Айвенго (1934)/XX
← Раздзел XIX | Айвенго. Раздзел XX Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XXI → |
РАЗДЗЕЛ XX
ПРАЙШОЎШЫ гадзіны тры са сваім таямнічым спадарожнікам, слугі Седрыка дайшлі да невялікай палянкі сярод лесу, у цэнтры якой вялікі дуб прасціраў ва ўсе бакі свае магутныя галіны. Пад дрэвам ляжалі на траве чацвёра ці пяцёра іëменаў, адзін вартавы пахаджваў узад і ўперад пры святле месяца.
Пачуўшы набліжэнне крокаў, вартавы разбудзіў тых, што спалі, яны мігам ускочылі на ногі і ўсе разам нацягнулі лукі. Шэсць стрэл ляглі на цеціву і накіраваліся ў той бок, адкуль чутны быў шолах, але як толькі стралкі ўбачылі і спазналі павадыра, яны віталі яго са ўсімі адзнакамі пашаны і прыхільнасці, нечага было баяцца з іх боку няпрыязных выпадаў.
— Дзе Мельнік?
— На шляху да Ротэргема.
— Колькі пры ім народу?
— Шэсць чалавек і ёсць надзея на добрую пажыву, калі дапаможа святы Нікалай.
— Пабожна сказана! — заўважыў Локслі. — А дзе Ален з Даліны?
— Пайшоў на шлях да Уотлінга, падпільнаваць прыёра з Жарво.
— І гэта добра прыдумана, — сказаў капітан, — а дзе манах?
— У сябе ў келлі.
— Туды я сам пайду, — сказаў Локслі, — а вы ідзіце ў розныя бакі і збярыце ўсіх таварышоў. Старайцеся сабраць як мага больш народу, таму што ёсць на прыкмеце буйная дзічына, якую прыдзецца высочваць з цяжкасцю, прытым яна кусаецца. Досвіткам прыходзьце ўсе сюды, і я тут буду. Пастойце! — дадаў ён. — Я ледзь не запамятаў самага галоўнага: няхай двое з вас пойдуць хутчэй да Торкільстона, замка рыцара Фрон дэ-Бëфа. Партыя пераапранутых храбрацоў, апранутых гэтак, як мы, вязе туды некалькіх палонных. Сачыце за ім неадступна. Калі нават яны дабяруцца да замка раней, чым мы паспеем сабраць сілы, мы гонарам абавязаны пакараць іх і павінны знайсці спосабы зрабіць гэта. Добра сачыце за імі, няхай той з вас, хто ўсіх лягчэй на ногі, прынясе мне вестку аб тым, што ў іх там робіцца.
Стралкі абяцалі ўсё выканаць дакладна і хутка разышліся ў розныя бакі.
Тымчасам начальнік лясной вольніцы і слугі Седрыка, якія глядзелі на яго цяпер з помессю павагі і боязні, ішлі да капліцы ўрочышча Копмангерст.
Калі яны дайшлі да асветленай месяцам палянкі і ўбачылі поўразбураныя рэшткі капліцы і побач з ёю беднае жыллё пустэльніка. Вамба прашаптаў на вуха Гурту:
— Калі тут сапраўды жыве злодзей, значыцца, праўду гаворыць прыказка, што чым бліжэй да царквы, тым далей ад бога… І я гатоў закласці сваю шапку, што гэта так і ёсць… Паслухай, што гэта за спевы чуваць у келлі пустэльніка!
У гэту хвіліну пустэльнік і яго госць на ўсё горла спявалі старую застольную песню:
Гэй, хутчэй, давай келіх сюды. |
— Нядрэнна спяваюць, дальбог! — сказаў Вамба, спрабуючы падцягнуць прыпеў. — Але скажы на ласку, хто-б мог чакаць такіх спеваў у глухую поўнач у келлі пустэльніка!
— Што-ж тут дзіўнага, — сказаў Гурт, — усім вядома, што тутэйшы алтарнік вясёлы хлапец і сваімі рукамі пераводзіць ледзь не ўсю дзічыну, якая трапляецца ў гэтых месцах. Гавораць, быццам лясны вартаўнік скардзіўся на яго свайму начальству, і калі пустэльнік не будзе трымаць сябе больш прыстойна, яго хочуць пазбавіць манахаўскага сану і зняць з пасады.
Пакуль яны гутарылі, Локслі так стукнуў у дзверы, што пустэльнік і яго госць адразу спынілі спевы.
— Клянуся ружанцам, — прагаварыў пустэльнік, раптам абарваўшы звонкія раскаты свайго моцнага голасу, — вось стукаюцца яшчэ больш познія госці. Нядобра будзе, калі яны нас застануць у такіх прыемных занятках. У кожнага чалавека ёсць нязычлівыя людзі, шаноўны Гультай; і, чаго добрага, злыя языкі скажуць, што я не табе аказаў гасціннасць, не прыняў зморанага падарожніка і не прабыў з ім гадзіны тры начнога часу, а сам п’янстваваў і распуснічаў, што несумясціма ні з маім званнем, ні з маім характарам.
— Вось агідны паклёп! — сказаў рыцар. — Пападзіся мне пад руку такі паклёпнік, я яго правучу як след. Аднак гэта праўда, святы алтарнік, што ў кожнага чалавека ёсць ворагі. І ў тутэйшым краі ёсць такія людзі, з якімі я з большай ахвотай гаварыў-бы праз краты майго забрала, чым з адкрытым тварам.
— Дык надзявайце хутчэй на галаву свой жалезны гаршчок, сябра Гультай, ды паспяшайся, наколькі дазваляе твая натура, а я тымчасам прыбяру гэтыя алавяныя пляшкі. Тое, што ў іх было наліта, неяк дзіўна шабоўтаецца цяпер у маёй галаве… а каб не чуць было бразгату пасуды… таму што ў мяне сапраўды трасуцца рукі, падцягні мне на той голас, якім я зараз заспяваю… усёроўна якія словы… я і сам-то не вельмі добра іх памятаю…
Сказаўшы гэта, ён зычным голасам зацягнуў „З глыбіні воззвах…“ і пад шумок пачаў прыбіраць сляды банкетоўкі, а рыцар, смяючыся ад душы, апранаў сваё ўзбраенне і старанна падцягваў гаспадару кожны раз, як паспяваў прыдушыць рогат.
— Што ў вас за чортава ютраня ў такі позні час? — пачуўся голас з-за дзвярэй.
— Даруй вам божа, сэр вандроўнік! — адказаў пустэльнік, з-за ўзнятага шуму, а можа, і з п’яных вачэй не спазнаўшы гэты голас, які быў яму вельмі добра знаёмы.
— Ідзіце сваёю дарогаю, у імя бога і святога Дунстана, і не перашкаджайце мне і вялебнаму сабрату майму чытаць малітвы.
— Ці не з глузду ты з’ехаў, манах? — адказаў голас знадворку. — Адамкні, гэта я, Локслі!
— А-а! Ну, акурат, усё добра! — сказаў пустэльнік, звяртаючыся да госця.
— Гэта-ж хто такі? — запытаў Чорны Рыцар. — Для мяне вельмі важна гэта ведаць.
— Хто такі?.. Я ж табе кажу, што сябра! — адказаў пустэльнік.
— Які такі сябра? — вымагаў рыцар. — Можа ён табе сябра, а мне вораг.
— Які сябра, — сказаў пустэльнік. — Гэта, ці ведаеш, такое пытанне, якое лягчэй задаць, чым адказаць на яго. Які сябра?.. Ды вось, калі добра скеміць, гэта той самы дабрак, сумленны вартаўнік, пра якога я табе нядаўна гаварыў.
— Разумею, — прагаварыў рыцар, — значыцца, ён такі-ж сумленны вартаўнік, як ты пабожны манах? Адчыні-ж яму дзверы, а то ён сарве іх з завес.
— Між тым, сабакі, якія спачатку ўзнялі шалёны брэх, цяпер пазналі па голасу таго, хто стаяў за дзвярыма, і сціхлі, а замест таго, пачалі драпацца ў дзверы і вісчаць, відаць жадаючы, каб прыйшоўшага хутчэй упусцілі.
Пустэльнік зняў з дзвярэй завалы і ўпусціў Локслі і абодвух яго спадарожнікаў:
— Слухай, ойча, — сказаў іëмен, увайшоўшы і ўбачыўшы рыцара, — гэта што за сабутыльнік у цябе ў гасцях?
— Гэта манах нашага ордэна, — адказаў пустэльнік, пакачваючы галавою, — мы з ім усю ноч малітвы чыталі.
— Напэўна ён служка ваяўнічай царквы, — адказаў Локслі, — гэта брація цяпер усюды сустракаецца. Я табе гавару, манах, адлажы свае ружанцы ў бок і бярыся за дубінку. Нам цяпер кожны чалавек дарагі, усёроўна, ці духоўнага звання ці свецкага. А ты здаецца, ашалеў, — дадаў Локслі, адводзячы пустэльніка ў бок і прыцішаючы голас. — Як-жа можна прыняць у госці зусім невядомага рыцара? Ці ты запамятаў артыкулы нашага статута?
— Як невядомага? — смела адказаў манах. — Я яго добра ведаю, не горш, як жабрак сваю міску.
— Як-жа яго завуць? — запытаў Локслі.
— Як яго завуць? — паўтарыў пустэльнік. — А завуць яго сэр Антоні Скрэбльстон… Вось яшчэ! Буду я піць з чалавекам, не ведаючы як яго завуць!
— Ты, брат, вельмі шмат піў сёння, — сказаў іёмен, — і таго і глядзі, вельмі шмат балбатаў.
— Сябра іёмен, — сказаў рыцар, падыходзячы да іх, — не злуйся на вясёлага гаспадара. Ён аказаў мне гасціннасць, гэта праўда, але калі-б ён не згадзіўся так паступіць, я-б прымусіў яго гэта зрабіць.
— Ты б прымусіў? — сказаў пустэльнік. — Вось пачакай, зараз я перамяню сваю шэрую хламіду на зялёную камзэльку, і тады так аддубашу цябе дубінкай па галаве, што спазнаеш які я малайчына.
З гэтымі словамі ён скінуў з сябе шырокую расу і, застаўшыся ў чорнай палатнянай фуфайцы і сподніках, уміг апрануў зялёны каптан і такія-ж штаны.
— Дапамажы мне, калі ласка, зашнуравацца на ўсе петлі, — сказаў ён, звяртаючыся да Вамбы, — за працу я табе паднясу чарку моцнага віна.
— Дзякую за ласкавае слова, — адказаў Вамба, — толькі ці не грэх мне будзе дапамагаць табе ператварацца з святога пустэльніка ў ляснога бадзягу?
— Не бойся, — сказаў пустэльнік. — Варта мне паспавядаць свае зялёныя грахі свайму шэраму балахону і ўсё будзе добра.
— Аман! — сказаў блазен. — Суконнаму грэшніку належыць мець справу з палатняным духоўнікам, так што за адно няхай ужо твой балахон дасць адпушчэнне грахоў і маёй куртцы.
Гаворачы гэта, ён дапамог манаху зацягнуць шнуркі ў безліч петляў, якія злучалі штаны з фуфайкай.
Пакуль яны гэта рабілі, Локслі адвёў рыцара ў бок і сказаў яму:
— Не адмаўляйцеся, сэр, вы той самы рыцар, які вырашыў перамогу ў карысць англічан, супроць чужаземцаў на другі дзень турніру ў Ашбі.
— Што-ж з таго, калі ты адгадаў, сябра іëмен? — сказаў рыцар.
— У такім выпадку, — адказаў іёмен, — я мог-бы лічыць вас прыхільнікам слабейшай партыі?
— Такі просты абавязак кожнага сапраўднага рыцара, — сказаў Чорны Рыцар, — мне было-б крыўдна, калі-б пра мяне думалі інакш.
— Але для маіх мэтаў, — сказаў іëмен, — мала таго, каб ты быў добрым рыцарам; трэба каб ты быў у дадатак і добрым англічанінам. Тое, аб чым я хачу пагаварыць з табою датычыць, бадай, і кожнага сумленнага чалавека, але ў асаблівасці яно абавязкова для кожнага прыроднага сына гэтай краіны.
— Наўрад ці знойдзецца чалавек, — адказаў рыцар, — якому Англія была-б даражэй, чым мне.
— З ахвотаю веру гэтаму, — сказаў іëмен. — Паслухай, я табе раскажу аб адным прадпрыемстве, у якім ты можаш прыняць пачэсны ўдзел, калі ты сапраўды такі, якім здаешся мне. Справа вось у чым. Банда нягоднікаў, пераапранутых у адзежу людзей куды чысцей сябе, завалодала адным знатным англічанінам, па прозвішчу Седрык-Саксонец, а таксама яго выхаванкай і сябром Атэльстанам Конінгсбургскім і павязла іх у адзін з замкаў, што знаходзіцца ў гэтым лесе, які называецца Торкільстон. Скажы мне, як добры рыцар і добры англічанін, хочаш дапамагчы нам выручыць іх?
— Мой абавязак гэта зрабіць, — адказаў рыцар, — але мне хацелася-б ведаць, хто ты, што просіш дапамогі ў іх карысць?
— Я, — сказаў іëмен, — нязнатны чалавек; але я сябра мае бацькаўшчыны і тых, хто любіць яе. Будзь здаволены пакуль гэтымі весткамі аб маёй асобе, тым больш, што і сам ты хочаш заставацца безыменным. Аднак павер, што маё шчырае слова гэтак-жа вернае, як калі-б я насіў залатыя шпоры.
— Гэтаму я з ахвотаю паверу, — сказаў рыцар, — я прывык вывучаць чалавечыя фізіяноміі, а на тваім твары бачу шчырасць і цвёрдую волю. Таму больш не буду ні аб чым цябе распытваць, а проста дапамагу табе выпусціць на волю тых палонных, пасля чаго, спадзяюся, мы з табою пазнаёмімся бліжэй і, растаючыся, будзем здаволены адзін адным.
Пустэльнік канчаткова пераапрануўся. Вамба, вызвалены ад абавязкаў камердынера, перайшоў на другі канец хаціны і мімаходам пачуў канец гутаркі.
— Вось як, — шапнуў ён Гурту, — у нас, значыцца, будзе новы саюзнік! Будзем спадзявацца, што адвага гэтага рыцара акажацца не такой фальшывай манетай, як пабожнасць пустэльніка.
Пустэльнік паспеў узяць усе прыналежнасці іёмена, прывесіў сабе меч, шчыт на руку, узяў у рукі лук, калчан са стрэламі, а цераз плячо перакінуў цяжкі бердыш. Ён выйвыйшаў наперадзе ўсіх з хаціны, потым старанна замкнуў дзверы, а ключ засунуў пад парог.
— А што, брат, прыгодны ты цяпер для справы, — запытаў Локслі, — ці хмель усё яшчэ шуміць у цябе ў галаве?
— Шуміць то шуміць, — адказаў манах,але варта толькі хлебануць вады з купелі святога Дунстана, і ўсё зараз як рукой зніме. У галаве, праўда, гудзе штосьці і ногі мяне не слухаюць, але ўбачыш як усё гэта мігам пройдзе.
З гэтымі словамі ён пайшоў да каменнага басейна, прыпаў да яго ротам і піў так доўга, як быццам задумаў выпіць усю чашу.
— Здаралася табе калі-небудзь выпіваць столькі вады, святы алтарнік з Копмангерста? — запытаў Чорны рыцар.
— А вось, бачыш, аднойчы здарылася, што мая бочка з віном рассохлася і віно выцекла беззаконным шляхам; тады мне не было чаго піць акрамя вады, я і піў з святой крыніцы; а з таго часу не здаралася, адказаў манах.
Тут ён апусціў руку ў ваду, потым галаву і абмыў такім чынам усе сляды паўночнай папойкі.
Працверазіўшыся канчаткова, вясёлы пустэльнік ухапіў свой цяжкі бердыш трыма пальцамі і, круцячы яго над галавой, як кіёк, закрычаў:
— Дзе яны, агідныя зладзеі, якія ўвозяць дзяўчат супроць іх волі? Хай мяне д’ябал возьме, калі я не спраўлюся з цэлым тузінам такіх агіднікаў!
— Ты і лаяцца ўмееш, святы алтарнік, — сказаў Чорны Рыцар.
— Досыць мяне ў алтарнікі залічаць! — засупярэчыў яму пераапрануты манах. — Я толькі да таго часу манах, пакуль у мяне раса на плячах… А як папаў у зялёны каптан, дык магу п’янстваваць і лаяцца не горш любога лесніка заходніх акруг!
— Ідзі наперад, балака, — сказаў Локслі, — ды памаўчы крыху; ты сёння шуміш, як цэлы натоўп манахаў на куццю, калі айцец ігумен улёгся спаць… Пойдзем і вы, панове, марудзіць няма чаго. Паспяшайма, трэба хутчэй сабраць сілы. Усё-такі мала ў нас будзе народу, калі давядзецца браць прыступам замак Рэджынальда Фрон дэ-Бёфа.
— Што? — ускрыкнуў Чорны Рыцар. — Дык гэта Фрон дэ-Бёф выходзіць зараз на гасцінец і бярэ ў палон мірных людзей? Хіба ён стаў злодзеем і прыгнятацелем?
— Прыгнятацелем ён заўсёды быў, — сказаў Локслі.
— А што да зладзейства, — падхапіў манах, — дык добра, каб ён хоць на палову быў такі сумленны, як шмат хто з знаёмых мне зладзеяў.
— Ідзі, ідзі, манах, і маўчы, — сказаў іёмен, — лепш-бы ты больш уважліва правёў нас на зборнае месца, чым балбатаць тое, чаго не трэба гаварыць для прыстойнасці і асцярожнасці.