Партызанка Люба
Паэма
Аўтар: Паўлюк Шукайла
1930 год
Акорды дзён

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАРТЫЗАНКА ЛЮБА
ПОЭМА

Частка першая

правіць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

„ІМКНУЛІСЯ СЭРЦА ПАРВАЦЬ НА КУСКІ“…

Галыцьба…
Вочы ўпалыя,
Галыцьба…
У вачох сум…
Палягла
На дарозе
Шпаламі,
Каб праехаць
Сьмерці-цягніку…

А наўкол
Сьпяваў вецер,
Нахіляючы вербы
Над Нёмнам…
У песьнях гудзелі
Сталецьці
З сьлязамі,
З горам,
З праклёнам…

*

Плакалі мацяркі
Над сынамі,
Абнімалі
Сырую зямлю,
І кожны
Жоўценькі камень
Цалавалі,
Як сыну
Галаву.

Прыходзілі
Ў постаці суровай
З жахам
Незьмярымым
Ў вачох,
З сіротамі
Маладыя ўдовы
Сьлязьмі
Зьліваць пясок.

„О-ой ты, Яська,
Сыночак, любы,
Паўстань!
Паглядзі!
Сонца
Сьвеціць
На высотах
Нашых дзён…
Схаваліся
За гарамі
сталецьці,
Не схаваўся толькі
Праклён…
— „О-ой
Ты, Яська,
Мой ты мілы“…
А наўкол: —
Сьвежыя магілы…

А наўкол:
Трах, та-та-тах…
Упаў адзін…
Трах…
Другі
Гоўх…
Трэці…
Вецер
У полі
Сьпяваў паніхіду
І праклён сталецьцям.

І пад песьню
Кулямётаў
І гармат
Грымотны гул
Ходзіць Люба
Каля плоту
І зьбірае лебяду.

І з сумотай,
І з нудою,
З горам дзікім
У вачох
Корміць Люба
Лебядою
Дванаццацёх…

*

Ноч.
Чорны вугаль
Замаляваў абшар.
Дванаццацёх…
Люба…
Жытняя
Мяжа.

Ноч.
Чорны вугаль
І прожэктары
Ліжуць
Кожны вугал
Неба
палі.

Абнімае вецер,
Сьпелыя калосься,
Нагінае нізка,
Да грудзей зямлі,
А жняя-восень
Вытрасае зёрны,

Каб
У руні раньняй
Зацьвілі палі.
Шапацяць калосься,
Шалясьціць мяжа.
Дзесьці недалёка
Конік заіржаў.

У вёсцы
Певень поўнач
Прасьпяваў
І змоўк…
Хтосьці выйшаў
З жыта…
Карабіна шчоўк…

Лякстрык-ліхтарык
Заблішчэў з цемнаты.
Голас:
— Стой!
Хто ты?!

— Я — тутэйшы
Выйшаў
Жыцейка
Нажаць,
Знаеш, кулі
Сьвішчуць днямі —
Нельга твару
Паказаць…

— Ідзь
До дому!
Псякрэў галгане.
Дзісяй час
Не до жніва —
Тшэба вальчыць —
З большэвікамі
За ойчызну,
За наш край!..

— Так, паночку,
За айчыну
І за сьлёзы
Нашых дзён!
(Цень із лесу…
Нож у сьпіну…
Крык…
І ціхі стогн…)

Зайржаў конь…
Падкоў звон…
Кінуўся ў поле,
Пачуяўшы волю…

Абсыпаў вецер
Зерняткі
На жандара
Мёртвы стан,
Зашуршэла
Сухою травою
Жытняя мяжа…

Тра-та-та…
Бах… боўх…
Тра…
Ура!
Ура!
Ура!
Тра…
Тра…

— Сядай на коні!..
А коняй
няма…
На небе —
пажару зара…

— Да кулямётаў!
Кулямётаў
няма…
А з лесу:
Тра-тра
Та!
Тра-та-та.

Да тэлефону
Бяжыць гарніст, —
Няма тэлефону,
Ляжыць тэлефоніст…

Утоптаны ў землю
Польскі герб,
На горле
Сялянскі серп…
Упіліся адпомсьціць
У валасы
Акрываўленыя
каласы.

*

Маёнтак…
Жандары…
Штаб…

На сьценках: —
Пілсудзкі
І кроў…
Чуўся дзесьці
Храп
І гоман
п‘яных
паноў.

Зазваніў
тэлефон,
А ў тэлефона —
Самы ён:
Пілсудзкага
Палкоўнік
— Альлё!
— Пан Пшэдоўнік?

— Так, я
Слухам пане…
Цо, Люба?!
Бардзо добжэ
О дванастай ноцы
ў плебані…
(Адняў трубку
Ад вуха…
Праверыў
Патроны
ў нагане).

*

Ноч…
Стук
Прагручэў
У цішы,
Ляснула
Клямка
Ў плебані…

— Пане прабошчу,
Маці
пакінула жыць,
Прасіла зрабіць
пахаваньне…

∗     ∗

Хвіліна…
Крыж на грудзёх…
Малітву
Чытае пробашч…
(Жандары
Ў дзьвярох)
— Ха-ха!..
Папалася
Жарабіца
ў вобруць!
Здавілі
Халодныя рукі
Гарачыя вусны
Дзяўчыны,
Сэрца
Дынамай
Стукала,
Крывёй напінаючы
Жылы.

Кроў начірала
Ў гартань…
Крыкнуць…
Давілі рукі…
Перад
Езусам
У плебані
Пачыналіся
Пякельныя мукі.

— Поведзь нам,
Хто ты ест?
— Гм… Каго-ж лавіць
Мелі…
— Мувь, псякрэў,
А то зробімы
Такі гэст,
Цо д‘ябле
Ня відзелі.

— Пан пробашч
Знае, хто я,
Пан пробашч
Запрошаны
На пахаваньне…
— Я — сірата!..
І вам ня трэба
Ні імя майго,
Ні званьня…

— Я бандытам
Модлітвы ня чытам,
Нех сьвенцо іх
Пяруны небеске…
Пан комэндант!
То ест
Бандытка
Люба Мяцельска!…

— Ах, ты,
Даносчык у сутане! —
Крыкнула дзяўчына,
Замахнуўся ксёндз,
Крыжам у брыво
Ударыў…
Кроў
З мясам вока
Паплыла па твары…

Не сказала Люба
Пра братоў.
Таварышаў.
Не сказала Люба
І пра цёмны
Гай.
Білі…
Разьдзявалі нагішом…
Лазілі!..
Рвалі!..
Кусалі!..

Ап‘янелы крывёю
Рваў за грудзі
Ксёндз,
Біў акрываўленым
Крыжам
На месцу
выбітых воч…

∗     ∗

Ні слова…
Моўчкі…
Сьціснула зубы…
Сэрца быццам
акамянела
Толькі цела
Ў партызанкі Любы
Дрыжала
Ў трагічным
Трасеньні.

Не сказала Люба
Пра братоў.
Таварышаў,
Не сказала Люба
І пра цёмны
Гай…
Білі…
Разьдзявалі нагішом, —
Лазілі,
Рвалі,
Кусалі…

Трашчалі
Кулямёты,
Гарматы
Грахаталі.
Сонца глядзела,
Як кожны дзень.
Ішла постаць
Абарваная
Ў хістаньні…
Чырванелі
На сонцы —
Акрываўленыя калені.

*

Кроў зазьзяла
Крыніцаю
На вуліцах
Роднае вёскі.
Упала Люба
Ніцам
Набраць крыві
У вочы…

Устала,
Як здань.
У хістаньні…

Цёмна…
Едкі пясок
Цела рэжа
Нажамі,
У заплыўшай
сьлізяй
Вачох…

Цёмна…
Клякоча душа
Праз засохшую
Ад голаду
Гартань:

„Сонца,
Сьвету дай!
Каб убачыць
Жыцьцёвы шлях“.

А сонца
Сьмяецца,
Рагоча,
Аблівае сьветам
Зямлю…
Ходзяць вароны
І точаць
У гнаі
дзюбу сваю.

Ходзяць і
Мараць:
… „О, як-бы вастротай
Прабіць
Тую сьцяну,
Дзе многа
Чарвей,
Воч
І дроту
У дрыгве
Людзкога мазгу.
Дзе косьці
Людзкія
Ўсьцілаюць падвалы,
Афарбаваны крывёю
Падлогі“.
............
Кра…
Кра…
Папрыляталі
Вораны і
Вароны.

Груган
Ня знае сумленьня.
Груган
Ня знае агіды:
Убіўся
Дзюбай у цела
І цягне
Крывавыя жылы…

А там,
У цёмным вуглу
Штосьці
Варушыцца,
Ежыцца,
Апавітае
У ржавым ланцугу,
Скутае
Сталёваю трыножніцай.

Гурган прысеў…
Растапырыў кіпці…
У вачох:
Зайздрасьць…
Агонь…
Прыгнуў!..
І палілася з-пад кіпцяў
Чалавечая кроў.

*

Упала Люба
У пясок,
Рукамі бярэ,
І гладзіць
І шэпча:
— Любы браток,
Ці можна
Цябе мне
Пабачыць.

Ты ў зямлі —
Га?
Ці цуеш
мяне,
родны?..

Жандар
мае вочы
забраў
Для айчызны
Польскай
Шаноўнай…
Маўчыць
Жоўты пясок,
Толькі цела
Песьціць,
Грэе…

І заснула
Люба
На грудзёх,
Да пяску
Прыціснуўшы калені.

За гарамі
Грымоты
Грымелі,
Грахатаў
Пярун
Усё грамчэй.
Пасінела
Любчынае цела
Сінявой вачэй.

Хлынула хмара
Вадою,
Змыла
Прыліпшую кроў.
Белыя кудры
Касою
Запляталіся
Каляёй.

Грымоты
Мацнелі…
Маланка,
Ўзьвівалася
Залацістым полымем
Грымучых хвілін.
А пасінелыя
Дзявочыя калені
Ўсё прыліпалі
Да мяккае зямлі.

І сьніла сон,
Што зоры бачыла,
І поглядам
Песьціла зару.
Краіна
Ў росквіце
Перайначылася,
Сплавіла
Крыўду сваю.

… І сьніла сон,
Што шляхам
Ішла.
На ўсход
Сонечнай зары,
А перад вачыма
Вырасла гара,
І папаўзьлі
Чорныя вужы…

У цела ўпіліся…
Смакталі
Кроў із жылаў,
Імкнуліся сэрца
Парваць на кускі,
І гнойнымі
Заржавелымі
Віламі
Лезьлі
Да чыстаты душы.

А крумкачы…
Груганьнё
Гнусавае,
Крычалі:
— Урра!
Уррачыстасьць!..
............
І нават хмары
З агідай
Пляваліся,
У задуменьні
Панавісьлі…

Ішлі блізкія,
Далёкія
Ішлі.
І родных
І чужых
Сьніла Люба…
… Блісьцелі
На сонцы
Нажы
І аскаленыя
Зубы…

Зайздрасьць
Гарэла ў адных,
У другіх
Гора
Ў вачох зьзяла.

І пазнала
Родных у чужых…
І чужымі
Родныя сталі.

*

Ачнулася.
Цёмна…
Пясок у вачох…
Сьлізгота на целе
І холад…
Дзесьці далёка
Чуўся паход
Вайсковых
Колёнаў…

Прайшла крок
У хістаньні,
Спаткнулася.
Карабін
Намацала рукамі.
Сьляза скацілася
І блісьцела на сталі.

Шчолк затвору: —
Патроны ёсьць.
Сіла знайшлася,
Рынулася ў поле
На гукі бою
............

*

Дым…
Перастрэлка…
Стогн
І кроў…
Ходзіць сьмерць
І лічыць сваіх
Безгаловых,
Бязногіх,
Бязрукіх,
Сьляпых —
Падбірае
У чорны прыпол.

*

… „Перадай,
Перадай, Яўхім,
Там маім,
Там маім
Дарагім,
Што злажыў,
Злажыў галаву
За краіну-айчыну сваю“.

Перадай…
Перадай…
На патроны…
Вунь пан…
Страляй…
Патухаю…
Бывай…
Перадай…

*

На захадзе
Дагарала зара.
Віселі хмары
Пазалочанай кудзеляй.
Ахутвала ноч
Беларускі край,
Касою тырчэлі
вісельні…

Частка другая

правіць

ЧАСТКА ДРУГАЯ

„ШУМЕЎ ГАЙ, СТАГНАЎ ГАЙ“…

Чырвоныя адышлі…
Сьціхлі гарматы…
І песьні вайны
Адгудзелі акорд.
Замерла ўсё…
Замерлі хаты —
Быццам халера
Прайшла пакос.

Толькі гай
Заключыў умову
З цёмнай хмарай
І з месяцам ясным…
……….
Хтосьці ў плебане
Ксяндзовай
Ціхутка
Дзьвярыма шаснуў.

Было іх трох:
Ксёндз,
Сусед Любы —
Рымар,
Вайсковы жандар…
… І хтосьці
За дзьвярыма
У шчэлку паглядаў.

Гаварыў Рымар
Пісаў жандар…
Хтосьці за дзьвярыма
Сьціскаў наган

І душа балела
(моцна ён дрыжаў),
І сам ня верыў
Ды пазнаў…

*

Было іх
дзесяць.
Жандараў
Цьма…
І шляхта
У сьвяточным убраньні.
Ксёндз
Прамову трымаў.
Гаварыў
Аб граху,
Пакараньні.

Пакаяцца заклікаў
„Пшэд ойцем сьвентым
(і жандарам)
Ажэбы пан-буг
Мілосьць дал
Тым бандытам
Партызанам“.
І выйшла Люба
З грамады людзкой,
І крыкнула Люба
Быццам
Гром вясновы:
— Аддай мне вочы,
Ойче сьвятой —
Змый палі,
Аблітыя крывёю!

Ты крыжам
Вочы
Выбіў мне,
На крыжы
Краіну расьпінаеш.
У тваіх думках
Ня бог,
А нажы —
Іх ты нам
У сэрца ўбіваеш…

Будзь праклята,
Сутанская агіда!
Будзь пракляты,
Панскія багі!..
Мы, сьляпыя,
Змагацца выйдзем
За нашы сёлы
І гарады.

Дык беце крыжамі,
Рэжце нажамі
Гарачыя сэрцы
На дробныя кускі.
Не адзін раз
Краіну прадавалі,
Не адзін раз
Кроў яе пілі!

Маўчала грамада
Быццам анямела
Ад веку мы спалі
Засьпявалі партызаны
(Каманда:)
— До лясу!
Налева!
І павялі жандары
Партызанаў.

*

Шлях…
Наабапал жыта…
Шумяць ім
знаёмыя палі.
Успомнілі
Хлопцы перажытае…
Юнацтва дні.

А вось гай…
Знаёмы гай…
Родны гай…
Блізкі гай…
Хочацца
Апошні раз
Зірнуць…
І сказаць
— Любы наш
Бывай!
Шумі, гай!
Хавай
Нашу крыўду,
Гай…

Наабапал палі…
Гай ўсё бліжэй
І бліжэй.
Навакол
Знаёмыя —
Ворагі
І другі…
І памяць думкі
Былога віжа,
Габлюе нэрвы
Гострым стругам.

Ой, шумеў гай,
Гаманіў гай,
Хваляваўся гай…
Стагнаў гай…
Прывялі іх
Дзесяцерых
Паплаціцца
За свой край…

Ой, шумеў гай,
Стагнаў гай,
Бунтаваўся гай,
Узбураўся гай,
Вырываўся карэньнем
З зямлі.
… „Краіна!
Бывай!
Цёмны гай,
Бывай!
Разьвітацца
З табою прыйшлі“,

Раз…
Два…
Стрэл…
Рэха…
Цішыня…
Снапамі ўпалі
Дзесяць…
Толькі гай
Мацней застагнаў
І ўсходні вецер.

*

Трра…
Нна… Татулю,
Ннаа!..
Заплаціць
Я павінен
За іх —
За братоў-таварышаў
Маіх…

Мерцьвяком
Упаў Рымар…
Выйшла сонца
З-пад хмары…
Ляснула рэха
Дзьвярыма
У цёмным гаі…

Зьбянтэжаны жандары…
Разьбеглася грамада…
Зьнік Рымараў сын —
(быццам у воду кануў).
Чырванела
На сонцы
Акрываўленая зямля,
І сьвежы курган
Партызанаў.

Зьніклі ўсе…
Толькі чорная здань
Сьляпая…
У зрэб‘і абарваным…
Абнімала
Сьвежы курган,
Прытуляла,
Зямлю цалавала.

Частка трэцяя

правіць

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

„ЧЫРВАНЯЦЬ ЗАГОНЫ АД ВЫЛІТАЙ КРЫВІ“…

ЛІСТ СЯСТРЫ

Браточак родны,
шчыра вітаю!
З Беларусі Заходняй,
краіны тваёй,
Я ліст
сьлёзны пасылаю
І нізкі ўклон…

Мне горка,
родны,
Ой, горка…
Ці знаеш,
ці ведаеш
ты? —
Пакацілася
шчасьце качолкай,
З жыцьцёвай
вышыні…

Сьляпая
цяпер я…
Сьляпая…
Ня бачу сяброў,
А чую песьні…
Адны
пасябравалі
з жандарам,
Другія
зацьвітаюць плесьняй.

Адны…
наведваюць карчму, —
За праданую кроў
п‘юць віно.
Другія…
На ржавым ланцугу
скачуць
вар‘яцкі
фокстрот.

Праўду
кажуць людзі —
У горы
пазнаеш свайго…
Мне ўчора
Хаім Грудзель
Прынёс
хлеба кусок.

А свае
блізкія,
родныя
Адцураліся,
зракліся
ўсе…
Ой, чаго гэта
думкі чорныя
Памяць
клубкамі ўе?..

… Бывае
ў поле выйду,
Рукамі
жыта абніму —
І ўсю сваю
горкую крыўду.
У песьнях жніўных
сьпяю…

Ой, гора,
браточак,
якое!
Ой, гора,
браточак,
ня знаеш.
Пасееш
родны загончык,
Ды людзі чужыя
зжынаюць.

Ды людзі чужыя
зжынаюць
Ды людзі чужыя
звозяць.
І песьні
адныя сьпяваюць,
І жніўныя казкі
гамоняць.

А я пайду
у жыта
Адкапаю свой карабін
І ўспомню
перажытае
Ў змаганьні гадзін

Пайду ў гай,
Лягу на курган,
Абніму,
пацалую зямлю…
Шуміць гай,
Сьпявае гай
Песьню
знаёмую
маю…

*

Дзе ты цяпер.
дзе ты,
Што там цяпер
і як?
Кажуць —
Чырвоныя саветы
Будуюць
вялікі шлях.

Ці праўда гэта,
скажы мне,
Ці дажыву
ці дачакаю? —
Я сэрца свае
выму,
І аддам
для краю.

І вочы,
і шчасьце,
і сэрца —
Усю
як ёсьць
і як была,
Толькі-б згінулі
сталецьці
І ажыў-бы
край.

Толькі-б
згінулі хмары —
сонца ўзышло,
Толькі-б
зямлю ўзаралі
бяз узрыду й сьлёз.

Перадай там
знаёмым
І сябрам
усім: —
Чырваняць
у нас загоны
Ад вылітай крыві.

А за гаем,
там за гаем,
Ой, расьце
курган —
Беларускім партызанам
Маім сябрам…

Дык бывай
бывай, браточак!
Усё сказала
Я. Напісала ў лісточак
малодшая сястра.

Я сьляпая…
ня бачу сонца —
У пазалоце
воблачных высот,
Але-ж я —
жывая
і чую сонца —
абнімаю чырваньню
Усход.

Частка чацьвертая

правіць

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ

„У ВАЧОХ СЬЛЯПЫХ ПАЛЫХАЮЦЬ АГНІ“…

ЛІСТ БРАТА

Выбач мне, Любачка,
выбачай,
а ня хочаш —
жыцьцё мне прабачыць,
Я ад цябе
нехаця ўцякаў,
туляючыся за вугламі,
як сабака…

Помніш
тыя дзянькі,
ды ласьне можна
забыць дзянёчкі:
…я быў у жару…
ты мне давала вады,
сарочку мяняла
за сарочкай.

…Пры сьмерці
нясьлі ад жандараў
апаясанага
крывавымі паясамі…
Хто-б нада мною
паплакаў,
губы мае
паліў-бы сьлязамі…

… Ізноў тут
любімая Люба —
белыя кудры,
чарнявыя вочы.
мяне абнімае,
цалуе
доўгаю
цёмнаю
ноччу…

Пачну часам
ад болі стагнаць,
калі кроў
малатарняй застукае, —
чую ізноў
твой усхліпны плач.
Мае мукі
былі тваімі мукамі…

…Матку
ўлетку жыцьця
З сумам вялікім
мы пахавалі з табою,
застаўся,
з КіМ‘ам
у палкіх грудзях,
з белакурай
чарнявай сястрою.

…Можа й мяне
ўжо даўно пахавалі-б,
косьці
разьвеяў-бы вецер,
а можа
ў цёмным падвале
сядзеў-бы
ў жалезнай клеце, —

Але жыцьцё
накіравала на ўсход, —
я нехаця
разьвітаўся з табою.
Нас разьдзяляе
цяпер
толькі плот,
што за Нёманам —
беларускай ракою.

…Ты там ходзіш
і зьбіраеш кветкі,
а ў кветках брата й маткі
адчуваеш кроў,
і на гонях радзімых
палеткаў
к барацьбе
і змаганьню
расьціш любоў.

У мяне-ж
зажываюць раны,
з цела сходзяць
крывавыя паясы,
а на сэрцы
крывавыя плямы,
што ў няволі:
браты,
палі,
лясы…

…Жыву,
хоць дні
ідуць гадамі.
Мільён-зарадны
рыхтую карабін…
Я пайду,
пайду ізноў лясамі
паліць паноў,
як колісь іх паліў!

…Дык
выбач мне, Любачка,
выбачай,
а ня хочаш —
жыцьцё мне
прабачыць; —
я ад цябе
нехаця ўцякаў,
Туляючыся за вугламі,
як сабака.

*

Я недалёка зусім,
Нёмну хвалі
нас разьдзяляюць.
Яшчэ існуюць
рубяжы,
Цела сусьвету
раняць.

Не пазбыцца раптам
тэй бяды,
Што магу
табе
я параіць,
Калі
акордаў узрыд
Сэрца маё
раніць…

Я рады
што ты
жывеш надзеяй.
Я захоплены
тваім змаганьнем.
Прыдзе час —
сусьвет
перавернем.
І па-свайму
на ногі паставім,

Ты хавай,
зьберагай
карабін, —
‘Шчэ страляць
мы з табою будзем…
Хай жыцьцё
змаганьнем кіпіць,
Хваляваньнем
марскога запрудзьдзя..

Не сказаць
мне табе,
не паведаць
Усяго,
што тут робіцца
ў нас.
Мы падначалілі
сонца
і неба
І залічылі іх
у колгас.

А балоты
з валавяным туманам
Мы аддалі
сталёвым машынам:
І шумяць яны
полем ўзараным
І буйным
каласістым жнівам…

Ты ня думай,
што лёгка гэта, —
Не зрабілі ўсё
раптам:
У грудзі
чырвоным саветам
Страляе
кулацкая шляхта.

І у нас
барацьба,
І ў нас льлецца кроў,
З нажом лезуць
да сэрца
рэспублікі.
Але й мы адсылаем
у ва векі вякоў
Такога гатунку
публіку.

Будуем
родныя школы,
Зьнішчаем
цэркві, касьцёлы
Рукамі рабочых
і працоўных сялян.
Не гандлюе краінай
з амбоны
„Сьвенты“ ксёндз
і пан.

Хаця сказаць
трэба праўду
і не схаваць
у глыбіні душы,
Што і тут ёсьць
беларусы-гады:
Гатовы нас
на агні спаліць.

Кожная нацыя
мае Азэфаў,
У кожнай краме
ёсьць гандляр, —
Не адзін з іх
Пілсудзкамў Юзэфу
У восьне
руку падаваў.

Не адзін з іх
пры зручным выпадку,
Лезучы на ортодоксіі гару,
Гатоў
Савецкую пячатку
Прылажыць
к „посланию“ цару

Але ня стрымаць
разьбегу
нашых сіл, —
Асінбуд
налівае ток.
Пад песьняю жывых…
і партызанскіх магіл
Зьяднаем:
Вільню,
Менск,
Беласток!..

*

Сястрыца любая,
я знаю — ты сумуеш.
Сястрыца мілая,
я энаю —
ты ў бядзе
Таму,
што прадаюць
краіну дарагую,
Як нікчэмную дрэбядзень:

Таму, што
бруднымі рукамі
Узяліся
за белае цела
І прадалі,
ня спыталі, —
Зжалі,
што не пасеялі.

Сястрыца любая,
Ня падай
у пясок
І не паі
сьлязьмі жвір…
Я сёньня
бачыў сон,
Што шчасьцем
шалясьцелі каласы…

На усходзе
загараліся зарніцы,
Чырвань абняла
край неба,
А ў гаі
хтосьці падаў ніцам
У руках
з акрываўленым хлебам.

Ня сумуй,
сястрыца,
ня сумуй!
Што з таго,
што ты сьляпая, —
Нам прыдзецца
не адну галаву
злажыць для роднага краю.

За айчыну сваю,
За працоўных сям‘ю,
За крывёю долю здабытую
Я нясу сваю
буйную галаву
Злажыць
у магілу разрытую.

Я знаю
свой лёс:
Кашаль
грудзі трасе…
Убіваецца клін,
душыць сэрца маё…
Вецер у полі
асеньнюю
песьню пяе,
Надрывае лісьцё
і далей нясе.

А я іду
праз стогн
і рогат,
Пад мяцеліцы
заліхвацкі сьвіст…
Рэволюцыя —
мая дарога,
Напрамак —
Комунізм.

Ты там стогнеш,
Я чую…
Ды як не пачуць:
Дрыжыць зямля,
Узбураюцца рэкі,
Шампаламі цьвінтуюць, сякуць…
Снуюць здані
сьляпых калекаў.

Ну, ды хай!
Сьляды крывавыя
Не зьмятуцца
і ня змыюцца,
Хоць
даносчыкі-лягавыя
хціва хмыляцца.

Хай даносчыкі
цкуюць,
надрываюцца;
Хай паны
кроў п‘юць,
упіваюцца —

Жыцьцё ідзе
Вецер у полі пяе…
Трактар зямлю арэ,
Сталёвым танкам гудзе,
блішчыць,
пераліваецца.
Дзікі стогн
ня сьціх…
У вачох сьляпых
Палыхаюць агні,
Вераніцамі зор
загараюцца.