Раздзел XXXVI Айвенго. Раздзел XXXVII
Раман
Аўтар: Вальтэр Скот
1934 год
Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819)
Пераклад: Іван Гарбуз
Раздзел XXXVIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XXXVII

СУДЗІЛІШЧА змяшчалася на памосце, або той узвышанай частцы ў верхнім канцы залы, якая прызначалася для гаспадароў і самых ганаровых гасцей у доме і была звычнайнаю прыналежнасцю кожнага важнага і старадаўняга жылля.

На высокім крэсле, проста супроць падсуднай сядзеў гросмайстар ордэна храмоўнікаў, у даўгім і пышным адзенні белага колеру, трымаючы ў руках посах, увенчаны крыжам. Каля ног яго паставілі стол, а за сталом сядзелі два пісары, з ліку капеланаў ордэна, абавязаных пісаць пратакол. Іх чорныя рызы, брытыя макаўкі і пакорлівыя постаці складалі простую супроцьлегласць ваяўнічаму выгляду прысутных рыцараў як пастаянных жыхароў прасепторыі, так і прыезджых, што сабраліся вітаць гросмайстра. Прэсептары, якіх было чацвёра на гэтым сходзе, займалі месцы ніжэй крэсла гросмайстра і крыху ззаду яго; яшчэ ніжэй іх, на простых лавах, і таксама ззаду прэсептараў, сядзелі рыцары не столькі важнага звання, а за імі, але ўсё-такі на тым-жа ўзвышшы, стаялі ўдоўж сцен зброяносцы ордэна ў беласнежнай вопратцы.

У астатніх частках залы і каля ўваходу стаяла варта, узброеная бердышамі, і шмат усякага народу, які сабраўся паглядзець за адзін раз на гросмайстра і на відовішча суда.

Паседжанне адкрылася спяваннем псальма, да якога гросмайстар далучыў свой нізкі і прыемны бас, які з гадамі не страціў сілы і прыгожасці.

Калі гукі псальма змоўклі, гросмайстар павольна абвёў вачыма ўвесь сход і заўважыў, што месца аднаго з прэсептараў было не занята. Сядзеўшы тут Брыян дэ-Буагільбер пакінуў яго і стаў каля самага канца аднае з лаў, дзе сядзелі рыцары храма. Адной рукой ён часткова прыкрываў свой твар складкамі даўгога белага плашча, а другой, трымаючыся за падобную на крыж рукаятку свайго мяча, у задуменні рысаваў па дубовай падлозе яго ніжнім канцом і выводзіў нейкія знакі ці пісьмо.

— Няшчасны чалавек! — прагаварыў ўпоўголаса гросмайстар, зрабіўшы ласку паглядзець на яго спагадлівым поглядам, — заўважваеш, Конрад, як яго каробіць ад нашай святой справы?

Гэта заўвага была сказана шэптам і звернута да аднаго толькі паверніка ўладара, Конрада Мон-Фітчэта. Цяпер-жа гросмайстар узняў голас і звярнуўся да ўсяго сходу:

— Вялебныя і харобрыя мужы, рыцары, прэсептары, сапраўдныя члены-сатаварышы нашага ордэна, брація і дзеці мае! І вы таксама, пабожныя зброяносцы! Таксама і вы, нашы брацці, людзі ўсякага звання! Няхай будзе вядома ўсім, што не ад недахопу асабістай нашай улады склікалі мы гэты сход; бо мы, пакорлівы раб божы, сілаю ўручанага нам гэтага посаха маем права чыніць суд і расправу ва ўсім, што датычыцца добрабыту нашага ордэна. Пры гэтым нам належыць як абавязак выслухоўваць думку браціі, але рабіць згодна ўласнага пераканання. Але калі шалёны воўк забраўся ў статак і схапіў аднаго з тых, што пасуцца, добры пастух абавязаны склікаць усіх сваіх сатаварышоў, каб сілкам і петлямі дапамаглі яму злавіць ворага, згодна ўсім вядомага артыкула нашага статута — усямерна і ва ўсякі час аддаваць льва на збіванне. А таму паклікалі мы ў гэту прысутнасць яўрэйскую жанчыну, завуць якую Рэвека, дачку Ісаака з Іёрка, што атрымала ганебную вядомасць вядзьмарствам і агіднымі чарамі, якімі ўзбунтавала яна кроў і пашкодзіла мазгі не простага чалавека, а рыцара; і не свецкай асобы, а рыцара, які прысвяціў сябе на службу храму, і не радавога рыцара-сатаварыша, а прэсептара нашага ордэна, старэйшага па значэнню і пашане: Брыяна дэ-Буагільбер. Калі мы пачулі, што такі чалавек раптоўна змяніў свой характар і, наперакор даным зарокам, не гледзячы на сатаварышоў, пагрэбаваўшы той будучыняй, якая перад ім адкрывалася, звязаўся з дзяўчынаю, вандраваў у такой непрыстойнай кампаніі па пустэльных месцах, абараняў яе асобу, рызыкуючы ўласным жыццём, і ўрэшце настолькі аслеп і звар’яцеў ад падобнай лёгкадумнасці, што прывёз яе і пасяліў у адну з прэсепторый нашага ордэна, — мы павінны былі падумаць, што сказаць аб гэтым, як не тое, што мабыць, шляхетны рыцар падпаў насланню або знаходзіцца пад уплывам чараўніцтва?.. Калі-б мы маглі думаць інакш, ні высокі сан яго, ні асабістая мужнасць, ні бліскучая рэпутацыя, ніякія меркаванні не перашкодзілі-б нам строга яго пакараць, і выкінуць з нашага асяроддзя, хоць-бы ён быў правай рукой і правым вокам нашага ордэна.

Ён прыпыніўся. Па ўсёй зале пачуўся ціхі шэпт.

— Такой, — прадаўжаў гросмайстар, — была-б цяжкая кара, якой падлягаў-бы рыцар храма, які-б добраахвотна і па ўласнаму пачынанню зрабіў вялікае злачынства супроць многіх найважнейшых артыкулаў нашага статута. Калі-ж з дапамогаю знахарства рыцар зрабіў усё гэта таму, што лёгкамысна паглядзеў на дзявочае хараство, дык мы павінны хутчэй тужыць за яго грахі, чым караць за іх; і налажыўшы на яго такую кару, якая дапаможа яму ачысціцца ад беззаконня, увесь цяжар нашага гневу пералажыўшы на прычыну, якая ледзь не прывяла яго да канчатковай пагібелі… А таму выступайце наперад усе, хто быў сведкаю такіх спраў, каб мы маглі судзіць аб іх сіле і ўласцівасцях і высветліць, ці можа правасуддзе наша задаволіцца пакараннем гэтай язычніцы ці мы павінны будзем пайсці далей і з болем у сэрцы пакараць таксама нашага брата!

Выклікана было некалькі чалавек, якія давалі паказанні ў тым сэнсе, што яны самі бачылі, як Буагільбер рызыкаваў сваім жыццём, ратуючы Рэвеку з пылаючага будынка. Стараннасць, выказаная рыцарам дзеля аховы Рэвекі, паводле іх слоў, пераступала межы не толькі простай разважнасці, але і самых крайніх праяў рыцарскай адданасці; а яго спакойныя адносіны да ўсяго, што яна гаварыла (негледзячы на тое, што гутарка яе была строгая і поўная дакораў) апісвалася такімі фарбамі, што з боку чалавека, вядомага сваёй гордасцю, падобныя адносіны здаваліся зусім незразумелымі.

Потым выкліканы быў прэсептар манастыра Тэмпльстоу, і у яго запыталі, якім чынам Буагільбер і Рэвека прыехалі ў прэсепторыю Мальвуазен даваў паказанні вельмі асцярожна; здавалася, што ён усялякім чынам імкнецца пашкадаваць пачуцці Буагільбера, аднак час-ад-часу ён пускаў у ход такія намёкі, з якіх відаць было, што ён лічыць рыцара як-бы часова звар’яцелым. З цяжкім уздыхам прэсептар каяўся публічна ў тым, што сам прыняў Рэвеку ў сцены прэсепторыі.

— Але прычыны такога майго ўчынку, — сказаў ён у заключэнне, ужо выказаны мною на споведзі перад высокавялебным айцом-гросмайстарам; яму вядома, што я гэта зрабіў не з дрэнным намерам, хоць і зрабіў няправільна. З радасцю перацярплю ўсякую кару, якую ён будзе мець ласку налажыць на мяне.

— Ты выказаўся добра, брат Альберт, — сказаў Бомануар, — твае намеры былі нядрэнныя, таму што ты палічыў за лепшае спыніць заблуднага брата на шляху да лёгкадумнай пагібелі. Але паводзіны твае былі памылковыя. Тройчы на тыдзень дазваляецца храмоўнікам есці мяса, а ты пасціў ва ўсе сем дзён; такое паслушэнства прызначаецца табе на шэсць тыдняў, пасля якіх адбудзеш тэрмін свае кары.

Прэсептар выказаў на твары сваім найглыбейшую пакорлівасць, пакланіўся ўладару да зямлі і сеў на сваё месца.

— Цяпер, брація, — сказаў гросмайстар, — ці не час будзе ўглыбіцца ў мінулае жыццё і паводзіны гэтай жанчыны праверыць, ці магла яна займацца знахарствам і псаваць людзей? Мяркуючы па ўсяму, што тут мы чулі, прыходзіцца заключыць, што заблудны брат наш дзейнічаў пад уплывам наслання і чараў.

Герман Гудольрык быў чацвертым з прэсептараў, якія былі ў наяўнасці, трое астатніх былі Конрад Мон-Фітчэт, Альберт Мальвуазен і сам Брыян дэ-Буагільбер. Герман быў пажылы чалавек ваяўнічага выгляду, з тварам, укрытым шрамамі ад мусульманскіх шабель, і карыстаўся пашанай і павагай сярод сваіх сабраццяў. Ён устаў і пакланіўся гросмайстру, які адразу дазволіў яму гаварыць.

— Я хацеў-бы даведацца, высокавялебны айцец, з вуснаў самога брата нашага, мужнага Брыяна дэ-Буагільбер, што ён думае наконт усіх гэтых дзіўных абвінавачванняў і як сам глядзіць у сучасны момант на свае няшчасныя адносіны да гэтай дзяўчыны?

— Брыян дэ-Буагільбер, — сказаў гросмайстар, — ты чуў пытанне нашага брата Гудольрыка? Загадваю табе адказаць яму.

Буагільбер павярнуў галаву ў бок гросмайстра, але прадаўжаў маўчаць.

— Ён апантаны д’яблам маўчання, — сказаў гросмайстар. — Гавары, Брыян дэ-Буагільбер, заклінаю цябе сімвалам нашага святога ордэна.

Буагільбер з найвялікшымі патугамі прыдушыў у сабе ўзрастаючае абурэнне і агіду, ведаючы, што выражэннем таго ці другога нічога не выйграе.

— Брыян дэ-Буагільбер, — адказаў ён, — не можа адказваць, высокавялебны айцец, на такія дзікунскія і няпэўныя абвінавачванні. Калі-ж закрануць яго гонар, ён будзе абараняць яго сваім целам і вось гэтым мячом, які не раз быў у бойцы з сарацінамі.

— Мы табе даруем, брат Брыян, — сказаў гросмайстар, — хоць ты і зграшыў перад намі, выхваляючыся сваімі баявымі ўчынкамі. Але мы даём табе дараванне, бачачы, што ты гаворыш не сам ад сябе, а па насланню таго, каго мы суцішым і выганім з нашага асяроддзя.

Пагардлівы погляд бліснуў з чорных вачэй бушаваўшага гневам Буагільбера, але ён нічога не адказаў.

— Ну, вось, — прадаўжаў гросмайстар, — хоць на пытанне нашага брата Гудольрыка і не было простага адказу, але мы будзем прадаўжаць наша расследванне, брація. Няхай тыя, каму што-небудзь вядома аб жыцці і паводзінах гэтай жанчыны, выступяць наперад і сведчаць аб тым перад намі.

У далёкім канцы залы пачуўся нейкі шум і мітусня, і на пытанне гросмайстра, што там такое, яму адказалі, што ў натоўпе ёсць калека, якому падсудная звярнула магчымасць рухацца, вылечыўшы яго цудадзейным бальзамам.

З натоўпу выштурхнулі наперад і паставілі перад судзілішчам нейкага саксонца.

Нехаця і са слязамі расказаў ён, што за два гады перад тым, жывучы ў Іёрку і знаходзячыся на службе ў старога Ісаака столярам, ён раптам захварэў балючай хваробай, злёг у ложак і не мог крануцца з месца, покуль не пачаў лячыцца згодна ўказанняў Рэвекі, а калі яна дала яму нейкі саграваючы і вельмі пахучы бальзам, гэта дапамагло і да некаторай ступені звярнула яму здольнасць рухацца. Акрамя таго, расказваў ён, яна дала яму з сабою бляшаначку гэтай каштоўнай мазі і яшчэ дала грошай на дарогу, каб ён мог звярнуцца дахаты да свайго бацькі, які жыве каля манастыра Тэмпльстоу.

— І дазвольце далажыць вашай вялебнасці, — закончыў сведка, — не можа таго быць, каб дзяўчына мела супроць мяне злы намер…

— Маўчы, нявольнік, — сказаў гросмайстар, — і ідзі прэч! Такой скаціне, як ты, толькі прыстойна лячыцца ў знахароў. У цябе яшчэ засталася тая мазь, пра якую ты гаворыш?

Селянін дрыжачаю рукою палез сабе за пазуху і выцягнуў адтуль маленькую бляшаначку з вечкам, на якім было напісана некалькі слоў яўрэйскімі літарамі.

— Ці няма тут каго з лекароў, хто-б мог і нам сказаць, з чаго прыгатавана гэта сакрэтная мазь?— запытаў гросмайстар.

Двое медыкаў, як яны сябе велічалі, з іх адзін манах, а другі цырульнік, выйшлі наперад і, разгледзеўшы мазь, абвясцілі, што састаў яе ім зусім невядомы, а пахне яна мірой і камфарой. Аднак падбухтораныя прафесійнай нянавісцю да супраціўніцы па рамяству, якая мела большы поспех, яны не абышліся без таго, каб не намякнуць, што дзякуючы таму, што яны не ведаюць саставу гэтага лякарства, дык яно, напэўна, зроблена з нейкіх магічных зёлак супроцьзаконным спосабам. Пасля гэтай урачэбнай экспертызы саксонец смірна папрасіў, каб яму звярнулі мазь, ад якое яму рабілася лягчэй, але гросмайстар грозна нахмурыўся і запытаў, гнеўна на яго паглядзеўшы:

— Як цябе завуць?

— Хіг, сын Снеля, — адказаў селянін.

— Дык слухай-жа, Хіг, сын Снеля, — сказаў Бомануар, — лепш быць калекаю і ўвесь век ляжаць на баку, чым прымаць гаючыя лекі ад ерэтыкаў. Ідзі і рабі, як я загадваю,

Хіг, сын Снеля, умяшаўся ў натоўп, але не пайшоў, зацікаўлены лёсам свае дабрачынніцы; ён застаўся паслухаць, чым скончыцца яе справа, хоць і рызыкаваў пры гэтым зноў сустрэцца з суровым поглядам пахмурага суддзі, перед якім дрыжэў да глыбіні душы.

У гэту хвіліну гросмайстар загадаў Рэвецы зняць пакрывала. Яна ў першы раз раскрыла вусны і сказала самым спакойным тонам, але з пачуццём уласнай годнасці, што для „дочак яе племені не звычна адкрываць твар у прысутнасці многіх мужчын і без іншых жанчын“. Мяккі гук яе голасу і лагодны адказ зрабілі некаторае ўражанне на прысутных, абудзіўшы ў іх жаль і спачуванне. Але Бомануар, які лічыў асаблівай заслугай прыдушваць у сабе ўсякія пачуцці, калі справа ішла аб выкананні выабражальнага абавязку, паўтарыў патрабаванне, каб яна зняла пакрывала. Вартаўнікі рвануліся наперад, з намерам сілком адкрыць яе твар, але яна стала перад гросмайстрам і сказала:

— Не, заклінаю вас любоўю да вашых дочак… але, прабачце, я забылася, што ў вас не бывае дочак… ну, хоць-бы ў памяць вашых матак, з любві да вашых сёстраў, не дазваляйце так абыходзіцца са мною ў вашай прысутнасці… Я падначальваюся вам, — дадала яна з такой сумнай пакорнасцю ў голасе, што сам Бомануар ледзь не памякчэў, — вы старшыня свайго народу і па вашаму загаду я сама пакажу вам свой твар.

Яна зняла пакрывала і сарамліва паглядзела на іх. Яе дзіўнае хараство выклікала шэпт здзіўлення, і тыя з рыцараў, якія былі маладзей, моўчкі пераглянуліся між сабою, выказваючы гэтымі поглядамі, што вельмі рэдкая чароўнасць Рэвекі растлумачвае захапленне Брыяна дэ-Буагільбер значна лепш, чым усе спасылкі на яе быццам-бы знахарства. Але гэта відовішча зрабіла найбольш моцны ўплыў на Хіга, сына Снеля.

— Пусціце мяне, пусціце! — залямантаваў ён, звяртаючыся да варты, якая ахоўвала выходныя дзверы. — Дайце мне выйсці адсюль! А то, калі я яшчэ раз пагляджу на яе, я памру з гора, што сведчыў супроць яе!

— Кінь, небарака, супакойся, — сказала Рэвека, якая чула яго ўсклікі, — ты не зрабіў мне шкоды, сказаўшы ўсю праўду, і не можаш дапамагчы мне сваімі слязьмі і жалем… Сціхні, прашу цябе, ідзі дахаты і паклапаціся аб сабе.

Варта зжалілася над Хігам і, баючыся, як-бы яго галосныя прычытанні не ўгнявілі начальства ці яму самому ие нарабілі бяды, збіраліся зусім выправіць яго з залы, але ён абяцаў ім маўчаць і яму дазволілі застацца.

Выклікалі двух наёмных воінаў, з якімі Альберт Мальвуазен папярэдне дамовіўся адносна іх будучых паказанняў. Як ні былі абодва зачарсцвелымі і непаправімымі нягоднікамі, але, убачыўшы дзяўчыну, яны ў першую хвіліну як быццам збянтэжыліся; аднак Мальвуазен уставіўся ў іх сваім поглядам, што яны апрытомнелі і зноў сталі ўпартымі і самаўпэўненымі. З дакладнасцю, якая магла-б здацца падазронай менш староннім суддзям, яны расказалі цэлы рад абставін, у сутнасці цалкам выдуманых або зусім бяскрыўдных і натуральных, але перадаваемых такім перапавялічаным і таямнічым тонам і з такімі злавеснымі каментарыямі, што самыя простыя факты набывалі падазроны характар. Упаміналася, напрыклад, што Рэвека часам мармыча сабе пад нос на незразумелай мове; што яна спявае так хораша, што ў слухачоў вушы гараць і сэрца больш часта б’ецца, што часамі яна як-бы гутарыць сама з сабою і, чакаючы адказу, узнімае вочы ўверх; што яе вопратка дзіўная і таямнічая, не такая, якую носяць звычайныя жанчыны добрай рэпутацыі; што ў яе на пярсцёнках ёсць кабалістычныя знакі, а пакрывала вышыта нейкім дзіўным узорам.

Усе гэтыя абставіны, самі па сабе дробязныя і натуральныя, былі выслуханы з паважнасцю і залічаны ў разрад доказаў або, прынамсі, падазроных паказаняяў супроць Рэвекі.

Але былі і іншыя паказанні, больш станоўчыя і зусім немагчымыя. Адзін з салдат упэўніваў, што бачыў, як Рэвека вылечыла параненага чалавека, які разам з ім прыбыў у Торкільстон. Паводле яго слоў яна рабіла нейкія знакі на яго ране, гаворачы пры гэтым таямнічыя словы, і раптам з раны вылезла жалезная галоўка стралы, кровазліянне спынілася, рана загаілася, і паміраўшы чалавек праз чвэртку гадзіны пасля таго сам выйшаў на сцяну крэпасці і пачаў дапамагаць сведку ставіць машыну для кідання камняў у ворага. Гэта байка склалася, напэўна, пад уплывам таго факту, што Рэвека даглядала за параненым Айвенго, прывезеным у Торкільстон. Але аб дакладнасці паказання тым цяжэй было спрачацца, што сведка падцвердзіў сваю слоўную заяву, выцягнуўшы з свае сумкі той самы кончык стралы, які, згодна яго запэўніванняў, дзіўна вылез з раны.

Гросмайстар урачыстым тонам запытаў Рэвеку, што яна мае сказаць супроць смяротнага прысуду, які ён мае намер зараз вынесці.

— Заклікаць да вашага спачування, — сказала дзяўчына дрыжачым ад хвалявання голасам, — было-б, як я бачу, дарэмна, і для мяне зняважліва. У сваё апраўданне не хочу нават звальваць віну на майго прыгнятацеля, які стаіць тут-жа і чуе, якім паклёпам мяне абвінавачваюць. Але ён сам з тырана ператварыўся ў афяру. Я лепш дзесяць разоў перацярплю кару, якую вы захочаце прызначыць мне, чым слухаць прапановы, якія ён безупынна навязваў мне… сваёй палоннай, безабароннай і бездапаможнай дзяўчыне! Але яго слова мае ў вашых вачах большую вартасць, чым якія-б ні былі ўрачыстыя запэўненні няшчаснай афяры. Значыцца, бязмэтна было-б накіраваць супроць яго выстаўленыя супроць мяне абвінавачванні… Але я скажу асабіста яму… Так, Брыян дэ-Буагільберг, звяртаюся да цябе самаго і пытаю, хіба ўсе гэтыя абвінавачванні не хлусня? Хіба ўсё гэта не самы неймаверны бязглузды паклёп?

Усе змоўклі. Усе погляды накіраваны былі на Брыяна дэ-Буагільбера. Ён маўчаў.

— Гавары-ж, — прадаўжала яна, — калі ты мужчына, гавары! Прашу цябе, скажы, ці праўда, што тут было сказана?

— Адказвай ёй, брат, — сказаў гросмайстар.

Буагільбер быў так усхваляваны самымі супроцьлеглымі пачуццямі, што твар яго сказіўся сударгай, і ён з надзвычайнай патугай мог толькі выгаварыць, звяртаючыся да Рэвекі:

— Пісьмо, пісьмо!

— Эге, — прагаварыў Бомануар, — вось гэта сапраўды бясспрэчны доказ! Ахвяра яе знахарства толькі і магла назваць гэтае пісьмо, якое прымушае яго маўчаць.

Але Рэвека інакш вытлумачыла гэтыя словы, як-бы вымучаныя з вуснаў Буагільбера, і мімаходзь глянула на абрывак пергамента, які міжвольна трымала ў руцэ, прачытала напісаныя там паарабску словы: „Прасі абаронца“.

Шэпт і пераглядванне, якое пракаціліся па ўсяму сходу пасля дзіўнага адказу Буагільбера, далі час Рэвецы не толькі непрыкметна прачытаць, але і знішчыць гэты шматок паперы. Калі шэпт змоўк, гросмайстар узняў голас.

— Рэвека, — сказаў ён, — ніякай карысці не дало табе сведчанне гэтага няшчаснага рыцара, які ўсё яшчэ, як відаць, знаходзіцца пад уладаю твайго знахарства. Што ты маеш яшчэ сказаць?

— Мне застаецца яшчэ адзін сродак захаваць сваё жыццё, — сказала Рэвека, — згодна вашых-жа жорсткіх законаў. Жыццё было вельмі цяжкае для мяне… прынамсі, ва ўвесь апошні час… але я не хочу адмаўляцца ад яго, калі ёсць спосаб выратаваць яго. Я адмаўляю ўсе вашы абвінавачванні, абвяшчаю сябе нявіннай, а вашы паказанні — хлуслівымі. Патрабую прызначэнне божага суда. Няхай мой абаронца схопіцца з маім абвінавайцам і сваёю перамогаю падцвердзіць маю правату.

— Але хто-ж, Рэвека, захоча біцца за вядзьмарку? — сказаў гросмайстар. — Хто згодзіцца выступіць абаронцам яўрэйкі?

— Не можа быць, — адказала Рэвека, — каб ва ўсёй слаўнай Англіі не знайшлося чалавека, які захацеў-бы выступіць байцом за справядлівасць. Але досыць таго, што я выклікаю суд на бойку. Вось і заклад мой.

Яна зняла з свае рукі вышытую пальчатку і кінула яе да ног гросмайстра з такою прастатою і з такім пачуццём уласнай годнасці, што ўсе былі здзіўлены і замілаваны ёю.

— Падайце мне яе пальчатку, — сказаў Бомануар. — Вось сапраўды слабы і малы заклад такой важнай і смяртэльнай справы! — прадаўжаў ён, гледзячы на тонкую тканіну вузенькай пальчаткі. — Бачыш, Рэвека, як нямоцная і тонкая гэта твая пальчатка ў параўнанні з нашымі цяжкімі сталёвымі рукавіцамі, таму што выклік кінуты ўсяму нашаму ордэну.

— Кіньце-ж на тыя шалькі вагі і маю невіноўнасць, — адказала Рэвека, — шаўковая пальчатка перацягне вагу жалезнай рукавіцы.

— Значыцца, ты стаіш на сваім, не сазнаешся ў сваёй віне і падтрымліваеш свой выклік?

— Падтрымліваю, шляхетны сэр, — адказала Рэвека.

— Ну, няхай будзе так!

— Аман! — прагаварылі ўсе прэсептары, а за імі і ўвесь сход хорам паўтарыў тое-ж слова.

— Брація! — сказаў Бомануар. — Мы такія-ж рыцары і воіны, як і духоўныя асобы, а таму для нас было-б ганьбаю ўхіляцца ад паядынку, у імя чаго-б там ні было. Як павашаму, вялебныя брацці, каму трэба ўручыць гэты заклад выкліку, прызначыўшы яго ў той-жа час абаронцам нашага боку ў надыходзячай бойцы?

— Брыяну дэ-Буагільбер, якога галоўным чынам і датычыцца гэта справа, — сказаў прэсептар Гудольрык, — тым больш, што яму ўсіх лепш вядома, на чыім баку праўда.

Рэвека маўчала. Потым яна сціпла напомніла гросмайстру, што трэба дазволіць ёй мець сувязь з сябрамі, каб паведаміць іх аб тым становішчы, у якім яна знаходзіцца і папрасіць адшукаць абаронца, які мог-бы за яе біцца!

— Гэта законна і справядліва, — сказаў гросмайстар. — Выбяры сама пасланца, якому магла-б даверыць, і мы дазволім яму вольны доступ у тую келлю, дзе ты знаходзішся.

— Ці няма тут каго-небудзь, — сказала Рэвека, — хто з любві да справядлівасці або за шчодрую ўзнагароду згадзіўся-б выкаваць даручэнне дзяўчыны, якая знаходзіцца ў маім становішчы?

Усе маўчалі; у прысутнасці гросмайстра ніхто не адважваўся выказаць спачуванне да зганьбаванай палонніцы. Некалькі хвілін Рэвека стаяла ў неапісальнай трывозе і ўрэшце ўсклікнула:

— Ды няўжо гэта так і будзе? Няўжо ў такой краіне, як Англія, буду я пазбаўлена апошняга, мізэрнага спосабу выратаваць сваё жыццё з-за таго, што ніхто не хоча аказаць мне літасць, у якой не адмаўляюць і горшаму са злачынцаў?

Хіг, сын Снеля, урэшце падаў голас, гаворачы:

— Я хоць і калека, а ўсё-ж хоць як-небудзь магу рухацца і дзейнічаць. Я выканаю тваё даручэнне, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да Рэвекі, — і пастараюся паспяшыцца наколькі магу пры маім калецтве.

— Нічога, — сказала Рэвека. — Знайдзі Ісаака з Іёрка… Вось табе грошы, тут іх досыць для ўплаты за каня і за пасланца… Завязі яму ліст ад мяне… Жыццё і смерць залежаць ад твае спраўнасці.