Гэй, вышэй
сэмафор жыцьця!
Хай лятуць
цягнікі нашых дзён…
Трэба ўмець
і шпалы кахаць,
І цалаваць
сэмафор…
Трэба ўмець
у кожным цьвіку,
Што замацоўвае
дынаміку руху,
Прасьпяваць краіну сваю,
Прасьпяваць
будні й завіруху.
Альлё!.. Альлё!.
гавару радыем…
Слухай, сусьвет,
маю каманду: Ад Лёндану,
да Ленінграду
Пачынайце
зары
Канонаду!
Ура!
Зара,
Гары, палай,
Чырвані,
Чырвані,
аб-наў-ляй!
Клін
ў тлінь;
Расьсячы!..
Секачыце,
Секачыце,
Секачы!..
Чуйце!
Чуйце!
Выкарчуйце
Ўсе
Карчы!..
Эх, ляці-ж ,
Зара,
На самалёце маём,
Хочацца
сонца абняць
І гарэць удваём
А між іншым…
Трын-трава,
Зраблю я яго
ліхтаром.
Яно не пасьмее
ўцякаць
За шырму
хваістых галоў.
Гэй, альлё…
горад —
Дынама!
Паварачвай вал!..
Давай накал,
Закалі сонца
ў майго ваконца,
Уключаю шнур
ў горадзе —
Футур.
Гэй,
дынама
і штаб мастацтва,
Зьяднайце
конструкцыю сіл.
Даволі сонца,
у ваконца, —
Выключыць!
Уключыць,
зоры
на небасхіл.
І глядзіш,
і поглядам лелееш,
Зара, зара…
прайшла твая пара.
І сама, мабыць,
Цяпер ня верыш,
Што ты —
зара.
*
Я ўключу
электраграмофон
І песьню
пачую мінулага,
І тут
Валеры Маракоў
Надрывае гітару
старую:
„І так, усё, ўсё праляцела,
Чым сэрца некалі жыло.
І над далінай гэтай белай,
Іду, як мёртвы, за сяло“.
О, Маракоў,
Маракоў!
Ці не пакусаў
Пушчын сабака
за сялом,
Уключаю я фотофон
І ўглядаюся
Ў юнацкія портрэты І думаю,
зачым ты юнаком
Лез у старыя карэты.
Эх, карэты,
і старыя гітары,
І надломная кволасьць
Пажоўклых лістоў!
Пашто юнака заляйцалі,
Каб ён пёр
супроць ветру гадоў…
Эх, Валеры,
Падаю аўто,
Уключаю ток
Мільёнаў сіл,
Сядай, браток.
… Пакуль лістом,
Пажоўклым,
За сялом
Ня згніў.
Падумай,
Гэтакі юнак
З размахам дум,
І зорамі вачэй,
Захацеў
Стары фрак
перашыць
для сваіх плячэй
А тут пад руку
Мусьё-фотограф Кучар.
Сфотографаваў
твой портрэт.
І… што-ж я бачу:
Пажоўклых лісьцяў куча,
І ў ёй капашыцца поэт.
Эх, фотофон,
выключаю цябе,
І табе, мабыць, песьня
„адпета“.
Калі Кучар фото
Пачынаў вярцець,
Не чалавек выходзіў,
А катлета.
Даёш жыцьцё — кінофон,
І поэта
ў дынаміцы руху.
Можа быць,
тады Маракову
Прыдзецца
паціснуць руку.
Можа быць,
Рэнгенам крытыкі
Мы знойдзем нязнаную боль,
Што зрабіла
з чалавека — ныціка,
І сьлязьмі залівае агонь.
Клін
ў тлінь,
Расьсячы!
Секачыце,
Секачыце,
Секачы!…
Чуйце!
Чуйце!
Выкарчуйце
Ўсе
Карчы!..
|