Раздзел I Айвенго. Раздзел II
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел III

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





РАЗДЗЕЛ II

НЕ звяртаючы ўвагі на ўгаворы свайго спадарожніка, Вамба час-ад-часу спыняўся сярод дарогі, карыстаючыся кожным зручным выпадкам. Дзякуючы гэтым затрымкам коннікі досыць хутка дагналі іх.

Іх было ўсяго дзесяць чалавек, з якіх двое наперадзе былі, відаць, важныя асобы, а астатнія — іх прыслуга. Няцяжка было спазнаць званне і сан адной з гэтых асоб: гэта была безумоўна духоўная асоба высокага палёту. Ён быў апрануты як францысканскі манах, але яго адзенне было пашыта з непараўнаўча лепшага матэрыялу, чым тое прадпісвалася статутам яго ордэна. Яго плашч і каптур былі з самага лепшага фламандскага сукна і не без грацыі ляжалі вялікімі складкамі на яго прыгожай поўнай фігуры. Вонкавы выгляд яго не меў ніякіх слядоў аскетызму. Вочы з-пад навіслых павек блішчэлі тым эпікурыйскім[1] агеньчыкам, які выкрывае асцярожнага ласуна. Аднак, ён так адменна валодаў сабою, што пры жаданні мог рабіць свой твар самым урачыстым і паважным. Рукавы гэтага царкоўнага саноўніка былі падбіты і аблямованы дарагою футраю, мантыя зашпільвалася на залатую засцежку.

Паважны прэлат ехаў верхам на сытым муле з пароды інаходцаў; збруя была ўпрыгожана, наколькі магчыма, а вуздэчка, паводле звычаю тых часоў, абвешана срэбнымі званочкамі. Адзін з паслушнікаў, што складалі дружыну ўдалага манаха, вëў на повадзе, на ўсялякі выпадак здатнага іспанскага жарабца андалузскага завода, які быў у модзе ў багатых і знатных вяльмож. Сядло і збруя на гэтым пышным кані былі пакрыты доўгай папонай, якая спускалася амаль да самай зямлі і багата вышытай выдумным узорам, на якім былі мітры, посахі і да таго падобныя царкоўныя эмблемы. Другі паслушнік вёў на повадзе нагружанага мула, напэўна багажом настаяцеля. Яшчэ двое манахаў францысканскага ордэна, але ніжэйшага разраду, ехалі ззаду ад усіх і пасмейваліся, не звяртаючы ўвагі на астатніх членаў кавалькады.

Спадарожнікам духоўнага саноўніка быў чалавек высокага росту, гадоў больш за сорак, хударлявы, моцны і мускулісты. Яго атлетычная фігура здавалася была толькі з касцей, мускулаў і сухажылля. На ім была чатырохраговая чырвоная шапка з футравым аколышкам, напамінаўшая па форме перавернутую ўверх дном ступку. Ні палёў, ні брыля ў гэтай шапцы не было, а таму ўвесь твар быў навіду, і выражэнне яго было такое, што лёгка магло ўнушаць значную дозу павагі, калі не страху. Буйныя і рэзкія рысы яго твара, загарэўшага амаль да негрыцянскай чарнаты ад пастаяннага прабывання пад трапічным сонцам, у спакойныя хвіліны здаваліся нібы задрамаўшымі пасля ўзрыву бурных пачуццяў; але выпуклыя жылы яго ілба, трапятанне верхняй губы і густых чорных вусоў, якія рухаліся пры самым малым хваляванні, яўна паказвалі, што бура кожную хвіліну можа зноў прачнуцца. Яго дзёрзкія, цёмныя, пранікальныя вочы і глыбокі шрам над брывямі надавалі яго твару суровасць. Адно вока, кранутае гэтым шрамам, мела ў сябе штосьці злавеснае.

Вопратка гэтага конніка была таго-ж фасону, як у яго спадарожніка: гэта быў доўгі манахаўскі плашч, але толькі чырвонага колеру, што даказвала, што ён не належыць ні да аднаго з чатырох галоўных манахаўскіх ордэнаў. На правым плячы яго мантыі нашыты быў белы суконны крыж асаблівай формы. Пад мантыяй была рубашка з дробных металічных кольцаў з такімі-ж рукавамі і пальчаткамі, так лоўка сплеценая і такой тонкай работы, што шчыльна аблягала цела. Пярэднія часткі яго сцёгнаў, наколькі відны яны былі з-пад плашча, таксама былі апрануты ў кальчугу. Ногі і калені прыкрыты тонкімі сталёвымі пласцінкамі, злучанымі між сабою ў выглядзе лускі. Металічныя кольчатыя панчохі пакрывалі яго ногі ад ступні да калена. За поясам быў заткнуты доўгі, двухбаковы кінжал.

Ехаў ён не на муле, як яго спадарожнік, а верхам на здаравенным кані, відаць, для таго, каб зберагчы сілы свайго баявога каня, якога адзін са зброяносцаў вёў на повадзе, у поўным узбраенні, з плеценым налобнікам на галаве, наверсе якога тырчэла ўперад кароткае металічнае вострыё. З аднаго боку сядла вісеў кароткі бёрдыш з багатай насечкай, з другога — убраны пер’ем шлём гаспадара, яго кольчаты каўпак і доўгі, з абодвух бакоў востры, меч, звычайны ў рыцараў таго часу. Другі зброяносец вёз кап’ё, на верхнім канцы якога быў невялікі сцяг або значок, з такім-жа крыжам, які быў нашыты на плашчы. Ён-жа трымаў трохраговы шчыт, настолькі шырокі ўверсе, што мог прыкрываць усе грудзі, але кнізу зусім завостраны. Шчыт быў у чахле з чырвонага сукна, каб не было відаць, які на ім девіз.

Следам за гэтымі двума зброяносцамі ехалі яшчэ двое слуг, чорныя твары якіх, белыя турбаны і ўсходні фасон іх вопраткі выкрывалі ў іх уражэнцаў далёкага ўсхода. Зброяносцы былі апрануты шыкоўна, а ў слуг былі срэбныя абручы на шыях і бранзалеты з таго-ж метала на смуглых руках і нагах. Іх гарнітуры блішчэлі шоўкам і вышыўкамі, паказваючы на багацце і важнасць іх гаспадара. Яны былі ўзброены крывымі шаблямі з залатою насечкаю на рукаятках і ножнах і турэцкімі кінжаламі яшчэ больш тонкай работы. У кожнага тырчаў пры сядле пучок дроцікаў футаў з чатыры даўжынёю, з вострымі сталёвымі канцамі.

Дзіўныя асаблівасці гэтай кавалькады абудзілі цікавасць не толькі Вамбы, але і яго больш саліднага таварыша. У манаху ён той-жа час спазнаў настаяцеля абацтва Жарво, вядомага ва ўсёй ваколіцы, як вялікі аматар палявання, гульбішчаў і іншых „свецкіх“ пацех, мала сумясцімых з яго манахаўскім званнем.

Прыёр Эймер за вясёлы і распусны нораў і гатоўнасць „дараваць адпушчэнне грахоў“ быў улюбёнец усіх мясцовых саноўнікаў і знатных дваран, са шмат якімі з іх быў у сваяцтве. Яго павярхоўная начытанасць была досыць вялікая, каб прымусіць гэтых круглых невукаў з пашанай адносіцца да яго вучонасці, а важныя манеры, станавітасць гаворкі і ўзвышаны тон, у якім ён размалёўваў „магутнасць царквы і духавенства“, унушалі ім паняцце аб яго святасці…

Прыёр Эймер і яго норавы былі вельмі добра вядомы і Гурту, і Вамбе. Яны нязграбна яму пакланіліся і за гэта атрымалі бласлаўленне.

Дзікоўны знадворны выгляд спадарожніка і дружыны здзівіў і так захапіў іх, што яны не чулі пытання настаяцеля, калі той запытаў, ці не ведаюць яны, дзе-б можна спыніцца нанач.

— Я вас пытаю, дзеці мае, — сказаў настаяцель, узвышаючы голас і ўжываючы франкскую гаворку, гэта значыць гаворачы на той змешанай мове, на якой гаварылі між сабою жыхары нармандскай і саксонскай расы, — ці няма па суседству такога добрага чалавека, які аказаў-бы на гэту ноч гасціннасць і падмацаваў-бы сілы двух самых смірэнных паслухачоў царквы і іх прыслугі?

„Два самых смірэнных паслухачы царквы! — падумаў пра сябе Вамба. — Хацеў-бы я паглядзець, якія-ж у яе бываюць старэйшыя слугі?“

Ён узняў вочы і адказаў на пытанне прыёра:

— Калі вялебным айцам да спадобы сытныя трапезы і мяккія ложкі, то недалёка адсюль ёсць Брынксворцкае абацтва; калі-ж палічуць за лепшае правесці вечар у пакаянні, то вось тая лясная сцежка давядзе іх просценька да ўрочышча Копменгорст, дзе жыве набожны пустэльнік.

Але прыёр адмоўна пакруціў галавою, выслухаўшы абодзве прапановы.

— Мой добры сябра, — сказаў ён, — калі-б звон тваіх званочкаў не збаламуціў твайго розуму, ты-б ведаў, што ў нас, у духоўных асоб, не прынята прасіць гасціннасці ў сваёй-жа браці. Мы звяртаемся за гэтым да свецкіх асоб, каб даць ім магчымасць лішні раз паслужыць богу, прымаючы ў дом і частуючы яго паслугачоў.

— Гэта праўда, што я асёл, — адказаў Вамба, — і як такі, маю гонар насіць званочкі, як і мул вашай вялебнасці. Аднак я меркаваў, што міласэрнасць паслугачоў царквы павінна быць такой-жа, як і ў іншых людзей, гэта значыць распаўсюджвацца і на сябе падобных.

— Кінь грубіяніць, нахабнік, — прыгразіў раптам узброены коннік, — і пакажы нам, калі можаш, дарогу да замка… Як-бо вы назвалі гэтага франкліна[2], прыёр Эймер?

— Седрык, Седрык-Саксонец… Скажы мне, добры чалавек, ці далёка мы ад яго жылля і ці можаш ты правесці нас туды?

— Дарогу-то знайсці цяжкавата будзе, — адказаў Гурт, у першы раз умешваючыся ў гаворку, — прытым у Седрыка дома рана кладуцца спаць.

— Ну, не мялі глупства, — сказаў воін, — могуць і ўстаць, каб прыняць і пачаставаць такіх падарожнікаў, як мы. Мы не маем намеру кланяцца і прасіць гасціннасці там, дзе мы маем права яе патрабаваць.

— Ужо не ведаю, — панура сказаў Гурт, — ці трэба паказваць дарогу ў дом майго гаспадара такім людзям, якія хочуць патрабаваць па праву тое, што іншыя рады атрымаць з літасці.

— Ты ўздумаў яшчэ спрачацца са мною, нявольнік! — сказаў воін, паднімаючы дарожны гарапнік.

Гурт злосна зірнуў на яго і нерашуча хапіўся за рукаятку свайго нажа, але прыёр Эймер рушыў свайго мула ўперад і, стаўшы паміж воінам і свінапасам, папярэдзіў небяспечную сутычку.

— Не, брат Брыян, прашу вас памятаць, што вы цяпер не у Палестыне. Скажы мне, добры чалавек, — гаварыў ён далей, звяртаючыся да Вамбы і падмацоўваючы сваю гаворку невялікай срэбнай манетай, — як праехаць да Седрыка-Саксонца.

— Дапраўды, чэсны айцец, — адказаў блазен, — я так спужаўся сарацынскай галавы вашага вялебнага спадарожніка, што зусім забыў дарогу дахаты.

— Глупства, — сказаў настаяцель, — калі захочаш, то ўспомніш.

— Добра, — адказаў Вамба. — Будзьце ласкавы, ваша вялебства, ехаць усё па гэтай сцежцы аж да таго месца, дзе ўбачыце ўросшы ў зямлю крыж, потым вазьміцеся ўлева, бо там каля крыжа сходзяцца разам аж чатыры дарогі — і я думаю, ваша вялебнасць змогуць знайсці сабе прытулак раней, чым грымне гром.

Абат падзякваў яго, і коннікі, крануўшы коняй шпорамі, наўскач паімчаліся дарогаю. Хутка грукат капыт заціх удалечыні. Гурт сказаў свайму таварышу:

— Ну, Вамба, калі яны паслухаюць твае разумнае парады, наўрад ці даедуць да Ротэрвуда.

— Ясна, — сказаў, засмяўшыся Вамба, — замест яго яны змогуць даехаць да Шэфільда, а ён для іх чым дрэнны? Добрая была-б у мяне галава, калі-б я паказаў сабаку, дзе лёг алень, калі я не хочу, каб ён злавіў таго аленя.

— Праўду кажаш, — сказаў Гурт. — Дрэнна было-б, калі Эймер пабачыў лэдзі Равену, ды яшчэ горш, калі-б Седрык, як ён таго відаць, жадаў, пасварыцца з гэтым рыцарам. Але-ж паколькі мы добрыя чаляднікі, нам найлепш слухаць, бачыць — і маўчаць.

Коннікі, пакінуўшы Вамбу і Гурта далёка ззаду, прадаўжалі гутарку на нармандска-французскай мове, якую пачыналі ўжываць што далей, то больш вышэйшыя класы насельніцтва, акрамя невялікай колькасці, якія пышыліся сваім саксонскім паходжаннем.

— Што азначае такое нахабства гэтых людзей? — запытаў храмоўнік прыëра,[3] — і чаму вы не далі мне правучыць тых грубіянаў?

— Ну, што там, брат Брыян, — адказаў прыёр, — адзін з іх — дурань, таму не можна чакаць ад яго разумнага адказу. А другі належыць да той дзікай, лютай, заўзятай пароды, што яшчэ і да гэтага часу сустракаецца паміж патомкаў пераможаных саксонцаў. Яны-ж не ведаюць іншага шчасця, як усімі спосабамі выяўляць сваю нянавісць да пераможцаў.

— Я хутка навучыў-бы яго прыстойнасці, — заўважыў Брыян. — Я прызвычаіўся мець справу з такімі людзьмі. Нашы турэцкія палонныя лютыя ды дзікія не менш ад іх, але, прабыўшы з два месяцы ў маім доме пад наглядам майго слугі, яны рабіліся паслухмяныя ды лагодныя, гатовыя выконваць усё, што толькі ім загадаюць. Звычайна, сэр, даводзіцца сцерагчыся атруты і кінжала: яны ахвотна карыстаюцца імі, калі для гэтага бывае прычына.

— Так, у кожнай краіне свае парадкі і звычаі, — адказаў прыёр Эймер, — ды не кажучы ўжо пра тое, што пабоямі нам не удалося-б даведацца ад іх якіх-небудзь вестак пра тое, як дабрацца да Седрыкавага жылля, — нават калі-б мы і знайшлі самі туды дарогу, напэўна давядзецца сур’ёзна пасварыцца з Седрыкам. Не забудзьце таго, што я сказаў вам: гэты багатыр-франклін — ганарлівы, запальчывы, недаверлівы ды гняўлівы, і ён варожа адносіцца да баронаў і нават да сваіх суседзяў — Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і Філіпа Мальвуазена, якія і самі не любяць жартаваць. Ён так упарта абараняе прывілеі свайго роду і не сароміцца, а, наадварот, так ганарыцца сваім вядомым саксонскім паходжаннем, што ўсе завуць яго Седрыкам-Саксонцам.

— Вы, прыёр Эймер, — сказаў рыцар, — знаўца жанчын, асвечаны ў пытаннях полу ды справах кахання, а тая славутая Равена мабыць будзе вельмі прыдатная, каб ураўнаўнаважыць ува мне самаадданасць ды стрыманасць, якія, відаць, будуць патрэбны мне, таму што я хочу набыць прыхільнасць таго ўпартага саксонца, які, паводле вашых слоў, яе бацька, Седрык.

— Седрык не бацька ёй, — адказаў прыёр, — а далёкі сваяк. Яна шляхетнейшай крыві, як і ëн, — таму ён узяў апеку над ёю. А таму яна дорага яму, як родная дачка. Што да яе выгляду, хутка вы будзеце мець магчымасць пабачыць самі, і калі нежнае яе аблічча ды велічны, хоць і лагодны, погляд яе сініх вачэй не прагоняць з вашых думак чарнавокіх дзяўчат Палестыны, тады лічыце мяне за нявернага бусурмана, а не за шчырага сына царквы.

— Калі мы ўзважым на вазе вашу хвалёную красуню, — сказаў храмоўнік, — і яна выявіцца надта лёгкай, спадзяюся вы памятаеце наш заклад?

— Залаты ланцуг з майго боку, — адказаў прыёр, а з вашага — дзесяць бочак хіёскага віна. Яны мае — гэта пэўна, быццам яны ўжо ляжаць у манастырскіх падвалах.

— Але-ж за суддзю буду я сам, — гаварыў далей рыцар, — і павінен сам прызнацца, што такой красуні не бачыў цэлы год, пачынаючы ад самых зялёных свят. Такой была наша ўмова. Прыёр, вашаму ланцугу пагражае небяспека: ён будзе ухарошваць мой нагруднік у часе турніру ў Ашбі-дэ-ля-Зуш.

— Выйграйце яго сумленна, — сказаў прыёр, — і тады насіце сабе наздароўечка. Але-ж паслухайце мае парады, брат, трымайце язык за зубамі. Калі Седрык-Саксонец абразіцца, а ён вельмі ўражлівы ў гэтых адносінах — ён не ўшануе ні вашага рыцарскага чыну, ні майго высокага сану і мігам выганіць нас з дому і пашле начаваць разам з жаўранкамі ў лесе, хоць-бы і сярод ночы. І асцярожна паглядайце на Равену: бо калі ён адчуе тут хоць самую малую трывогу, — мы загінулі. Кажуць, ён выгнаў з дома свайго адзінага сына за тое, што той адважыўся глянуць закаханымі вачыма на гэту красуню.

— Добра што вы сказалі, — адказаў рыцар, — я сёння ўвечары буду стрымлівацца і паводзіцца лагодна і прыстойна, быццам сарамлівая дзяўчына. Але не бойцеся — не выганіць нас Седрык; я з сваёю дружынаю маю досыць сілы, каб здабыць сабе начлег.

— Не трэба заходзіць так далёка у сваіх учынках, — адказаў прыёр, — вось і той крыж, пра які казаў нам блазен, ды ноч такая цёмная, што не відаць, якою дарогаю нам ехаць. Здаецца, ён казаў, нам трэба ўзяцца ўлева.

— Не, направа, — сказаў Брыян, — мне памятаецца, што направа.

Агледзеўшыся, рыцар сказаў:

— Тут нехта ёсць каля крыжа: ці спіць, ці мёртвы… Гуго, крані яго канцом твайго кап’я.

Толькі што зброяносец дакрануўся да ляжачага, як той ускочыў, ускрыкнуўшы на чыстай французскай мове:

— Хто-б ты ні быў, з твайго боку вельмі нетактоўна перарываць так мае развагі!

— Мы толькі хацелі запытаць вас, — сказаў прыёр, — як праехаць у Ротэрвуд, да жылля Седрыка-Саксонца.

— Я і сам іду туды-ж, — сказаў незнаёмы, — і калі-б у мяне быў верхавы конь, я ўзяўся-б праводзіць вас, таму што дарога туды вельмі блытаная, а я яе ведаю добра.

— Мы табе скажам дзякуй і ўзнагародзім цябе, мой сябра, — сказаў прыёр, — калі ты добра правядзеш нас да Седрыка.

Абат загадаў аднаму са слуг перасесці на яго ўласнага іспанскага жарабца, а таго каня, на якім ён ехаў, уступіць незнаёмаму, які ўзяўся іх праводзіць.

Праваднік паехаў у бок, якраз супроцьлеглы таму, куды іх накіраваў Вамба, які хацеў, каб яны заблудзілі. Сцежка ішла ў самы гушчар лесу, перасякала некалькі раўчакоў, што цяклі па багністаму балотнаму грунту, дзякуючы чаму перапраўляцца праз іх было досыць небяспечна. Незнаёмы, здавалася, напамяць ведаў гэту мясцовасць і беспамылкова выбіраў самыя цвёрдыя месцы грунта і найбольш бяспечныя пункты пераправы. Уважліва і асцярожна вядучы іх уперад, ён вывеў атрад на шырокую прасеку, у канцы якой віднеўся вялікі, нізкі і няправільны будынак. Паказаўшы на яго рукою, праваднік сказаў абату:

— Вось Ротэрвуд, жыллё Седрыка-Саксонца.

Прыёр Эймер быў ні жывы, ні мёртвы ўвесь час праезду па багністых нізінах і быў ад страху ў такім прыдушаным стане, што не пацікавіўся нічога запытаць у незнаёмага. Затое цяпер, адчуваючы што небяспека мінула і недалёка ад прытулка, ён мігам падбадзёрыўся. Цікавасць яго той-жа час абудзілася і ён пачаў дапытваць правадніка, хто ён і адкуль.

— Я пілігрым, толькі што вяртаюся з Святой зямлі, — адказаў той.

— Лепш-бы там і засталіся ваяваць за авалоданне святой дамавінай, — сказаў рыцар храма.

— Вы праўду кажаце, яснавяльможны пане рыцар, — адказаў пілігрым, якому аблічча храмоўніка было, як відаць, добра знаёма, — але калі тыя, хто кляўся, што вызваліць святы горад, могуць апынуцца так далёка ад месца сваёй абавязковай дзейнасці, няма нічога дзіўнага, што просты селянін, як я, не выконвае той справы, ад якой ухіляюцца яны.

Яны пад’ехалі да жылля Седрыка. Гэта быў прыземісты будынак у некалькі двароў з агарожамі і займаў вельмі значны ўчастак зямлі. Вакол усёй сядзібы быў выкапаны глыбокі роў, напоўнены вадою з суседняй рэчкі. Падвойны частакол з завостраных бярвенняў абараняў і ўнутраны, знадворны вал траншэі. З заходняга боку сядзібы знаходзілася ў знадворнай агарожы брама, якая злучалася з пад’ёмным мастом з такой-жа брамай унутранага частакола. Па баках абодвух брам сцены з перасцярогі былі зроблены выступамі, так што ў выпадку патрэбы ў кутках іх можна было паставіць стралкоў або прашчнікаў.

Спыніўшыся перад варотамі, рыцар храма голасна затрубіў у рог. Дождж, які даўно збіраўся, лінуў, як з вядра.


  1. Эпікурыйскі — той, што ставіць вышэй усяго асалоду.
  2. Франклін — (нармандскі), тан (саксонскі) — феадал-землеўладар.
  3. Рыцар храма (Інакш храмоўнікі або тампліеры) — духоўна-рыцарскі ордэн, які меў ваенны характар. Меў велізарныя зямельныя ўладанні.