Эх, каб меў прынамся, у цяперашнім трапе —
Думая дырэктар, на мяккай канапе.
Ў кішані свабодных, тысячаў са дзьвесьце!
Меў-бы камініцу, у вялікім месьце.
Паехаў-бы з жонкай зараз заграніцу:
У Парыж, у Лёндан, ў Монтэ-Карло, ў Ніццу.
Важныя асобы, у сябе прынімаў-бы,
І, тады ў міністры бадай што папаў-бы.
Эх, каб хоць сто тысяч, было ў маёй скрыні!
Думая купчыха на цёплай пярыні:
Ніводнага-б балю я б не прапусьціла,
Й да сябе заўсёды-б гасьцей бы прасіла;
Мела-бы павагу і ў людзях і дома;
Наймаднейшым аўтам езьдзіла-б, вядома;
Выдала-б дачку я тут за генэрала.
Тады я сапраўднай паняю-бы стала.
Эх, каб тысяч з дзесяць! Думая на балю,
Уладарка гмахаў, у японскім шалю.
Новы капялюш-бы я сабе купіла;
Сукенку на модну, зараз-бы зьмяніла;
У доме інакшу завела-бы моду;
І у ванну толькі ружовую воду,
І у тэатры толькі, ў лёжы-бы сядзела,
Й апрыч свайго мужа каханка-бы мела.
Эх, каб тысяч со тры, далі нагародных!,
Думая ўрадавец, хоць і ня з галодных.
Ў вышэйшую школу, паслаў-бы я дзетак;
Лепшу абстаноўку, завёў-бы я гэтак
Справіў-бы для жонкі, лепшае убраньне;
Мо‘ лепш бы любіла — бо, цяпер ня ў стане;
І нават кватэру на лепшу зьмяніў-бы
І, тады бадай што чалавекам быў-бы.
Эх, каб пару тысяч, падмога-б якая!
Ладзячы драбіны, Янка уздыхая:
Зямелькі кусочак, сабе дакупіў-бы;
Коніка другога, зараз прыдабыў-бы;
Завёў-бы кароўку, для гною другую;
Падправіў-бы хату; не купляў-бы хлеба;
Тады гаспадар я, быў бы так як трэба.
Эх, каб мне хоць з сотню мая дарагая!
Ў кажушку хлапчына, з мілой разважая.
Я-бы сабе сьвітку, новянькую справіў;
Сваю-б гаспадарку, хоць крыху паправіў;
Збудаваў бы комін няхай яно зьгіня!
Тады-б можа была-б, і ты гаспадыня.
Як-жа мне жаніцца, з табою зязюлька?
Калі ўсё багацьце, кажушок ды люлька.
|