Алёша (1927)/Справы літаратурныя/«Паскуднікам»

Крытыка крытыкаў „Паскуднікам“
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
„Хата, вата, макарон“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ПАСКУДНІКАМ“.

Член аршанскай філіі „Маладняка“ Прыбыткоўскі, нягледзячы на сваю моладасьць адразу заўважыў сваім сталёвым вокам розныя непарадкі ў пабудове сьвету, заўважыўшы, пачакаў крыху, пакуль хто небудзь ня скажа Прыбыткоўскаму:

— „Восстань пророк и виждь, и внемли!“

— Але, недачакаўшыся, Прыбыткоўскі сам рашыў паліць сэрца людзей сваім „глаголам“…

Бязумоўна, гэткае рашэньне ёсьць прыватная справа Прыбыткоўскага, і мы-б нічога супроць яго ня мелі, каб яго „глагол“ пад назваю „Паскуднікам“ не зьявіўся ў часопісу „Аршанскі Маладняк№ 3 — (5).

„Глагол“ Прыбыткоўскага пачынаецца гэткім мастацкім уступам:

Эй, вы!
Што ў вёсцы і
Горадзе,
Што сьлёзы дзедаўскія
Сееце па пяску,
Вам кажу:
Трэба сьвет
Біць
Па мордзе
без ваганьня
Прыстаўляць
Наган к віску!!.

Дзядзька Прыбыткоўскі, ня трэба сьвет біць па мордзе…

Палячыцца трэба!..

Можа яно яшчэ і так пройдзе…

Далей дзядзька Прыбыткоўскі піша:

„Трэба ўмець
І плакаць,
І сьмяяцца.
Трэба ўмець
Змагацца
Без вайны…
А ваш „плач асеньні“
Ля здаровата
Трасца.
Кіньце пісаць
вершам вершы,
Балваны!“

І кіньце, дзядзька Прыбыткоўскі, чаго там!..

Давядзеце ім, другім балванам, што вы дык ня толькі на словах, а і на справе гаспадар свайго слова.

Няхай ім, другім балванам, будзе сорамна!..

І яшчэ Прыбыткоўскі піша:

Паміж слоў!
Малінавых!
Вы!
ідзеце да мэты
„Маё-ж слова
Рэжа
Вуха?!
Але ведайце,
„Я“ самы чулы
Ад такіх, як Вы,
паэтаў!
І ўзьнёсься вышэй
Ад усіх вас
Духам.

Саромлівасьць — рэч добрая, дзядзька Прыбыткоўскі, але ўсё-ж як-жа гэта вы да гэтага часу не паведамілі нас, што вы „ўзьняліся вышэй ад усіх духам“, бо раней розныя Купалы ды Коласы ўводзілі нас у блытаніну.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Я ня супроць маладых гэніяў, я я нават разумею, што ўсе гэніі крыху хворыя людзі, але-ж гэта зусім не падстава ўсім хворым людзям лічыць сябе гэніямі…

Я сьмяяўся…

Перачытваў вершы Прыбыткоўскага і смяяўся.

І раптам я падумаў, адзін Прыбыткоўскі гэта яшчэ сьмешна, а калі гэткіх Прыбыткоўскіх некалькі ды разам, ды калі кожны „вышэй ад усіх“, ды калі яны ўсе пачнуць „біць сьвет па мордзе“.

І мяне ахапіў жах…

Самы сапраўдны жах…

Божа мой, і гэта нашыя паэты і крытыкі…

Пашкадуйце хоць беларускі народ!..