Алёша (1927)/Вясёлы народ/Навука
← Усё яшчэ чырыкаюць | Навука Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1927 год |
НАВУКА…
Ну і ўзлаваўся-ж народ супроць „міжнародных акул…“
Ледзьве што якое, адразу ў радакцыю:
— Напішэце, просяць, на іх у газэту…
Пішу…
…І да чаго сапраўды высока стаіць навука ў буржуазных краінах…
Скажам, вы, дарагі чытач, ужо стары, скажам, і розум у вас ужо цяжкаваты.
— Што ў нас будзеце рабіць?
— Нічога!..
А ў буржуазных краінах там вынаходкаю вам: амаладжэньне — раз!, перасадку ў адпаведнае месца два! і вы ўжо зноў шаснаццацігадовы, і вочы вашыя зноў блішчаць, і вы ўжо зноў сьпяваеце:
„Сильва, ты меня не любишь, |
…І потым, значыць, як зробяць вас маладым, — жывіце, значыць, вы сабе ды радуйцеся, але тут зноў прыходзіць гэта-ж адпаведная буржуазная вынаходка, зноў-жа гэтаю-ж вынаходкаю вас:
— Шасьць!
І… як кажуць расійцы, „ваших нет…“
І ня толькі ад вас, а і ад цэлага гораду, у якім значыць, па вынаходцы жылі маладыя, ды радасныя, ад гэтай-жа вынаходкі толькі пыл застаўся…
Да чаго сапраўды высока стаяць навуковыя вынаходкі ў буржуазных краінах…
Зноў-жа!..
Гэтымі днямі адзін амэрыканскі прафэсар высунуў перад сэнатам уласны праэкт у розных „неблаганадзейных“ выпадках заменьваць працоўных малпамі.
Вучоны кажа, што над гэтым праэктам ён працаваў шмат год…
Б‘юся аб заклад, што сэнат можа прыняць гэты праэкт…
Я толькі баюся аднаго, што калі па гэтаму праэкту, у выпадку чаго, сэнатары згодзяцца на замену іх малпамі, дык малпы са свайго боку могуць ня згодзіцца на замену іх сэнатарамі…
Да чаго, сапраўды, даходзяць навуковыя вынаходкі буржуазіі…
Гніе, ці ня гніе буржуазны лад?
Калі глядзець з надворку, дык нібы і ня гніе…
Праўдзівей, гніе, але дужа павольна…
Мараль: прашу буржуазныя газэты перадрукаваць.