Апавяданьні (Бабарэка, 1925)/Зьмітрава вясельле

Як красназорцы зямлі сцураліся Зьмітрава вясельле
Апавяданьне
Аўтар: Адам Бабарэка
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьмітрава вясельле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬМІТРАВА ВЯСЕЛЬЛЕ.

Цяпер, як у бубен б’юць, пра новы быт гамоняць.

А ён маленькімі кропачкамі рассыпаецца сярод старога, так з ім пераблутваецца, перамешваецца, што аж у ваччу рабіць, аж за адным ня відаць бывае і другога. Але гэта не бяда, балазе — ён вольна сеецца і руньню сіняю ўзыходзіць — рунее, балазе — у новы колер ахварбоўваецца жыцьцё наша сялянскае. Хоць праўду кажучы, не бяз мукаў радовых новы быт у нас нараджаецца, але-ж затое, калі ўжо ўкінецца ў які куточак, то ніякім чынам яго ад нас ня вытурыш.

Расчынеце дзьверы хаты сялянскае ды паўзірайцеся, і — вы ў кожнай сям’і ўгледзіце, як чырвань сіняя прабіваецца з-пад ануч старых, паабшарпаных, як чырвоны кастрычнік пераліўнымі вобразамі з кутоў сялянскіх адсьвечваецца.

Дык пройдземся, паўзіраемся на вясельныя закуткі, на шлюбныя дарожанькі нашай ваколіцы Прывынянскай.

Вы самі ведаеце што цяпер пашла ўстанова новая, што шлюбы ў воласьці цяпер запісваюцца. Запісаўся і тады ўжо хоць к чорту лысаму, хоць ані к нікому.

Праўда, сьперша дык не да спадобы было гэта, асабліва старым.

— Чорт ведае, што выдумалі. Шалеюць людзі і ўсё тут, — гэтак нудзілі па закутках Прывынянскіх.

І з маладых ніхто не асьмельваўся запісаўшыся і жыць разам, ня едучы к папу ды не спраўляючы вясельля. Але гаворка і такая пашла:

— Вось і добра. Ня трэба лішняй і дарэмнай цеганіны ды пудоў папу вытрэсваць.

А далей і так пачалі гаварыць, нават, дзяўчаты ды жанкі:

— А што хіба поп зьвяжа? Ведама, не. Але вось нек ніякава так, — звычай ламаць. Бацькі жылі — гэтага ня зналі, дзядоўскія звычаі выпаўнялі, а мы вось возьмем раптам дый разбурым!? Як жа на гэта людзі глянуць?..

Ну, а калі пачало гаварыцца, то нешта павінна было выгаварыцца, бо так-жа ніколі не абыходзілася.

І што-ж бы вы думалі? Знашліся такія пары. Першая, дык гэта Рыгор з Антанінаю асьмеліліся дый запісаліся, адкінуўшы ўсякія і папоўскія і дзядоўскія забабоны. І жывуць разам яшчэ лепей, як тыя венчаныя.

Але гэта што? Вось Зьміцер, дык той іначай рызыкнуў з сваёю Марыляю.

Зьміцер — гэта сялянскі хлопец, а Марыля — сялянская дзяўчына, але ня простыя, як кажуць, а „абцёршыяся“.

Зьміцер пашоў у 18-ым годзе ахвотнікам у Чырвоную армію. Быў потым там на курсах і вышаў чырвоным камандзірам. І дзе ён толькі ня быў: і на кані і пад канём, як кажуць. І чаго ён толькі не рабіў? Як стане калі расказваць — дзіву даешся і проста думаеш: хлусіць хлопец і ўсё тут. Ажно не, праўда! Быў аж членам некай місіі, кажа, у Туркястане — паперкі, нават, такія мае. Ды ён такі і дасьціпны хлапец, і кемны, як у нас сьмяюцца: „з пад сучкі яйцы пакрадзе“. Ну, але гэта так сабе, да слова прышлося. Адным словам — Зьміцер то ў Маскве, то на фронце, то ў Туркястане, то зноў у Маскве, а Марыля сабе ў вёсцы дома. Пішуць, адно аднаму лісты і любяцца сабе заачы.

К Марылі тымчасам сватаюцца хлопцы, нават і багатыя. Бацькі-б гатовы ўжо і аддаць яе, а яна — ні прыступу.

— Не пайду й годзі.

Чакае на Зьмітра, а ён вось і пераяжджае на службу ў свой горад, а адтуль і да дому наведваецца.

Адзеты хораша. І — і, ніколі-б не сказаў, што гэта той самы Зьміцер, якога некалі дражнілі: „цялятка“. У бякешы зялёнай, харошай. На рукаве зьяе гвязда, на грудзёх таксама. Шапка каракулёвая, боты чуць ня хромавыя. Аж зіхаціць хлопец. Ну, думаюць, цяпер к Зьмітру ня прыступу. Ці такі-та ён возьме цяпер Марылю? Гі, ды за яго і настаўніца якая не пасароміцца цяпер пайсьці.

А Зьміцер, ведаеце, так і астаўся Зьмітрам. Са ўсімі любіць пажупіць, расказаць, растлумачыць. Зусім не задаецца, як іншы. Толькі перад людзьмі, якім ён казаў: „мінулася ваша“, гэта перад ахвіцэрамі быўшымі, ды папом любіў паказаць сябе Зьміцер ужо ня тым Зьмітрам-цяляткам, а Зьмітрам сьвядомым, новым. Яны яму:

— Вось, бачыш, ты комуністы мусіць, дык унь як адзеўся — увабраўся, а не-комуністыя горш як бывала абадраныя.

А ён:

— О, вам смачна бывалае, бо на плячох вашых блішчэлі пагоны залатыя. А цяпер угледзелі Зьмітра з гвяздою, таго Зьмітра, якога й блізка даўней не падпушчалі к сабе. Зьміцер камандзір… Я ведаю, вам гэта нясмачна. Муляе вам вочы гвязда наша чырвоная, але яна зьяе й зьяцьме, а ваша мінулася. І не падкусіць вам нас сваімі выбрыкамі, што комуністыя, дык лепш адзеты. Народ сам умее добра пазнаваць сваіх прыяцеляў і непрыяцеляў.

А папу дык таксама — ня раз даваў перцу з ягоным богам.

— Крамкі божыя, кажа, пусьцеюць, дык вы й чухаецеся.

Ну, але, не аб тое йдзе рэч.

Зьміцер ходзіць к Марылі ды зьбіраецца жаніцца і, ведама, без вянца папоўскага. Яго бацькі ўжо нічога й ня кажуць яму.

— Рабі, як хочаш, ты лепш за нас ведаеш. Што мы. Мы ўжо старыя. Цяпер ваша пара — маладых.

Гэтак у Зьмітра з сваімі, але не гэтак з Марылінымі.

— Як-жа, да як-жа гэта без вянца, — усё яму дзяўбуць.

Доўга прышлося Зьмітру з імі манежыцца, каб уламаць пасвойму.

Бывала, ужо згода; а далей наказ шлюць, што не аддадуць.

Тагды ўжо бралася Марыля:

— Дык я кіну вас і пайду за ім, калі ня хочаце падобраму.

А тут падыдзе й Зьміцер ды давай гэта тлумачыць, што нельга-ж зрабіць таго, што чалавеку няміла і што аніякай карысьці чалавеку не дае.

— Вянец гэта-ж толькі папу патрэбен, а ня нам. Гэта яго дармаедзкі хлеб. А мы любімся і пражывём без яго.

І Марыля кінецца к яму нашыю і горача, горача цалуе. Ведама-ж, як умее любіць беларуская дзяўчына, асабліва, калі яшчэ яна бачыць што й ты яе любіш.

І што-ж вы думаеце. Бацькі ўжо і згодны.

Ну, як-бы каму другому, то мо і не, а Зьмітру кажуць.

— Прыходзь з сватамі.

Тут Зьміцер пробаваў яшчэ, каб і бяз гэтага, але Марыліны бацькі намагліся.

— Хай сабе ўжо і без вянца, але як-жа гэта бяз нічога ніякага. То хаця ж свайго звычаю не зракайся.

Дый Марыля ўжо на гэта:

— А давай, любы, адыграем вясельле панашаму.

Згодзіўся Зьміцер.

— Толькі што дзеля людзей, а то лішнія і гэтыя цапстрыкі, — казаў Зьміцер.

А яно бацьком і весялей. Усё-ж такі і людзі будуць, хлопцы і дзяўчаты пагуляюць.

І вясельле адбылося па нашаму звычаю — беларускаму. І з сватамі Зьміцер прыходзіў, і заручыны справіў. Нават запоіны былі. Треба ўжо праўду казаць. Ужываў крыху Зьміцер гары.

А во настаў і самы дзень вясельля. Прыяджае Зьміцер з дружынаю: сваты і свацьці, браты і дружкі — усё, як вядзецца. А Марыля адбывае свае абрады, толькі на дзяжу не схацела садзіцца.

— Не хачу і ўсё. Яшчэ чаго ня было — на дзяжу. Вы хлеб у ёй расчыняеце.

Пара к вянцу. Маці Марыліна апратвае вывернуты воўнаю наверх кажух, бярэ хлеб і наогул усё што ў гэткім разе патрэбна, і выпраўляе маладых, абыходзячы навокала ўсе вазы. А вазы ўсе ўвабраны ў чырвоныя стужкі. У самого Зьмітра і Марылі дык як ручнікі — такія шырокія праз плечы абвіваюцца.

Музыкі смаляць, як кажуць, ва ўсю іванаўскую. І вясельле рухаецца з двара, а матка сьлязьмі заліваецца. Горна чагось ёй зрабілася.

Паехалі. Але-ж не падумайце к папу. Ховай божа, каб да гэтага дапусьціўся Зьміцер, тагды-б усе яго й пальцамі скалолі — сьмяяліся -б.

Аж на дванаццацёх вазох коцяць у воласьць. Там усе аж раты паразяўлялі. Гэтакая неспадзяванасьць і нечаканасьць.

Дзівяцца.

А Зьміцер урачыста падкаціў к валасному ганку.

Дачуліся на сяле, і быццам разьвязаліся хаты: бягуць усе і малыя, і маладыя, і старыя, і жанатыя і нежанатыя. Усе — паглядзець.

— Хто гэта?

— Адкуль гэта?

— Гэта замест царквы ды ў воласьць.

Распытваюцца і між сабою зумаюць.

А Зьміцер з Марыляю ў канцылярыю йдуць і — там запісваюцца. Дружына чакае на сходавай — няма ёй чаго тут рабіць, як ў цэркві.

— Каб ведаў, адзін кажа, не паехаў-бы я ў гэткае вясельле.

А другі:

—Ня ўсё роўна — хоць праехаліся з пыхам, і гэта наша.

Але вось выходзіць і Зьміцер з Марыляю, а за імі і ўсе валасныя на сходавую.

Тут старшыня бачыць: многа народу, ды і пачні віншавальную прамову.