Айвенго (1934)/XXXVIII
← Раздзел XXXVII | Айвенго. Раздзел XXXVIII Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XXXIX → |
РАЗДЗЕЛ XXXVIII
Наступіў змрок. У дзверы турэмнага пакоя, у якім трымалі Рэвеку, ціха пастукалі.
— Увайдзіце, — абазвалася Рэвека, — калі ты добры сябра, увайдзі, а калі непрыяцель, не маю ўлады забараніць табе ўвайсці.
— Гэта я, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер, уваходзячы, — а сябра я ці непрыяцель, гэта будзе залежаць ад таго, чым кончыцца цяперашняе наша спатканне.
— Табе няма прычын баяцца мяне, Рэвека, — прадаўжаў храмоўнік, — ці, каб выражацца больш дакладна, цяпер табе больш няма чаго баяцца.
— Я вас і не баюся, сэр рыцар.
— Ды і чаго табе баяцца, — пацвердзіў Буагільбер сур’ёзна, — мае ранейшыя бязглуздыя парыванні цяпер былі-б недарэчнымі. За дзвярыма стаіць варта, над якой я не маю ўлады. Яны павядуць цябе на пакаранне, Рэвека, але яны не дазволяць нікому пакрыўдзіць цябе, нават мне… калі-б маё вар’яцтва — таму што гэта-ж чыстае вар’яцтва — яшчэ раз штурхнула мяне на гэта.
— Смерць — меншае з няшчасцяў, якіх я магу баяцца ў гэтым жыллі злобы.
— Перастань, — сказаў храмоўнік, — цяпер няма чаго аддавацца падобным разважанням. Ты асуджана памерці не хуткай і лёгкай добраахвотнай смерцю, але пад самым павольным, жахлівым, працяжным катаваннем, на якое толькі здольна пабожлівая хціўнасць гэтых людзей.
— А каму-ж я ёю збавязана? Безумоўна таму, хто прыцягнуў мяне сюды, а цяпер, ужо не ведаю для якіх меркаванняў прыйшоў пужаць мяне, перапавялічваючы жахі таго горкага лёсу, які сам-жа мне стварыў!
— Я ахвотна абараніў-бы цябе ад гэтай небяспекі ўласнымі грудзьмі, як абараняў цябе ад стрэл, якія інакш маглі папасці ў цябе.
— Калі б ты гэта рабіў з сумленным намерам, — сказала Рэвека, — я-б сказала дзякуй за гэта.
— Кінь свае дакоры, Рэвека, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер.
— Чаго-ж ты хочаш, сэр рыцар? Растлумач у кароткіх словах. Калі ты прыйшоў не з тым толькі, каб памілавацца на няшчасце, зробленае табою, гавары; а потым, зрабі ласку, пакінь мяне…
— Я бачу, Рэвека, — сказаў Буагільбер, — што ты прадаўжаеш узвальваць на мяне віну за тыя пакуты, ад якіх я так хацеў-бы пазбавіць цябе!
— Сэр рыцар, я не хачу дакораў… Але што-ж можа быць больш пэўна таго, што я абавязана маёй смерцю тваёй распусце?
— Ты памыляешся… гэта няпраўда! — паспешна засупярэчыў храмоўнік. — Ты прыпісваеш мне тое, чаго я не мог прадбачыць і што здарылася незалежна ад мае волі і намераў. Ці мог я адгадаць нечаканае прыбыццё гэтага прыдуркаватага старога, які, дзякуючы ранейшым учынкам шалёнай адвагі і пашаны дурняў перад бязглуздымі самакатаваннямі яго аскетычнага жыцця, цяпер пануе над здаровым сэнсам, над мною і над сотнямі членаў нашага ордэна, якія і думаюць і адчуваюць, як людзі, зусім вольныя ад усіх недарэчных забабонаў, на якіх ён абгрунтоўвае ўсе свае думкі і ўчынкі.
— Аднак і ты быў у ліку суддзяў нада мною; і хоць ты ведаў, добра ведаў, што я невінавата, ты не пратэставаў супроць майго асуджэння і нават, наколькі я памятаю, сваёю ўласнаю асобаю выступіў на паядынак, каб даказаць маю злачыннасць і падцвердзіць мой прысуд!
— У тваіх словах ёсць праўда, Рэвека, — сказаў Буагільбер, у хваляванні ходзячы ўзад і ўперад па пакою, — але я прыйшоў не за тым, каб абменьвацца з табою папрокамі. Ты памятаеш абрывак пергаментнага скрутка, на якім была напісана табе парада патрабаваць заступніка… Як ты думаеш, хто гэта напісаў, калі не Буагільбер?
— Нядоўгая адтэрміноўка кары смерцю, і больш нічога, — адказала Рэвека. — Нямнога карысці мне ад гэтага… і няўжо нічога іншага ты не мог зрабіць для той, на галаву якой скінуў столькі гора і ўрэшце прывёў на край магілы?
— Не, гэта далёка не ўсё, што я думаў зрабіць для цябе, — сказаў Буагільбер. — Калі-б не праклятае ўмяшанне таго старога фанатыка і дурня Гудольрыка, ролю байца за гонар ордэна належала даручыць не прэсептару, а аднаму з радавых рыцараў. Калі-б гэта так і было, тады я сам, пры першым закліку баявой трубы, з’явіўся-б на бегавішча, вядома, пад выглядам пабочнага рыцара, шукальніка прыгод, і са зброяю ў руках абвясціў-бы сябе тваім заступнікам. І калі-б Бомануар выставіў супроць мяне не аднаго, а хоць двух або трох з прысутных сабратаў, я не сумняваюся, што кожнага па чарзе выбіў-бы з сядла адным маім кап’ём. Вось як я думаў зрабіць, Рэвека; я абараніў-бы тваю бязвіннасць, і ад тваёй асабістай удзячнасці спадзяваўся атрымаць узнагароду за сваю перамогу.
— Навошта ўся гэта напышлівая балбатня? — сказала Рэвека. — Табе быў выбар: ці праліць кроў бязвіннай жанчыны або рызыкнуць сваёй кар’ерай… Што-ж пра гэта гаварыць? Твой выбар зроблены.
— Не, Рэвека, мой выбар яшчэ не зроблены. Табе самой належыць зрабіць яго. Калі я з’яўлюся на бегавішча, я абавязан падтрымаць сваю баявую славу; і тады, ці будзе ў цябе заступнік, ці не будзе, усёроўна, ты памрэш на вогнішчы, прывязаная да слупа, таму што яшчэ не радзіўся той рыцар, які быў-бы мне роўны ў бойцы ці асіліў-бы мяне… за выключэннем толькі Рычарда Львінае Сэрца, ды яго любімца Уільфрэда Айвенго. Але, як табе вядома, Айвенго яшчэ не мае сілы насіць панцыр, а Рычард далёка, у чужаземнай турме. Ітак, калі я выеду на спаборніцтва, ты памрэш.
— Навошта ты гаворыш гэта?
— А таму, каб ты магла з усіх бакоў разгледзець лёс, які цябе чакае, — адказаў храмоўнік.
— Значыцца, — адказала Рэвека, — мне няма чаго чакаць дапамогі.
— Ты вельмі гордая, — сказаў храмоўнік, — але і я табе ў пару. Калі я з’яўлюся на бегавішча ў поўным узбраенні, ніякія меркаванні не перашкодзяць мне пусціць у ход усю маю сілу, усё майстэрства; і тады падумай, які будзе твой лёс, ты памрэш у страшэнных катаваннях горшых злачынцаў… будзеш гарэць у пылаючым агні… нічога не застанецца ад гэтага прыгожага вобразу… не будзе ад цябе нават астанкаў, аб якіх можна-б сказаць: вось што нядаўна жыло і дзейнічала!.. Не, Рэвека, не жаночым сілам пераносіць думку аб такім лёсе… Ты яшчэ ўступіш маім жаданням!
— Бывай, — адказала Рэвека, — не хочу больш траціць слоў з табою.
Храмоўнік выйшаў з пакоя. Прэсептар Альберт Мальвуазен з нецярпеннем чакаў у суседняй зале звароту Буагільбера.
— Як ты забавіўся! — сказаў Альберт. — Я быў як на гарачым вуголлі ад трывогі. Што калі-б гросмайстар або Конрад, яго шпег, уздумалі зайсці сюды? Дорога-б мне каштавала гэта літасць… Але што з табою, брат? Ты ледзь трымаешся на нагах, і твар твой змрочны, як ноч… Ці здаровы ты, Буагільбер?
— Здаровы, — адказаў храмоўнік, — як чалавек, які ведае, што праз гадзіну будзе пакараны. Я амаль адважыўся ісці да гросмайстра, перад самым яго носам адмовіцца ад ордэна і адмовіцца ад той звярынай ролі, якую мне навязала яго свавольства.
— Ты звар’яцеў! — сказаў Мальвуазен. — Такім учынкам ты можаш сапраўды загубіць сваю кар’еру, але гэта не дасць табе ні малога шансу выратаваць жыццё Рэвекі. Бомануар выбярэ замест цябе каго-небудзь іншага на абарону ордэна, і падсудная ўсёроўна загіне, ці выканаеш ты сваю задачу ці не.
— Глупства, я сам выступлю на яе абарону, — адказаў храмоўнік ганарліва, — а тады, як табе, я думаю, вядома, Мальвуазен, ва ўсім ордэне не знойдзецца байца, здольнага вытрымаць напор майго каня.
— Эх, — сказаў хітры дарадчык, — ты зусім забываеш тое, што табе не дадуць ні выпадку, ні часу выканаць твой шалёны план. Паспрабуй пайсці да Лукі Бомануара, абвясці яму сваё адмаўленне ад прысягі паслухмянства і паглядзі, ці доўга пасля гэтата дэспатычны стары пакіне цябе гуляць на волі. Ты ледзь паспееш прагаварыць такія словы, як апынішся на сто футаў пад зямлёю, пад турэмнаю вежаю прэсепторыі, дзе будзеш чакаць суда… а судзіць цябе будуць як здрадніка. Калі-ж застануцца пры тым перакананні, што ты зварожаны, цябе закуюць у ланцугі, адвязуць у які-небудзь далёкі манастыр, запруць у адзінокую келлю, і ты будзеш там валяцца на саломе, у абсалютнай цемры, здурнелы ад заклінанняў і наскрозь прамоклы ад святое вады, якой будуць цябе старанна крапіць. З’явіся лепш на бегавішча, Брыян, інакш ты — прапашчы і зняслаўлены чалавек.
— Не, лепш я вырвуся адсюль і ўцяку.
— Табе не ўдасца ўцячы, — сказаў Мальвуазен, — тваё вар’яцтва ўзбудзіла падазронасць, і цябе не выпусцяць з сцен прэсепторыі. Пайдзі, паспрабуй… падыдзі да брамы, загадай спусціць пад’ёмны мост і ўбачыш, які будзе табе адказ на гэта…
— Мальвуазен, — сказаў рыцар, — як добра было-б, каб сам Рычард або адзін з яго хвалёных любімчыкаў у Англі выехаў супроць мяне на бегавішча… Але не, нікога там не будзе… ніхто не захоча рызыкнуць жыццём за бязвінную, за самотную!
— Тым лепш для цябе, калі справа гэтым скончыцца, — сказаў прэсептар, — калі яе заступнік не з’явіцца, не ты будзеш вінаваты ў смерці няшчаснай дзяўчыны, а гросмайстар, які прыгаварыў яе да кары смерцю; на ім і будзе ляжаць адказнасць за гэту справу, а ён яе паставіць сабе не ў віну, а ў заслугу, вартую ўсякай пахвальбы.
— Гэта праўда, — сказаў Буагільбер, — калі не будзе ў яе заступніка, буду я толькі часткаю пышнага відовішча, гэта значыць з’яўлюся верхам на кані і ў поўным узбраенні, але не буду адыгрываць ніякай ролі ў тым, што будзе далей.
— Разумеецца, — падхапіў Мальвуазен, — будзеш адыгрываць такую-ж ролю, як статуя святога, якую носяць у царкоўнай працэсіі.
— Што-ж, я застануся пры ранейшым рашэнні, — сказаў ганарлівы храмоўнік. — Яна мяне адхіліла… З якой-жа рацыі буду я ёй афяроўваць сваёй славай. Мальвуазен, я выеду на бегавішча.
Сказаўшы гэтыя словы, ён паспешна выйшаў з залы, а прэсептар пайшоў за ім, каб паглядзець за ім, і падтрымаць яго ў прынятым рашэнні. Ён сам быў вельмі зацікаўлены паспяховаю кар’ерай Буагільбера, чакаючы для сябе большых выгод у выпадку, калі ён з часам стане на чале ордэна, не гаворачы ўжо аб надзеях атрымаць месца, абяцанае яму Конрадам Мон-Фітчэтам, з той умовай, каб ён усялякім чынам спрыяў асуджэнню няшчаснай Рэвекі.