Алёша (1927)/Малайцы землякі/Хай жыве!
← Сіла ў ведах | Хай жыве! Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1927 год |
Вось што значыць заракамандавацца → |
ХАЙ ЖЫВЕ!
Я саўсім ня супроць навукі і вучоных.
Я, напрыклад, вельмі ўдзячны тым прафэсарам, якія гэтак самаахвярна вынаходзяць эгіпецкіх фараонаў, альбо адшукваюць вялікую жывёлу, ужо саўсім ня існуючую.
Я нават ня супроць і тых старых акадэмікаў, якія ніякага пораху ня выдумалі і ня выдумаюць, а між іншым уласна ад іх і пашла ў народзе вядомая прыказка: з гэтых акадэмікаў порах сыплецца.
Я некаторых акадэмікаў мог-бы параўнаць з тым выведзеным у літаратуры старычком, які пажадаў аднойчы саблазьніць дзяўчыну, а тая, парадзіўшыся ў сваёй бядзе з падругай, атрымала ад яе гэткі адказ:
— Дайце яму магчымасьць дзейнічаць, і ён, акрамя граха сваёй похаці, укрые сябе яшчэ і пазорам свайго бясьсільля. Ну дык няхай сабе памянёные старычкі і будуць акадэмікамі:
— для сьмеху!..
Але пашто-ж памянёным старычкам кнігі пісаць?
Ва Францыі ў гэтым годзе выдалі кнігу „La rousse de poche“, па вестках якой ні Беларусі, ні Украіны няма.
На іх месцы катэгарычна вызначана Расія і жывуць у ёй выключна адзіныя расійцы.
Акадэмічныя старычкі, выбачайце мяне, але вы гэта ўсур‘ёз ці для сьмеху? А цяпер аб прафэсары Рубашове.
Паважаны прафэсар жыве ў Менску, у нас-жа і прамовы гаворыць.
Паважаны прафэсар на выпуску мэдфаку Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту казаў:
„Мы врачи старых русских выпусков, гордились своим званием. Мы надеемся, что и новый выпуск русских врачей будет соответствовать своему званию“.
Але я, у адзнаку ад францускіх вучоных, прафэсара Рубашова не абвінавачваю.
Ён гэты добры прафэсар, цяжкая ахвяра ўласнай навуковасьці.
І каб паважаны прафэсар пажадаў прачытаць, ну хаця-б кнігу „Беларусь“ (на русском языке) Ігнатоўскага, ён-бы з гэтай кнігі даведаўся куды закінуў лёс паважанага прафэсара.
А пакуль што, у самым абмяжаваным сэнсе, вашыя словы, паважаны прафэсар, заслугоўваюць зьдзіўленьня пры кожных абставінах.
А пакуль што, я, як беларус, заяўляю, што я ёсьць, быў і буду, аб чым і падпісваюся.