Алесь Дудар. «Сонечнымі сьцежкамі» (Пушча)
Алесь Дудар. «Сонечнымі сьцежкамі» Крытыка Аўтар: Язэп Пушча 1926 Крыніца: Маладняк. — 1926. — №1 |
Алесь Дудар „Сонечнымі сьцежкамі". Вершы. Выданьне ЦБ „Маладняка". 64 стар. Цана 15 к. 1925 г.
Сучасная наша крытыка і бібліографія, трэба прызнацца шчыра, мала аддае ўвагі зборнікам поэзіі і мастацкай прозы нашых маладых песьняроў і пісьменьнікаў. У гэтай галіне адчуваецца шкодны арыстократызм. Такое становішча ня спрыяе разьвіцьцю маладых талентаў, ня спрыяе поступу да новых дасягненьняў нашаму мастацкаму слову. Асаблівым консэрватызмам у гэтым вызначаецца шаноўная часопісь „Полымя". Ну хоць-бы на адзін № кніжніцы „Маладняк" там было напісана поўслова. Няма. Маўчыць, як вады набраўшы ў рот.
Так вось і з зборнікамі А. Дудара. Вышаў яго першы зборнік вершаў „Беларусь Бунтарская". Ну, дзе і хто аб ім напісаў хоць два радкі? Маўчаньне, а гэта-ж найвялікшыя моральныя мукі для поэты. Адзін яшчэ крок і ён на творчым раздарожжы. Творы-ж Алеся Дудара не заслужылі на такі трагічны лёс. У іх мы бачым орыгінальнасьць і колёрытнасьць, уласьцівую толькі Алесю Дудару. Яскрава гэта вызначана ў другім зборніку яго вершаў „Сонечнымі сьцежкамі". Вось аб гэтым зборніку і скажам некалькі слоў.
Першае, што кідаецца пры чытаньні зборніку — гэта рознастайнасьць тэматыкі. Усе вершы разьбіваюцца на шэсьць тэматычных цыкляў: Беларусь у мінулым, Кастрычнік, сягоньня, індывідуальныя перажываньні і настроі, горад і сузор'і. Ня будзем мы тут казаць: ці гэтыя тэмы зьяўляюцца новымі ў беларускай поэзіі, ці не, а толькі адзначым адно: малады наш пясьняр Алесь Дудар падыходзіць да жыцьцёвых праяў і падзей усебакова, з чулым замілаваньнем мастака, дапаўняючы ўсё гэта індывідуальнымі перажываньнямі і настроямі. Ён імкнецца зьліць у вадну сугучнасьць жыцьцё і сваю істоту, гэта дае нам упэўненасьць, што Алесь Дудар сонечнымі сьцежкамі выйдзе на прасторны сонечны шлях сваёй творчасьці. Ён ужо вызначаецца ў некаторых строфах яго вершаў, як:
І ў нязнанай, цьмянай далі |
Хоць мы тут лірычную композыцыю маем і Бальмонтаўскую, затое адчуваем беспасрэднасьць і вялікую шчырасьць настрою маладога поэты, такіх вершаў мы ў зборніку маем некалькі. Толькі вось адно мяне дэтануе: у „Сонечных сьцежках" адчуваецца падвойнасьць душы і настрояў поэты. Так, у вадным вершы ён верыць, што
Мастацкі дух ніколі не памра. |
Так мастацкі дух бясьсьмертны „ня вычарпаць гадамі і вякамі", гэта дух крылаты, з ім толькі за песьняй у пагоню. У другім-жа сваім вершы Алесь Дудар як-быццам скардзіцца, жальбуе, што ня мае крыльляў мастацкага духу:
Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі, |
Гэта падвойнасьць адчуваецца у падыходзе і да тэматыкі:
Што капацца ў архівах стагодзьдзяў |
І тут-жа чытаем нізку вершаў на гістарычныя тэмы, да якіх ўзяў такі эпіграф з Ул. Жылкі:
Мы любім даўныя паданьні, |
Далей ён то поэта ўрбаністы, то поэта вёскі і г. д.
Гэта, памойму, у некаторай ступені дае нам пазнаць мастацкае „Я" поэты. Яно яшчэ ня выкрышталілася ў нешта сталае і пэўнае, яшчэ яно стаіць на сонечным раздарожжы. Бо-ж і падвойнасьць яго ня ёсьць нешта ўзьведзенае ў стройную сыстэму, a часамі звычайная супярэчнасьць фактаў і мастацкіх прыёмаў.
У цэлым мастацкай вартасьці зборніку шкодзіць:
а) Жыцьцёвая няпраўда, як:
Беларусь мая ў фабрычных трубах...
або:
А Менск толькі бровы нахмурыў,
Ашчацініўся стрэламі труб.
б) Тандэтная агітацыя:
Хай дзяўчаты да раніцы гуляюць, |
в) Шаблённасьць:
І Ільліч прыжмурыў вока на сьцяне.
і г) Мітынгоўшчына:
Аднаму забітаму на зьмену
Стануць сотні новых змагароў.
Да ўсяго гэтага неабходна дадаць, што Алесь Дудар часамі неахайна адносіцца да лексыкону сваёй поэзіі. Мы вельмі часта ў яго спатыкаем русыцызмы, якія на глянцавітай паверхні яго поэзіі зьяўляюцца іржавымі шрамамі. Яны часамі псуюць вельмі і вельмі мілагучнасьць яго вершаў. Каб ня быць галаслоўным, вось узоры русыцызму: нежная, ламаецца, заклубіліся, тусклы, меткія, заглохла, прычаліў, мечацца, кайма, зарыдала і інш.
Якія-ж з усяго павінны зрабіць вывады? А вось: Алесь Дудар, бясспрэчна, таленавіты поэта і беларускае прыгожае пісьменства чакае ад яго каштоўных скарбаў. Ёсьць надзея, што ён пры сваім творчым запале іх дасьць. Толькі адно: павінен больш уважліва даглядаць рунь сваёй творчасьці, бо ў адваротным выпадку сівер і вецер могуць вырваць яе маладое карэньне з нівы беларускага мастацкага слова.
Я. Кудзер.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.