Алесь Дудар. «Шанхайскі шоўк» (Пушча)

Алесь Дудар. «Шанхайскі шоўк»
Крытыка
Аўтар: Язэп Пушча
1926
Крыніца: Маладняк. — 1926. — №2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Дудар Шанхайскі шоўк, поэма. Выданьне ЦБ Маладняка" 1926 г. 36 стар. Цана 13 кап.

Наша поэзія сягонешніх дзён вельмі багата вершамі, — затое-ж бедная больш буйнымі эпічнымі творамі. Што за апошні год зьявілася на сьвет? Раней напісаная, а цяпер апрацаваная поэма Якуба Коласа "Сымон Музыка", „Карчма" Mіxaся Чарота ды вось поэма А. Дудара „Шанхайскі шоўк". Але кожная з гэтых поэм вельмі мала мае эпічнага элемэнту, яны ўсе абвеяны цёплым лірызмам. Не хачу я сказаць, што ў гэтым загана, ніколі не, можа якраз наадварот: бо чым твор больш беспасрэдны, тым больш ён мастацкі. Твораў, у якіх выводзяцца тыпы, характары, у нас ёсьць мала, а іх чакаюць, яны патрэбны для чытача і для далейшага росквіту нашай літаратуры. Зьвернемся-ж зараз непасрэдна да Алеся Дудара. Алесь Дудар вельмі маладым прышоў у беларускую поэзію. Імя яго вядома Беларусі ўжо якіх пяць год назад. Калі ён быў яшчэ 15-16-гадовым юнаком, ужо тады пачынаў іграць на ліры і іграць з густам. У ім з першых яго песень мы адчулі поэту сягонешніх дзён. Ён ня мог, каб не захапіцца пафосам вялікай рэволюцыі. Яна ў яго творчасьці знашла сабе романтычна-публіцыстычнае ўвасабленьне. Ён ня мог, каб песьню сваю не абпролетарызаваць, ён таксама ня мог, каб не зьмяніць традыцыйныя і так характэрныя для беларускай поэзіі вясковыя мотывы на гарадзкія. Ня любіць яго песьня павольнасьці, ёй больш да спадобы рух, дынаміка, нездарма-ж мо і першы зборнік свой назваў „Беларусь Бунтарская". Яго „Беларусь Бунтарская" да мэты ня хоча ісьці скрозь туманоў сініх, а „Coнечнымі сьцежкамі".

Уважліва перачытваючы зборнікі вершаў Алеся Дудара, мы заўважваем, што шмат ён працуе над тэматыкай. Ён перашоўшы ад сялянскай тэматыкі да гарадзкой, ставіць пытальнік над яе далейшым разьвіцьцём. І ў чым-жа ён знаходзіць вырашэньне? А вось: даволі беларускую поэзію ўціскаць у этнографічныя межы, для яе бацькаўшчынай павінна быць уся плянэта. Праўда, такі погляд, пры адным няўмелым кроку, поэзію можа прывесьці да выраджэньня, яна можа стаць нічыëй, на усёй плянэце будзе чужой. Але-ж не, для поэзі А. Дудара сокамі яшчэ ўсё-ж зьяўляецца нацыянальная глеба, і за лёс яе пакуль што асаблівай боязі няма. Гэта ён пачынае ажыцьцяўляць і першай спробай зьяўляецца поэма „Шанхайскі шоўк". Сужэт для поэмы навеяны змаганьнем кітайскага пролетарыяту (кулі) за вызваленьне з-пад ангельскага капіталу.

Колькі іх, колькі!
І ўсе, як адзін,
І ўсе
толькі здань чалавека:
З голай сьпіны гэтак страшна глядзіць
сьлед ангельскага стэка.

Вось гэта соцыяльная няволя і няпраўда натхнула напісаць Алеся Дудара сваю орыгінальную поэму ў беларускай літаратуры. Ці ўдалося А. Дудару справіцца з тэмай? Бязумоўна, ўдалося. Ён даў не дакучлівую агітацыю, а паказаў нам, хоць ня зусім вытрыманыя, але ўсё-ж характары людзей: з аднаго боку, комуністага кітайца Чы-Ванга, з другога — матроса ангельца Джона.

Па эмоцыянальна-мастацкай сіле мы не знаходзім твораў аб кітайскім пролетарыяце мацнейшых і ў расійскай літаратуры (Ціханава, Беры Інбер) за гэту поэму.

А. Дудар у ёй часамі дае нам даволі трапныя малюнкі і дзікай азыяцкай прыроды:

Ад Морока да Гімалаяў
дражняць неба жоўтыя скалы:
ой, ня раз там зубы ламалі
аб белыя косьці шакалы.

Але поплеч з такімі малюнкамі ёсьць вельмі і вельмі наіўныя, як:

Кітай —
гэта жоўтая такая краіна...

Ня гледзячы на сваю тэматычную орыгінальнасьць, гэта поэма куды вышэй стаіць за шмат якія ранейшыя вершы А. Дудара з боку мовы. Тут мы ўжо амаль не спатыкаем русыцызмаў і небеларускай сынтаксычнай пабудовы, а гэта ўсё надае поэме значны плюс у яе стылістычнай лёгкасьці. Гэта поэма нам кажа, што творчасьць Алеся Дудара з кожным днём становіцца больш цікавай і больш рознастайнай. У далейшым, для соцыяльна-мастацкай каштоўнасьці, А. Дудар павінен больш увагі зьвярнуць на псыхолёгічны бок сваёй творчасьці — і ўсё-ж не павінен забывацца, што на плянэце ён "сын маладой Беларусі". Каб творчасьць яго заўсёды ня губляла соцыяльна-мастацкай вартасьці, ён павінен памятаць цьвёрда адзін тэстамант, ім-жа выказаны ў большай поэме:

Хто сказаў, што ў сягонешні дзень
Я краіне чужой малюся?..
Не забыць мне ніколі, нідзе,
Што я сын маладой Беларусі.

Язэп Кудзер.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.