Акрываўленая зямля (1930)/III/Аднаму з Заходняй Беларусі

Паравоз Аднаму з Заходняй Беларусі
Верш
Аўтар: Паўлюк Шукайла
1930 год
Эй, націсьнем, хлопцы!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДНАМУ З ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Мне сёньня сказаў ты,
што я
на бездарожжы
хаджу па вуліцах,
як бяспрытульны.
Што бяспрытульны —
гэта можа,
а бездарожжа? —
лепей куля!

Пакуль яшчэ
вецер не разьзеяў
нікім
непакараныя косьці —
жыцьця без змаганьня
не разумею

і ня дам
завязаць сабе вочы.
Калі-ж,
ідучы па шляху,
я станаўлюся
на калені перад Беларусью.
Песьню
Комуне пяю
і гімн
згіненьню
прымусу!

А каму гэты гімн
не па духу традыцый,
укананёных
стагодзьдзямі мінуўшчыны,
Дык што-ж:
на Беларусі
шмат гіцаляў,
ад выпітай крыві
разьюшаных!..

…Я знаю тваю бацькаўшчыну —
яна пад Нёманам
(там стогн
і зьдзек пануе).
Я быў нядаўна
на тых загонах —
таму часамі
сумны
і пануры…

Я бачыў хатку,
саломаю пакрытую,
і вішні
чырвоныя, як кроў.
І да тэй бацькаўшчыны,
табою забытае,
у мяне
захавалася любоў.

Замяню яе
сусьветнаю Комунай,
калі малыя з вялікімі
будуць роўнымі;
а пакуль вялікія
там сьцёгаюць пугаю —
для мінуўшчыны
распальваю полымя.

І сказаць,
што я на бездарожжы,
ня вытрыманы
і з дрэнным ухілам —
гэта толькі
той можа,
хто зрабіў Беларусь
з курганоў
і магілаў.