Апавяданьні (Бабарэка, 1925)/Мікіта Шпэндзік

Цёмнаю ночкай Мікіта Шпэндзік
Апавяданьне
Аўтар: Адам Бабарэка
1925 год
Як красназорцы зямлі сцураліся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мікіта Шпэндзік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІКІТА ШПЭНДЗІК.

— Жыцьця няма!.. Проста, тхнуць нельга ад іх, — скардзіўся Мікіта Шпэндзік свайму суседу Міколе.

— Хурманка трэба, да Мікіты загад, а як сенакосу, дык Мікіту і няма. Адно ім…

— Але! Ты кажаш, табе так, а мяне хіба ня гэтак папіхаюць? Мікола мае пару коняй, Мікола багаты, усюды Мікола.

— Няўжо-ж. Нехта вінен, што яны бедныя. Гультаі ўсе. Вось хоць-бы Пятрусь, толькі з вудаю і сядзіць на рэчцы.

Разжурыліся два суседы. Іх гора, іх бяда была аднакая. Чаму гэта іх, Мікіту і Міколу, „сталых“ гаспадароў, дзедзічаў, цяпер усюды папіхаюць? Чаму да іх няма даўнейшае павагі? Чаму Пятрусі ня йдуць больш да іх на работу, а лепш з вудаю сядзяць на рэчцы? Чаму Пятрусям і зямля і сенакос, а ім нічога акром, што тыдня ехаць у хурманкі? Многа крыўды.

— А ўсё затым, — трактуе Мікіта, — што, мы папусьціліся ім. У сяле старшынёю — хто? А ў воласьці — таксама. Кажуць-жа, Галетнік у камуністыя запісаўся, дык вось за іх цягне, каб з яго духі выцягнула…

І Мікіта пачынаў лаяць усіх.

Гэта-ж думаць, Мікіта меў дзьве валокі зямлі, даўней парабкоў трымаў, а цяпер у яго аднялі палавіну зямлі і аддалі бруковым. Колькі раз хадзіў у воласьць — нічога не памагло. Вось цяпер Мікіта і скардзіўся, ды ня то „скардзіўся“, а нават гуртаваў каля сябе гэтакіх, як і сам.

— Трэба сталых гаспадароў выбіраць у воласьць, — казаў Мікіта.

— А то пасадзяць абадранцаў… Яны і гаспадаркі ня ведаюць і жыцьця нашага ня знаюць.

Калі Мікіта казаў пра „сталых“ гаспадароў — вядома было, якіх. Іх — трох у вёсцы. Усе маюць па дзьве ды і больш валок зямлі, шмат коняй, гаўяды, трымаюць парабкоў. Гэткага жыцьця, праўда, ня зналі тыя, каго Мікіта зваў „абадранцамі“. У іх ня было на чым гэтак гаспадарыць, ды і часу ня было, каб жыць палюдзку. Заўсёды ім трэ было то адрабляць, то зарабляць. Цяпер-жа „абадранцы“ пачалі „станавіцца на ногі“, як казалі і самі Шпэндзікі, а гэта было не пад густ апошнім. Вось яны ўсякім чынам стараліся перашкаджаць, каб „абадранцы“ не зрабіліся „дзедзічамі“.

Давядзецца якія зборы рабіць, ці хурманкі адбываць, зараз Мікіта крычыць: „На дзесяціны разлажыць“, „з двара адбываць“. Гэтак мяркуе, каб увесь цяжар клаўся на бяднейшых. Давядзецца-ж дастаць чаго з воласьці або павету — і тут Мікіта ня міне. Разьмяркоўваць на душы не згаджаецца, бо яму мала. У яго тры душы.

— Хто вам вінен, што ў вас многа душ, — казаў у гэткіх выпадках Мікіта.

Тут-жа ён, як казаў пра яго Мікола, „уводзіў у вушы“ пра падаткі, пра хурманкі, — што ўсё дзеецца горш, як бывала.

Бывала-ж яму было добра. У воласьці быў яго сябар, „сталы“ гаспадар. З ім Мікіта заўсёды „меркаваўся“.

Прашлі часы „меркаваньня“, насталі часы змаганьня. У гэтым змаганьні „абадранцы“ й „сталыя“, ня могуць меркавацца, бо гэта сьмерць для першых. Толькі памяркуйся, а „сталы“ з цябе й жылы выцягне.

Ня ўсе гэта разумелі. Мікіта карыстаўся.

— Вось бачыце, як прыдзе Апанас — кожны дзень загадвае аддаваць масла, а не — дык судом страшыць.

Дзе толькі льга было, Мікіта шпіляў і шпіляў. У яго руку казала яшчэ некалькі заможных. Відаць было, што яны ненарокам узьнялі свой голас, а прагліся ўсе справы захапіць у свае рукі, каб абцяць задоўгія рукі „абадранцаў“, як казаў Мікола Мікіту.

— Штосьці Мікіта разьезьдзіўся, — прыкмячаў Пятрусь.

І Мікіта езьдзіў. То па колёсы, то да сваякоў. Не глядзіць ні на пагоду, ні на час. Едзе й едзе.

А час падыходзіў да восені. Пачалі хадзіць чуткі пра перавыбары.

— Цяпер будзе йначай, — казаў Мікіта, як прыяжджаў ад сваякоў.

Усюды падгаварваў і згаварваўся. Нават, у руку „абадранцаў“ пачынае трапляць. Нават, старшыня чагось з воласьці да яго колькі раз заехаў.

— Крыху лягчэй стала жыць. Выедзеш на кірмаш у мэстечка, усё-ж і дастанеш чаго хочаш, нават таней, як у коопэратыве.

Альбо:

— Зайдзі і ў мяне вазьмі каня паараць, потым памяркуемся, — раздабрэў Мікіта.

А Мікола ўжо ўсюды і ўсякаму трубіць, што Мікіта разумны чалавек, што будзе добры парадак весьці: кожны па чарзе будзе ў хурманкі ехаць, з падаткам ня будзе налягаць. Адным словам — Мікіта самы лепшы чалавек.

ІІ.

Здарылася так, як не павінна было здарыцца. Чалавек, дамагаючыся чаго аднаго, часамі не ўважае тых сетак, якія растаўляюцца наўкола з тых бакоў, адкуль і не чакае. Так і тут.

Прыехаў каморнік абводзіць межы разьмяркованых — быўшых панскіх — фальфаркаў. Кожнаму безьзямельніку й малазямельніку хацелася пэўнасьці, хацелася ведаць, дзе яго паласа, ці хутар, які даецца яму ў бястэрміновае карыстаньне. А чакалі гэтага каморніка аж ад самае вясны. Прыехаў-жа ён восеньню. Вось усе і ўзяліся каля зямлі. Той у камісіі, той упаўнаважаны ад беднякоў, а той проста рабочым ходзіць за каморнікам і дапамагае разьмерваць. Думкі ўсёй беднаты былі пакіраваны ў гэты бок. К гэтаму-ж яшчэ далучылася і тое, што ні з воласьці, ні з павету ў гэты час ніхто не заглянуў у Прынёмне.

— Хутка, кажуць, перавыбары будуць. Трэба ўважна аднесьціся да іх. Штось Мікіта Шпэндзік ўзварушыся, — рупіўся Пятрусь.

— Трэба сваіх падтрымаць. Каб не праскочылі часам такія, што нам калы ў калёсы будуць устаўляць, — дакладваў Пятрусь.

— Эт, неяк і бяз нас абыйдзецца. Трэ, з зямлёю закончыць, — часта чуліся адказы.

Гэта ўсё было на руку Мікітам, Міколам і да іх падобным. Яны не драмалі.

— Вось тагды, брат, сваё вернем.

— Ня будуць гэтак нас драць.

— Мы пакажам ім смак, — гэтак казаў Мікіта Міколу, апавядаючы, што ўжо ўсе вёскі воласьці аб’ехаў і ўсюды пападгаворваў сваіх.

Выходзячы-ж да сялян, ён зусім інакшым тонам да іх гаварыў.

— Думаеце, мне шкода, што зямлі ў мяне аднялі? Зусім не. З мяне хваціць. Няхай робяць. Але адно — трэба, каб быў парадак.

На парадак больш як на што налягаў Мікіта. Кажучы пра яго, трэба было ведаць, аб якім парадку йшла гутарка. Яго твар зіяў, як хто ўспамінаў са стараны, што даўней і заработкі былі, і грошы пра чорны дзень, адным словам, калі казалася пра „гожасьці“ струхлеўшага часу.

— Ці-ж-бы я гэтак зрабіў з сенакосам? Аднаму па-горла, будзе вось вясною прадаваць, а другому і нічога не далі. Калі даваць, дык усім — на каровы.

— Гэтак, гэтак!

— Прадаваць кажаш, Мікіта — чулася некалькі галасоў, — так… але так…

Гэта дапамагала Мікіту вяршыць.

— Чаго вы прыціхлі, чаго маўчыце, чаму даяце волю ім, — прасьцерагаў Пятрусь, але гэта прасьцярога ня мела належнага водгуку.

Толькі нарэшце схамянуліся, як Мікіта ўжо загадваў сабе хурманку, каб ехаць у воласьць.

— Другое ўлады нам ня трэба. Гэта — наша матка. А прыежджым мы ня вельмі дамо разгульваць, — з нейкай асанасьцю гаварыў ужо Мікіта.

Ён на перавыбарах увесь час гаварыў у руку воласьці, „бо гэтак-жа трэ было“, „іначай нельга“, казаў ён потым Міколу за чаркаю самагонкі.

— Хэ, прыпёрся гэта ка мне Пятрусь, а я яму зразу — заплаці за заяву, а сам можаш за дзьверы.

— Так іх, так. Хай знаюць, — хваліў Мікола Мікіту. Праўду казаў Мікіта раней. Парадак пашоў зусім іншы. Перш за ўсё Мікіта, як член валаснога комітэту, адабраў сваю зямлю і — аддаў у арэнду.

— Я служу, я маю права — гэтак было ў Мікіты. Налёг Мікіта на парадак, што называецца.

— Аж тхнуць нельга, — ужо жаляцца бяднейшыя. А заможныя рады: „Мікіта — маладзец, усё зробіць“.

Робіць, праўда, што робіць. Няма чаго сказаць! Сваёю няцікаўнасьцю, сваёй бязуважнасьцю наклікалі бяду беднякі на сябе.

Пачалі распаўсюджвацца ўсякія чуткі, ўсёроўна, як гадзюкі вылазячы з-пад карчоў з сваім гідкім сыканьнем, з сваімі падвойнымі языкамі. І нельга ніяк дазнацца праўды. Нельга ніяк праканацца, бо што-ж, калі гэтак і ў воласьці казалі. Газэт-жа нідзе й почуту ня было, калі ня лічыць паху ад цыгарак, якія дыміліся ў губах задраўшага галаву Міколы й яшчэ некалькіх „сталых“.

Ды ўсё так рабілася, што Мікіта быў ня Мікіта.

— Што-ж я? Я-б усё зрабіў, але мне кажуць, дык мушу слухаць, — гэтак апраўдваў сябе Мікіта, калі хто-небудзь зьвяртаўся з якой-колечы просьбаю.

Але ня ўсім быў гэтакі адказ. Часта чулася ад Мікіты інакшае.

— А я зняю, гэта ты.

— Добра ўсё будзе зроблена.

Гэта было тады, калі Мікіту казала жонка:

— Прыходзіў Алесь, пуд мукі прынёс.

Мікіта ўжо ведаў у чым справа. Але ляпей ён уважаў самагон.

— Гэта ажыўляе чалавека. З гэтым усё льга зрабіць, — казаў Мікіта таму, хто з гэткім прашэньнем зьвяртаўся да яго.

Дзівіліся толькі Пятрусі, чаму гэта сын Міколы ня ў войску, а дома; чаму гэта Трахім косіць дзьве дзесяціны атавы, калі ў яго й свае пропасьць; чаму гэта ў воласьці больш бяруць за запісы ўсякія ды заявы, як у другіх валасьцёх. І шмат, гэтакіх „чаму“, як зданьні мінуўшчыны жудаснай, брадзілі між тых, што ў Мікіты былі „абадранцамі“.

— Я казаў, ня слухалі мяне, — папракаў часта Пятрусь, як чуў гэтыя „чаму“, а нарэшце дадаваў:

— Папраўляйма памылкі.

— Трэба папраўляць, чаго-б гэта не каштавала.

— Шкода толькі часу, што даводзіцца траціць на гэта, але трэба, — чуліся гэткія гутаркі ўсё мацней і мацней.

Забросьнена воласьць і чакала часу, каб змыць з сябе смурод.

— Узялі бо звах, — дапікаў часта Пятрусь, няхай паслужыць, няхай пазнае гэтага смаку. Вось вам і смак.

— Нічога: пасолім, будзе смачней, — жартаваў другі.

Быў вечар. На дварэ цямнютка й ціхутка. Нішто нідзе, здаецца, і ня шасьне. У хаце-ж Мікіты было якраз наадварот. Гарэла вялікая лямпа: сьвету хоць адбаўляй. Толькі шыбы вакон чорным сваім блескам нібы ўсьміхаліся з кампаніі, дзякуючы якой ня было ціха. Тут былі, бадай, усе сябры Мікіты і рабілі „важную справу“. На стале чаго ня было, а важней усяго выглядала вялікая пляшка з нечым мутным у сярэдзіне.

Спраўляўся баль.

— Трэба аддзячыць. Я ня люблю так, — ледзьве выгаворваў Мікола.

— Эт, глупства, чаму не аслабаніць, калі льга, — з відам важнага чалавека гаварыў Мікіта.

Мікола быў звольнены ад платы падатку, як сям’я чырвонаармейца. Зроблена было шыта-крыта. І козы сыты й сена цэла, здавалася ім.

Але раптам гэты баль быў стрывожаны. Вясельле кончылася не вясельлем.

Запыхаўшыся ўбег у хату стораж з воласьці і, як абухам, крануў галаву Мікіты, у якой усё ужо блыталася й блыталася.

— Нехта з павету прыехаў. Казаў, каб зараз-жа вы прышлі туды.

— Гэ, якога там чорта прыгнала, — гукнуў Мікіта. Але рука ўжо мацала на сьцяне, мусіць, шапкі ці чаго іншага.

— Мала ім дня. Ноччу трывожаць. — Вышаў Мікіта з хаты.

Праз колькі дзён дзівіўся Мікола, чаго Мікіта засядзеўся ў павеце й ня едзе дамоў.



1922г.