Апаведаньня (Галубок, 1913)/На вясельле

Вясковые астраномы На вясельле
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
«Журавінка»
Іншыя публікацыі гэтага твора: На вясельле (Галубок).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На вясельле.

(Апаведаньне старога дзеда).

Было мне гадоў шэснаццаць. Помню як сягоньня, часьценька у сьвята мы траляваліся ў Барысаў на кірмаш — бывала, сам я адзін — бывала, с сястрой Пятрунэляй, а яна тады была дзяўчынай.

У Барысаве заўсягды спатыкалі мы дзядзьку нашага, а то часьцей цётку; вось яны, абы толькі сустрэўся, зараз пачынаюць пытацца, што чутно і ці скора Пятрунэлю замуж аддаваць будзем. Мне гэтае пытаньне так абрыдла, так далося ў косьці, што стаў я мяркаваць, як адвучыць іх ад яго.

Здарылася неяк, я загуляў у Барысаві с хлопцамі; пакуль тоя ды сёя, дык і цёмна стала, а тут яшчэ, як на безгалоўе, дождж лупянуў такі, што як з лубу ліе. Хацеў перш ісьці да дому, але аднаму неяк было боязна, дый далёка, — вёрст восем па дажджы цёпкацца, дай, думаю, пайду да дзядзькоў і папрашу іх на вясельле. Пэўне пойдуць!

Падхаджу да хаты і ляпаю ў вакно. Яны ўжо спалі. Чую крэкчучы лезе дзядзька с печы:

— «Хто там?» — пытае. — «Я!» —

— «Чамуж гэдак позна?» — «А вось татка і мамка на ўсё прасілі, каб вы на Пятрунэліно вясельле канешне прышлі.» — «Ці ты здурэў? — ізноў кажэ дзядзька, — па начы і ў гэткую пагоду?»

А я давай лгаць, што пакуль па дарозе зайшоў да аднаго, да другога, то хоць і вышаў с хаты да сьвету, але да дзядзькі крыху спазьніўся.

Дзядзька верыў і ня верыў, але, як чалавек гасьцінны, усёж такі зьвярнуўся да цёткі і кажэ: «Пайдзём ці што?» — «Хіба пойдзім» атказала тая. — «Ну, дык зьбірайся!»

Зачалі варушыцца. Дзядзька с сьвірна прынёс булку хлеба, закінуў за плечы, захапіў люльку ў зубы, а цётка падкасалася ў дарогу, і павалакліся па дажджы, ды па балоці.

Я ішоў шляхам памеж бярозак, — ад сьмеху чуць не валяўся.

Ішлі мы гадзіны са дзьве. Змоклі да ніткі. Вось падышлі і пад нашу вёску.

Цёмна, хоць пальцам у вока пары. Сабакі выюць. Вось наша хата. Я адыйшоўся і паглядаю, што гэта будзе.

— «Што за хвароба?» — бурчыць дзядзька, — «чаму гэта у хаці цёмна? Ці яны ўжо па вясельлі, што спаць паклаліся?» — А цётка, як мыла зьеўшы: «Можа і паклаліся, ведама маладые, дык пасьпяшыліся трохі».

— «Ну годзе гаманіць! Стукай, бо я чуць жывы!»

Толькі цётка пачала барабаніць — атклікаюцца с хаты: «Хто там?» — «Мы!» — «Хто мы?» — «Ды-ж мы, на вясельле прышлі» — «Якое вясельле, хто вас клікаў, ці не Сымонка, каб ён прапаў?» — «Але-ж ён!» — «Зманіў, каб ён затануў! Скарэй у хату ідзіце!»

А дождж ліе як з лубу.

Я пайшоў сабе ў еўню і выспаўся добра да раньня. С таго часу ні цётка, ні дзядзька ніколі больш не пыталіся, калі вясельле Пятрунэлі.