V. Sacro egoismo VI.Спробы конкрэтнага развязаньня беларуска-польскіх ўзаемаадносін
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
VII. Вывады

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI. Спробы конкрэтнага развязаньня беларуска-польскіх ўзаемаадносін.

А. Проэкт інкорпорацыі.

„Палякі могуць стаць вялікім народам і Польшча зможа зьдзейсьніць свае даўнія гістарычныя заданьні толькі валадаючы ўсходнімі землямі,“ — вось аснаўны лёзунг польскага імпэріалізму, сваеродна перафразаваўшага для сябе знакамітую фразу Вільгэльма І аб „будучыні вялікай Нямеччыны — на водах“.

Паглядзім, які рэальны зьмест гэтага лёзунга, і што нясе ён для Беларусі.

Ператварэньне палякаў у „вялікі народ“ разумеецца тут у простым сэнсе: польскі народ павінен вырастаць лічэбна, занімаць усё болей і болей месца для свайго істнаваньня, забясьпечваць свайму росту адпаведныя спрыяльныя варункі і г. д.

Лічэбны рост палякаў забясьпечаны, дзеля таго, што ўдваеньне ліка жыхароў мае месца кожныя 45 гадоў. Праз гэты час этнографічная Польшча, быццам, ня зможа ўмясьціць у сябе 25 міл. чалавек і павінна будзе даваць вядомы працэнт свайго насяленьня на эміграцыю. Працэнт гэты будзе для Польшчы згублен. Ён ня будзе спрыяць цаваньню сіл польскае дзяржавы, з прычыны адарванасьці сваей ад роднага грунту; ён ня будзе захован і як нацыональная сіла, дзеля таго, што будзе асіміляваны на новай бацькаўшчыне.

Гэты элемэнт трэба, чаго бы гэта ні каштавала, захаваць, калі ня ў межах этнографічнае Польшчы, дык у такой старане, дзе ён быў бы ня толькі сам асіміляваны, але, на славу Польшчы, асіміляваў бы чужых. Мэты гэтай дасьцігае калёнізацыя ўсходніх зямель.

Пры атсутнасьці ў Польшчы калёній на афрыканскім, ці на азіяцкім контынэнце, ролю „аддушыны" для перанасялёнай Польшчы павінна адыграць Беларусь.

Пры гэткім палажэньні справы, польскі народ запраўды будзе „вялікім“ народам і будзе залічан ў хаўрус „вялікіх дзяржаў", куды малым народам доступу німа. Заняўшы такое становішча, Польшча зможа зьдзейсьніць свае „гістарычные задачы".

Гістарычные задачы ставяцца толькі гістарычнаму народу. Польшча, ласьне, зьўляецца гэткай гістарычнай, а не этнографічнай дзяржавай і заданьне яе, як ведама — абараніць Эўропу ад навалы азіяцкага ўсходу ў асобе Расеі і ад прускага мілітарызму — ў асобе Нямеччыны. Польшча павінна стацца фактарам палітычнай роўнавагі на ўсходзе. Эўропы, Польшча павінна стацца правадніком заходнай культуры на гэтым усходзе і г. д.

На пытаньне аб беларуска-польскіх адносінах проэкт інкорпорацыі адказвае ясна і каротка:

Ніякай Беларусі німа.

Ёсьць вялікі абшар, доўгі час быўшы пад Польшчай, пасьля забраны сілай Расеяй, і які цяперака трэба зноў здабыць ад Расеі. Фактычна, ў даны момант, калі німа Расеі ў поўным гэтага слова значэньні, абшар гэты ёсьць res nullіus, каторы возьме сабе той, хто выйдзе з барацьбы пераможцам. Усходнім суседам Польшчы зьяўляецца не Беларусь, а Расея — гістарычны вораг Польшчы, уасобленьне барбарскай пагрозы цывілізацыі, цëмная візантыйская сіла, пануры, але небаспечны Нядзьведзь, ад каторага трэба якнаймацней адгарадзіцца.

Беларусь ёсьць, ласьне, географічная, гістарычная і, калі хочаце, этнографічная назова, але гэта ні ў якім здарэньні назова не палітычная, гэта не народ і ні ў якім выпадку — не гаспадарства.

Беларусы ня могуць разглядацца як нацыя:

„Ні аб якім беларускім народзе ня можа быць мовы, дзеля таго, што народ — гэта паняцьце палітычнае, а беларусы ніякіх ўласных традыцый ня маюць. Аб беларускай культуры немагчыма гаварыць, дзеля таго, што німа ў іх культурнай еднасьці: гэта сфэра перакрыжаваньня польскіх і расейскіх ўплываў. Мы бачым беларусаў-каталікоў, прывязаных да традыцыйных польскіх сьпеваў ў касьцёлі, беларусаў-праваслаўных, мова каторых набыла шмат царкоўна-славянскіх слоў".

„З этнічнага погляду беларусы не адналіты, дзеля таго, што ў адных месцовасьцях ў іх жылах цяче польская, у другіх — літоўская, ці латышская кроў, ў трэціх кроў даўных дрэўлян, ці палян. Мова іх складаецца з рожных дыалектаў, ў залежнасьці ад польскіх, ці расейскіх уплываў. Беларусы — гэта этнографічны матэр'ял, дапаўняючы постаць, незапоўненую польскім, ці расейскім уплывам."[1]

„Беларусы зьяўляюцца пераходнай формай паміж палякамі і расейцамі, паддаліся асыміляцыі ў губэрніі Віленскай, характарызуюцца па большай часьці польскімі выдзеляючымі рысамі ў заходных паветах Менскай губ. больш чым ў ўсходніх, ці ў губэрніі Магілёўскай. Беларусы пераходзяць граніцы польскае дзяржавы (?!) ў Смаленскай губ., але там ужо больш збліжаны да расейцаў, чым да палякаў."[2]

У гэткім жа духу піша „знаўца“ беларускіх адносін Вацлаў Васілеўскі:[3]

„Народ беларускі ніколі ўласнай дзяржаўнасьці ня меў. Ня меў ён яе ў мінулым, і ў сучасным, як паказала практыка апошніх гадоў, ня ў сілах яе утварыць. Немцы гатовы былі падтрымаць ўселякіе нацыональные формацыі і тварыць з іх фікцыі дзяржаўных арганізмаў. У час окупацыі Беларусі, яны давалі ўселякіе магчымасьці і падтрымлівалі організацыі якой хочучы ўласнай дзяржаўнасьці."

„На працягу паўтара году нячысьленые павадыры імкнуліся зьдзейсьніць гэтую справу, але дарма. Народ беларускі, роўнадушны і пасыўны, гэтых спроб не падтрымліваў, пераносячы, як звычайна, з пакорай і слухмянасьцю чужацкую ўладу, якая была. Так званая Беларуская Рада ў Менску больш як год страціла на бязплодные тэорэтычные дэбаты і клясовые спрэчкі, ў рэшці чаго, у момант адыходу окупацыйных нямецкіх улад, павінна была пасьць і шчэзнуць разам з другімі."

Подобнага зместу пераконаньня, як толькі што вылажаные, ва ўсякім здарэньні больш популярны ў Польшчы, нічым якіе іншые, больш прыхільные. Дарма ўступаць ў палеміку з імі і з В. Васілеўскім, ў аддзельнасьці. Усім вядома, што імпэратарскіе нямецкіе афіцэры, вайшоўшы ў Менск, ужо былі падгатованы забегшымі з захлеўкаў месцовымі абшарнікамі, і першым чынам сарвалі з памяшчэньня Беларускае Рады нацыональны сьцяг, сэквэстравалі сабраные мазольнымі рукамі скромные кошты яе, зачынілі будынак Рады і прымусілі сяброў яе хавацца ў падпольлі, забаранілі выезд на месцы і г. д.

Хто, пазволім сабе спытацца п. В. Васілеўскага, нашэптаў на вухо нямецкім гэнералам аб „бальшавізме" Беларускае Рады, аб яе анархістычных плянах падзелу польскіх латыфундзій, хто прыймаў усіх гэтых лейтэнантаў ў сваіх салёнах банкетамі і знайходзіў з імі супольные думкі, што да сьвятых правоў ўласнасьці? Хто, затым, у момант адыходу окупацыйных войск, уступіў у аружную барацьбу з беларускім народам, на кожным кроку змагаўся з Народным Сэкрэтаріатам Белаpycі?

Калі каму і гаварыць аб „бязплодых спрэчках" беларускіх павадыроў і аб „гатоўнасьці немцаў падтрымаць беларускае адраджэньне", дык ужо ня польскім абшарнікам. „Чья-бы карова, як кажуць мычала, а чья-бы маўчала".

Не прызнаючы беларусаў за асобны народ, здольны да дзяржаўнага будаўніцтва, тварцы ідэолёгіі інкорпорацыі не утрудняюць сваіх мазгоў пытаньнямі аб формах узаемаадносін паміж Беларусью і Польшчай:

„Для таго, каб польскі народ быў вялікі, для таго, каб польская дзяржава зьдзейсьніла свае гістарычные задачы на ўсходе, Беларусь павінна быць далучана да Польшчы як яе часьць, як простая провінцыя, ці справядлівей, як калёнія".

Якое бы то ні было самаазначэньне Беларусі павінна разглядацца як праступак, бо яно толькі аслабіць дзяржаўную моц Польшчы і асімілюючую сілу польскае нацыі.

Дараваньне якой бы то ні было аўтаноміі гэтаму краю — ня можа быць цярпіма. Каранная Польшча не магла-б пры гэтым выкарыстаць ў сваім урадзе тые польскіе сілы, каторые ёсьць на Беларусі, дзеля таго, што яны павінны былі-б йсьці працаваць ў беларускім сойме і ў месцовым краёвым урадзе. Калёнізацыя гэтага краю магла-б быць затрымана і затруднёна адпаведнай месцовай палітыкай, дзеля таго што „уселякі больш — менш самастойны дзяржаўны арганізм мае поўную компэтэнцыю ў дзедзіне аграрнае палітыкі“.

Згодна апініі п. Студніцкага,[4] Беларусь пры гэтым не пусьціла-б да сябе польскіх перасяленцаў, ня гледзючы на тое, што яны маглі-б быць, па яго думцы, надта карыснымі ў сэнсе падняцьця культуры краю. Толькі пры поўным далучэньні Беларусі да Польшчы, апошняя магла-б так сама пачаць вялікіе іррыгацыонные і комунікацыонные работы, каторые павялічылі-б абшар здатнай для пасяленьня і жыцьця зямлі, дзеля таго што толькі пры гэтым варунку яна была бы пэўна ў магчымасьці калёнізаваць гэтые землі сваімі выхадцамі.

Урэшці, толькі пры інкорпарацыі Беларусі, без праў яе на асобнае упраўленьне, магла-б быць забаспечана ўсходняя граніца Польшчы па рэках Прыпяці, Дняпру, Бярэзіне і Дзьвіне. Граніца гэтая ня можа быць даверана ніякаму другому народу апроч польскага: „Лінія гэта павінна быць ў польскіх руках, каб яна магла быць захавана ў будучым супраціў напору Рaceі. Яна ня можа быць даверана нават дзяржаве, знайходзячайся ў рэальнай уніі з Польшчай ... Памянёная вышэй стратэгічная лінія павінна быць калёнізавана польскім элемэнтам, каб Польшча знайходзіла апору і аблягчэньне мобілізацыі ў насяленьні, найбольш верным Польшчы".

Этнографічная беларуская маса павінна быць паддадзена безумоўнай асыміляцыі, як праз наданьне месцоваму польскаму элемэнту на Беларусі „імпануючага характару", так і праз узмацаваную калёнізацію. Беларусь павінна забыцца аб сваім национальным істнаваньні; да таго-ж „пазбаўленае палітычных тэндэнцый", беларускае насяленьне ніколі ня будзе ставіць апоры польскім войскам дзеля нацыональных комбінацый".

Устройства гэтае калёніі павінна быць арганізавана на простых і строгіх асновах.

Павінен быць адзіны сойм, засядаючый у Варшаве; дэпутатаў ў гэты сойм Беларусь павінна пасылаць на аснове няроўнага хоць і агульнага выборчага права. (!) Тэрыторыя гэта павінна мець губернатараў і начальнікаў паветаў па назначэньню згары. Пры губернатары і начальніку павета істнуюць ваеводзкая, ці губэрнская, і павятовая рада. Выбіраюцца гэтые рады зноў такі на аснове агульнага выборчага права", г. зн. ўсе групы насяленьня маюць у іх сваіх прэдстаўнікоў, але пры адсутнасьці роўнага выборчага права у органы самаурадаваньня" (?!).

Канчаецца гэтая програма ніжэйпісанымі мяркаваньнямі, скіраванымі галоўным чынам супроць сваіх праціўнікаў:

„Успамінаюць аб прынцыпах Вильсона. Але абвешчаньне гэтых прынцыпаў было толькі тактычным захадам: яны былі ужываны як атрутные газы, скіраваные на дэзорганізацыю праціўніка, але не яны, а рэальные сілы будуць рашаць пытаньне аб палітычным ладзе Эўропы.

„Польшча будзе мець гэтулькі зямлі на ўсходзе, сколькі здолее заняць ... Польшча будзе мець гэтых зямель болей, ці меней у залежнасьці ад ліку і гатунку таго войска, якое яна утворыць. Не падлягае сумніву, што чым больш Польшча будзе сьвядома аб вялічыне і важнасьці сваіх інтэрасаў на ўсходзе, тым больш сіл яна выдзяліць з сябе для заваяваньня гэтага ўсходу, тым большую выставіць яна армію, боездольную і дысцыплінаваную".

Калі-б ня тое, што програма, якую мы прывялі, была надрукавана ў Варшаве ў 1919 гаду і каб ня тое, што яна зьяўляецца развіцьцём і дапаўненьнем да рэфэрату польскага конгрэсовага бюро, дык можна было-б падумаць, што гэта даклад міністэрству Сталыпіна аб палітыцы расейскага ураду да Прывісьлінскага краю.

Гісторыя ў даным здарэньню паўтарылася і мы прысутны пры „старой драме ў новай пастаноўцы", калі замест старых расейскіх дэкорацый, пастаўлены новые польскіе.

Па іроніі лёсу польская думка замёрзла на ідэалах тых, хто ужо даўна зьяўляецца палітычным трупам. Нават болей, на ідэалах тых, хто ў мінулым сталецьці душыў Эўропу цьвёрдымі губэрнаторамі, і справіцельным ротамі, тапіў ў крыві ўселякую прогрэсыўную ідэю, углядаў ў агульным выборчым законе гідру рэвалюцыйнай небаспекі, трымаў ў яжовых рукавіцах ўсё гаспадарства: польская думка ў асобах інкорпорантаў зьявілася прадоўжаньнем мінулай аракчэеўшчыны.

Ня дзіва, што нават у некаторых польскіх палітыкаў гэткая пазіцыя сустрэчае горкую адповедзь, што „ў нас, палякаў, пануе стары нямецкі сьветагляд. Пратэставаўшы цэлые векі супроць гвалтаў, чыненых над ім in vivo — польскі народ ў канцы канцоў зжыўся з гэтым злом, як бытцым з тым, што ў адносінах паміж народамі і дзяржавамі зьяўляецца неунікнёным". [5]

Мы пазваляем сабе думаць, што гэта не так, што рабамі гэткай хіжацкай, гвалтоўніцкай псіхалёгіі зьяўляецца ня ўвесь польскі народ, а толькі тые клясы яго, капіталам і маёнткам каторых загражае свабода адраджаючыхся народаў.

Цікава, насколькі жыцьцёва програма інкорпорацыі Беларусі і насколкі цьвёрда веруюць ў яе самі ідэолёгі.

Гаворучы аб беларусах, як аб этнографічнай масе, не маючай права на палітычнае існаваньне, п. Студніцкі, можа і сам таго не прымечаючы, робіць заяву, якая ў шчэнт падрываець яго так стройную ідэолёгію.

Фактарам, развіваючым сымпатыі беларусаў заходных паветаў да Польшчы, зьяўляецца, як ведама, рэлігія.

„Гэтыя беларусы зьяўляюцца, згодна нашай апініі, палякамі: ужываюць і імкнуцца ужываць польскую мову ў касьцёле, моляцца па польску, дабіваюцца для сваіх дзяцей польскае школы. І вось", — дабаўляе п. Студніцкі, — „гэтае насяленьне, якое полёнізавалося-б з мовы ў працягу якіх-небудзь 10 гадоў, пры варунку прыналежнасьці яго да польскае дзяржавы, магло-б быць для нас згублена, калі-б на ўсходзе стварылась вогнішча беларушчыны“.[6]

Прызнаньне, маючае ў вуснах інкорпорантаў надзвычайную вагу!

Яно значыць, што нават агрэсыўные прэдстаўнікі польскага грамадзянства ня веруць у слушнасьць сваіх заяў аб заходнай Беларусі. Гэта значыць, што калі-б, запраўды, дзе небудзь на вольных прасторах Беларусі стварыўся беларускі национальны цэнтр, дык ні сьвятая каталіцкая вера, ні цьмы ваюючых ксяндзоў, ні польскіе губэрнатары на прускі капыл і ніякая іншая сіла, не ўстрымала-б гэтых „ласьне-палякаў", ці „белапалякаў" ад павароту ў родную нацыональную стыхію, не магло-б перашкодзіць ім са ўсей сілай свайго нацыональнага духу вырвацца з сецей сярэднявечнага каталіцызму на вольнае паветра беларускай культуры. Яны-б прыйшлі сюды, да гэтага цэнтра, да гэтае крыніцы жывога жыцья, — не маглі-б не прыйсьці, — калі-б яшчэ ня ўмёрлі.

Парукай гэтаму — неасьцярожна вырваўшаяся фраза п. Студніцкага і яго аднадумцаў, парукай тая боязьнь, якую яны чуюць перад адраджаючайся беларускай нацыей.

Бо што іншае, як не звычайны страх перад народам, піхае іх на шлях удушэньня беларускага адраджэньня рукамі губэрнатараў, дарогаю няроўнага выборчага закону і „імпануючага палажэньня польскага элемэнту“.

Вядома, што гэткага роду страх быў заўсёды дрэннай азнакай ў палітыцэ; маем надзею, што і ў данным здарэньню ён адыграе тую-ж ролю — сьведка поўнай безпомачнасьці, поўнай капітуляцыі перад новым жыцьцём і новым дзяржаўным ладам. Маем надзею, што новапаўстаўшай Польшчы не ўдасцца стварыць тую бітную, дысцыплінаваную армію якая сьвядома, па загаду магнацкага лагеру, стала-б душыцельніцай вызволенай Беларусі. Ня лічым магчымым дапусьціць, каб спраўдзілася стаўка гэтага лагеру на несьвядомасьць польскага народу: цяпер, у часы ўсясьветнага значэньня рэвалюцыйнага руху ён павінен зразумец ўсю ганебнасьць катавай профэсіі.

Што датычыца другой стараны справы, ласьне, жаданьня шляхам удушэньня і дэнацыоналізацыі Беларусі, адгарадзіцца ад Расеі, дык і гэтая абецанка інкорпорантаў — адна мана. Якая Расея ні будзе, але яна заўсёды скарыстае з агрэсыўнай польскай палітыкі і, на заяву аб „католіках-беларусах", адкажа заявай аб „беларусах-праваслаўных". Паўторыцца маласлаўная гісторыя з кацярыніскімі дысідэнтамі, і зноў пацягнецца старая драма пры крыху зьменяных дэкорацыях.

Як Польшча ня можа згадзіцца з тым, каб на Бугу і Нараве з ей гранічыла Расея, так сама Расея ня згодзіцца, каб па Дзьвіне і Дняпру з ей гранічыла Польшча. Выхад з палажэньня, пры гэтым самы нормальны, — даць супакой таму, што між гэтых двух граніц ляжыць і што не належыць ні той, ні другай старане, — даць супакой незалежнай Беларусі.

Людзкая лёгіка хіба не пераканае ў гэтым ідэолёгаў інкорпорацыі. Для іх трэба ужыць зусім іншые аргумэнты — тые самые, якімі яны

змагаюцца.
В. Проэкт рэальнай уніі.

Проэкт аб'еднаньня народаў быўшага Вялікага Князства Літоўскага з Польшчай на асновах рэальнай уніі зьяўляецца, ў параўнаньні з вымаганьнем простага долучэньня, значным крокам наперад.

Сцьверджаючы, што хоць ў мінулым Польшча і „Літва“ доўгі час, ад 1569 г. да 1772 г., жылі ў уніі, проф. Ст. Кутржэба сьведчыць, што аднаўленьне дзяржаўнай сувязі абедзьвех краін зьяўляецца ў нашы часы занадта трудным.[7]

Кожная унія мае прад сабой дзьве задачы: дабіцца супольнасьці двох еднаючыхся дзяржаўных арганізмаў і заразам захаваць за кожнай з дзяржаў ў поўнае меры яе сувэрэнітэт.

Практычна, еднаньне гэта мела мэту абароны дзьвëх дагаварыўшыхся дзяржаў ад замежных пагроз, і дзеля гэтага на главу унітарнае дзяржавы укладалася право апавешчаньня вайны і міру, кіраваньне загранічнай палітыкай і рэпрэзэнтацыя гэтае дзяржавы перад суседзямі.

Правы гэтые укладаліся заўсёды толькі на адну фізычную асобу, якой звычайна зьяўляўся монарх. На яго асобу перанасіліся аддзельные вярхоўные правы кожнага з народаў, але кожны народ у аддзельнасьці ў сваім дзяржаўным сувэрэнітэце агранічан ня быў.

Неагранічанасьць суверэнітэту абедзьвёх старон выражалася, галоўным чынам, ў тым, што кожная старана захоўвала право, калі знойдзе для сябе патрэбным, развязаць унію і перайсьці да незалежнага істнаваньня.

Цяпер, калі Польшча і „Літва" зьяўляюцца рэспублікамі, німа фізычнай асобы - монарха - на якую можна было-б перанесьці гэтые вярхоўные правы. У даны момант суверэнітэт кожнай з дзяржаў-рэспублік пачывае на яго прэдстаўнічым органе-нацыональным збору, парлямэнце, ці сойме, многагаловай установе, і на прэзыдэнце рэспублікі, выбіраным гэтымі ўстановамі.

Такім чынам, каб дзьве дзяржавы-рэспублікі былі аб'еднаны ў унію трэба, каб у іх быў адзін агульны прэзыдэнт і супольны сойм. Презыдэнт павінен уасабляць сабой цэласьць аб'еднаных у унію дзьвёх дзяржаў, дзеля чаго яму патрэбна было-б надаць правы прадстаўніцтва унітарнага дзяржаўнага цэлага за яго межамі. Супольнаму сойму павінна належаць станоўленьне аб найважнейшых справах так сама абедзьвёх дзяржаў.

Прэзыдэнт. Абгаварываючы пытаньне аб выбары прэзыдэнта п. Буяк зазначае, што хоць раўнапраў'е абедзьвех часьцін зьяўляецца condіtіo sіne qua non yніі, аднак-жа Польшчы ў гэтай роўнасьці павінна быць нададзена перавага, дзеля таго што „Літва", як частка слабейшая, будзе атрымліваць ад уніі і дзяржаўна і экономічна больш чым Польшча, на каторую як дужэйшую будзе класьціся больш дзяржаўнай цяжы. Дзеля гэтага яна павінна мець правы на некаторые палітычные концэсіі.

Адной з такіх концэсій павінна быць асоба прэзыдэнта, ён павінен быць палякам, хоць бы і з „Літвы".

Што датыча выбараў прэзыдэнта, дык яны могуць адбывацца на звычайным агульным сойме, ці лепш, на асобным, спэцыальна для гэтага скліканым, прадстаўнічым сабраньні ад обедзьвех дзяржаў (як напр. ў Злучаных Штатах Паўночнай Амэрыкі).

Сойм. Супольны сойм, складаючыйся з дэпутатаў аднэй і другой дзяржавы, павінен мець супольные, аб'еднаные сходы, на каторых супольна абгаварываць законапроэкты і мець право выдаваць законы і найбольш важные дырэктывы ў дзедзіне адміністратыўнага урадаваньня. Каб не было здарэньняў, у якіх частка польскіх дэпутатаў, аб'еднаўшыся з літоўскімі, выдавала-б законы не ў інтэрасах Польшчы, трэба каб падача галасоў абедзьвех старон адбывалася не разам, а по асобку; для прыняцьця законапроэкту патрэбна звычайная большасьць галасоў абедзьвех старон; калі гэтага німа — дык законапроэкт адпадае.

Першые агульные пастановы, без якіх унія істнаваць ня можа, трэба правесьці якім небудзь іншым шляхам; да гэтых пастаноў належыць, між іншым, бюджэт унітарнае дзяржавы. Дасягнуць гэтае мэты магчыма, напрыклад, шляхам стварэньня ad hoc спэцыальнай камісіі ад абедзьвех старон сойму, пры чым падача галасоў павінна адбывацца без дыскусій.

Так сама можна унікнуць нявыгоднага для Польшчы законадаўства шляхам устаноўленьня ліку сяброў сойму пропорцы ональна ліку жыхароў абедзьвех дзяржаў (напр., па 1 дэпутату ад кожных 75.000 выбаршчыкаў).

Супольны сойм збіраецца звычайна ў Варшаве, але кожная трэццяя сэсія яго адбываецца на „Літве", як гэта было раней.

Выканаўчая ўлада. Апроч прэзыдэнта і сойму, аб'еднаная польска-літоўская рэспубліка павінна мець і некалькі супольных міністраў. Гэткімі міністэрствамі павінны быць: міністэрства загранічных спраў, вайсковых і фінансаў, дзеля таго што гэтые галіны ўрадаваньня маюць, як ведама, агульны характар. Пасады гэтых міністэрстваў павінны займаць палякі і „літоўцы" бяз рожніцы.

Агульные справы. Да агульных спраў, падлегаючых разгляду супольных органаў, належаць: выбары прэзыдэнта, пытаньня вайны і міра, загранічная палітыка, умовы з загранічнымі дзяржавамі, дыплëматычнае і гандлёвае прадстаўніцтва заграніцай, вайскавые справы — штаб і ўсе цэнтральные установы; фінансы — пытаньня пазык, бюджэт, законадаўства аб нерухомай маетнасьці. Згодна пагляду п. Кутржэбы, гэты круг дзейнасьці ёсьць мінімальны. Сюды трэба было-б залічыць: справы мытные, (прынамсі ў дзедзіне законадаўства), справы валюты, між іншым законадаўства аб чыннасьці крэдытовага банку, законадаўства аб акцыонерных компаніях; законадаўства аб пачтовых, тэлеграфных і жалезнадарожных зносінах; гандлёвае право, вэксэльнае і аўторскае, законадаўства аб меры і вазе і інш.

Адміністратыўны суд. Для рашэньня пытаньняў аб компэтэнцыі законадаўчых і выканаўчых устаноў абедзьвех дзяржаў, патрэбна арганізацыя асобнага адміністратыўнага суду з прадстаўнікоў абедзьвех старон. У прыпадку нязгоды з яго пастановамі, у кожнай стараны павінна быць захована права пераносіць пытаньне на разгляд супольнага сойму. Істнаваньне вышэйшага адміністратыўнага суду, па проэкту аўтараў уніі, не абавязкова, але надта пажадана, дзеля аблягчэньня адносін.

Што датыча мовы, на якой павінны вясьціся абрады ў пасяджэньнях супольнага сойму і ва ўсіх установах, дык згодна агульнаму правілу, гэткай мовай павінна быць польская, але могуць быць дапушчаны мовы Літоўская і беларуская. На практыцы, зразумела, акажэцца, што мовай адзіна ужыванай будзе мова польская.

Пытаньне аб ужываньні мовы трэба абгаварыць ў акце уніі. У гэтым жа акце трэба абгаварыць і пытаньне аб правох нацыональных меншастей у абедзьвех дзяржавах.

Апроч супольных устаноў, Польшча і „Літва" маюць па асобну свае ўласные соймы, свае ўрады і сваю сфэру компэтэнцыі. Што датычыцца мовы ў „Літве", дык правы дзяржаўнай мовы маюць літоўская, беларуская і польская.

Вылажыўшы гэтые схэматычные асновы, датычные іcтoты уніі, і зазначыў, што як не спэціаліст, ён ня можа разглядзець важнае пытаньне аб бюджэце унітарнае польска-літоўскае рэспублікі, п. Кутржэба ізноў паўтарае сваю заяву, што уваскрэсеньне уніі ў вышэйпаказаной форме — рэч ў нашы часы надта трудная.

Нават тагды, калі для яе былі спрыяючые варункі, і калі ў XVІ сталецці унія была фактам рэальным, сучаснікі, як ведама, зраўнівалі польскалітоўскую унію са „скрыпучым возам". Адносіны паміж абедзьвемі старонамі былі так заблутаные і неправільные, што Польшча, а тым болей Вялікае Князства Літоўскае былі з яе незадаволены. Трэба думаць, што „скрыпучасьць гэтая, пры сучасных міжнародных адносінах, асабліва ў дзедзіне дзяржаўнага гаспадарства, будзе яшчэ большая, ня гледзючы на тое, што навука аб дзяржаўным будаўніцтве зрабіла за апошні час на чайна вялікі поступ наперад.

Зьвертаючы увагу на тое, што ў нашы часы, пасьля таго, як развалілася у Швецыі і Норвэгіі і разсыпалася пад ударамі вайны унітарная Аўстра-Венгрыя, німа больш прыкладоў істнаваньня міждзяржаўнай сувязі ў гэткай форме, што унія фактычна ўжо „памёрла", аўтор пріходзіць да пераконаньня, што найбольш жыцьцёвым і дасканальным дзяржаўным аб'еднаньнем зьяўляецца „сувязная дзяржава", „państwo związkowe", як Нямеччына, Швайцарыя, Злучаные Штаты Амэрыкі.[8]

Рожніцу паміж унітарной дзяржавай і дзяржавай сувязнай п. Кутшэба углядае галоўным чынам тэорэтычную: ў той час, калі пры уніі абедзьве дзяржавы — Польшча і „Літва" — захоўваюць свой суверэнітэт, сувязная дзяржава злучае несувэрэнные дзяржавы. Адсутнасьць суверэнітэту ў кожнай са складовых часьцей і перэнясеньне яго цалком на сувязь, шмат у чым прастуе адносіны паміж дзяржавамі, ўступіўшымі ў сувязь і паміж сувязьзю і яго суседзямі.

Апошняя форма абеднаньня, з другога боку, не нагэтулькі замкнутая: ў яе могуць увайсьці ня толькі дзьве дзяржавы, як у уніі, але тры, чатыры і болей. Незалежна этнографічнай Літвы і Беларусі, у склад саюзнае дзяржавы з часам можа увайсьці і Латвія і Эстонія, — яна лягчэй уцягае ў сябе суседніе дзяржавы.

Д-р Фр. Буяк, апрацоўваючый так сама пытаньне аб формах сувязі гістарычнай Літвы з Польшчай, згодзен з гэткім вывадам і дабаўляе, што ў польскую сувязную дзяржаву можа з часам уступіць так сама і Усходняя Прусія.[9]

Ён так сама не дапускае існавання самастойнай Літоўскай Рэспублікі, зазнаючы, што тэрыторыя этнографічнай Літвы для гэтага занадта малая. (?)

Апроч аргумэнтаў об'ектыўнага характару, п. Буяк ужывае і довад шкоднасьці самастойнай Літвы для Польшчы.

Незалежная Літва цягнула бы, з прычыны абароны ад польскіх прэтэнсый да немцаў з аднаго боку і да Расеі — з другога. Яна адсекала-б Польшча ад мора па раце Нёману і тым самым адсунула-б яе ад карыстаньня портамі Клайпеды, лібавы, а часткаю і Рыгі. Становішчэ Польшчы пры гэтым было-б незвычайна цяжкое, дзеля таго, што порт Гданск ні ў якім здарэньні замяніць гэтых выхадоў да мора ня можа. Ўрэшці, прыймаючы пад увагу нацыональны характар літоўскай ўлады, якая павінна была-б змагацца з польскімі ўплывамі, ў незалежнай Літве пачала-б адбывацца палітыка „wytepienia polskości“.

Найбольш выгодным для Польшчы зьяўляецца аб'еднаньне з ей Літвы па сходнасьці з гістарычнай „Літвой". Зазначаючы, што немагчыма думаць аб адбудове ўсяго старога Літоўскага Князства у межах 1772 году, п. Буяк годзіцца, каб тэрыторыя, уходзячай ў склад склад новастворанай „Літвы" абыймала 200,000 кв. кіл. На гэтай тэрыторыі было-б да 8 міл. жыхароў, з каторых літоўцы будуць станавіць толькі 25%, а 25% палякі, 15% жыды, 5% немцы і 30% беларусы. Пры гэтым варунку гэтая складная частка Польшчы была-б толькі па назове літоўскай, а фактычна палякі былі бы ў ей ўсім, маючы ў сваіх руках ўсе адпаведные ролі.

Ня гледзючы на тое, што констытуцыя давала бы Роўные правы ўсім мовам, але згодна слоў аўтара польская мова заняла-б пануючае палажэньне; напэўна можна было бы сцьвердзіць, што як нарады сойму, так і арыгінальные пастановы аб законах і бюровасьць цэнтральных устаноў - ўсё гэта вялося-бы па польску. З часам становішча польскае мовы ў краю яшчэ больш палепшылося бы.

Зьвязаная з Польшчай Літва добра абараняла-б яе ад немцаў — літоўская тэрыторыя зьяўлялася бы плацдармам для развёрсткі войск, і першы удар з боку Нямеччыны на поўначы вынасілі-б літвіны.

Самі літвіны пры такой кон'юнктуры ні ў якім здарэньні не былі-б для Польшчы небаспечнымі: са ўсіх плямён, заяўляе п. Буяк, населяючых польские землі (?!) літоўцы найменш моцные этнографічна. Раджайнасьць у іх становіць толькі 30% і прырост насяленьня 20%. Паменшае ролю літвіноў у дзержаве іх вялікая эміграцыя, а так сама той факт, што літоўская мова мала для каго зразумелая і, наагул, мала ўжываецца.

Вл. Вакар,[10] так сама не разглядаючы пытаньня аб дзяржаўнай форме новай „Літвы“ („магчым агульны сойм з парытэтам аддзельных нацыональнасьцяў") і пакідаючы без адказу пытаньне аб сувязі яе з польскай дзяржавай („павінна быць цесная сьвязь"), стаіць аднак-жа на пункце погляду адбудовы гістарычнай Літвы" ў старых межах 1772 г., угрунтоўваючы патрэбу адбудовы яе мяркаваньнямі ў першую чаргу экономічнымі. Пры чым ставіць яе ў залежнасьць ад інтэрасаў усіх балтыцкіх народаў і Украіны.

„Адначасна як палякам, так і літвіном ходзіць аб тое, каб зьвязь іх з латышамі і украінцамі была магчыма забаспечана. Зьвязь гэта толькі тады будзе моцнай, калі будзе апірацца на гаспадарскіх асновах. Гаспадарскіе-ж асновы польска-літоўска-латышска-украінскага блоку знайходзяцца ва ўсходняй праваслаўнай Беларусі. Калі прыняць загранічную лінію на усходзе лінію каталіцызму, ці нават лінію Бярэзіны, дык амаль што ня ўся паўночная Украіна будзе мець безпасярэдным суседам сваім Расею. Ва ўладаньню Paceі апыніцца т. ч. ўвесь верхні Дняпро разам з чугункамі Вітэбск — Магілёў, і калі пры гэтых варунках Украіна утрымаець сваю палітычную незалежнасьць, то ўсё роўна гаспадарча Расея будзе трымаць ўсё ў сваіх руках. З другога боку ва уладаньню Расеі апыніцца ня толькі чугунка Рыга-Масква, але і цэлы беларускі гінтэрлянд Латвіі удоўж верхняй і сярэдняй Дзьвіны, а так сама водная комунікацыя Латвіі з Украінай. Пры гэтым варунку Латвія прымушана будзе стацца краем выключна расейскіх партоў, рэзультаты чаго, як гаспадарчые, так і палітычные, правідзець ня трудна.

У той самы час, адбудова „Літвы" ў гістарычных граніцах зьвяжа яë надзвычайна важнымі гаспадарчымі шляхамі з Латвіей і з Украінай і разам 3 тым пазбавіць апошніе шкоднай аднабокай сувязі са ўсходам. „Літва" зробіцца іх вязлом ня толькі палітычным, але і экономічным. „Пры гэтым", зазначае аўтар, „павінна быць захована адзінасьць усей „літоўскай" тэрыторыі. Падзел яе на нацыональна-аўтанамічные сфэры — літоўскую, беларускую і польскую — ня можа мець месца..."

Сустрэчаные ў польскай палітчынай літаратуры проэкты арганізацыі польскае дзяржавы на прынцыпу уніі з „Літвой“, збудаванай ў сваю чаргу па прыкладу Вялікага Князства Літоўскага, зьяўляюцца схэматычнымі спробамі улажыць ў кароткай формуле пытаньне гістарычнай вагі. Не кажучы аб нераспрацованасьці такіх проэктаў і немагчымасьці, у залежнасьці ад гэтага, праверкі правільнасьці адпаведных констытуцыйных схэм, трэба заўважыць, што з боку палітычнага проэкты гэтые маюць аднакі арганічны парок.

Зьяўляючыся простым адказам на пастаўленую задачу, проэкты уній не цікавяцца пытаньнем, ці істнуе „Літва“, каторай яны апэруюць, як дакананы факт, ці гэтую „Літву" трэба яшче збудаваць. Для іх істненьне „Літвы" зьяўляецца чым-сь такім, што яны маўкліва падразумеваюць, і ўвесь цягар пытаньня пераносіцца імі на тую, ці іншую форму аб'еднаньня Літвы з Польшчай.

Між тым, увесь цягар пытаньня ляжыць акурат у адваротным: не арганізацыя сувязі Літвы" з Польшчай, але арганізацыя самой „Літвы", будова „Літоўскае" дзяржавы, як супольнасьці, заключаючай ў сабе ласьне Літву і Беларусь, павінна становіць мэту палітыкаў з унітарнага лагеру. Дасягненьне гэтае предстаўляецца дацяперашняга часу надта далёкім, а поступ дзяржаўных падзей зацягае яго яшчэ далей.

Мы мелі вышэй магчымасьць зазначыць, што незалежна ад Польшчы і яе дзяржаўных пажаданьняў, програма аб'еднаньня Беларусі і Літвы як аднаго цэлага, жыла ў умах беларускіх і літоўскіх дзеячоў з першых дзён беларускага і літоўскага адраджэньня. Збудавана яна была на ўспаміне дзяржаўнага мінулага абодвых народаў і як ўселякіе іншые палітычные концэпцыі староладнага часу, была мала рэальна.

Калі-ж ходам падзей гэтая концэпцыя магла высунуцца як нешта рэальнае, дык на яе шляху сустрэнулося маса перашкод. Палітычные варункі склаліся такім ладам, што нават для беларускіх і літоўскіх патріотаў, добра разумеўшых патрэбу ўзаемнага аб'еднання для абароны ад расейскага і польскага імпэріалізму, задача аказалася не пад сілу.

Тым больш не да зьдейсьненьня сталася гэтая задача для Польшчы, углядаючайся на яе ня з боку карысьці беларускага і літоўскага народаў, а з боку ўзмацаваньня сваей уласнай дзяржаўнасьці.

Факты жывой дзейснасьці разьбілі концэпцыю „гістарычнай Літвы" і паставілі на яе месца дзьве незалежные адна ад аднай і ад Польшчы велічыны. Ня маючы магчымасьці аб'еднацца, Беларусь і Літва тым менш думалі аб консолідацыі з заходным суседам.

Разбежнасьць інтэрасаў трох дзяржаўных суб'ектаў настолькі значная, што да апошніх дзён мы ня бачым якога небудзь кроку наперад ў сэнсе іх аб'еднаньня; ўсе спробы ў гэтым кірунку застануцца да таго моманту дарэмнымі, пакуль Польшча ня згодзіцца з фактам незалежнага існаваньня Літоўскае дзяржавы і пакуль ня стане на шлях таго-ж вызнаньня датычна Беларусі

С. Проект трох- і двохкантональнай фэдэрацыі.

Тое, што пакідае без увагі проэкт рэальнай уніі, ці „гістарычнай Літвы", г. зн. пытаньне аб адбудове „Літоўскай" дзяржавы, бярецца вырашыць програма фэдэрацыі.

Тут мы першы раз сустрэчаемся з назовай Беларусі і знаёмімся з конкрэтнымі спробамі вырашыць яе ролю, як асобнага суб'екта правата адносін.

Тэорыя фэдэратыўнага аб'еднаньня беларускіх і літоўскіх тэрыторый з Польшчай лічыць патрэбным дабіцца яго шляхам утварэньня кантонаў, кшталтам швайцарскіх. Лік кантонаў аднак не акрэсьлены: некаторые абаронцы фэдэрацыі лічаць, што іх павінна быць тры, некаторые зьменшаюць іх да двох.

Разгледзім найперш той проэкт, які найбольш блізкі да ўнітарнай сыстэмы, проэкт трох кантональнай фэдэрацыі.

Пры азначэньні дзяржаўнай прыроды і, ў залежнасьці ад гэтага, пры ўстанаўленьні форм дзяржаўнага істнаваньня „Літвы", павінны быць прыняты, згодна апініі проэкту, вось якіе предпасылкі: па-першае, землі, лежачые на ўсход ад этнографічнай граніцы Польшчы, павінны разглядацца як нешта суцэльнае, інтэгральнае, што ня можа быць падзелена на асобные часьці. Па другое, што „з прычыны нацыональнай змешаннасьці насяленьня, дзяржава, арганізаваная на беларуска-літоўскіх землях, павінна быць аснована на падвалінах самай шырокай толерантнасьці і роўнапраўя усіх нацыональнасьцей, і ня можа быць інструментам нацыоналістычнай палітыкі аднэй якой небудзь нацыональнасьці".

Зазначаючы, што наагул арганізацыя дзяржаўнасьці на гэтых землях прэдстаўляецца незвычайна цяжкой з прычыны адлегласьці (150 гадоў) ад свайго гістарычнага мінулага і адсутнасьці натуральных граніц, п. Каменецкі гаворыць,[11] што адзіна, што аблегчае гэту організацыю, дык гэта адналітнасьць беларуска-літоўскіх зямель у сэнсе культурна-этнографічным.

„Надзвычайна збліжаные паміж сабой, агульна цягнучые да Вільні, як да свайго цэнтру, — беларуска-літоўскіе землі населяны рознамоўным народам". Сфэры ўплываў складных часьцей гэтага народу, бытцым, перамешваюцца і заходзяць адзін за адзін настолькі, што на ведама, дзе кончыцца адзін і пачынаецца другі. Усе гэтые землі адзначае ідэнтычны, агульны культурны калярыт, які зазначаецца паміж іншым, прысутнасьцю агульнага ім усім польскага элемэнту.

Дзеля гэтага, да будовы „літоўскае" дзяржаВы павінны быць прызваны ўсе грамадзяне без рожніцы нацыональнасьцяў.

Найбольш адпаведным географічным і гістарычным варункам краю, годзіцца п. Каменецкі, было-б стварэньне адзінай дзяржавы, абхопліваючай ўсе тэрыторыі, адарваные ад Расеі. „Гэтай дзяржаве трэба было-б даць імя „Літоўскай дзяржавы". З пункту погляду гаспадарскага, гэта было-б найлепшай развязкай пытаньня, што запаспечыло-б надалей найлепшае развіцьцё гэтых зямель.

На захадзе гэтая дзяржава гранічыла бы з Усходнімі Прусамі, а граніца паўночная і ўсходняя, пачынаючыся ад Балтыцкага мора, йшла-бы па межах Латвіі, (пры чым лібала-б прыпасьць Літоўскай дзяржаве) і далей з Расеяй па рэкам Дзьвіне і Дняпру; на поўдні магла-б быць устаноўлена граніца 1569 г., аддзеляючая Міншчыну ад Украіны.

3 гэтага відаць, што В. Каменецкі не ўключае ў „Літву“ ўсходные абшары Магілёўшчыны і Bітэбшчыны і ўсьлед за п. Буякам, лічыць ў гэтых граніцах 220 тысяч кв. кіл. з 8 мільёнамі жыхароў.

Нацыональные асобнасьці населяючых гэтые землі народаў маглі быць забаспечаны аўтанамічнымі ўстановамі, на чале каторых стаяў бы краëвы Сойм. Такім чынам, маглі быць арганізаваны аўтанамічные адзінкі: Жмудзь з Коўнай, „Літва" з Вільняй, Падлясьсе з Беластокам, Беларусь з Менскам і Палесьсе з Пінскам. Компэтэнцыя краёвых соймаў магла быць збліжана да компэтэнцыі галіцыйскаго сойму за часоў Аўстрыі. Самаўрадуючыеся адзінкі ўключна да вясковых і мясцовых гмін, самі устанавілі-б мову для свайго ўрадаваньня. У дзяржаўнай адміністрацыі, а так сама і ў войску, мовы - польская, беларуская і літоўская былі-б роўнапраўные.

Спэцыальные нацыональные міністэрствы — польскае, літоўскае і беларускае - павінны былі-б даглядаць за развіцьцём адпаведных нацый, за роўнавагай ў карыстаньні сваіх правоў, асабліва ў дзедзіне асьветы і культуры.

Аднак, п. Каменецкі слушна зазначае, што ня гледзючы на найбольш карыснае для Польшчы развязаньне пытаньня аб аб'еднаньні Беларусі і Літвы 3 Польшчай ў вышэйпаказанай схэме, — рэалізацыя яе бадай ці магчыма, дзеля таго, што народы гэтые заўсёды будуць баяцца занадта блізкага супольства з сільнейшай нацыональна Польшчай. Такога зьместу гарантыі, якіе падае гэтая схэма, — ня могуць пераканаць Беларусь і Літву ў тым, што ім не пагражае небаспека з боку Польшчы.

І таму аўтар прапануе чародную комбінацыю трох кантонаў.[12]

Перш за ўсё прыймаецца пад увагу зазначаная ўжо непадзельнасьць беларуска-літоўскіх зямель. „Пакідаючы ў старане адсутнасьць натуральных граніц паміж беларускім і літоўскім народам, этнографічную шахаўніцу, пытаньне аб польскім жыхарстве і г. д. — трэба зазначыць", гаворыць п. Каменецкі, „што калі-б гэты раздел зьдзейсьніць, дык Беларусь аказалася бы адрэзанай ад мора, ад Нёмана і Віліі, пазбаўлена сваей (sіc!) сталіцы Вільні, замкнута штучна ў найбольш бедных землях, без натуральных багацьцяў, і зьявіўшыся-б калекай, істнаваць як самаістая адзінка не магла-б."

„Утрыманьне беларуска-літоўскай уніі ў здарэньню абаперця абодвых гэтых адзінак на нацыоналістычных падвалінах, ў вялікай меры сумнеўна: праўдападобна, што было-б гострае змаганьне за Вільню і мешаную тэрыторыю."

Па другое, — і ў гэтым ляжыць цэнтр цяжы прапанаванай схэмы, - павінен быць прыняты пад увагу трэці элемэнт краю-палякі. Яны бытцым даволі густа населяюць тэрыторыю паміж БелаРусьсю і Літвой і дзеля гэтага пры справядлівым вырашэньні справы маюць право падаць свой голас. Калі-б абодвы народа — беларускі і літоўскі — сталі на пункт погляду арганізаваньня нацыональных дзяржаў, дык яны павінны былі-б прызнаць за палякамі право заявіць аб сваім поўным Выключэньні з гэтых дзяржаў і безпасрэдным далучэньні да Польшчы. Гэткі вывад не ляжыць ў іHT Pace Hіводнае стараны, і дзеля гэтага трэба прыняць нейтральнае рашэньне: вызнаць мешаную частку тэрыторыі паміж Беларусьсю і Літвой за трэцьці элемэнт агульна „літоўскай" фэдэрацыі.

Гэткім чынам, атрымоўваюцца тры чародные дзяржаўные адзінкі, ў аснову падзелу каторых паложаны аўтарам географічна-гістарычные, этнографічные і рэлігійные прынцыпы:

1. Беларусь з цэнтрам ў Менску: ўся губэрнія Менская (без Новагрудзкага павету), Дісенскі і Вілейскі павет Віленскае губ., Кобрынскі, Брэст-Літоўскі, частка Пружанскага і Слонімскага паветаў Горадзенскае губ. Агулом 110 тыс. кв. кіл. і каля 3 мільёнаў жыхароў. Вялікіе месты: Менск, Пінск, Брэст. Насяленьне пераважна праваслаўнае, беларускае з дамешкаю 10-20% палякаў. (?)

2. Польскі паяс (назовы аўтар не дае) 3 цэнтрам у Вільні. Большая частка Віленскае губ., (без паветаў Вілейскага, Дісенскага і часткі Троц кага), заходная і паўднёвая частка Горадзенскае губ. і заходная часьць Новагрудзкага павету Менскае губ. Ўсяго 60 тысяч кв. кіл. і каля 3 міл. жыхароў. Сталіца краю — Вільня. Насяленьне каталіцкае, пераважна польскае, (?) з літоўскімі і беларускімі выспамі.

3. Літва з цэнтрам у Коўне. Губэрніі ковенская, часьці Троцкага і Сьвенцянскага паветаў Віленскае губ. і частка Гробінскага павету ў Курляндзіі (Лібава). У выпадку адпаведнае згоды 3 з Польшчай і Ўсходняй Прусіей, сюды былі-б далучаны паўночные паветы Сувальскае губ. і Ўсходн. Прусіі. Глаўные месты: Коўна, Шаўлі, Тэльша, Росіены, Тыльза, Клайпеда і Лібава. Насяленьне пераважна каталіцкае, літоўскае, з дадаткам 10-20% палякаў. Польская большасьць у Коўне(?) і паўднёвых частках Вількамірскага павету. (?)

Сувязь паміж трыма паказанымі організмамі п. Каменецкі прапануе ў форме фэдэрацыі, падобнай да фэдэрацыі швайцарскіх кантонаў. Што датыча назовы, дык можна было-б пакінуць для ўсіх трох кантонаў назову „Літоўскае“ дзяржавы.

Цэнтральны саюзны урад складаўся-б з міністэрств: загранічных спраў, супольных фінансаў, гандлю і прамысловасьці, вайсковых спраў, почты і тэлеграфу. Супольная галава дзяржавы і супольная загранічная палітыка; супольная мытная тэрыторыя і манэта; супольная армія, складаючаяся з аддзельных краёвых контыгентаў з супольнай дзяржаўнай мовай толькі ў Галоўным Штабе і Упраўленьні; агульные чугункі, каналы, почта і тэлеграф — вось дзедзіна працы цэнтральнага ураду.

Цэнтральны урад павінен быць адпаведным перад саюзным соймам, адна палавіна сяброў якога выбіралася-б шляхам безпасярэднай падачы галасоў, (па 1 прэдстаўніку ад кожных 200 тысяч жыхароў), а другая складалася-б з дэлегацый краёвых соймаў. Саюзны сойм павінен быў бы прыняць адну з мясцовых моў як мову цэнтральнага урадаваньня. Усе іншые галіны урадаваньня адыходзілі-б да мясцовых урадаў, назначаных галавой дзяржавы і адпаведных перад краёвымі соймамі (склікаюцца праз агульную падачу галасоў — 1 прэдстаўнік на 100 тыс. жыхароў). Гэтые соймы станавілі-б аб абавязковасьці урадовай мовы ў кожным з кантонаў. Незалежна ад гэтага, прынцып нацыональнага роўнапраўя павінен быў бы застацца непарушаным.

Для дагляду за пэўным выконаньнем апошняга прынцыпу павінен быць арганізаваны спэцыальны дзяржаўны Вышэйшы Трыбунал, (па тэрміналёгіі Ст. Кутржэбы „адміністратыўны суд") складаючыйся з прэдстаўнікоў усіх нацый-палякаў, беларусаў і літвіноў, выбіраных ў роўным ліку саюзным соймам. Гэты трыбунал рашаў бы ўсе споры аб мове і нацыональные спрэчкі як паміж асобнымі членамі фэдэрацыі, так і паміж прыватнымі асобамі. Старшынство ў Трыбунале павінно належаць прэдўстаўніку якой небудзь нейтральнай дзяржавы, напр. Швайцарыі. Замест прокуратуры пры Трыбунале мог быць сагарнізаваны орган апекі над нацыональнымі меншасьцямі.

На тым жа пункце гледжаньня, стаіць п. Сьвехоўскі:[13]

„Грамадзянства польскае павінна памятаць, што сувязь Вільні з Польшчай будзе лепш забаспечана, калі будзе мець месца фрацыя літоўска-польска-беларускіх зямель з Польшчай, нічым калі адбудзецца безпасярэднае далучэньне Вільні да Польшчы і падзел „літоўскіх" зямель".

Арганізацыя фэдэрацыі аўтанамічных кантонаў па вышэй паданай схэме бароніцца п. Сьвехоўскім яшчэ таму, што пры ей заспакаваецца гостра пытаньне аб Вільні.

„Супольнай сталіцай сфэдэраваных народаў была-б польская Вільня, як нямецкі Бэрн ёсьць супольнай сталіцай італьянскіх і францускіх кантонаў.

„Палякі атрымалі-б Вільню, як асяродак палітычны польскага абшару. Літоўцы і Беларусы не страцілі-б з ім контакта, як з агульнай сталіцай усей фэдэрацыі.

Зусім вочавіднай была бы карысьць ад арганізацыі трох-кантональнай фэдэрацыі для самой Польшчы. Пры ей была бы захавана магчымасьць далейшага развіцьця спэцыфічнага тыпу „літоўскага паляка", даўшага гэтулькі слаўных імён для сучаснай Польшчы, заспакоены шляхам рожных конвэнцый яе гаспадарскіе, палітычные і інш. патрэбы.

Урэшці, пры гэтай концэпцыі Польшча ня будзе баяцца Расеі, таму, што „моцны саюз гэтай фэдэрацыі з польскай дзяржавай — пытаньне часу." Палякі, бытцым, могуць быць зусім спайкойны у гэтым кірунку — гэткі вынік гарантуе як іх роля у трохкантональнай фэдэрацыі, так і заходная цывілізацыя, якой жыве Польшча. Калі толькі будзе пастаўлена патаньне — ці з Польшчай супроць Расеі, ці з Расеяй супроць Польшчы, — адказ фэдэрацыі, па думцы аўтараў, будзе пэўны: з Польшчай супроць Расеі. Пры гэтым варунку Расея, якая яна-б ня была, ня вернецца зноў да рэалізацыі апокрыфічнага тэстамэнту Петра Вялікага.

Маючы на відоку тые-ж мэты — як найдалей адсунуць ад Польшчы Расею і забаспечыць ўсяму польскаму на Беларусі добрую будучыну - тэорыя двухкантональнай фэдэрацыі рэска нэгаціўна ставіцца да мысьлі аб арганізацыі „польскага пасу" ад Беластоку да Дзьвінска.

Выдзяленьне тэрыторый, населяных палякамі, ў асобную дзяржаўную адзінку, лічыцца тут ня толькі не натуральным, але ўпрост абсурдным зьявішчам:

„Ці можна сабе уявіць," кажа адзін з абаронцаў двох-кантональнай сыстэмы, „узнікласьць другой польскай дзяржавы ў мінятуры побач з аб'еднанай і незалежнай Рэччу Паспалітай? Чэлавеччая сьвядомасьць можа стварыць гэткую расьціну, але на грунце рэальнай дзейснасьці яна безварункова ніколі ня прыймецца."[14]

Протэстуючы супроць арганізацыі „Белапольшчы" ў асобную адзінку, гэтая тэорыя з аднальковай сілай спрэчаеца з думкай аб прылучэньні гэтых абшараў да Польшчы. Пляны гэткага зместу уяўляюцца аўтарам яе супярэчнай усяму складу польскай гісторыі:

„У асьвятленьні многавяковай польскай гісторыі проэкт гэты предстаўляецца як нешта неспадзяванае, як утрата сувязнасьці нашых гістарычных традыцый (zanik ciaglości dziejowej mysli). Для зрэалізаваньня ў жыцьці самых найбліжэйшых зьвязей нам ніколі ня трэба было безпасярэднага ўладаньня зямлёй."

Такім чынам мы бачым, што, ласьне, не ў выдзяленьні польскага элемэнту на Беларусі ў асобнае цэлае, як „Малая Польшча", ці „Белапольшча", бачуць аўтары двохкантональнай сістэмы шчасьлівы выхад з палажэньня, а ў палітычным стапленьні гэтага элемэнту ў беларускай і літоўскай дзяржаве. Яны пераконаны, што польскі элемэнт як больш моцны культурна і эканамічна, нічым беларусы і літоўцы, ня толькі не падпадзе асіміляцыйным уплывам апошніх, але, наадварот, зьявіцца цэментам, спаіваючым гэтые нацыональные дзяржавы з Польшчай, зьявіцца „залатым мастком", паміж Беларусьсю, Літвой і Польшчай.

Так-жа нэгаціўна ставіцца да думкі аб стварэньні Малай Польшчы і п. Кржэўскі:[15]

Згодна яго апініі, прысутнасьць польскага элемэнту на вузкім паясе, які цягнецца ад Горадні і Беластоку праз Вільню да Дзьвінска, не даець ніякай падваліны для будаваньня тут асобнай дзяржаўнасьці. З пункту гледжаньня палітычнага і экономічнага адзіна рацыональным зьяўляецца арганізацыя толькі двох дзяржаў: Беларусі і Літвы.

„Паміж Беларусьсю і Літвой німа ужо месца ні на якую Белапольшчу".

„Палякі, насяляючые гэты паяс зьяўляюцца нічым іншым, як каталікамі-беларусамі, і па часьці, сполёнізаванымі літвінамі. Полёнізацыя адбывалася тут векамі і пайшла так далёка наперад, што гэтые тэрыторыі ёсьць цяпер ня менш польскімі, чым каранная этнографічная Польшча. Аднак-жа гэты элемэнт не предстаўляе сабой зьвязанай географічнай цэласьці і ні ў якім здарэньні ня можа свабодна развівацца бяз сувязі з суседнімі землямі“.

На жаль, больш дэтальна гэтая тэорыя не развівае свайго погляду. Зазначаецца агульна, што павінна быць створана беларуская дзяржаўнасьць з цэнтрам ў Менску (аўтар п. Кржэўскі чаму-сь дабаўляе „ў польскім Менску"?).

„Ў беларускую дзяржаву патрэбна ўключыць як мага больш каталіцкага элемэнту. Рожніца паміж беларусамі-каталікамі і расейцамі значна большая, чым паміж беларусамі-праваслаўнымі і расейцамі. Дзеля гэтага, яны могуць адыграць важную ролю пры крысталізаваньні асобнай беларускай нацыональнасьці".

Што датычыцца Літвы, дык згодна заяве аўтара, яна ня будзе падобна на сучасную Літву:

„Гэта дзяржава ня будзе нацыональна-літоўскай з польскай меншасьцю, аде дзяржавай двохнацыональнай, у каторай палякі і літоўцы займуць аднальковае становішча. На 4 мільёны жыхароў прыйшлося-б 2 мільёны літвіноў і 1½ мільёна палякаў".

D. Паміжлеглые комбінацыі і провізарычные рашэньня

Паміж проэктамі гістарычнай „Літвы" і кантональнымі аб'еднаньнямі паказанымі вышэй, ляжыць цэльны рад паміжлеглых комбінацый, зьяўляючыхся нічым іншым, як толькі дэталізацыей аснаўных проэктаў. Большасьць іх яшчэ менш апрацавана, мала практычна і дзеля гэтага мы на іх затрымлівацца ня будзем.

Спамянём толькі аб адным з гэтых проэктаў, які сьведчыць, насколькі палітычная думка можа прыстасоўваццца да варункаў сучаснасьці і, з гэтай прычыны, адмаўляцца ад, здавалося бы, непахітных прынцыпаў.

Прыймаючы пад увагу, што незалежная літоўская дзяржава зьяўляецца фактам, ігнараваць каторы німа магчымасьці, некаторые польскіе палітыкі прыходзяць да праконаньня, што Польшча можа істнаваць і без Літвы.

На першы пагляд заява гэткага зместу здаецца непраўдападобнай, нагэтулькі ў Польшчы ўсе звыкліся з думкай аб супольнасьці інтэрасаў этнографічных палякаў і палякаў „літоўцаў“, нагэтулькі лічыцца ў ей ненатуральным уселякае „укарачваньне старых польскіх зямель".

„Сыстэма гэтая", гаворыць адзін з аўтараў, „лічыць абавязковым разфрагмэнтаваньне гістарычнай „Літвы" на тры особные адзінкі, але ўжо не імкнецца да будаваньня трох асобных дзяржаўных арганізмаў і ня думае аб чародным аб'еднаньні іх. Агульна кажучы, яна прыймае істнаваньне незалежнай этнографічнай Літвы і дамагаецца далучэньня часьцін, заселянных ў высокім працэнці палякамі, да польскай рэспублікі.

„Істнаваньне этнографічнае літоўскае дзяржавы прыймаецца моўчкі, пры чым адмаўляюцца ад якой бы то ні было дзяржаўнапраўнай сувязі з ей".

Адмаўляючыся ад Літвы, програма гэтая розна вырашае пытаньне аб Беларусі і аб ,польскім пасе". Адна група лічыць патрэбным, каб „польскі пас" быў далучаны да Польшчы; пры чым да апошняй павінна быць далучана і заходная Беларусь.[16]

Другая група, адмаўляючыся ад этнографічнае Літвы і згаджаючыся на далучэньне да Польшчы „польскага пасу", ня згодна з далучэньнем да яе Беларусі. Беларусь павінна стаць дзяржаўнай адзінкай, напоўсувэрэннай, ці нават зусім несувэрэннай, зьвязанай з Польшчай уніей. Павінны быць прыняты пад увагу імкненьня беларусаў да самаазначэньня, Польшча павінна дапамагчы Беларусі стаць на ногі. Разумеецца Беларусь пры гэтым, як і заўсёды ў гэткіх здарэньнях, у межах - на ўсходзе лініі 1772 г. і на захадзе ў граніцах Менскае губерні.

Ўрэшці ёсьць апінія, набіраючая ў апошні час з боку польскага грамадзянства, найбольшай вагі, якая лічыць за самае шчасьлівае для Польшчы, прыблізна акрэсьліць граніцы яе на ўсходзе і, не вырашаючы прынцыпова пытаньня аб узаемаадносінах з суседнімі народамі, — „напісаць на програме новай Польшчы лëзунг консолідацыі і чакаць".

Да такога мізэрнага вываду польская думка прыходзіць з прычыны прызнаньня ўласнай слабасьці:

„Польшча сëнешняга дня не тая поўная багацьця Польшча, каторую аставіў Казімір Вялікі, але край вынішчаны вайной ... Да таго-ж 150 гадоў няволі вырылі глыбокі сьлед у душы польскага народу. Пакуль зьліюцца разарваные між сабой за гэты доўгі тэрмін часу адасобленые часьці Польшчы — Каралеўства, Пазнань і Галіцыя, — дык ў гэту справу трэба будзе ўлажыць гэтулькі энэргіі, што яе ня можна траціць на што небудзь староннае".

Амягшая труднасьцю пытаньня і не спрыяйнасьцю усходнай сітуацыі, польская думка становіцца на шлях biernego wyczekiwania і аддачы ўсей справы натуральнаму бегу падзей.

На гэту пазіцыю, між іншым, становяцца прадстаўнікі польскага соцыалістычнага лагеру, ад якога мы маглі-б чакаць слоў найбольш свабодных і найбольш рашучых.

Адкідаючы па парадку ўсе фэдэратыўные проэкты, М. Недзялкоўскі кажа:[17]

„Дэфінітыўнае вырашэньне ўсходняга пытань ня зьяўляецца немагчымым, пакуль не улягліся фэрмэнты, нуртуючые грунт так званага некалі паўночна-заходнага краю, пакуль прадаўжаючыся ў глыбіне процэсы не выканалі свайго назначэньня.

„Усходные землі зьяўляюцца месцам барацьбы нацыональных культур, маюць этнографічна характар плывучы, ім яшчэ бракуе сталасьці і выразных раздзельных ліній... Немагчыма будаваць трывалага дому на лятучым пяску. Трэба выказаць сваю згоду на абавязковасць провізорычнага рашэньня".

Аўтар вялікадушна зазначае, што ён ня лічыць патрэбным утрымліваць без канца на беларуска-літоўскіх абшарах стан вайсковай окупацыі, хоць магчыма, што пераходны пэріод будзе цягнуцца не адзін дзесятак гадоў. Для пераходнага часу прапануецца правесьці ў жыцьцё некаторые практычные захады, каторые-б спакойна маглі забаспечыць ўсім жыхаром іх бягучые палітычные патрэбы.

„На Беларусі павінны быць скліканы два ўстаноўчых зборы, дзьве констытуанты:[18] адна у Вільні, для тэрыторыі польска-беларускай і другая — ў Менску, для терыторыі праваслаўна-беларускай. Выбары павінны адбывацца пры безварунковай свабодзе (заява крыху неспадзеваная ў вуснах соцыаліста!); што-ж датыча рэгуліраваньня пры гэтым гранічных пытаньняў, дык яны павінны быць развязаны шляхам безпасярэднага плебісцыту".

„Устаноўчые зборы, ці шляхам аб'еднаньня, ці шляхам змовы паміж сабой, уяўлялі-б інстанцыю, правамоцную гаварыць ад імяні народаў гістарычнай „Літвы", за вычэтам, разумеецца, „ковенскай зямлі", (характэрны зварот, пры чым неясна, ці разумее аўтар пад гэтым незалежную Літоўскую дзяржаву, і ці згодзен ён выкрэсьліць яе з свайго палітычнага провізорыўма?)

„Азначаная рэпрэзэнтацыя павінна была-б (акалі не?) сарганізаваць з памянёных краёў аўтаномную провінцыю пры Рэчыпаспалітай Польскай, якая складалася-б з двох кантонаў: Віленскага — тэрыторыя польска-беларуская, і Менска — тэрыторыя беларуска-праваслаўная." Абодвы часткі аб'еднываў бы Краёвы Сойм з вельмі шырокай компэтэнцыей і адпаведны перад гэтым соймам — Краёвы урад (Zarzad krajowy). У абодвых вокругах ужываліся-б дзьве урадовые мовы, як у школе, судох і адміністрацыі. Пры гэтым зьвязь Вільні з Варшавай павінна была-б выглядаць больш цеснай, нічым Менска."

„Краëвы сойм павінен мець спэцыальнае прэдстаўніцтва ў польскім сойме. Што датыча шырыні аўтаноміі ў справах вайсковых, тарговых, мытных і інш. дык гэта павінна было-б быць вырашана ў залежнасьці ад конкрэтных варункаў часу і месца"(?)

Аўтаномная сувязь Беларусі з Польшчай разглядаецца аўтарам як практычная патрэбнасьць, а не як тэорэтычны вымысел, як характарызуе Недзялкоўскі ўсе іншые проэкты.

„Максімальная програма беларусаў", заяўляе аўтар, „непропорциональна іх сілам і зьяўляецца спрэчнай з прынцыпамі дэмокрацыі і самаазначэньня народаў (Беласток, Горадня, Вільня, Менск, Магілёў Вітэбск, часьці Смаленскай і Чарнігаўскай губэрній). Жаданьня літвіноў, каб аддаць ім Вільню, не маюць пад сабой ніякага дэмократычнага угрунтаваньня." „Соцыалісты ня могуць", сур'ёзна цягне „соцыаліст" п. Недзялкоўскі, „ісьці на сутрэч імпэріалістычным жаданьням гэтых маладых нацыональных організмаў".

Беларусы, згодна слоў аўтара, вымагаюць толькі „варштату для сваей творчай дзяржаўнай працы, але гэты варштат павінен, са становішча соцыалістычнага, абняць толькі тых людзей, каторые выражаюць да таго адпаведную волю. Калі павадыры беларускага руху перамогуць ў часе плебісцыту ў Магілёве і Вітэбску, — тым лепш". Але абыймаць сваімі дзяржаўнымі дамаганьнямі заходные часткі Беларусі, — яны згодна пагляду п. Недзялкоўскага не маюць права.

Што датыча Літвы, дык абавязкова павінна зьдзейсьніцца „аб'еднаньне яе з Польшчай, што будзе мець месца пасьля трыумфу сярод літвіноў запраўднай дэмокрацыі". Што трэба разумець пад запраўднай дэмакрацыей" і чым яна рожніцца ад „незапраўднай" — застаецца сэкрэтам аўтара.

У рэзультаце проэктаванага провізоріума могуць паўстаць дзьве магчымасьці. Першая — калі ў пэріод провінцыальнай аўтаноміі дасьпее пачуцьцё непадзельнасьці цэлага краю; ў гэтым здарэньню будзе прызнана разумнасьць фэдэралізацыі гэтых зямель і далейшае развіцьцё пойдзе ў напрамку Злучаных Штатаў гістарычнай Літвы.

Другая - калі выявіцца нацыональная сьвядомасьць паасобных народаў. „У гэтым здарэньні трыумф польскай культуры ў каталіцкай Горадзеншчыне і Віленшчыне будзе поўны, і адбудзецца ўключэньне іх ў склад зямель Рэчыпаспалітай Польскай."

Прадстаўнік соцыалістычнай польскай думкі лічыць, што такі вынік провізорычнага стану рэчэй, найбольш для Польшчы пажаданы і найбольш магчымы.

Што ён найбольш пажаданы — мы ў гэтым так сама не сумніваемся.

  1. Wl. Studnicki: „Sprawa Polska". Poznań 1910. Cтр. 493.
  2. Ён-жа: „Polnocno-wschodnie ziemie dawnej R. P. P.". Стр. 1.
  3. Ён-жа: „W sprawie stosunku" ... стр. 6.
  4. Wl. Studnіskі: „W sprawie stosunku Polski do jej ziem wschodnich". Cтp. 4-10.
  5. I. S.: „Na drodze do rozwiazania sprawy Litwy historycznej" — etapy polskiej myśli politycznej. Kraków 1929. Стр. 19.
  6. WL. Studnicki: „W sprawie stosunku". Стр. 7.
  7. St. Kutržeba: „Projekt unji Polski z Litwa historyczna i etnograficzną". (Rekop. B. P. R.)
  8. St. Kutrzeba: „Polska jako Państwo zwązkowe" (rękop. B. P. К.) Сувязную дзяржаву трэба адрожніваць ад „сувязі дзяржаў“. Першая форма дзяржаўнага аб'еднаньня агульна вядома у навуцы дзяржавазнаўства пад найменьнем фэдэрацыі, другая конфэдэрацыі. Точны зьмест кожнай з гэтых форм да канца не устаноўлены; галоўнай азнакай конфэдэрацыі агульна прынята лічыць захованасьць суверэнітэту кожнай з дзяржаў, што ўступілі ў сувязь, і большуя, дзеля гэтага, магчымасьць павялічаньня ліку дзяржаў сувязі. (Еллінэк).
  9. Dr. Fr. Bujak: „Litwa samodzielna etnograficzna, czy Litwa związana z Polska" (rękop. B. P. K)
  10. Wlodz. Wakar: „Idea Jagiellonska w dobie obecnej" (W. p. Nr. 6-7, 1920).
  11. Witold Kamieniecki: „Państwo Litewskie", W-wa, 1918.
  12. W. Kamieniecki: „Państwo Litewskie", Стр. 8 і далей
  13. Marian Swedowski: „O program w stosunku do ziem litewsko-białoruskich". Wsch. Polski, 1919, Nr. 1. Cтр. 29.
  14. J. S.: „Na drodze do rozwiązania sprawy Litwy historycznej". Стр. 27-31.
  15. Krzewski: „Zasady federacji w polskiej polityce kresowej", Kraków, 1920. CTP. 19 і інш.
  16. Граніца, па якую павінна быць анэктавана Беларусь, праведзена Р. Дмоўскім і мае назову „лініі Дмоўскага". Згодна прэтэнсыям палякаў на Версальскіх перэгаворах, лінія гэта больш-менш ідзе праз Корсаўку, Себеж, захоплівае Полацак, Барысаў, Бярэзіну, пакідае на ўсходзе Бабруйск і на захадзе Слуцак і Лунінец. За апошні час лінія гэта многа раз менялася, адсоўваючыся то далей на захад, то далей на ўсход, ніколі ўсё-ж такі не сягагаючы граніцы 1772 году.
  17. M. Niedziałkowski: „O program polski na Wschodzie", Przedświt, 1920. Nr. 3.
  18. Карыстаньне назовай „констытуанта" у аўтара неправільнае: паняцьце „констытуента", ці „устаноўчые зборы" ў навуцы зусім точнае і азначае орган, ў якім выяўляецца сувэрэннасьць нацыі, арганізаванай ў самаістную дзяржаву, а не предстаўнічы орган аўтаномнай провінцыі, знайходзячайся да таго ў стане вайсковай окупацыі.