яшче не загінуў, дык ён набыў правільны пагляд на сваю ролю ў ей.

Месцовая польская прэсса гэнага періода вызнала, што абуджэньне да жыцьця паняволеных народаў, раней, ці пазьней, але пераможа, і што трактаваньне „гістарычнай Літвы" (Коўна-Вільня-Менск), як ўласнасьці Польшчы не адпавядае дзейснасьці. Яна прызнала, што быўшае Вялікае Князства Літоўскае — гэта старана з ўласнымі тэндэнцыямі развіцьця і ўласнымі інтэрасамі. Што „ўсходніе палякі павінны, не адрываючыся ад духоўнай сувязі з культурай свайго народу, прыняць на сябе абавязкі лойяльных грамадзян і супрацоўнікаў гэтага краю".[13]

На гэтую плятформу стала як польская інтэлігенцыя, так і група зямельных ўласьнікаў. Разам з беларускімі і літоўскімі партыямі, яны прапанавалі програму-максімум: аўтаномію Беларусі і Літвы, як непадзельнага цэлага, пад назовай „аўтаноміі паўночна-заходнага краю". Пад аўтаноміей разумелося, ласьне, шырокае месцовае самаурадаваньне; вышэйшым выяўленьнем аўтаноміі павінен быў зьяўляцца краёвы сойм з абмежанымі поўнамоччамі ў пытаньнях прасьветы і месцовай гаспадаркі.

Беларускіе палякі падзелялі патрэбнасьць захаваньня адзінства абедзьвех тэрыторый у тым пераконаньню, што пры гэтым яны не падлягалі падзелу і маглі захаваць большы ўплыў і вагу.

Плятформа гэта значна зьмянілася ў 1915 г., калі беларускіе і літоўскіе партыі, адгароджаные ад расейскага самаўладзтва фронтам, выкідаюць лёзунг незалежнасьці сваіх зямель. Карыстаючыся тым жа, польскіе групы выкідаюць лёзунг „фэдэрацыйнай сувязі гэтых зямель, пад старой назовай „Літвы", з польскай дзяржавай."

Новые часы, якiе мы сëнека перажываем, прынясьлі нам і новые песьні.

У шмат якіх выпадках песьні гэтые зьявіліся нагэтулькi неспадзяванымі, што выклікалі на Беларусі разчараваньне і нехаць, а дзе якiх чэсных предстаўнікоў польскага грамадзянства прымусілі густа пачырванець.

Метамарфоза ў параўнаньню са ўчарайшым днём аказалася гэтулькі значнай, што Беларусь насьцярожылася. Ведама, што „l'appetit vient en mengeant". Што крыецца за „фэдэрацыйнай сувязьзю" Беларусі з Польшчай нiма ведама. Прыймаючы пад увагу лёгкасьць, з якой польскіе палiтыкi перайшлi ад поўнае адмовы ад сваіх правоў" на Беларусь да плянаў „аб'еднаньня", з якой сiлай уваскросьлi ў ей ізноў ідэі „ягелёнскае Польшчы", можна дапусьцiць, што бліжэйшая будучына верне нас да патэтычных лямэнтацый Рыпінскага, і беларусы павінны будуць „прыхіліцца да Польшчы з сыноўскай любоўю і навучыцца спачатку чытаць, а пасьля гаварыць і думаць па-польску."

  1. Власт: „Кароткая гісторыя Беларусі", („Наша Ніва", 1910 г., № 14, Красавік, стр. 222-3).
  2. Аб гэтым зазначае, між іншым, М. Кояловіч: „Лекціи по исторіи Западной Россіи", 2 выд. СПБ. 1884 г. ў склад грамады, мысьліўшай аб уваскрашэньні Вял. Кн. Літоўскага на аснове яго асобнага ад Расеі і Польшы характару, ўходзів сябра „шубраўцаў", знаменіты юрыст проф. І. Даніловіч. Не ўсім ведама, што І. Даніловіч зьяўляецца суаўтарам т. зв. „Западнаго Свода Законов", які быў апрацаваны на основе артыкулаў Літоўскага статуту і павінен быў быць кодэксам для Беларусі. Згодня апініі "заходнаго Камітэту“ гэты кодекс быў Мікалаем І прыпынен і ўся праца Даніловіча загінула дарма. На Беларусь былі распаўсюджаны агульнаімперскіе расейскіе законы. Гл. проф. бар. Нольдэ: „Очерки по исторіи кодификаціи западнаго Свода Законов", СПБ. 1911 г.
  3. Гл. Марія Косич: „Этнографический сборник: Литвины-бѣлоруссы Черниговской губ." Изд. Импер. Географичекаго О-ва. СПБ.
  4. J. Strzewski: „Polska-Litwa i Ruś", odbitka z „Tygodnika Polskiego", 1915. Warszawa. Стр. 7.
  5. „Białorus". Kilka slów o poezii prostego ludu tej naszej polskiej prowincii etc. przez Aleksandra Rypińskiego. Czytano na posiedzeniu towarzystwa literackiego polskiego w Paryżu r. 1839 listopada 21 dnia. Paryż. 1840. 228 str.
  6. Мы лічым патрэбным зауважыць, што, на наш пагляд, ні тая, ні другая назова не павінны ужывацца; трэба у перакладзе на іншые мовы утрымаць арыгінальную назову Беларусі, тым больш, што гэта лёгка даецца. Тэрмін "Bielarus" павінен заваяваць правы грамадзянства ва усей заходнай літэратуры.
  7. Між іншым, Карамзін, спрэчаўшыйся з проэктамі адбудовы Царства Польскага пры Александры I, асабліва з дамаганьнямі палякаў уключыць у граніцы проэктаванага царства „Літву" разглядае пытаньне аб „Літве" „з чыста зверхняга палітычнага боку." У яго сэкрэтнай запісцы німа гутаркі аб народным і соцыальным характары гэтага краю." (А. Пыпин. „Исторія русской этнографіи," т. IV, стр. 20, увага).
  8. А. Пыпин: „Истор. русск. этногр." т. IV, стр. 89.
  9. Пагляд прафэсара харкаўскага унівэрсытэту П. Безсонова, быўшага некалькі гадоў сябрам віленскай археолёгічнай камісіі, на беларускае пытаньне, зьяўляецца запраўды надзвычайна выдатным. Вылажыў ён свой пагляд у абшырным уступе да „Сборника бѣлорусских пѣсен", Москва, Ен першы угледзіў „няпэўнасць палітычнага ладу на Беларусі, выкліканую ненармальнымі варункамі жыцьця народу, першы голасна заявіўся за патрэбаю вольнага развіцьця месцовай нацыональнай стыхіі; па свойму вытлумачыў месцовы „сэпаратызм", зауважыў асобны ад Маскоўшчыны характар краю і рашуча выступіу ў абарону яго ад русіфікатараў, распеваўшых на Нёмане, ці на Вілі „вниз по матушкѣ, по Волгѣ"...
    У паглядах праф. Безсонова мы бачым сьляды ўплываў Віленскага унівэрсытэту - асабліва ў гарачых прыхільных характарыстыках, якіе ён дае тагочасным віленскім дзеячам Праўда, тэорыі Безсонова, асабліва аб беларускай мове, яе значэньні і будучыне — шмат у чым памылковы; але, як свайго роду „унікум" расейскае літэратуры, даволі грунтоўна забыты, яны варты таго, каб імі зацікавіцца.
  10. W. Studnicki: „Sprawa Polska", Poznań, 1910 г. стр. 502.
  11. J. Strzewski: Polska, Litwa i Rus", odb. z „Tygodnika Polskiego"; 1915, Warszawa: стр. 13-14.
  12. З прамоў дэпутата расейскае Дзяржаўнае Думы Вл. Львова (гл. А. Strzewskі: „Polska, Lіtwa і Rus", стр. 14).
  13. M. Nіedzіałkowskі: „O program polski na Wschodzie „Przedświt", miesięcznik polityczno-spoleczny. Organ polsk. part. socjalist.) Warszawa, 1920 r. marzec, nr. 3, II, str. 4.