Айвенго. Раздзел I
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел II

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!






АЙВЕНГО


РАЗДЗЕЛ I

У канцы дванаццатага стагоддзя тая ўзгаркаватая частка Англіі, што абвадняецца ракою Дон[1], была пакрыта паміж Шэфільдам[2] і горадам Донкастэрам[3] велізарнымі лясамі. Тут у часе міжсобных войн Белай і Чырвонай Ружы адбываліся многія з найбольш лютых боек, і тут-жа знаходзілі прытулак атрады харобрай вольніцы, не раз успетай старадаўнімі англійскімі бардамі[4].

Кароль Рычард I толькі што вярнуўся з свайго доўгага палону[5], а яго падданыя ўсялякім чынам уціскаліся яго-ж прыхільнікамі. Свавольства дваран даходзіла да крайніх межаў: не звяртаючы ўвагі на баязлівае ўмешванне англійскага дзяржаўнага совета, яны ўмацоўвалі свае замкі, павялічвалі колькасць сваіх слуг, рабілі суседзяў васальна[6] сабе падданымі і кожны з іх імкнуўся абкружыць сябе такім войскам, на чале якога ён мог-бы беспакарана рабіць усё, на што толькі штурхала яго неабузданае свавольства.

Бароны, нават без усякіх на гэта відавочных прычын, праследвалі, рабавалі і даводзілі да поўнага разбурэння тых з сваіх менш моцных суседзяў, якія спрабавалі выбіцца з-пад іх уладарнай рукі.

Адной з прычын, якія ўзмацнілі тыранію вышэйшага дваранства і пакуты народа, была заваёва Англіі нармандскім герцагам Вільгельмам. На працягу чатырох пакаленняў штучна распальвалася варожасць паміж нарманамі і англа-саксонцамі.

Пасля бойкі ля Гасцінгса ўлада была перадана нармандскаму дваранству. Суровыя абмежаванні ў адносінах палявання і шмат якія іншыя законы, не адпавядаючыя больш мяккаму і вольнаму духу саксонскага ўклада, былі навязаны пераможаным як-бы для таго, каб яны яшчэ мацней адчувалі на сабе ланцугі закаваўшага іх феадальнага парадку. Пануючай мовай зрабілася франка-нармандская; на ёй праводзіліся судовыя справы ва ўсіх месцах, дзе адбывалася правасуддзе. Яна зрабілася мовай кіруючых вярхоў і юрыдычнай мовай, а англа-саксонская мова была пакінута сялянам і наогул „народу“.

Аднак, трэба-ж было землеўласнікам як-небудзь гутарыць з тымі, хто апрацоўваў іх землі, і вось паступова злажылася помесь французскай мовы з англа-саксонскай, з дапамогай якой яны маглі разумець адзін аднаго. Такім чынам мала- па-малу ўзнікала сучасная англійская мова, з часам абагачаная ўвядзеннем у яе кораняў, запазычаных ад класічных і паўднёва-еўрапейскіх моў.


Сонца садзілася за адной з лугавых ускраін лесу. Сотні развесістых дубоў з невысокімі стваламі і шырока раскінутымі вузлаватымі галінамі кідалі свой цень на мяккі дыван цудоўнай зялёнай муравы. Месцамі да дубаў прымешваліся бярозы, астраліст і хмызняк, які разросся так густа, што нават не прапускаў гарызантальных праменняў заходзячага сонца. Месцамі дрэвы расступаліся, ствараючы доўгія натуральныя прысады. Пурпуровыя праменні, прарываючыся скрозь лісце, афарбоўвалі то тут, то там канцы галін ды імшыстыя ствалы дрэваў, кідалі яркія сонечныя плямы на сакавітую зеляніну луга.

Сярод шырокай прасекі ўзвышаўся бугор ці, мяркуючы па правільнасці яго формы, род штучнага кургана, наверсе якога захаваўся няпоўны круг з велізарных неабчэсаных камняў. Адзін з камняў скаціўся ўніз і, затрымліваючы бег невялікага раўчака, што прабіраўся міма кургана, прымушаў слаба цурчэць яго ціхія струменні.

Два чалавекі па знадворнаму выгляду і вопратцы, як відаць, простыя людзі парушалі спакой гэтай мясцовасці. Старэйшы з іх меў пахмуры, суровы выгляд. Уся яго вопратка была з адной вузкай скураной курткі з рукавамі, сашытай з дублёнай пацёртай скуры нейкага звера, шэрсцю уверх. Гэта куртка накрывала свайго гаспадара ад шыі да кален і замяняла яму ўсе часткі гарнітура. На нагах у яго былі камашы, прымацаваныя паскамі з мядзведжай скуры, а вышэй ступняў больш тонкія і вузкія паскі абвівалі лыткі пакідаючы калені голымі, як у горных шатландцаў. Куртка была перавязана ў поясе шырокім скураным поясам з мядзянай пражкай. Да гэтага пояса было прывешана з аднаго боку нешта падобнае на сумку, з другога — рог барана з устаўленай у канцы трубкай, каб можна было трубіць у яго. За поясам тырчэў доўгі, шырокі, востраканечны, двухбаковы „шэфільдскі“ нож з рагавой рукаяткай. Выцвіўшыя ад сонца, парыжэлыя, як-бы іржавыя валасы былі рэзкай супроцьлегласцю да яго велізарнай светла-русай барады. Застаецца толькі адзначыць яшчэ адну прыналежнасць яго убора: мядзянае кальцо, як нашыйнік, запаянае наглуха і надзетае на шыю. На гэтай арыгінальнай манісце быў зроблены саксонскімі літарамі надпіс:

„Гурт, сын Беовульфа, раб Седрыка Ротэрвудскага“

Каля свінапаса Гурта сядзеў на адным з паваленых камняў другі чалавек, год на дзесяць маладзейшы. Вопратка яго сваім фасонам мала адрознівалася ад папярэдняга, але была зроблена з лепшых матэрыялаў і адрознівалася больш арыгінальным характарам. Яго куртка была пафарбавана ў ярка-пурпуровы колер, і на ёй былі намаляваны нейкія пацешныя стракатыя ўпрыгожанні. Паверх курткі накінуты быў кароткі плашч, які даходзіў крыху ніжэй пояса; ён быў з чырвонага сукна, добра перапэцканага, але з яркажоўтай аблямоўкай. На руках гэтага чалавека былі срэбныя бранзалеты, а на шыі — срэбны нашыйнік з надпісам „Вамба, сын Вітліса, раб Седрыка Ротарвудскага“. На ім была шапка з прымацаванымі да яе званочкамі. Кожны раз, як ён паварочваў галаву, званочкі звінелі, але таму што ён амаль ні адной хвіліны не заставаўся ў спакоі, то можна сказаць, што звон быў бесперапынны. Удоўж краëў шапкі быў шырокі, цвёрды скураны аколышак з выразанымі зверху зубамі і скразным узорам, што надавала яму падабенства кароны. Чалавек гэты быў адзін з тых хатніх клоунаў або блазнаў, якіх трымалі ў багатых дамах для забавы гаспадароў.

Абодва яны гаварылі на англа-саксонскай гаворцы.

— Хай яны пропадам-прападуць, гэтыя паганыя свінні! — прагаварыў свінапас пасля дарэмнай спробы сабраць свой разышоўшыся статак.

Ён дарэмна дзьмуў у свой рог. Свінні адказвалі на гэта не менш гарманічным рохканнем і не спяшаліся пакінуць смачны пачастунак з арэхаў і жолудаў, таксама як і грузкі бераг раўчака, дзе многія з іх, зарыўшыся ў гразь, ляжалі расцягнуўшыся, не звяртаючы ўвагі на вокрык свайго пастуха.

— Сюды, Фангс! Гэй, Фангс! — закрычаў Гурт на ўвесь голас калматаму сабаку, падобнаму на воўка, ні то дваровай, ні то гончай пароды. Сабака, кульгаючы, бегаў кругом, але сваёй бесталковай беганкай узад і ўперад толькі павялічваў беспарадак, які абавязан быў спыніць.

— А каб табе чорт зубы павыбіваў! — бурчэў Гурт. — Каб ён прапаў гэты ляснічы, што абрэзвае кіпці нашым сабакам і робіць іх нягоднымі для справы![7] Вамба, устань — памажы мне, усё-ж ты жывы чалавек. Абыдзі вакол бугра і вярніся з вунь тога, надветранага боку. Як пужнеш іх адтуль, дык яны і пойдуць, як ціхія авечкі, смірна да хаты.

— Праўда, — сказаў Вамба, не кратаючыся з месца. — Я ўжо наконт гэтага параіўся з маімі нагамі, і яны тае-ж думкі, што цягаць мае стракатыя ўборы па такіх багнах будзе несумясціма з маім высокім санам і годнасцю. Таму, Гурт, я табе параю: пакліч Фангса, а статак пакінь лёсу: ці не ўсёроўна, ці сустрэнуцца твае свінні з атрадам салдат або з дружынаю лясной вольніцы або з багамольцамі — не мінуць ім іх рук.

— Што праўда, то праўда, браце Вамба. Не ведаю толькі, як гэта праўда трапіла ў тваю дурную галаву. Сюды, сюды! — крыкнуў раптам свінапас, зноў павышаючы голас. — Вось так, добра іх, Фангс! Цяпер ты іх сабраў у кучу… Які-ж ты ў мяне малайчына!

— Гурт, — сказаў блазен, я ведаю, што ты мяне лічыш за дурня… Але цішэй, хто гэта нас не забывае?

— Ці не ўсёроўна табе, хто там едзе? — сказаў Гурт, які паспеў сабраць увесь свой статак і з дапомагаю Фангса гнаў яго удоўж аднае са змрочных прасек.



— Не, усё-ж трэба паглядзець, якая там кампанія, — адказаў Вамба, — а можа яны едуць з чароўнага царства з даручэннем…

— А каб табе язык адсох! — сярдзіта перабіў яго свінапас. — Ахвота гаварыць такія рэчы, калі за колькі міль ад нас ужо разыграўся гром з маланкай! Паслухай, як там гудзе! А дождж які? Я з роду не бачыў улетку такіх буйных кропель. Паглядзі, ветру няма, а дубы трашчаць і стогнуць. Напэўна быць і тут навальніцы. Можаш прыкідвацца разумным чалавекам, калі ёсць ахвота, але на гэты раз павер мне на слова, і паспяшаймася дахаты перш чым наляціць навальніца. Уначы ў чыстым полі будзе сапраўдная бяда.

Гурт падняў доўгі кій, што ляжаў каля яго на траве, і пусціўся ў дарогу. Ён, спяшаючыся, ішоў да лесу, падганяючы з дапамогай Фангса ўвесь свой немілагучна рохкаючы статак.


  1. Дон — рака, якая выцякае з Пенінскіх гор у Англіі і ўпадае ў раку Узу.
  2. Шэфільд — горад у верхняй даліне р. Дона, у працягу раду вякоў вядомы жалезавыпрацоўчай прамысловасцю. Спачатку быў маленькім феадальным мястэчкам.
  3. Донкастэр — старадаўні рымскі ўмацаваны лагер — некалі быў сталіцаю вобласці.
  4. Бард — спявак на банкетах і бойках у галаў і іншых кельцкіх народаў (германцаў, англа-саксаў).
  5. Рычард І — англійскі кароль, які царстваваў з 1189 па 1199 год.
  6. Васал — землеўладар феадальнай эпохì, уладаў участкам зямлі буйнага землеўладара (сюзерэна), у якога ён быў у поўным падначаленні і залежнасці.
  7. Адным з самых цяжкіх прыгнётаў таго сумнага часу былі „лясныя законы“. Гэтыя цяжкія ўзаконенні, гаворыць Вальтэр Скотт, з’явіліся простым вынікам нармандскага заваявання, таму што раней саксонскае ўлажэнне аб паляванні было мяккае і лагоднае, а Вільгельм Заваявацель з такім запалам адносіўся да палявання і да ўсіх звязаных з гэтым правоў, што ўвёў у гэтых адносінах самыя жорсткія правілы. Устанаўленне так званага „Новага Запаветнага Лесу“ паказвае, як адбівалася гэтае яго захапленне на мясцовым насельніцтве. Нямала квітнеючых паселішчаў было знішчана і жыхары былі пушчаны па свету, толькі дзеля пашырэвня паляўнічых угоддзяў.
    Каб сабакі, патрэбныя для аховы статкаў, не маглі кідацца на буйную дзічыну, іх знарок калечылі, і гэта называлася „законным адсячэннем“: ім адсякалі пярэднія ступні.