А дзе ж ісціна аб’ектыўная?

А дзе ж ісціна аб’ектыўная?
Артыкул
Аўтар: Мікалай Алексютовіч
1966 год
Крыніца: Полымя, №5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Глядзі ўдалеч - убачыш далеч; глядзі ў неба убачыш неба; зірні ў маленькае люстэрка - убачыш толькі сябе. Кузьма ПРУТКОЎ

У № 12 часопіса «Полымя» за мінулы год была надрукавана рэцэнзія М. Прашковіча на кнігу А. Коршунава «Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество». (Выдавецтва «Наука и техника», 1965). Прыкладна праз два месяцы пасля гэтага у друку з'явіўся артыкул аспірантаў БДУ імя Ул. І. Леніна В. Люкевіча і Я. Трашчонка «Истине вопреки», прысвечаны крытыцы рэцэнзіі М. Прашковіча. І рэцэнзент і аўтары артыкула знайшлі агульную мову толькі ў адным - у ацэнцы кнігі А. Коршунава «як карыснай і змястоўнай». У астатнім яны разыходзяцца, і перад намі выразна выступаюць два пункты гледжання на гісторыю беларускага народа феадальнай эпохі, на сацыяльныя, рэлігійныя і іншыя працэсы, якія адбываліся ў краіне і параджалі, з аднаго боку, дэмакратычную ідэалогію, а з другога-ідэалогію класа феадалаў.

Адмоўная рэакцыя на рэцэнзію М. Прашковіча мае сваё тлумачэнне. Справа ў тым, што і ў наш час ёсць яшчэ катэгорыя людзей, не здольных зразумець, што не ўсё тое, што звязана з дзейнасцю рускіх цароў і праваслаўнай царквы, было прагрэсіўнае. Таму ўсё тое, што пранікала да нас з краін Заходняй Еўропы (і нават славянскай Польшчы) успрымаецца імі як ад нячысціка. Адсюль-праклён у адрас усіх каталікоў і дыфірамбы ў адрас праваслаўных дзеячаў, асуджэнні манархаў і феадалаў іншаземных і паклоны рускаму цару і памешчыкам, рэверансы ў бок рускай феадальнай дзяржавы і падазронае стаўленне да Вялікага княства Літоўскага, якое па сваім этнаграфічным складзе, па сваёй тэрыторыі і культуры было пераважна беларускае. Трэба сказаць, што гэта адваротны бок тых «гістарычных канцэпцый», якія разглядалі перыяд існавання Літоўскай дзяржавы як нейкі «залаты век» у гісторыі Беларусі, затушоўваючы класавую барацьбу, сацыяльны і нацыянальны прыгнëт.

Марксізм у аснову ўсякага гістарычнага працэсу кладзе не рэлігійны і не нацыянальны прынцып, а тое, што Карл Маркс назваў «грамадска-эканамічнай фармацыяй». Марксізм заўсёды на першае месца ставіць пытанне аб уласнасці і лічыць рухаючай сілай гістарычнага развіцця барацьбу класаў. «Гісторыя ўсіх да гэтых часоў існаваўшых грамадстваў, - падкрэсліваюць К. Маркс Ф. Энгельс у «Маніфесце камуністычнай партыі», - была гісторыяй барацьбы класаў». Аб гэтым заўсёды павінен памятаць даследчык, калі ён сапраўды хоча быць марксістам. І не проста помніць альбо абмежавацца дэкларатыўнымі фразамі аб класавай барацьбе, а пастаянна зыходзіць з таго, што ў рабаўласніцкім, феадальным і капіталістычным грамадствах расстаноўка сіл заўсёды ішла па класавым прызнаку.

Як жа абстаіць справа наконт гэтага ў М. Прашковіча--з аднаго боку-і яго апанентаў-з другога. Скажам адразу: што датычыць дыялектыка-матэрыялістычнага погляду на грамадства, то тут і аўтар рэцэнзіі і аўтары артыкула дапускаюць недакладнасці. Але найбольш блытаніны ў В. Люкевіча і Я. Трашчонка.

Прашковіч, ацэньваючы кнігу Коршунава, адзначае, што аўтар у большасці выпадкаў змог правільна разабрацца ў заблытаных супярэчнасцях той эпохі, паказаць складаную рэлігійную і палітычную барацьбу. Разам з гэтым рэцэнзент зауважае і слабыя бакі кнігі. Зусім справядліва ён лічыць за беспадстаўнае сцверджанне, быццам А. Філіповіч накіроўваўся ў Маскву, «маючы на ўвазе інтарэсы сацыяльных нізоў». Тут жа М. Прашковіч слушна заўважае, што непрадуманае тлумачэнне мэты паездкі Філіповіча ў Маскву робіць уражанне, нібыта сапраўды праваслаўны цар мог вызваліць беларускіх і украінскіх сялян ад прыгнёту. У сувязі гэтым вельмі адносны характар маюць такія эпітэты ў адрас Філіповіча (шчодpa рассеяныя ў кнізе А. Коршунава. - М. А.), як «пісьменнік-барацьбіт», «выкрывальнік заган грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай», «барацьбіт супроць польска-шляхецкага ўладарніцтва», «дэмакрат» і г. д. Скажам больш рашуча пэўна: класавая пазіцыя і грамадска-палітычныя погляды Філіповіча ў кнізе А. Коршунава ацэнены недакладна.

Але, апроч станоўчага боку, у рэцэнзіі ёсць і адмоўны. Лічачы, што погляд А. Коршунава на унію «ўстарэлы, аднабаковы», М. Прашковіч піша: «Унію, як і кожную з'яву, трэба разглядаць у яе дыялектычным развіцці, бачыць тое станоўчае і адмоўнае, што яна несла ў кожны перыяд свайго існавання». Што ж, вельмі добра, калі вучоныя звяртаюцца да дыялектыкі. Яшчэ лепш, калі яны ёю валодаюць. Што датычыць рэцэнзента, то ён сам грашыць тым жа, за што папракае А. Коршунава. Так, ён разважае, што заключэнне уніі было «адзіным выйсцем» (?!) з таго цяжкага становішча, якое стварылася ў Беларусі і на Украіне ў канцы XVІ стагоддзя, што ініцыятарамі уніі выступілі «найбольш прадбачлівыя людзі» (?!). І тут жа вывад: «Сапраўды, гэта была (гутарка ідзе наконт уніі.-М. А.) для таго часу вельмі прагрэсіўная думка».

Вось вам і дыялектыка! М. Прашковіч бачыць у уніі толькі станоўчы бок. А дзе ж адмоўны? Адмоўнага няма. М. Прашковіч настолькі ідэалізуе унію, што замест фактычнай ацэнкі сутнасці гэтага рэлігійнага акту ён пачынае гадаць: а чым унія магла б стаць, калі б... Ах, гэта калі б!.. І вось ён пачынае разважаць, што унія магла б стаць з'явай, вакол «якой кансалідаваліся б сілы народу», магла б садзейнічаць выпрацоўцы «нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, барацьбе за народную мову». Разам з тым унія, як сцвярджае рэцэнзент, «вызваліла б беларусаў і ўкраінцаў ад візантыйскага дэспатызму», садзейнічала б пашырэнню «еўрапейскай перадавой навукі і культуры». «Усё гэта магло б быць, але, на жаль, выйшла інакш».

Гісторыя, як і кожная навука, мае справу не з варажбой, а з фактамі. А факты гавораць, што, ажыццяўляючы унію, феадалы разлічвалі стварыць нейкую прамежкавую рэлігію паміж каталіцызмам і праваслаўем, якая ў той канкрэтна-гістарычны час садзейнічала б спыненню рэлігійнай барацьбы ў краіне і адпавядала б іх эксплуататарскім інтарэсам. Але як правільна тое, што самай чым горшай партыяй у філасофіі з'яўляецца партыя сярэдзіны, так правільна і тое, што самай агіднай рэлігіяй з'яўляецца тая, якая жадае падняцца над другімі рэлігіямі. А уніяцтва і было такой рэлігіяй, бо яно мела намер злучыць у сабе дзве пануючыя рэлігіі і тым самым утаіць эксплуататарскую сутнасць рэлігійнага веравызнання. Вось чаму унію падтрымала значная частка феадалаў і «князёў» праваслаўнай царквы, класавая пазіцыя якіх прывяла да кансалідацыі ўсіх сіл пануючых класаў перад нарастаннем антыфеадальнага руху працоўных мас.

Так абстаіць справа з «адзіным выйсцем» з таго цяжкага становішча, што ў той час склалася ў Вялікім княстве Літоўскім, і знайшлі гэтае выйсце, паводле слоў М. Прашковіча, «найбольш прадбачлівыя людзі», г. зн. феадалы і царкоўныя іерархі. Такое выйсце знайшоў, нарэшце, і вядомы беларускі палеміст ХVІІ стагоддзя М. Сматрыцкі, якога В. Люкевіч і Я. Трашчонак не адважваюцца паставіць у адзін рад з такімі рэнегатамі праваслаўнай царквы, як І. Пацей і С. Косаў. А чаму? Таму, што М. Сматрыцкі выступіў спачатку заўзятым абаронцам праваслаўя і напісаў шэраг твораў супроць уніяцтва і каталіцызму (дарэчы зазначым - з пазіцый артадаксальных праваслаўных багасловаў). Але ж калі М. Сматрыцкі пераканаўся, што яго палымянае палемічнае слова не адпавядала ў той канкрэтны гістарычны перыяд інтарэсам паноў і шляхты і часам выкарыстоўвалася паўставаўшымі казакамі, ён неўзабаве перайшоў у лагер уніятаў. Класавая пазіцыя гэтага «прадбачлівага» чалавека, нарэшце, узяла верх. Ул. І. Ленін вельмі добра сказаў адносна такога роду з'яў: «Гісторыя вучыць, што пануючыя класы заўсёды ахвяравалі ўсім, рашуча ўсім: рэлігіяй, свабодай, радзімай, калі справа ішла аб задушэнні рэвалюцыйнага руху прыгнечаных класаў» (Творы, т. ІІ, стар. 87).

Калі М. Прашковіч папракае А. Коршунава за ідэалізацыю рускага цара, на якога ускладаў свае надзеі аб вызваленні беларускіх і ўкраінскіх працоўных Філіповіч, то тут мы з ім, безумоўна, згодны. Але калі ён у той жа рэцэнзіі заяўляе, што быццам унія выяўляла інтарэсы народу, што яна вызваліла б беларусаў і ўкраінцаў ад «візантыйскага дэспатызму» і г. д., то тут ён стаіць не на навуковых пазіцыях. Ніякая рэлігія у класавым грамадстве ніколі не абараняла працоўных (яна давала ім толькі «суцяшэнне»), не падымала іх на барацьбу супроць эксплуатацыі; ніякая рэлігія нікога не вызваліла яшчэ ад якога б там ні было «дэспатызму». Сацыяльнае прызначэнне рэлігіі - ідэалагічнае апраўданне панавання памешчыкаў і капіталістаў. Таму трэба зыходзіць не з таго, чым магло б стаць уніяцтва. Трэба зыходзіць з таго, чым яно аб'ектыўна было, чые інтарэсы абараняла. А было яно, як і ўсякая іншая рэлігія, «опіумам народа», апорай эксплуататараў. Іншым яно і не магло быць.

Мы думаем, што М. Прашковіч проста недакладна выказаў сваю думку. Трэба было сказаць, што праваслаўная царква была той рэакцыйнай сілай, якая перашкаджала пранікненню ў краіны славянскага Усходу свецкіх навук, перадавых поглядаў. Таму адыход ад праваслаўнага кансерватызму можна разглядаць як з'яву прагрэсіўную. Гэта правільная думка. Вядома, што праваслаўная царква вызначалася асаблівым кансерватызмам, захоўвала вернасць старадаўнасці, рашуча змагалася супроць свецкіх ведаў, навукі і асветы. Амаль адзінымі аўтарытэтамі для яе былі Біблія, «Толковая Палея», твор Кузьмы Індзікоплава «Хрысціянская тапаграфія» ды некаторыя творы «айцоў» царквы. Калі Лаўрэнцій Зізаній павëз у Маскву свой «Катехизис», у якім меліся звесткі свецкага характару, праваслаўныя артадоксы прызналі яго ератычным.

Аўтар вядомай тэорыі «Масква-трэці Рым», «старац» Пскоўскага Елеазарава манастыра Філафей з гордасцю гаварыў аб сабе наступнае: «Человек сельский и невежа в премудрости, ни в Афинеях родился, ни у мудрых философов учился, ни с мудрыми философы в беседе не бывал. Учился есмь книгам благодатного закона, чим бо моя грешная душа спасти и избавится вечного мучения». Такое выказванне трэба разглядаць як выклік свецкім ведам. Працытаваўшы гэтае месца ў сваёй працы, рускі савецкі гісторык А.М. Сахараў робіць вывад: «Сумненняў тут не можа быць: ідэолаг ваяўнічай царквы паўстае супроць усяго таго, што звязана з новай культурай Адраджэння, супроць «лацінства», з якім пранікала гэтая разбуральная для царквы культура» (пад «лацінствам» праваслаўныя царкоўнікі разумелі не толькі і нават не столькі каталіцызм, колькі наогул еўрапейскую культуру).

І далей А. М. Сахараў адзначае, што такія тэорыі праваслаўных тэолагаў, як «Масква-трэці Рым», падрывалі аснову для развіцця кантактаў і сувязей з «лацінскім» Захадам, ставілі Расію ў становішча нацыянальнай выключнасці. «Падпарадкаваўшы свайму кантролю і ўплыву духоўнае жыццё краіны, разграміўшы ератычныя рухі, царква надоўга скавала культурнае развіццё ў многіх адносінах, адгарадзіла рускую культуру ад «лацінства», ад заходнееўрапейскай культуры якраз у эпоху бліскучага ўздыму-у XVІ-XVІІ стагоддзях» (А. М. Сахаров. «Церковь и образование русского централизованного государства». «Вопросы истории». № 1, 1966, стар. 64-65).

Гэта зусім не здымае пытання аб той ролі, якую адыгрывала царква ў стварэнні рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Але не трэба забываць, што гэтая дзяржава была феадальная. І ў гэтых адносінах «заслугі» і каталіцкай і праваслаўнай царквы аднолькавыя. Калі ж гаварыць аб перадавых тэндэнцыях у развіцці культуры еўрапейскіх народаў ХV-ХVІІ ст. ст., дык яны звязаны не з каталіцтвам і праваслаўем, а з гуманізмам і рэфармацыяй. І трэба адзначыць, што яны зрабілі добры ўплыў на перадавую беларускую культуру. І гэта здарылася таму, што Беларусь уваходзіла тады ў склад Вялікага княства Літоўскага, якое з другой палавіны ХVІ стагоддзя злучылася з Польшчай. Ф. Энгельс у «Дыялектыцы прыроды» адзначыў, што «ўся Заходняя і Цэнтральная Еўропа, уключаючы сюды і Польшчу, развівалася цяпер (у эпоху Адраджэння. - М. А.) ва ўзаемнай сувязі, хоць Італія, дзякуючы сваёй ад старажытнасці атрыманай у спадчыну цывілізацыі, працягвала стаяць на чале» (Ф. Энгельс. «Диалектика природы», 1948, стар. 148).

Звернемся цяпер да артыкула «Истине вопреки». Перш-наперш, кідаецца ў вочы яго тэндэнцыйны характар. Аўтары артыкула мажуць М. Прашковіча толькі чорнай фарбай (хоць у яго ёсць і правільныя думкі). А чорнай фарбай, як вядома, можна затушаваць усе колеры. Справядліва папракаючы М. Прашковіча за ацэнку уніі як з'явы прагрэсіўнай, яны кідаюцца ў другую крайнасць, сутнасць якой заключаецца ва усхваленні дзеячаў праваслаўнай царквы. Калі аднаго з ініцыятараў уніі І. Пацея яны называюць «цемрашалам», то праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі А. Філіповіч і І. Труцэвіч выступаюць толькі як прыхільнікі аб'яднання Беларусі з Расіяй». Рэлігійнай дзейнасці гэтых царкоўных служак аўтары зусім не закранаюць. Не закранаюць таму, што не хочуць бачыць класавай сутнасці праваслаўнай рэлігіі. Бясспрэчна, А. Філіповіч быў прыхільнікам аб'яднання Беларусі з Расіяй, і ў гэтым станоўчы бок яго дзейнасці. Але ў яго няма і грама рацыяналізму, элементаў асветніцтва, як няма ніякіх пробліскаў дэмакратызму. Гэта быў глыбока рэлігійны чалавек, заўзяты абаронца інтарэсаў праваслаўнай царквы.

В. Люкевіч і Я. Трашчонак крытыкуюць М. Прашковіча за тое, што ён прапануе перавыдаць творы уніятаў І. Пацея і С. Косава. Другіх твораў, якія, на думку М. Прашковіча, таксама трэба было б перавыдаць («Перестрога», «Апокрисис» Филалета, рэлігійныя творы М. Сматрыцкага), яны не закранаюць. Чаму? А таму, што яны з'яўляюцца апалогіяй праваслаўнай царквы і праваслаўнага манарха. Паводле логікі В. Люкевіча і Я. Трашчонка выходзіць, што можна і трэба крытыкаваць усякую рэлігію, акрамя праваслаўя на чале з рускім царом.

Гісторык-марксіст павінен заўсёды цвёрда помніць, што марксізм-ленінізм разглядае ўсякую рэлігію як ідэалогію, якая імем бога замацоўвае прыгнечанне працоўных мас, скоўвае іх класавую барацьбу, асвячае сацыяльную няроўнасць, даказвае непахіснасць існуючых парадкау. Сваёй пропаведдзю ўседаравання і пакорнасці рэлігія робіць чалавека бездапаможнай, бяспраўнай істотай, лёс якой--цярпліва несці крыж пакуты, каб заслужыць пасля смерці «царства нябеснае». Нічога больш не дало працоўным Беларусі і Украіны і праваслаўе. Такім яно было і ў перыяд Рэчы Паспалітай. І зусім не выпадкова польскія каралі давалі спецыяльныя прывілеі праваслаўным манастырам і цэрквам на карыстанне маёнткамі, вызвалялі іх ад суду трыбунальскага, маршалкоўскага і земскага. Толькі польскі кароль Уладзіслаў ІV чатыры разы абумоўліваў інтарэсы праваслаўнай царквы ў спецыяльна выдадзеных канстытуцыях (1635, 1638, 1641, 1647 гг.). У выніку чаго ў XVІІ стагоддзі колькасць праваслаўных цэркваў і манастыроў узрасла - красамоўны доказ саюзу меча і крыжа пры любых паваротах гісторыі.

В. Люкевіч і Я. Трашчонак звяртаюцца да недазволенага ў савецкім друку метаду, калі прыпісваюць М. Прашковічу тое, што ім самім прыходзіць у галаву. Напрыклад, яны пішуць, быццам М. Прашковіч у сваёй рэцэнзіі спрабуе давесці, «што ў XVІІ стагоддзі Вялікае княства Літоўскае было беларуска-украінскай дзяржавай... На яго думку, і Рэч Паспалітая таксама не з'яўлялася польска-літоўскай дзяржавай». Гэта ўжо няпраўда. Крытыкуючы трэба ж ведаць меру, трэба несці адказнасць за напісанае і не карыстацца недазволенымі прыёмамі палемікі. Ісціны такім спосабам не высветліш.

У сваёй рэцэнзіі М. Прашковіч толькі вылучае словы А. Коршунава, што беларусаў і украінцаў прыгняталі «польскія і літоўскія магнаты», што Леў Caпега-літоўскі канцлер, што Рэч Паспалітая - польска-літоўская дзяржава. Магчыма, з гэтым М. Прашковіч не згодзен, але нават самы строгі крытык мог бы папракнуць яго толькі за тое, што ён тройчы падкрэсліў слова «літоўскі». І не больш. Далей М. Прашковіч зусім правільна адзначае, што ядро будучай дзяржавы было закладзена яшчэ ў XІІІ стагоддзі літоўскім князем Міндоўгам і яго паслядоўнікамі. Правільна і тое, што дзяржаўнай мовай у Літоўскім княстве была беларуская мова, што эканамічную, палітычную і ваенную сілу гэтай дзяржаве давалі беларускія і ўкраінскія землі. Хіба ж усё гэта не так?

Чаму ж В. Люкевіч і Я. Трашчонак так паўстаюць супроць выдуманага імі самімі паняцця «беларуска-ўкраінская дзяржава»? Таму, што, на іх думку, літоўскія феадалы «займалі пануючае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім», тады як «мясцовыя феадалы» (г. зн. беларускія і ўкраінскія) былі толькі іx «сацыяльнай апорай». Няпраўда! Гісторыкам добра вядома, што на тэрыторыі Беларусі і Украіны пануючае становішча мелі таксама і «мясцовыя феадалы»: Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Чартарыйскія, Вішнявецкія, Заслаўскія, Слуцкія, Астрожскія. Збаражскія, Сангушкі, Карэцкія, Ружынскія, Агінскія, Пузыны, Тышкевічы, Сямашкі і г. д. Між іншым, yce яны ў мінулым былі праваслаўныя і перайшлі ў каталіцтва толькі ў другой палове XVІ-пачатку XVІІ стагоддзяў. (Гл. даследаванне П. Т. Віктароўскага «Западно-русские дворянские фамилии, отпавшие от православия в конце XVІ в XVІІ веках», вып. 1, Киев, 1912 г.).

Нашто спатрэбілася аўтарам артыкула «Истине вопреки» перарабляць беларускіх і ўкраінскіх феадалаў у літоўцаў — зразумець няцяжка. Бо, як сказана ў іх артыкуле, «у канцы ХVІ-пачатку XVІІ стагоддзяў прыгонніцкі ўціск ў Вялікім княстве Літоўскім быў больш цяжкі, чым у Расіі». І тут жа спасылкі на аўтарытэт вядомага беларускага гуманіста С. Буднага (дарэчы, цытата, якую аўтары артыкула прыпісалі Буднаму, належыць не яму, а Паўлу з Візны[1]) і папскага нунцыя Руджыера (цытата якога перададзена недакладна[2]). Але калі ўжо зыходзіць з такіх аргументаў, то ў літаратуры можна сустрэць не менш яркія характарыстыкі невыноснага становішча сялянства і ў Рускай дзяржаве нават у больш ранні перыяд. Так, рускі публіцыст М. Грэк у пачатку ХVІ стагоддзя пісаў, што феадалы «мораць сялян сваіх цяжкімі бесперапыннымі работамі... мучаць гэтых беднякоў, адбіраюць у іх маёмасць і выганяюць іх з сем'ямі з іх дамоў і сёлаў». (Гл. Е. Грекулов. «Нравы русского духовенства». Выд. «Атеист», стар. 37). Ул. І. Ленін, характарызуючы прыгоннае права наогул, адзначае, што «асабліва ў Расіі, дзе яно найбольш доўга трымалася і набыло найбольш грубыя формы, яно нічым не адрознівалася ад рабства» (Ленін. Творы. т. 29, стар. 439).

В. Люкевіч і Я. Трашчонак у сваю карысць прыводзяць яшчэ такі аргумент, што у першай палове XVІІ стагоддзя тысячы беларускіх сялян, ратуючыся ад прыгонніцкага уціску магнатаў і шляхты, уцякалі ў Расію». А хіба ж не вядомы адваротныя з'явы? Рускія сяляне, ратуючыся ад феадальнага прыгнечання, таксама часта і ў масавым маштабе ўцякалі за межы Рускай дзяржавы, у тым ліку ў Беларусь і на Украіну. Адносна таго, дзе было больш цяжкае становішча сялян у феадальную эпоху-у Расіі ці ў Вялікім княстве Літоўскім, нам хацелася б сказаць наступнае: усе эксплуататары адным мірам мазаны, і няма ніякай розніцы «паміж чалавекам, які верыць у жоўтага чорта, і чалавекам, які верыць у зялёнага чорта» (Ул. І. Ленін).

Усё, аб чым гаварылася вышэй, падводзіць нас да самага галоўнага пытання, якое ўзнімаюць у сваім артыкуле В. Люкевіч і Я. Трашчонак. Гэта пытанне аб дзяржаве. В. Люкевіч і Я. Трашчонак у адным месцы пішуць наступнае: «Беларускі народ здабыў дзяржаўнасць толькі дзякуючы перамозе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Калі б аўтары ўдакладнілі: сацыялістычную дзяржаўнасць-не было б поваду для спрэчкі. Але яны крыху раней сцвярджаюць, што «літоўскія феадалы ў ХІІІ стагоддзі ўключылі ў склад сваёй дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага-заходнія землі Русі, аслабленыя цяжкай барацьбой супроць мангола-татар і нямецкіх «псоў-рыцараў». На гэтых землях з XІV стагоддзя пачала фармавацца беларуская народнасць. Літоўскія, а затым і польскія магнаты захавалі за мясцовымі феадаламі ўсе іх правы і прывілеі, забяспечыўшы тым самым сабе сацыяльную апору».

Што ж атрымліваецца: існавалі заходнерускія землі, якія вялі барацьбу з чужаземцамі, а дзяржавы не было. Хто ж насяляў гэтыя землі: дзікуны, арганізаваныя ў кланы, роды, ці людзі, якім знаёмы быў ужо дзяржаўны лад? З артыкула В. Люкевіча і Я. Трашчонка відаць, што на гэтых землях гаспадарылі ўжо феадалы, а дзяржавы... усё-такі не было. І вось літоўскія феадалы ўзялі проста так ды ўключылі гэтыя малаабжытыя землі ў склад сваёй дзяржавы. Дзе ж тут логіка?

Ф. Энгельс і Ул. І. Ленін лічаць, што дзяржава адрозніваецца ад старой родавай арганізацыі, па-першае, раздзелам падданых дзяржавы па тэрытарыяльным прынцыпе, па-другое-устанаўленнем публічнай улады (апарат насілля) і па-трэцяе - тым, што для ўтрымання гэтай публічнай улады неабходны падаткі. Прычыну ўзнікнення дзяржавы марксізм бачыць у дзяленні грамадства на класы. Не існавала дзяржавы толькі пры першабытна-абшчынным ладзе, і яна зноў знікне пасля таго, як камунізм канчаткова пераможа ва ўсім свеце. Ва ўсе астатнія перыяды гісторыі, з таго часу, як узніклі класы, дзяржава існавала, і ні адно класавае грамадства ніколі не абыходзілася без гэтага апарату насілля. Гэта - азбука марксізму.

Давайце цяпер паглядзім, ці было ўсë гэта, скажам, у Полацкім княстве альбо Турава-Пінскім? Безумоўна, было, бо інакш яны і не называліся б княствамі. А паколькі гэтыя княствы існавалі не па-за прасторай, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то мы павінны будзем прызнаць існаванне дзяржаўных арганізацый на землях беларускіх яшчэ да утварэння Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым адно з іх, Полацкае княства, ужо ў ХІ стагоддзі настолькі ўзвысілася, што ад яго залежалі іншыя суседнія княствы: Мінскае, Віцебскае, Аршанскае, Слуцкае, Друцкае, Лагойскае. У «Слове аб палку Ігаравым» пра полацкага князя Усяслава, што вядомы быў як чарадзей, гаворыцца, нібы ён часова заўладаў нават Наугародскім і Кіеўскім тронамі:

«Падпёршыся клюкамі, ён на кані паімчаўся да горада Кіева і даткнуўся дзідай да кіеўскага залатога пасада. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белгарада ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак». (Празаічны пераклад Янкі Купалы).

Што датычыць працэсу ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, то, на нашу думку, тут многа ёсць яшчэ нявысветленага. І гэтае пытанне заслугоўвае таго, каб ім працягвалі займацца даследчыкі. Нам могуць запярэчыць, што іcнye ўсталяваны пункт гледжання на гісторыю Вялікага княства Літоўскага і што ён зацвердзіўся ў гістарычнай навуцы. Але гэта будзе адказ на пытанне з «зацвярдзелых» гістарычных канцэпцый. Навука ж таму і называецца навукай, што яна не прызнае раз і назаўсёды выпрацаваных догм, пастулатаў. Ф. Энгельс у пісьме да К. Шміта (5 жніўня 1890 года) пісаў адносна гісторыі наступнае: «...наша разуменне гісторыі ёсць перш за ўсё дапаможнік для вывучэння, а не рычаг для канструявання на манер гегельянства. Усю гісторыю трэба пачаць вывучаць нанова. Трэба даследаваць у дэталях умовы існавання розных грамадскіх фармацый-перш чым спрабаваць вывесці з іх адпаведныя ім палітычныя, прыватнаправавыя. эстэтычныя, філасофскія, рэлігійныя і да т. п. погляды... У гэтых адносінах нам патрэбна вялікая дапамога, галіна бясконца вялікая, і той, хто хоча працаваць сур'ёзна, можа шмат стварыць і вызначыцца» (К. Маркс и Ф. Энгельс. Избранные произведения, т. ІІ, 1948, стар. 466).

Думаецца, што нас правільна зразумеюць чытачы, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, любяць яе і хочуць атрымаць пераканаўчы адказ на тыя пытанні, якія узнікаюць пры вывучэнні яе гісторыі.

Бадай, ніхто не стане спрачацца з тым, што нельга проста ўзяць і закрэсліць некалькі вякоў гісторыі беларускага народа толькі таму, што ў адпаведны час не было яшчэ этнаграфічнага тэрміну «Беларусь». Вядома, што калісьці Італія называлася Рымскай дзяржавай, таксама як, напрыклад, Руская дзяржава - Масковіяй, альбо Вялікім княствам Маскоўскім. Калі глядзець толькі на назву, то можна многае закрэсліць у гісторыі. Ул. І. Ленін у сваёй рабоце «Аб дзяржаве» пісаў: «Самае надзейнае ў пытанні грамадскай навукі... самае важнае, каб падысці да гэтага пытання з пункту гледжання навуковага, гэта-не забываць асноўнай гістарычнай сувязі, глядзець на кожнае пытанне з пункту гледжання таго, як пэўная з'ява ў гісторыі ўзнікла, якія галоўныя этапы ў сваім развіцці гэтая з'ява праходзіла, і з пункту гледжання гэтага яго развіцця глядзець, чым даная рэч стала цяпер».

У Леніна, як бачым, гаворка ідзе аб дыялектычнай пераемнасці ў гістарычным развіцці, якое ён супрацьстаўляе метафізічнаму голаму адмаўленню. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, мы можам прасачыць тую «асноўную гістарычную сувязь», якая існуе паміж Вялікім княствам Літоўскім і тымі землямі, якія абумовілі яго ўзнікненне, зразумець, якія «этапы ў сваім развіцці» гэтая дзяржава прайшла і чым яна нарэшце стала.

Што датычыць таго перыяду, які мы разглядаем, то, згодна прававых дакументаў, уся тэрыторыя гэтай дзяржавы дзялілася на дзве часткі: 1) непасрэдна Вялікае княства Літоўскае і 2) землі, да яго «прымыкаючыя». Літва (ці Вялікае княства Літоўскае) уключала у сябе на ступныя паветы: Гродзенскі, Брэсцкі, Кобрынскі, Пінскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідскі, Ашмянскі, Навагрудскі, Мінскі, Слуцкі, Рэчыцкі, Мсціслаўскі, Браслаўскі, Віленскі, Трокскі, Вількамірскі, Упітскі. Да «прымыкаючых» (альбо «прыслухаючых») зямель адносіліся ўсе ўкраінскія землі, Полацкая, Віцебская, Падляшская землі, а таксама Жмудзь (значная частка этнаграфічнай Літвы).

Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае па сваім этнаграфічным складзе і тэрытарыяльным прынцыпе было больш беларускай дзяржавай, чым літоўскай. Да гэтага прывяло і павінна было прывесці гістарычнае развіццё закладзенага яшчэ Міндоўгам «ядра будучай дзяржавы». І гэта добра разумелі многія дарэвалюцыйныя рускія гісторыкі, і сярод іх гісторык-марксіст Г. В. Пляханаў, які у сваёй «Гісторыі рускай грамадскай думкі» карыстаўся такім тэрмінам, як «Літоўская Русь», атаясамліваючы яго з паняццем «Літва».

З XІV стагоддзя фактычна асталіся толькі два цэнтры, якія прадаўжалі актыўна збіраць вакол сябе усходнеславянскія землі, - Маскоўскае і Літоўскае вялікія княствы. Менавіта гэта меў на ўвазе К. Маркс, калі адзначаў, «Русь тады была падзелена на дзве дзяржавы: (падкрэслена намі.-М. А.) Macкву і Літву» (К. Маркс. «Стенька Разін». Цытуецца па кнізе І. Б. Грэкава «Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XІVXVІ вв.». М, 1963, стар. 156).

Лічым неабходным напомніць чытачу адно вельмі цікавае выказванне Ф. Энгельса: «У той час, калі Велікаросія падпала пад мангольскае іга, Беларусь і Маларосія знайшлі сабе абарону ад азіяцкага нашэсця, далучыўшыся да так званай дзяржавы Літоўскай» (К. Маркс и Ф. Энгельс, т. XVІ, ч. 11, стар. 10). Ф. Энгельс, як бачыце, гаворыць, што Беларусь і Украіна далучыліся да так званай Літоўскай дзяржавы. І чаму ён гаворыць аб так званай дзяржаве Літоўскай? Між іншым, па гэтым пытанні мы адсылаем чытача да такіх знаўцаў беларускай гісторыі, як М. Любаўскі, В. Т. Пашута, І. Грэкаў, А. Е. Праснякоў (адна з прац яго так і называецца: «Западная Русь и литовско-русское государство»!!!).

У В. Люкевіча і Я. Трашчонка ўсё пастаўлена з ног на галаву. Не супольнасць гаспадарчага жыцця абумовіла існаванне Вялікага княства Літоўскага, а... што б вы думалі?-фактар насілля. Мы ўжо вышэй зазначылі, як яны тлумачаць стварэнне гэтай дзяржавы: літоўскія феадалы, маўляў, узялі і ўключылі ў склад сваёй дзяржавы заходнерускія землі, на якіх яны потым занялі пануючае становішча. А гэта, як вядома нават школьнікам, можна было зрабіць толькі з дапамогай сілы. Перад намі, такім чынам, нейкі новы варыянт «тэорыі насілля», недарэчнасць якой паказаў Ф. Энгельс у сваім «Анты-Дзюрынгу».

Ф. Энгельс зазначаў, што насіллем наогул нельга растлумачыць ніякіх адносін панавання і заняволення. Бо насілле замест таго, каб панаваць над гаспадарчым становішчам, само павінна служыць яму. Пярвічным заўсёды выступае эканамічны фактар, і ўсякая палітычная улада з таго часу, калі яна становіцца «самастойнай у адносінах да грамадства», можа дзейнічаць у дваякім напрамку. «Альбо яна дзейнічае ў духу і напрамку заканамернага эканамічнага развіцця. Тады паміж ёю і гэтым развіццём не ўзнікае ніякага канфлікту і эканамічнае развіццё паскараецца. Альбо ж палітычная ўлада дзейнічае насуперак гэтаму развіццю, і тады, апроч нямногіх выключэнняў, яна, як правіла, падае пад націскам эканамічнага развіцця. Гэтымі нямногімі выключэннямі з'яўляюцца тыя адзіныя выпадкі заваяванняў, калі менш культурныя заваёўнікі знішчалі ці выганялі насельніцтва пэўнай краіны і знішчалі яго прадукцыйныя сілы або давалі ім заглухнуць, не умеючы іх выкарыстаць. Гэтак паступілі, напрыклад, хрысціяне ў маўрытанскай Іспаніі з большай часткай арашальных збудаванняў, якім маўры абавязаны былі сваім высока развітым земляробствам і садаводствам. Кожны раз, калі пераможцам з'яўляецца менш культурны народ, парушаецца, як само сабой зразумела, ход эканамічнага развіцця і падпадае пад знішчэнне маса прадукцыйных сіл. Але пры працяглым заваяванні менш культурны заваёўнік вымушан у велізарнай большасці выпадкаў прыстасавацца да болей высокага «гаспадарчага становішча» заваяванай краіны ў тым выглядзе, якім яно аказваецца пасля заваявання, ён асімілюецца заваяваным народам і ў большай частцы засвойвае нават яго мову» (Ф. Энгельс. «Анти-Дюринг», 1948, стар. 172-172. Падкрэслена намі. M. A.).

Няхай цяпер чытач сам робіць вывад: ці была Беларусь у мінулым заваяванай краінай і ці меў беларускі народ сваю дзяржаўнасць (гэта зусім не знімае пытання польска-каталіцкай агрэсіі на ўсходзе, супроць якой беларускі народ вёў рашучую барацьбу).

В. Люкевіч і Я. Трашчонак, ухапіўшыся за назву «Вялікае княства Літоўскае» і не ўнікнуўшы ў яго сутнасць (як яно узнікла і чым было на самай справе), намагаюцца давесці, што беларускі народ у мінулым не меў сваёй дзяржаўнасці. А мы лічым, што меў. Разам з літоўцамі. Нават скажам, што гэта была за дзяржава. Вось чытайце, як, напрыклад. падпісваўся пад афіцыйнымі дакументамі Сігізмунд Аўгуст: «Божьею милостью король Польский, Великий князь Литовский, Русский, Прусский, Жамойтский, Мозовецкий, Инфлянтский и иных». Кароль добра ведаў, на якіх землях ён «гаспадарыў», і, як бачыце, не змешваў каралеўства Польскага з Вялікім княствам Літоўскім, Вялікага княства Літоўскага з Жамойцкім (Жмуддзю), Жамойцкае з Рускім і г. д. А ён жа быў суверэнам, г. зн. носьбітам вярхоўнай улады.

В. Люкевіч і Я. Трашчонак, як відаць, надаюць геаграфічнай назве этнаграфічны характар, а гэта не адно і тое ж. Яны заплюшчваюць вочы на тое, што на беларускіх землях гаспадарылі «мясцовыя» паны і шляхта, што на вышэйшыя пасады Вялікага княства Літоўскага (канцлераў, ваяводаў і г. д.) назначаліся, як правіла, найбольш уплывовыя беларускія магнаты (Caпeгі, Радзівілы і да т. п.). Таму паміж феадаламі літоўскімі і беларускімі не было асаблівых антаганізмаў, і яны заўсёды выступалі адзіным фронтам, калі справа ішла аб падаўленні рэвалюцыйнага руху працоўных мас. У той жа час і працоўныя масы Беларусі і Літвы знаходзілі агульную мову у барацьбе супроць эксплуататараў.

Агульнасць інтарэсаў працоўных мас Беларусі і Літвы, цесна звязаных у мінулым гістарычнай і эканамічнай супольнасцю, знайшла сваё выяўленне ў Дэкларацыях І з'езду Саветаў Беларусі і І з'езду Саветаў Літвы аб стварэнні адзінай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У Дэкларацыі І з'езду Саветаў Беларусі аб аб'яднанні Савецкіх Сацыялістычных рэспублік Літвы і Беларусі (люты 1919 г.), у прыватнасці, адзначалася: «Прызнаць неабходным неадкладнае зліццё Беларускай Савецкай Рэспублікі з Літоўскай Савецкай Рэспублікай, даручыўшы правядзенне ў жыццё зліцця і арганізацыі адзінага ўрада органу ўлады, вылучанаму з'ездам». Гэтыя пажаданні рабочых і сялян Беларусі і Літвы былі загадзя ухвалены пастановай Прэзідыума ЦВК ад 31 студзеня 1919 года. Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, сказана ў пастанове, «вітае аб'яднанне, якое намячаецца, працоўных мас Беларусі з працоўным народам Літвы, цесна звязаным з ім сваім мінулым і эканамічнымі ўмовамі свайго існавання». (Падкрэслена намі.-М. А.).

Няхай нам цяпер В. Люкевіч і Я. Трашчонак адкажуць на пытанне: што стаіць за гэтымі пастановамі? Толькі, калі ласка, як сапраўдныя гісторыкі-даследчыкі, не ашукваючы і не абкрадваючы ні саміх сябе, ні нашу гісторыю. З фактамі ў руках, адкінуўшы догмы і ярлыкі. Перш чым напамінаць аб «абавязках» другім, трэба памятаць аб сваіх абавязках-дакладна вывучыць факты і першакрыніцы. Вельмі слушна пішуць пра абавязкі гісторыкаў-марксістаў вучоныя В. Пашута, В. Салаў і Л. Чарапнін: «Партыйнасць гістарычнай навукі нічога агульнага не мае з дагматызмам. Марксізм дае метад, тэорыю, ключ да абагульнення фактычнага матэрыялу, шырокіх навукова аб'ектыўных вывадаў. Пераадоленне дагматызму магчыма толькі ў працэсе самастойнага даследавання першакрыніц. Гісторык, які не займаецца творчым вывучэннем крыніц, не даследчык, a начотнік». («Коммунист», № 4, 1966 r.).


  1. Гл. «Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии». Мінск, 1962, стар. 80.
  2. Гл. Н. Кареев. Очерк истории реформационного движения и католической реакции B Польше. М., 1886. стар. 57.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.