Раздзел XX Айвенго. Раздзел XXI
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXI

— ТАБЕ час ужо выязджаць ад нас, сэр Морыс, — гаварыў храмоўнік рыцару дэ-Брасі, — цяпер пара прыступіць да другой часткі тваёй містэрыі і адыграць ролю рыцара-вызваліцеля.

— Не, я перадумаў, — сказаў дэ-Брасі, — я да таго часу не расстануся з табою, пакуль здабыча не будзе дастаўлена цэлаю ў замак Фрон дэ-Бёф. Тады я з’яўлюся перад лэдзі Равенай у маім сапраўдным выглядзе і спадзяюся так зрабіць, каб яна прыпісала майму гарачаму палу той гвалт, які я зрабіў.

— А з якой прычыны ты змяніў свой першапачатковы план, дэ-Брасі? — запытаў храмоўнік.

— Гэта цябе не датычыць.

— Спадзяюся, аднак, сэр рыцар, што такая перамена адбылася не адтаго, што ты западозрыў мяне у несумленных намерах, пра якія табе стараўся нагаварыць Фіц-Урс?

— Што я думаю, тое няхай і застанецца пры мне.

— Чаго табе баяцца? — не спыняўся храмоўнік. — Ты-ж ведаеш, якія зарокі накладае наш ордэн?

— Яшчэ-б! Але я ведаю таксама, як гэтыя зарокі выконваюцца. Досыць, сэр рыцар, я не адважуся ні ў чым пакладацца на тваё сумленне.

— Дык ведай-жа, прынамсі, — сказаў храмоўнік, — што я ніколькі не цікаўлюся тваёй сінявокай красуняй. У адным атрадзе з ёю ёсць другая, якая мне куды больш падабаецца.

— Як? — сказаў де-Брасі.

— Сярод палонных ёсць у мяне здабыча не горш твае.

— Значыцца, ты гаворыш аб прыгожай яўрэйцы? — сказаў дэ-Брасі.

— А калі і так, — сказаў Буагільбер, — хто можа мне супярэчыць у гэтым?

— Наколькі мне вядома, ніхто, — адказаў дэ-Брасі, — хіба толькі зарок аб тым, што не будзеш жаніцца…

— Наконт зароку, — сказаў храмоўнік, — я маю дазвол ад нашага гросмайстра, а што датычыць сумлення… калі чалавек сваёю рукою забіў да трох сот сарацінаў, здаецца, можна яму не лічыць кожнага дробнага грашка, які можа з ім здарыцца.

— Табе лепш ведаць, якія ты, маеш прывілеі, — сказаў дэ-Брасі, аднак я гатоў быў паклясціся, што грашовыя мяшкі старога яўрэя прывабліваюць цябе куды больш, чым чорныя вочы яго дачкі.

— Тое і другое пасвойму прывабліва, — адказаў храмоўнік. — Аднак, стары яўрэй толькі напалову мая здабыча. Прыдзецца дзяліць яго чырвонцы папалам з Рэджынальдам Фрон дэ-Бёф, які не дасць нам дарма размясціцца ў яго замку.

Пакуль між рыцарамі адбывалася гэта гутарка, Седрык усімі спосабамі стараўся выпытаць ад акружаючай яго варты, што яны за людзі і з якой мэтай зрабілі напад.

— З выгляду вы англічане, — гаварыў ён, — і між тым накінуліся на сваіх землякоў, як сапраўдныя нармандцы! Што-ж вам трэба ад мяне? І навошта ўчыняеце гвалт над мною? Вашы ўчынкі паказваюць, што вы нічым не лепш звераў, няўжо вы хочаце прыпадобіцца бясслаўнай скаціне нават сваім маўчаннем?

Але дарэмна Седрык звяртаўся да свае варты. У людзей, прыстаўленых вартаваць яго, было шмат грунтоўных падстаў маўчаць, а таму ён не мог іх дацяць ні гневам, ні ўгаворамі. Яны прадаўжалі хутка везці яго наперад, покуль урэшце ў канцы шырокай прысады мільгнуў Торкільстон, старажытны замак, які належыў Рэджынальду Фрон дэ-Бёф.

Як толькі Седрык убачыў абрысы гэтых вежаў і зубчастых шэрых сцен замка, што абраслі мохам і ўзнімаліся над акружаючымі іх лясамі, яму адразу стала зразумела здарыўшаеся з ім няшчасце.

— Дарэмна я пакрыўдзіў зладзеяў і разбойнікаў тутэйшых лясоў, — сказаў ён, — тым, што падумаў, быццам вы з іх зграі. Гаварыце, паскудныя сабакі, чаго дамагаецца ваш гаспадар: маёй смерці ці майго багацця?

Варта і на гэтыя словы адказала такім-жа маўчаннем, як на папярэднія, і спынілася толькі перад брамаю замка. Дэ-Брасі тройчы пратрубіў у рог; тады стралкі з лукамі і арбалетамі, якія ўкрылі верх сцяны, пры іх набліжэнні паспяшаліся сысці ўніз, спусціць пад’ёмны мост і ўпусціць гасцей у замак. Варта прымусіла палонных элезці з коняй і адвяла іх у залу, дзе ім наспех прапанавана было снеданне, але ніхто, акрамя Атэльстана, не меў жадання дакрануцца да яды. Між іншым, і яму таксама не далі часу грунтоўна заняцца паданаю ядою, таму што варта дала зразумець Седрыку, што іх запруць у памяшканне, зусім асобнае ад лэдзі Равены.

Супраціўляцца было бескарысна і іх прымусілі прайсці ў вялікі пакой, скляпеністая столь якога апіралася на нязграбныя калоны саксонскага тыпу.

Потым і лэдзі Равену разлучылі з яе дружынай і праводзілі, хоць вельмі ветліва, але не пытаючы яе жадання, у асобны пакой. Такі-ж сумленны гонар быў аказаны і Рэвецы, не гледзячы на просьбы яе бацькі. Стары ў адчаі прапанаваў нават грошы, абы толькі дачцы дазволена было заставацца пры ім.

Старога адцяглі ад Рэвекі і павялі асобна ад астатніх палонных. Прыслугу абшукалі, абяззбролі і заперлі ў другой частцы замка, а Равену пазбавілі нават уцехі мець пры сабе яе любімую служанку, Эльгіту.

Пакой, куды пасадзілі абодвух саксонскіх правадыроў, у сучасны момант адыгрываў ролю гауптвахты, але у старыя часы гэта была галоўная зала замка.

Седрык усхвалявана хадзіў узад і ўперад па пакою, а яго сябра, якому прыродная апатыя замяняла цярпенне і філасофскую цвёрдасць духу, абыякава адносіўся да ўсяго, акрамя нязручнасцей данай хвіліны. Але і гэта яго так мала трывожыла, што ён больш маўчаў, толькі рэдка адказваючы на ўзбуджаную і гарачую гаворку Седрыка.

— Выпадак досыць сумны! — уздыхнуў Атэльстан, — але спадзяюся, што яны прызначаць усё-такі досыць памяркоўны выкуп. Ва ўсякім выпадку, наўрад ці маюць яны на ўвазе марыць нас голадам. Аднак я думаю, што ўжо поўдзень, а я не бачу ніякай падрыхтоўкі да абеда. Паглядзіце ў акно, шляхетны Седрык, і пастарайцеся адгадаць па напрамку сонечных праменняў, ці хутка поўдзень?

— Лепш было-б нам мірна і вольна есці хатнія харчы, чым прывыкаць да заморскіх ласункаў, ахвота да якіх і звязала нас па руках і па нагах і аддала ў няволю чужаземцу!

— Мне цяпер і самая простая яда здалася-б ласункам, — сказаў Атэльстан.

Покуль саксонец аддаваўся сумным марам, дзверы іх турмы адчыніліся і ўвайшоў буфетчык з белым посахам, адзнакай свайго звання. Гэты паважны саноўнік урачыстаю хадою ўвайшоў у залу, а за ім чацвёра служак уняслі стол, устаўлены ядою, выгляд і пах якіх мігам згладзіў у душы Атэльстана ўсе папярэднія ўражанні. Усе слугі, якія прынеслі абед, былі ў масках і плашчах.

— Гэта што за маскарад? — сказаў Седрык. — Ці не думаеце вы, што мы не ведаем хто забраў нас у палон? Скажыце гаспадару, — гаварыў ён далей, карыстаючыся выпадкам пачаць перагаворы аб сваім вызваленні, — перадайце вашаму гаспадару, Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, што адзінай прычынай, якой мы можам сабе растлумачыць учынены над намі гвалт, мы лічым яго беззаконнае жаданне абагаціцца за наш кошт. Скажыце яму, што мы гатовы задаволіць яго хцівасць, як паступілі б у падобных абставінах адносна ўсякага разбойніка па рамяству. Няхай ён вызначыць, які хоча атрымаць выкуп за наша вызваленне, і калі лічба не перавысіць нашых сродкаў, мы яе заплоцім.

Буфетчык, замест адказу, толькі кіўнуў галавою.

— І яшчэ скажыце Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, — сказаў Атэльстан, — што я пасылаю яму выклік на смяротную бойку і прапаную біцца пешша або конна ў любым зручным месцы праз восем дзён пасля майго вызвалення. Калі ён сапраўдны рыцар, дык не пасмее пры зручных абставінах ні адмовіцца даць мне здавальненне, ні адкласці час паядынку.

— Перадам рыцару ваш выклік, — адказаў буфетчык, — а пакуль даю вам магчымасць паесці.

Выклік, пасланы Атэльстанам, выказаны быў так нязграбна, што не мог зрабць належнага эфекту: ён набіў сабе поўны рот яды, так што абедзве сківіцы былі заняты адначасова, прытым гаварыў вельмі павольна, чаму спрыяла яго прыродная нерашучасць, і такім чынам уражанне ад яго адважнай прамовы было значна паслаблена.

Тым не менш Седрык вітаў яе, як безумоўную адзнаку абуджэння ваяўнічага духу ў свайго спадарожнка, абыякавасць якога пачынала яго нерваваць, не гледзячы на ўсю павагу, з якой ён адносіўся да высокага паходжання Атэльстана.

Не паспелі палонныя добра пад’есці, як увага іх была адцягнута ад гэтага надзвычай важнага занятку гукамі рога, у які затрубілі перад брамай замка. Гук гэты паўторан быў тройчы.

Саксонцы страпянуліся, ускочылі з месц і паспяшыліся да акна, але нічога не ўбачылі, таму што акно выходзіла ў двор замка, а гукі рога чуліся з знадворнага боку сцен. Аднак было відавочна, што здарылася нешта важнае, таму што ў тую ж хвіліну у замку ўзнялася мітусня.