Апаведаньня (Галубок, 1913)/Вясковые астраномы
← На кермашы | Вясковые астраномы Апавяданьне Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1913 год |
На вясельле → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясковыя астраномы. |
Вясковые астраномы.
Доктар з астраномам наважыліся раз на дзень-два пакінуць горад і сьцерці час у вёсцы.
Ведама, чаго шукалі, тоя знайшлі — дзьве гадзіны дарогі, і вёска Халадцы, як вырасла перад імі.
Ідучы вуліцай меж старых хат, яны бачылі, як агледалі іх праз вокны цікавыя бабы, і як маленькіе мурзатые дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабегалі праз вуліцу — і прыгледаліся ім у вочы.
Як там што не было, але паном усё падабалося, бо яны гэта блізка што ў першыну бачылі. Доктар, выгадаваўшыся у багатых бацькоў, праўда чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыцьцём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэдак сама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а посьле вылічаючы як і калі будзе зацьменьне, дзе якіе плянэты і т. п., ня меў часу зірнуць у вёску і, каб ня шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся-б туды.
Вось нашы вучоные, агледзіўшы з большыны лес, поле, вярнуліся ізноў у вёску і зайшліся да селяніна Гапцуля папалуднаваць.
Доўга не прышлося чэкаць: гаспадынька заварушылася, затрэшчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яешня ў момэнт апынулася на стале.
Тыц-мыц, з верху троху паны пазьбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном, туды сюды, а доктар, як відаць, і рад-бы зьесьці, але баяўся, каб не зашкодзіла.
Тым часам у хату увайшоў сам гаспадар. Скінуўшы с сябе армяк і адгладзіўшы бараду, ён сеў за стол, адваліў лусту хлеба, ушчаміў яе у таўстых пальцах, ды пачаў есьці, сёрбаючы пастаўленую жонкай на стол капусту. Доктар паказеліўшы вочы глядзеў і дзівіўся, як Гапцуль спаражняў адну місу капусты, другую, ды і за трэцьцюю ўзяўся.
Тут доктар пачаў шэптацца з астраномам, шырока разводзючы рукамі. А Гапцуль тым часам, толькі пачуўшы самы смак, спаражняў яшчэ і чацьвёртую місу крупніку.
«Гатоў аб заклад ісьці», марматаў свайму прыяцелю доктар, што гэты чэлавек аб’еўся і не далей, як сягоньня у ноччы Богу душу аддасьць, ня вытрымае.
І вось, як будзе то будзе, а доктар задумаў астацца ў гаспадара і чэкаць бяды, каб у часе памагчы чэлавеку.
Гапцуль, на астатку глынуўшы мерку квасу, адгладзіў бараду і, як паважна садзіўся, так паважна устаў ды, не раўнуючы, як пан прысеў на ложку і адваліўся на падушкі.
Не агледзіліся, як надыйшоў вечэр. Гапцуль, унёсшы свежага сена, прымасьціў гасьцям пасьцель і кажэ: «Спаць то добра будзе, але на раніцы мухі пытлююць трохі».
Але астраном на тое атказывае: — «Добра то добра, німа што казаць, але мы лепі ў садку высьпімся, — бачыш, які прыгожы вечэр».
«Ну як сабе знаеце, па мойму дождж павінен быць». Астраном усьмехнуўся, падмігнуў доктару і з ім паважна пасунуўся ў садок пад яблыньку. У самай поўначы ні атсюль, ні аттуль узьняўся вецер, ды калі ўрэзаў дождж, калі шматанула маланка, дык нашы начлежнікі, як мага, кінуліся ў хату і з радасьцю паляглі на прыгатаваным з вечэра мейсцу.
Астраном ані як ня мог дадумацца, як мог пазнаць просты мужык, што будзе дождж, калі ён, вучоны, і то не пазнаў гэтага.
Толькі настаў дзень, доктар зірк, ці жыў селянін. А той сьпіць сабе, задзёршы галаву, як прадла, падхропываючы на ўсе лады, як у жалейку.
Вось толькі прачнуўся Гапцуль, доктар і пытаіцца: «Скажы, браце, як выдыхаў ты ўчэрайшую ежу? Няўжо нічога?
«А, не, гэта звычай, паночку: ем датуль, пакуль брухам стол не адсуну, а як ужо стол кранецца, тады годзе».
«А скажы — перапыніў астраном, — аткуль ты ведаў, што дождж будзе ў ноччы».
«Ёсць, у мяне рабенькі бычок, і калі толькі ён пачне хвост лупіць, то так і спадзевайся дажджу. На тым тыдні так сама у вечары быў дождж, то мой бычок яшчэ зраньня пачаў хвост лупіць».
«Слаўны бычок, слаўны» — цадзіў скрозь зубы астраном: «прадай ты мне яго! Добра было-б, калі часамі маё вока не спраўдзіць, то бык да толку давеў бы…»