IV. Гістарычные правы і гістарычные граніцы V. Sacro egoismo
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
VI.Спробы конкрэтнага развязаньня беларуска-польскіх ўзаемаадносін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V. Sacro egoismo.

Ідэалёгія прэсьціжу і патрэбнасьці: Macht vor Recht. Mера зацікаўленасьці Польшчы на Беларусі. Крыху цыфр: а) Параўнаньне тэрыторыі і насяленьня; в) польская земляўласнасьць на Беларусі; с) Беларусь — як рынак. Саліднасьць агульных экономічных пэрспэктыў.

„У кожным, хоць бы самым далёкім
куточку гэтае краіны, авеянай чароў-
най панадай успамінаў, можна знай-
сьці рэальнае значэньне яго для Поль-
шчы з боку экономічнага, комуніка-
цыоннага і стратэгічнага."Проф. О. Галецкі.

Другая група тэорый, як вышэй заўважана, падыходзіць да пытаньня аб ўсходніх граніцах Польшчы ня з пункту погляду права, але з пункту погляду патребнасьці.

Прадстаўнікоў гэтае групы цікавіць пытаньне не аб тым, ці мае Польшча право прэтэндаваць на граніцы 1772 году, але ці зможа яна узмацаваць гэтые прэтэнсіі сілай. Яны не турбуюцца аб якім небудзь юрыдычным апраўданьні сваіх дамаганьняў, для іх не істнуюць аргумэнты, маючые моральную абавязковасьць. Адзіным апраўданьнем для іх зьяўляецца добра, па іхняй думцы, зразумелы інтэрас дзяржавы, а адзіны аргумэнт, да якога яны прыбегаюць баронячы сваю тэорыю, — гэта кулак.

Macht vor Recht" — кажуць яны. Сьвет збудован на сіле, на прымусе, на панаваньні сільнага над слабым. Жыць пад сонцам можа толькі сільны, і ў яго сіле, ў яго перавазе — яго право і апраўданьне.

Вышэйшай ступені праяўленьня сваіх творчых сіл, а разам з тым вышэйшай ступені свайго дабрабыту, народ можа дасягнуць толькі тады, калі будзе арганізаваны ў запраўды моцную дзяржаву, каторая магла-б разсунуць межы свайго ўплыву да ўсясьветнага значэньня. Дзяржава павінна быць моцнай у сьціслым значэньні гэтага слова — яна павінна мець добра збудаваную армію, акуратны „жалезны кулак."

Чым нацыя мацней мілітарна, тым яна пэўней сябе, тым менш яна абмежана староннымі ўплывамі і суседзямі, і тым больш свабодна яна для свайго жыцьця.

Ад ступені мілітарнай сілы дзяржавы залежыць магчымасьць падбіць пад сябе іншые народы, прымусіць іх служыць сваім мэтам, развярнуць шырока ўласную нацыональную культуру і, карыстаючыся пад ярэмнай працай і багацьцямі малых народаў, — даць сьвету ўсё тое, на што вялікадзяржаўны народ здолен. Дзеля гэтага, толькі сільнаму, вялікаму народу адчыняны шляхі жыцьця; малым і слабым нацыям месца німа: яны павінны шчезнуць з аблічча зямлі, ці растаіцца без астатку ў стыхыі вялікага народу.

Усясьветная рэзьня, сьведкамі каторай мы былі, разам з мільёнамі людзей, падрэзала і гэтую ідэолёгію, імя каторай — мілітарызм і імпэріалізм. Яна чуць было не утапіла ў чалавечай крыві гэтае выроднае дзіцё нашай матэріалістычнай эпохі. Але ўсё-ж такі упыр выплывае і прадаўжае атручаць сваім сморадным тхненьнем жыцьцё народаў на зямлі.

Значна павевае гэтым тхненьнем у сучаснай Польшчы.

Чытачу зразумела, што пад маскай гэтага імпэріалізму, пад маскай дзяржавы, якой служыць паднятая да фэтіша мілітарная сіла, схованы самы звычайны клясовы інтэрас.

Не народ, не нацыя ў цэлым імкнецца да панаваньня над сабе падобнымі, а пэўная кляса народу. Тая кляса, якая не жыве сваей уласнай працай, але потам вялікае грамады людзей. Яна кіруе справамі дзяржавы і, ў мэтах павялічаньня сваіх карысьцей, у мэтах пашырэньня звароту свайго капіталу, цягне за сабой урадовую ўладу на здабыцьцё новых рынкаў. Яна ўладае ўсімі дзяржаўнымі установамі, трымае ў сваіх руках прэсу і так сплетае свае інтэрасы з інтэрасамі народнага гаспадарства, што звычайна ня можна адрожніць, дзе канчаюцца першые і пачынаюцца другіе.

Ня польскі народ і не працоўные яго станы зацікаўлены ў тым, каб праглынуць Беларусь, але польскі капітал ў асобе вялікіх абшарнікаў і фабрыкантаў. Для іх польская дзяржава зьяўляецца простай машынай для утрыманьня свайго палажэньня на Беларусі, для забаспечаньня сабе сваіх правоў у ей, для абароны сваіх аграмаднейшых маёнткаў і даходаў.

Вялікіе магнаты і абшарнікі на Беларусі, валадаючые Польшчай, зацікаўлены ў тым, каб і Беларусь падпала той машыне, каторай яны кіруюць, каб яна ня вырвалася з пад іх гаспадарскае апекі. Беларусь ім патрэбна як паветра; страціўшы яе, яны страцяць сваё богацьце, сваі ўплывы і свае прывілейнае палажэньне ў дзяржаве, якое ім дае карыстаньне чужой працай. І дзеля гэтага, яны ўселякімі захадамі стараюцца утрымаць Беларусь пры сабе, сьвядома змешываючы свае інтэрасы з інтэрасамі польскае дзяржавы.

Каб нам было ясна, насколькі рэальна небаспека для адраджаючайся Беларусі з боку сучаснае магнацкае Польшчы, пастараемся хоць крыху паказаць меру зацікаўленасьці яе Беларусьсю. Зазначым пры гэтым, што мы будзем карыстацца выключна польскімі крыніцамі, не падпарадкуючы іх нават крытычнаму перагляду; дзякуючы гэткай пастаноўцы, на наш погляд, атрымаецца больш выразнае ўражаньне ад той агітацыі, якую вядуць прадстаўнікі польскіх агрэсыўных кругоў.

Перш на перш зазначаюць, што этнографічная Польшча ня мае натуральных стратэгічных граніц. Лічаць, што лініі рэк Нарэва і Буга ня могуць служыць гэткай граніцай, і што патрэбнай граніцай зьяўляецца лінія рэк Дняпра, Бярэзіны і Прыпяці. Інымі словамі, лічуць, што толькі ўключэньнем тэрыторыі Беларусі прыблізна па лініі граніцы 1772 года, Польшча здабывае тую абаронную лінію, каторая дасьць ей магчымасьць цьвёрда процістаяць будучаму напору з боку Paceі.

Пытаньне гэтае настолькі спэцыальна вайсковае, што мы ня можам дэтально яго абгаварываць. Хочам толькі адзначыць, што гэты аргумэнт зусім не зьвертае увагі на Беларусь, бытцым яе німа на мапе Эўропы, бытцым на месцы яе пустое поле. Такая пастаноўка справы нічога добрага ні Польшчы, ні Расеі, ні Беларусі не абецае. Пакуль яшчэ ня ведама, якую стратэгічную лінію будзе лічыць для сябе патрэбнай Расея, каторай Польшча так баіцца. Ёсьць грунт думаць, што акурат яна зазначыць як патрэбную граніцу — лінію Буга і Нарэва. Пытаньне гэтае, па самай істоце сваей, дабачаючае ў народзе звычайнага воўка, павінна вырашыцца голай сілай. І калі псыхоз вайсковага шалу ў бліжэйшай будучыне не развеецца, дык мы будзем сьведкамі новай рэзьні, чароднага вынішчываньня людзей. Ня ведаем, хто з палякаў з чыстым сэрцам і спакойнай сьвядомасьцю пойдзе на сустрэч такім плянам.

Прывядзем цяпер некаторые цыфры, устанаўляючые стасунак абшару тэрыторыі Беларусі і яе насяленьня, да терыторыі і насяленьня Польшчы, карыстаючыся, паўтараем, польскімі крыніцамі.

Згодна данным „Rocznika Polskiego" проф. д. Ромэра і І. Вейнфельда за 1910 год, (прыймаючы пад увагу натуральны прырост насяленьня на 1,5% і адлічаючы 0,1 % на утраты вайсковага часу), цыфры тэрыторыі і насяленьня Беларусі і Літвы, з аднаго боку, і бязспорна этнографічных частак Польшчы з другога, выяўляюцца ў 1920 г. так:

Найменьне Тэрыторыя ў кв. кілёмэтрах Насяленьне ў тысячах.
1. Беларусь і Літва 304 14,525
2. Каралеўства Польское 127 14,200
3. Прускі забор (Познань, зах. Прусія і інш.) 80 7,625
4. Аўстрыяцкі забор (Галіцыя, Цешынскі Шлёнзк) 80 9,765

Дзеля таго, што этнографічная тэрыторыя Літвы, згодна польскіх крыніц,[1] займае 46,663 кв. кіл., а насяленьне гэтае тэрыторыі, прыймаючы пад увагу натуральны прырост, роўна 2,460,000 жых., то выходзіць, што тэрыторыя самой Беларусі становіць 258,000 кв. кіл., а лік яе жыхароў 12,125,000 душ.

Цікава параўнаць гэтые цыфры з цыфрамі, устанаўляючымі тэрыторыю і насяленьне Польшчы ў тым выглядзе, як аб гэтым пастанавіла

Вэрсальская умова:[2]
Дзяржавы Тэрыторыя ў кв. кілёмэтрах Насяленьне ў тысячах.
1. Польшча (уключаючы Карал. Польскае без паўн. часьці Сувальскае губ., з паветамі Беластоцкім, Бельскім і Сакольскім; Галіцыю з плебісцытарнай Цешынскай тэрыторыей, Прускі забор) 251,000 25,000
2. Беларусь 258,000 12,125

З гэтага мы бачым, што тэрыторыя Беларусі ў граніцах 1772 года, г. зн. ў граніцах, каторые зыходзяцца з плянам прылучэньня да Польшчы „гістарычнае Літвы", правышае тэрыторыю самае Польшчы на 8 тысяч квадр. кіл., а насяленьне яе становіць прыблізна палавіну насяленьня ўсей Польшчы.

Адно голае прыраўнаньне гэтых цыфр гаворыць аб многім.

Ня менш яскрава сьведчаць аб меры зацікаўленасьці Польшчы цыфры польскай зямлеўласьнасьці на Беларусі.

Са ўсяго ліку зямлі беларускай — 258,000 кв. кіл., згодна польскім крыніцам маецца: 31,2% зямлі аромай, што становіць 80,496 кв. кіл; 10,6% сенажатнай — 27,348 кв. кіл., і 32, 5% маецца пад лесам — 83,850 кв. кіл.[3]

Паводле вычысьленьняў п. Сьвехоўскага,[4] ў руках палякаў на Беларусі і, па яго орігінальнаму выражэньню, у руках, „насяленьня зьмешываючага сябе з палякамі", знайходзіцца на ўсім абшары быўшага Вялікага Князства Літоўскага (за выключэньнем Сувальскай губ.) - 140,000 кв. кіл. зямлі, — не шмат, паводле яго слоў, меней, чым ў польскіх руках на ўсіх этнографічных землях Польшчы, узятых разам.

Адлічаючы з гэтага ліку валадзеньня палякаў у Ковенскай губ., дзе яны становяць каля 60% агульнага абшару зямлі[5] (ці 40.260 кіл.), мы бачым, што лік памешчыцкай зямлі на Беларусі, паводле польскіх данных, даходзіць да 115,000 кв. кіл., другімі словамі, каля 45% ўсей беларускай зямліцы належыць памешчыкам. Ўся гэта зямля знаходзіцца ў большай часьці у руках вялікіх абшарнікаў, маёнткі каторых, уключаючы лясы, сягаюць часта на тысячы і дзясяткі тысяч дзесяцін.

„Ня гледзючы на конфіскацыі і напраўленая супроць палякаў законадаўства", гаворыць п. Ольшэвіч, „вялікая зямельная ўласнасьць знайходіцца, галоўным чынам, ў польскіх руках, следуючым парадкам дзелячыся па губэрніях:[6]

Губэрнія Зямля ў гэктарах У %% адношаньню да усей вялікай прыват. уласнас.
1. Горадзенская 620,012 43,1
2. Віленская 1,225,292 60,3
3. Менская 1,582,680 49,5
4. Магілеўская 665,990 27,9
5. Вітэбская 773,900 38,7
Усяго 4,866,874 45,9%

Ня меней важнай зьяўляецца Беларусь для польскага капіталу як рынак дастаўкі сырца і збыту гатовых фабрыкатаў.

Беларусь належыць да краёў з вельмі высокім працэнтам лясных абшараў. Агульны лік лесу, як паказана вышэй, лічыцца амаль што ня 9 мільёнаў гэктараў:

Губэрніі Лясны абшар ў гэктарах На 1 жыхара прыпадае араў
1. Горадзенская 885,334 43,2
2. Віленская 1,254,398 63,3
3. Менская 3,640,323 122,8
4. Магілеўская 1,770,149 75,8
5. Вітэбская 1,404,327 73,7
Агулам 8,955,531 75,7%

Прыймаючы пад увагу, што нормальны лік лесу, прыпадаючый на аднаго жыхара становіць 31 акр., дык мы убачым, што Беларусь уладае лясным багацьцем у два разы большым, чым патрэбна на яе ўласны ужытак.

У той самы час, ніводная частка этнографічнае Польшчы (за выключэньнем усходн. Прусіі) далёка не дасьцігае патрэбнай нормы, апушчаючыся ў Каралеўстве нават да палавіны патрэбнага ліку (толькі 17 ар. на жыхара).

„Бяз боязьні дапусьціць вялікую памылку“, згодна вычысьленьням п. Ольшэвіча „вываз лясных матэрыялаў з Беларусі можна цаніць на 80,000,000 рублёў. У пераводзе на польскіе маркі па сярэдняму курсу 1920 году гэта выразіцца ў астранамічнай цыфрэ з десяцьцю нулямі.

Значны лік дае Беларусь сена. Агульны збор яго па данных 1913 г. выразіўся па пяці вышэй паказаных губэрніях ў 41,730 цэнтараў (250 міл. пудоў), што становіць каля ⅔ ўсяго сена, атрыманага ў Польшчы. „Каліб толькі хоць часткова павялічыць прадукцыю сенажацяў Беларусі", гаворыць п. Ольшэвіч, „дык яны ня толькі б задаволілі патрэбу Польшчы, але прывяліб да вялкага экспорту сена на захад."

Безумоўна большае значэньне мае для Польшчы беларускі лён і пенька. Збор іх па асобных

губерніях вельмі вялік:
Губэрніі
Плошчадзь засева ў гэктарах.
Збор ў Q.
лён. канопля лён. канопля
1. Горадзенская 12,793 1,776 161,571 17,352
2. Віленская 22,827 236,550
3. Менская 24,349 5,540 322,489 54,348
4. Магілеўская 37,965 15,360 335,585 156,360
5. Вітэбская 56,889 1,471 336,360 13,587
Агулам 157,823 24,147 1,422,555 241,647

Прыймаючы пад увагу, што 52% польскай прамысловасьці, ёсьць прамысловасьць тэкстыльная і што да вайны гэтая прамысловасьць апрацоўвала амаль што выключна сырэц, прывожаны з Pacеі, можна сабе уявіць, якое выключнае значэньне ставіць сабой для польскага капіталу наш лён і пенька. Пры агульным падрахоўваньні, лік гэтага сырцу будзе заўсёды давольны, каб пакрыць патрэбу польскай тэкстыльнай індустрыі.

Разам з пастаўкай сырца, Беларусь зьяўляецца найбольш танным рынкам збыту польскага гатовага фабрыкату. У нормальны час каля 75% агульнага вывазу Каралеўства састаўляў вываз гатовага фабрыкату; з гэтага ліку — 9/10 вывазу йшло ў першую чаргу на Беларусь і Украіну. Вываз на захад — ў Нямеччыну і Аўстрыю — быў да вайны нікчэмны (1/10 ўсяго ліку!), а пасьля вайны ён будзе наагул немагчымы. Гэта мела месца таму, што польская прамысловасьць давала тые фабрыкаты, якіх даволі даваў захад, і з якімі польскі фабрыкат ня мог канкураваць ні па цане, ні па гатунку. Фабрыкат гэты ня мог пранікаць нават далёка на ўсход, дзеля таго, што яго пабівала прамысловасьць цэнтральнага расейскага району. Што датычыцца, між іншым, ўселякіх тэхнічных матэрьялаў, дык вываз іх скіроўваўся выключна на ўсход, г. зн. на Беларусь і Украіну, становячы 99/100 ўсяго вывазу.

Адзіна, што Польшча ад часу свайго дзяржаўнага істнаваньня хоць па троху вывозіла заграніцу, дык гэта ... беларускі сырэц, які яна забірала ў пэріод окупацыі. Дзякуючы такому парадку, Беларусь, вульгарна кажучы, заставалася „пры пікавым інтэрасе": яна павінна была купляць ў Польшчы яе дрэнны і дарагі фабрыкат і даваць за гэта свой сырэць, так патрэбны захаду і так добра там аплачываны. Замест таго, каб прадаваць свой лён і пяньку ў Лёндан, ці ў Амстердам, і атрымліваць за іх высокие цэны ў англійскіх фунтах, ці голендэрскіх гульденах, яна павінна была прадаваць іх у Варшаву і атрымліваць нічога не вартые польскіе маркі, за якіе магла купіць ізноў толькі польскі фабрыкат.

Толькі дзякуючы беларускаму сырцу, якой яна перапрадае захаду, Польшча можа утрымліваць на пэўнай высаце сваю валюту. Да пэунай меры высата польскае валюты будзе трымацца пры варунку, калі Польшча перахопіць магчымасьць даваць ад сябе ўселякіе прамысловые концэсіі на Беларусі (ў першую чаргу - на эксплёатацыю лесу, праведзяньне каналаў, утылізацыю так зван. ,,белага вугаля" — рэк і г. д.)

Урэшці, не апошнюю ролю ў гэтым сэнсі будзе адыгрываць мандат на адбудову зруйнаваных вайной заходных паветаў Беларусі, на які мандат Польшча мае вялікую ахвоту і які, звычайна, будзе праводзіцца рэальным прылажэньнем у форме загранічнай валюты.

Зьвернем кароткую увагу яшчэ на адну старану гэтае справы. Калі глянуць на географічную карту Беларусі, дык відаць, што праз яе тэрыторыю праходзяць шляхі зносін паміж Балтыцкім і Чорным морам. Стары шлях з Рыгі ў Адэсу ляжыць акурат па беларускай зямлі. Улада, якая узмацуецца на гэтых тэрыторыях, будзе мець да свайго распараджэньня найбольш танные і таму найбольш выгодные шляхі паміж гэтых двух марэй па рэках Дзьвіне-Дняпру з аднаго боку, па Нёману-Прыпяці з другога і па Нёману-Бугу з трэццяга. Гэтые шляхі найбольш прыгодны для транзіту цяжкіх тавараў — лесу, лесных матэр'ялаў. дроў, пянькі, скоту, скур і г. д., каторымі багата Беларусь. Валадаючы гэтымі шляхамі, Польшча неунікнёна будзе мець гегемонію над балтыцкімі портамі і будзе эканамічна душыць ўсе балтыцкіе дзяржавы, а так сама і Украіну.

Калі-б зьдейсьніліся пляны Польшчы аб граніцы 1772 году, дык яна бы запанавала над усім тавараабменам ўсходу Эўропы.

Да вайны, ведама, увесь увоз расейскай імпэрыі ў першую чаргу выкарыстоўвала Нямеччына: ¾ усяго тарговага балансу Расеі праходзілі праз яе рукі, выражаючыся ў круглай суме 3 міл. залтых рублёў. Калі Польшча зьдзейсьніць проэкты сваіх капіталістычных кругоў і запраўды захопіць Беларусь у граніцах 1772 году, дык гэтым самым яна перайме ня толькі мінулую ролю Нямеччыны, але так сама Астрыі і, ў часьці, Румыніі: Лібава, Рыга, Віндава і Рэваль — на поўначы і Мікалаеў, Адэса на поўдні — будуць фактычна ў яе распараджэньні. Уся быўшая сухапутная граніца Расеі з Нямеччынай і Аўстрыей (а па часьці і з Румыніей, ў сілу залежнасьці Украіны ад водных шляхоў Беларусі) — будзе так сама ў яе руках. Гэткім чынам, увесь вываз быўшай Расеі ў Нямеччыну, Чэхію, Вэнгрыю, Аўстрыю і ў львінай долі ў другіе староны, так сама як і амаль што ня ўвесь увоз гэтых краін на ўсход, — пойдзе праз Польшчу.

Прыймаючы-ж пад увагу, замкнутасьць ўсходніх граніц на працягу шасьці гадоў вайны, выкліканае гэтым і бальшавіцкай гаспадаркай аграмаднае апусташэньня спажывецкага рынку ўсходу, і надзвычайную патрэбу заходных рынкаў ў ўсходным сырцу, — можна сабе уявіць, якіе колосальные пэрспэктывы адчыняюцца перад Польшчай, калі яна зьдзейсьніць плян захопленьня граніцы 1772 году.

Рэалізаваць гэтые пэрспэктывы Польшча можа толькі пад тым варункам, калі будзе гаспадарыць на Беларусі, як у сябе ў даму, калі аберне Беларусь ў свой ўнутраны рынак. Толькі палітычная гегемонія Польшчы над Беларусьсю можа забаспечыць ей у поўнай меры гегемонію экономічную. Як толькі Беларусь высьлізьне з арбіты польскае дзяржаўнасьці, як толькі яна будзе мець свабодную руку ў сваей экономічнай палітыцы — інтэрасы польскага капіталу на гэтых вялікіх абшарах ў значнай меры пахітнуцца.

  1. Гл. М. Świedowski: „Żywioł polski na ziemiach litewskich", Zakopane, 1917 r. Tablica I, Ziemie W. Ks. Litewskiego — obszar litewski.
  2. „Mapa Rzeczypospolitej Polskiej z granicami, ustalonemi w traktacie pokojowym z niemcami". Wydanіe III, ułożył J. Zabiełło, Paryż-Kraków 1919 г.
  3. WI. Studnicki: „Pólnocno-wschodnie ziemie dawnej Rzeczypospolitej Polskiej". Referat Biura Kongresowego, Warszawa 1919. Cтp. 12. J. Olszewicz: „Znaczenie gospodarcze Litwy i Białej Rusi", Warszawa 1920, стр. 9 i 12.
  4. M. Świechowski: „Żywioł polski". Cтp. 44.
  5. M. Świechowski: Żywioł polski", Tablica II, własnożć ziemska.
  6. W.Olszewicz: „Znaczenie gospodarcze Litwy i Białej Rusi", Cтр.37.