Алёша (1927)/Справы літаратурныя/Крытыка крытыкаў

Сілуэты маладнякоўцаў Крытыка крытыкаў
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
„Паскуднікам“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫТЫКА КРЫТЫКАЎ…

Да літаратурнага „расколу“ было гэтак:

Спаткаюцца двое…

Першы: — Вы надзвычайны паэта!

— Гэта чаму? — шчыра дзівіўся другі.

— Ну, ведаеце, — даводзіў першы, — пішаце вы прыгожа. Зноў-жа почарк у вас гэткі вытрыманы, буйны.

— І вы добры крытык, — на камплімэнт адказваў камплімэнтам другі паэта.

— Ну? — дзівіўся ў сваю чаргу крытык.

— Сапраўды! даводзіў другі. — Пішаце вы добра! Зноў-жа валасы ў вас гэткія паэтычныя. Словам, вы вялікі крытык.

Пасьля літаратурнага расколу „бывае“ вось як:

Спатыкаюцца двое…

Першы: — Дурань ты, а не паэта!

Другі: — Гэта за што ты?

Першы: — Так сабе!..

Другі (падумаўшы): І ты дурань, а ня крытык!

Я разумею паэтаў…

Людзі спрачаюцца і ў пылу спрэчак могуць лаяць адзін аднаго як толькі могуць, але мне цікава куды глядзіць радакцыя, якая зьмяшчае гэткую лаянку.

Вышаў № 3 Двухтыднёвага літаратурна-мастацкага дадатку да „Беларускай Вёскі“ — „Чырвоны Сейбіт“.

У аддзеле бібліаграфіі гэтага часопісу напісана рэцэнзія на зборнік Дудара: „І залацісьцей, і сталёвей“.

Вось што з гэтага вышла:

У Дудара першы верш у зборніку пачынаецца словамі:

„Усё прайшло…
сьледу больш няма —
мяцежны шлях, і перазвоны“…

Гэты-ж самы верш Дудара канчаецца наступнымі словамі:

„Знаем — намі пройдзэных пуцін
Не забыць, ня зьнішчыць, не закрэсьліць!
................
Ня спыняцца, а далей ісьці
Да жыцьця, да радасьці і песьні“…

Нібы ніякай контр-рэвалюцыі тут і няма, але „пад мікраскоп“, аб якім піша Крапіва ў гэтым-жа нумары і „з свае высознай вышкі“ рэцэнзент бачыць у гэтым вершы другое і, выхапіўшы з верша тры радкі, філёзофствуе:

„Дасягненьняў за дзевяць год сацыялістычнага будаўніцтва ён (Дудар Ал.) не заўважвае“…

У сумленных людзей гэткая сыстэма выхватваньня паасобных радкоў называецца падтасоўкаю. Называць гэтую падтасоўку рэцэнзіяй з боку радакцыі „Беларускай Вёскі“ бязумоўная памылка.

І далей, у Дудара ёсьць верш, які пачынаецца гэткімі радкамі:

„Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і стагодзьдзяў,
Мохам спавіты Акропаль, руінаю стаў Капітолі,
Мірна гандлююць алівай патомкі Гомэраў і Брутаў“…

Выхапіўшы з гэтага вершу ўжо не пачатак, а самы апошні радок, —

„Шкода, што Рым і Эляда заснулі ў тумане стагодзьдзяў“…

— рэцэнзент думае: урэшце Дудар даходзіць да таго, што шкадуе, чаму зьмяняюцца эпохі, шкадуе, чаму зьнікае старое“…

Козьма Пруткоў некалі казаў: „Ня кожны кравец разумее ў мастацтве“.

З гэтага сказу зусім ня выходзіць тое, што кожны кравец можа быць, выкрайваючы паасобныя радкі з вершу, крытакам.

Вось усё тое, што я хацеў сказаць некаторым крытыкам.

Да рэчы, калі я ўжо закрануў „Чырвоны Сейбіт“, дык я хацеў-бы запытацца ў аўтара перадавіцы Шукевіча-Трацякова, як трэба, разумець наступныя радкі з яго артыкулу:

„Затое — ён (Якуб Колас. Ал.) адбіў жыцьцё селяніна ад нараджэньня да сьмерці, ня горш, чым Шылер у „Ліцьце Званы“, Пушкін у „Евгении Онегине“, „Калевала“, „Адысея“.

Яшчэ адна вынаходка на фронце сусьветнае крытыкі. Пушкін, па Шукевічу-Трацякову, у „Евгении Онегине“ адбіў жыцьцё селяніна ад нараджэньня да сьмерці!!. („Чырвоны Сейбіт“ № 3).

Таварыш Шукевіч-Трацякоў! І вы гэта ўсур'ёз?

І потым, калі пісаць ужо пра „Сейбіт“, дык што зноў-жа значаць наступныя радкі з артыкулу Бабарэкі:

Паэта кажа, што супярэчнасьці — гэта плод непаразуменьня, цемнаты і „пячаці“, якая наложана на адвечную існасьць людзкага імкненьня рознастайнымі формамі вырашэньня гэтай існасьці і формамі азначэньня яе“.

Што гэта значыць, Бабарэка, і як селянін здолее гэта разумець?

Што датычыцца мяне, дык я думаю, што тут нечага не хапае. Сам-жа Бабарэка некалі пісаў, што мозг чалавека гэта капэльмэйстар. Баюся, што тут гэтага капэльмэйстара і не хапае.

Нарэшце хачу кончыць паэзіяй, дзеля гатага спасылаюся на верш Грамыкі з гэтага нумару „Сейбіта“.

„На крыўду ты вачэй ня плюшчыў
праўду нёс у свой творчы клунак
ад старонак гушчы кемных
дзе нейкі цёплы дух паземны“…

Ідзе, дык можа ён ідзе, але сапраўды „чыжолы“ дух.

А ўсё гэта выходзіць ад таго, што „капэльмэйстары“ загружаны.

Трэба аслабіць.