Што бачыў у горадзе Кандрат?
— Здароў! Як маешся, сябрук?
Спаткаўшы ў горадзе Кандрата,
Пытаўся зьдзіўлены Пятрук.
— Што робіш тут? даўно ўжо з хаты?
Кажы, ў сталіцу як дабраўся?
— Сюды даўно ўжо я зьбіраўся.
Цікавы горад быў пабачыць,
Як тут і што — дазнацца, значыць. Да гэтых пор усё аднак,
Паехаць не ўдалось ніяк.
Аж тут нядаўна Шлёмка наш,
— Млынар, ты-ж ведаеш яго?
Сюды паехаў на кірмаш
Купіць сабе таго-сяго,
(Цяперака ён, гад, багаты!)
Дык вось, вярнуўшыся да хаты,
Ён трое дзіваў насказаў,
Быццам бы цуды аглядаў
Прывезены што да вас тут
Ў Нямецкім нейкім кут… кут… кут…
— А мо’ ў кунсткамэры? — Во-во!
Дык вось, пачуўшы ад яго
Пра гэты цуды я, дальбог,
Стрымаць цікавасьці ня мог.
Засёла думка ў галаве:
У горад… ў горад… Вохці мне!
Пачаў па крышаццы зьбірацца
А тут — ну трэба-ж гэтак стацца!
Якраз і Шлёмка увязаўся.
Прыйшоў і просіць, каб я ўзяўся
Муку яго сюды даставіць.
Вось — брат, думаю — дык лоўка!
Магу інтэрасы паправіць:
У машну ўлезе залатоўка,
Дый ваш „кунст“ магу пабачыць…
Гэткім чынам вось я, значыць,
У вас тутка і апынуўся…
— Ну, як-жа горад? Спадабаўся? —
— Нішто, наколькі аглянуўся —
Даволі пекным паказаўся.
Хоць я па вуліцах ўсё болей,
Аднак — нагледзіўся даволі.
Царквы, дамы — усё палацы! Сады на вуліцах… Вось працы
Паложана людзкой на гэта!
І выдумкі-ж! Вось хоць карэта —
Бяз коняй прэцца, быццам бес
У яе калёсы ўлез…
А людзям тутка дык здаецца
Надта добра ўсім жывецца.
Усе так весела сьмяюцца,
Беднякоў відаць нямаш,
Усьцяж на вуліцах таўкуцца,
Ні то хвэст, ні то кірмаш…
Ня то на вёсцы — і… куды!
— А ў кунсткамэры-ж ты быў?
Але, хадзілі і туды,
Дзякуй, Шлёмка ўсё вадзіў.
— Патрапіў, значыць? Добра гэта!
Шмат цікавых там прадметаў!
Агледзіў ўсё, ці не? Кажы!
— Усё, а як-жа. Старажы,
Вось што пры ўходзе нас спаткалі,
Усё, як ёсьць, паказалі.
І запраўды ёсьць што пабачыць!
Дык вось: гляджу, а ён тлумачыць.
Агледзіў гэтак ўсё, як сьлед,
На ўсе бакі кожны прадмет.
І дзіў-жа ёсьць на Божым сьвеце!
Вось так ў жыцьці і ня прыкмецім,
З цікавага амаль нічога.
А як зьбярэ хто мала-многа,
Дык ажно рот адчыніш з дзіва
Дый, як той стоўп, стаіш маўкліва!..
— Чакай, чакай! Ты папарадку
Кажы, што бачыў ад пачатку,
— Га! на ўспаміны я, брат, цяжкі! Аднак, як помню: там букашкі,
Казяўкі, блохі на’т і мушкі,
Зьвяры заморскія і птушкі…
Не прапусьціў я, брат, нічога,
З найбольшага і да малога…
— Ну, а аддзелы са скацінай
Ці бачыў? Слонь як падабаўся?
Ма’ быць вельмі напужаўся
Спаткнуўшыся з такой махінай?
— Сло-онь? А там ён? Можна ўбачыць?
— Дык ты сланя ня бачыў, значыць?
Дык як-жа ж так: хадзіў, хадзіў,
Казявак на’т не прапусьціў.
Найцікавейшага-ж ня бачыў…
— Ды што-ж я тутка вінаваты?
Казаў ўсё стораж, што тлумачыў
(Каб ён ня бачыў свае хаты!)
Сланя-б я вось як рад пазнаў,
Яго-ж гад той не паказаў…
|