Апавяданьні (Бабарэка, 1925)/Як красназорцы зямлі сцураліся
← Мікіта Шпэндзік | Як красназорцы зямлі сцураліся Апавяданьне Аўтар: Адам Бабарэка 1925 год |
Зьмітрава вясельле → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як красназорцы зямлі сцураліся. |
ЯК КРАСНАЗОРЦЫ ЗЯМЛІ СЦУРАЛІСЯ.
Нібы — казка.
— Чакайце-бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жаліцеся на долю: „мусіць доля наша такая. І цяпер праўды няма. Казалі: зямлі будзе ўсім удосталь. Казалі: ўсе будуць роўнымі, а дзе-ж яно ўсё гэта? Палёгкі ніякай няма. Ліхая наша доля“… А вы..? Але, пэўна, вы ня ведалі Міхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамі. Памёр і ня дачакаўся таго часу, пра які ён, бывала, любіў часта казаць: «Эх, прыдзе час, — але я ўжо, мусіць, не прычакаю, — прыдзе і ўсіх параўняе. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна й панаваць. І мужыкі самі сцураюцца сваёй зямлі, сваёй уласнасьці. От успомніце, некалі маё слова. Сабакам назавеце, калі будзе няпраўда». Дык але-ж, наліха яму, і праўда. Гэтак сталася ў тых-жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў — не паверыў-бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо’ й нам льга будзе што пераняць.
Нек гэтым летам жонка прыстала: «паедзь і паедзь у Прыдольле. Аднак ухадзіліся з сенам, а там мо’ паможаш нашым, ды што й дастанеш.» Падумаў я, падумаў — і хлеб выходзіць, а дзе яго так скора варвеш, і адзетку няма — запрог каня й паехаў. А ехаць у Прыдольле трэба праз Красназоркі.
Даўно я ўжо праз іх ня ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо’ з сорак.
Будынкі, быццам апенкі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся — паскручваліся. Па сярэдзіне — вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны да кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п’ючы раніцаю ваду са студняў. Абгароджвалі вёску вузкія йстужкі палеткаў і сенажацяў. З аднаго боку, ушчапіўшы на шыю пацеркі-праслы, пластом разьлягаўся выган — міска з паўбіватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося — назьбірвалася — гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былі Красназоркі, як і наша вёска.
Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогі, — любуюся на збажынку людзкую. А дзень быў лагодны.
От як цяпер памятаю, сонейка сабе песьціцца, палыскаецца ў белых, пухленькіх аладках-воблачках. Паветра над палеткамі калышацца — гойдаецца, і здаецца, — быццам за вушы падцягае жытныя калосікі на шнурочках, што зьвязваюць сіня-смуглыя наміткі лясоў і краскі — рассыпаныя каралі лугоў. Еду й сам сабе думаю: «добрае жытца, а й ярына паказвае на ураджай. Добра ў каго многа зямелькі, а вот мне й прырэзку далі, і то ня ведаю — ці стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хібіла. Але й як яму ня хібіць — бяз гною. А яго-ж і не зьбярэш шмат з гэтага вось цюхцяя да з аднае кароўкі. Ды які й ёсьць, дык хаця-б на сваё, а прыдатак… ці будзе шчэ мой…» Так сабе раздумліваю, ня ўгледзіў калі і ў Красназоркі прыехаў, а гэта-ж такі ў ваб’езд балота дык мусіць вёрст з пятнаццаць будзе.
Вайехаў я гэта і — што за ліха, няўжо мой гняды дзе зьвярнуў у другую дарогу, — не пазнаю Красназорак дый годзі. Гэтак адмяніліся з таго часу, як я колісь праз іх праяжджаў. Нават аж папытаўся, бо кажуць-жа: «хто пытае, той ня блудзіць». Кажуць: Красназоркі.
— А-а, адмяліліся, — падзівіўся я.
Шмат новых будынкаў паабапал шырокай вуліцы, як яблычкі зіхацяць. Хораша так гэта паабгароджваны новымі частаколамі, а то й дошчачкамі. За хатамі відаць садзікі пазасаджваны. Так вось і трапечуць сваімі лісточкамі, нібы ўжо вучацца прыманьваць да сабе ў сьпёку-гарачыню. Ня відаць штось і цэркаўкі. А дзе, як мне памятаецца, быў выган — здаля відаць — калосіцца жытцо, быццам наша балота чаротамі.
— Шмат адмянілася, — думаю сабе. Толькі з прыезду нашага, нібы якія здыхляціны, валяецца кучак некалькі асунуўшыхся, асівеўшых будынкаў. Гэта, як я потым дазнаўся, былі гнёзды даўнейшых багацеяў, што камандавалі, бывала, усёю вёскаю.
Тут мне захацелася піць, ведама, улетку ад гарачыні. Дай думаю забягу ў якую хату. Прыпыніў каня, закінуў лейцы за частакол і вайходжу.
— Дзень добры!
— Дзень добры! — адказвае якаясь бабулька.
Папрасіў вады, — напіўся. Бабулька папытала адкуль і куды я еду, папытала, што на сьвеце чуваць. Я гэта адказаў, як звычайна й дадаў: «Ат, ад ліха ціха, дый дабра ня чуваць.»
— Але-ж мой саколік, — загаварыла бабулька. — Вось у нас ліха ведае, што выдумляюць.
Цэркаўка пазалетась згарэла, а кажуць, што яе тут нехта з нашага-ж сяла падпаліў. А новай і ня думаюць будаваць. Некіх камітэтаў навыдумлялі, прадстаўленьні некія робяць. Да ці чуў, чалавеча, амаль ня ўсе зямлі свае паадцурваліся, да ўсё некім хаўрасам — і не разьбярэш. Але-ж кажуць, — хаўрусна — гнюсна, так і гэтта. Адступіўся бог ад нашых красназорцаў. Ня той сьвет пашоў.
Мо-б яна й яшчэ што нудзіла, але-ж відно, як чалавек нудзіць, дык нек слухаць ахвоты няма. Бачыш чалавек адно, а табе напяваюць другое.
— Няма мне часу, бабулька. Трэба ехаць, хаця-б да вечара заехаць, — завярнуўся й па- шоў.
Еду я.
На вуліцы адно дзеці сям там дурэюць, сьмяюцца. І да майго вуха ня раз далятаў пісклівы галасок:
— Я бальшавік а ты?..
— Ты будзь нібы пан, а мы цябе праганяць…
Вось наліха вам, як вы ўсё скора пераймаеце, — падумаў я, і неяк весела на душы зрабілася.
Праяждаю.
Бачу будынак большы, як звычайныя хаты. Нават гонтамі пакрыты. Нешта й напісана на ім, але, ведама, як неграматны, я й не разабраў што.
Але мяне больш за ўсё заняла думка, як гэта яны ад зямлі адцураліся, як казала тая бабуля. Вот хочацца ў каго распытацца, як улетку піць. Аж бачу перада мною йдзе чалавек з касою. Я гэта таркануў свайго гнядога. Думаю — напэўна красназорац.
— Насенажаць?.. Прысядзь, пад’едзеш крышку, — а у самаго на вуме, каб распытацца, дык так і смажыць-карціць.
— З Красназорак? Касіць?..
— Але. Балота там кавалак быў, дык сёньня трэба скончыць.
— Каму-ж гэта косіце?.. Я чуў, — вы зямлі адцураліся. — Ня верылася мне, як убачыў я чалавека з касою.
— Да яно так, можна сказаць, адцураліся, але-ж косім сабе.
— Як гэта адцураліся й косім?
— А так, браце. Бывала корпаліся мы на сваіх загончыках, корпаліся, а далей і абрыдзела. Ты й туды, ты й сюды, а яно ўсё — нехваткі, а яно ўсё — недастаткі. Як прышла гэта савецкая ўлада, то нам і прырэзалі крыху зямлі, але-ж што, калі ўзбіцца на гаспадарку трудна. Тое ёсьць, таго няма. Як кажуць, — хлеб ёсьць, квасу няма. Так і мы — ня спытвалі таго й другога разам. А багатшыя з нас ўсё пасьміхоўваліся — падкеплівалі. Але-ж толькі таго — сьмейцеся, калі вам сьмешна, хоць вам та плакаць хочацца, думалася нам. А мы будзем рабіць, як нам розум дыктуе. Ды прыяжджалі да нас з местаў з рознымі парадамі, але ўсяго было — і верылі і ня верылі.
Але вось скончылася вайна, і пачалі нашы хлопцы варочацца з Чырвонае арміі. А ведама, што солдат — то ня баба. Перш за ўсё яны паўлазілі, бач — мы іх павыбіралі ў сельсавет, у валасны савет. А там і пашло ўсё іначыцца. Пачалі гаіцца балючыя нашы болькі. От так струп за струпамі пачаў злазіць з нашага цела. У хурманках парадак увялі, зямлю нанава памеркавалі, з падаткамі стала менш непаразуменьняў. Адным словам, пачалі дбаць. Настаўніка сабе выпатрабавалі. Адчынілі школку тут у вадной хаце. Газэты пачалі атрымліваць. Пачалі мы варушыцца.
Але-ж цяжка патом жылося. Усё на хлеб, калі што прыдабыць. А тут яго й заобмаль. Вось гэта нек раз настаўнік, як мы ўсё бедавалі, што ярына хібіла, вазьмі да й падай нам думку пра інакшае вядзеньне гаспадаркі, вазьмі дай прачытай нам кніжачку пра чужы край, як там мужыкі вядуць хаджайства. А мы і ўхваціся за тую думку. Але-ж як тут прыступіцца. На ўсё, бач, трэба сродкі. Давай гэта мы абгаварваць ды распытваць, дык і даведаліся адкуль іх узяць і якім чынам на дарогу ўзьбіцца.
Вось мы і залажылі сельска-гаспадарчае таварыства. Злажыліся, і перш-на-перш адчынілі краму, каб замест таго, што пераплачваць розным гандляром, хаваць гэтую пераплату у сябе ды скарыстаць на палепшаньні ўсякія. А таксама і сваё што, калі выхадна, дык выгадней збыць. А тут нам горад дапамог — плугоў, барон, наогуль сіх-тых гаспадарскіх пралад напавер даў. Насеньня добрага дасталі. Ды нам параілі папару ня пускаць, а засяваць канюшынаю. Ось так гэта, памаленачку і пачалі ўзьбівацца на ногі.
З свайго таварыства мы і не разьбіралі ўсяго, а так згаварыліся — карыстацца за невялікую плату. Пры гэтым-жа ўтварылі комітэт узаемадапамогі. Тут таксама злажыліся, каб было пра чорны дзень. Мала што можа здарыцца. Але галоўным чынам мы даручылі комітэту наглядаць, каб ува ўсіх была аброблена і засеяна зямля. А дзеля гэтага ён вёў парадак — то таму, то другому загадае, каб каня даў, каб сам пашоў памог, — але больш за ўсё дык сам комітэт рабіў прыклад.
Ось так за год, другі дык і прывыклі, каб гэта пра ўсё абгаварваць (а мы кожну нядзелю зьбіраліся ў школу, там у нас было ўсё) ды гуртам і рабіць свае справы. А тым часам вачавідкі ўсяго і прыбываць стала і перайначвацца.
Наша таварыства з комітэтам завялі супольную гаспадарку. Узялі да ўзадралі выган дый засеялі. Парасло жыта лепшае, як ва ўсіх. Вось мы гэта паглядзелі дый згаварыліся, — апроч пяці гаспадароў, — усё поле абрабляць супольна. Бач і палеткі льга зрабіць большыя, ды з машынаю льга праехацца, а таварыства наша к таму часу ўжо і прыдбала жняярку да двухлямешных плугоў са тры ці што; дык з таго часу і пашла гаворка, што красназорцы зямлі сцураліся. А мы ня то сцураліся, а яшчэ мацней да яе прытуліліся.
— Дык вось яно як у вас, а я думаў, што й сапраўды адцураліся да куды выехалі ці што, як мне тая баба нагаварыла, — загаварыў я і запытаўся: — А калі-ж гэта вы пазабудоваліся гэтак?
— А вось за гэтыя ўсё-ж гады. Скора, як стала савецкая ўлада, мы дзерава дасталі. А цяпер памаленьку й будуемся… Ну, я ўжо зьлезу: мне трэба вось гэтаю дарожкаю. Гэта-ж вось было балота, а гуртам ужо асушылі, цяпер хоць з канём едзь.
— То бывай здароў, — адазваўся я і заматаў пугаю, а сам сабе падумаў: „вось як мужыкі адцурваюцца зямлі“. І ўспомніліся словы нябожчыка Міхаля: „а розум хоць ціха, памаленечку да ўсё расьце й паднімаецца на ногі сярод мужыкоў“.
Дык ось, браткі і сьмякайце да самі на дарогу выбівайцеся!
1922 г.