Нек ў час вячэрняе пары,
На панскім птушачым двары,
Вутка, певень і гусь зыйшліся
І крытыкай знаёмых заняліся,
Канешна — ўсіх скрытыкавалі,
(Нашу, ма‘быць, моду ўзялі),
Аднак-жа болей ад усіх —
Цярпеў індык.
— „І грэх і смех
Сказаць каму, што гэты птак,
Ад птушак большы ўсіх дурак —
Дасюль сярод нас сьмее жыць“,
Певень абураны крычыць, —
— Уродзіцца-ж такая брыда,
І паглядзець — барэ агіда!
Ўдавіўся-б я, дальбог-жа,
Каб хоць крыху быў з ім схожы!
— „А пабачце — на насе
Якую штуку ён нясе!
А нязграбайла! Што за хвост!
Уся павадка, які ўзрост!
Гагоча гусь. — „А як надуты, а упарты!
Дальбог — адкінуўшы ўсе жарты —
Трэ’ прызнаць: індык — пачвара.
Хіба з панам нашым пара!“
„Ад важнасьці дык мусіць хутка,
Індык трэсьне!“ — крача вутка.
„Ганьба і сорам птушкам усім,
Што жыці разам мусім з ім!
Запраўды: даўно ўжо час —
Вон прагнаць яго ад нас!“
Тут пачалі ўсе крычаць:
„Індыка — байкатаваць!“
Вось гэтак птушкі згодным хорам
Суседа-індыка кляймілі.
Ён дурны, і жыць з ім сорам,
Байкот яму на’т аб’явілі…
Тымчасам — ўсімі лёс іграе,
Што будзе заўтра — хто з нас знае? —
— Лёс індыка перамяніўся:
Багацьця, сілы ён дабіўся,
Словам — (ня ведаю з якой прычыны,
Кажуць: пры помачы жанчыны) —
Індык пайшоў наш у гару,
На’т быў прадстаўлены цару.
Цару-ж вельмі ён спадабаўся —
— Прэм’ер-міністрам хутка стаўся.
Як толькі прыняў ён партфэлі
— Ураз ўсе птушкі паляцелі.
Як ня б’юцца між сабой,
Усе сьпяшаць наперабой
Першым каб прад ім зьявіцца —
Ну — хоць-бы толькі пакланіца!
З першых — певень прыскакаў
І камплімэнт яму сказаў.
— „Пусьцеце!“ гагатала гусь:
„Яму я перша пакланюсь!
Маё ў тым права прад усім —
Бо-ж гусі ратавалі Рым!“ А вутка — індыку цьвярдзіла,
Што бабка ейная хадзіла,
Па тым двары, дзе яго дзед,
Праходзячы — пакінуў… сьлед.
Зусім, выходзіць, ня чужая
Яна яму. Свая, радная,
Чуць не пляменьніца!…
Дык вось на сьвеце як бывае:
У становішчы якая сіла!
Так і цяпер, як здаўна была!
Пакуль нічога хто ня мае —
— Ім кожны толькі памыкае.
Блізкі сусед і той сьмяецца!
Пачварай, дурнем ён завецца.
Аб ім гавора, хто што хоча,
І з шагу кожнага рагоча.
Крычаць ўсе паасобку й хорам,
Што і жыць з ім разам сорам!
Калі-ж яму лёс усьміхнецца,
Багацьця, сілы ён даб’ецца,
Вакол яго вазьня:
Прыяцелі усе! Радня!
|