Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Канцэрт

Пчаліная лёгіка Канцэрт
Байка
Аўтар: Іван Крылоў
1928 год
Арыгінальная назва: Квартет
Пераклад: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
Даніна
Іншыя пераклады гэтага твора: Квартэт (Крылоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Канцэрт.

Мішка-касалап, асёл,
Блазнота-малпа і казёл
Уздумалі канцэрт нек даць.
Ім зьнекуль удалось дастаць
Па ліку іхняму якраз:
Дзьве скрыпкі, альт і контрабас.
Былі у іх канешна й ноты:
І вось каб паказаць пякноты
І музыкі свае мастацтва, —
Шаноўнае ўсё брацтва
Уселася на пожні пад дубкамі
І дружна ўрэзала смычкамі.
Піскнулі скрыпкі, гуднуў бас…
І самі ўцямілі ураз,
Што нек канцэрт ім не ўдаецца…
Вось малпа правіць тут бярэцца,
І кажа: „Ўдасца наш канцэрт,
Калі ў нас будзе дырыгэнт.
Каб ведаць, — добра йдзе ці не —
Глядзеце пільна на мяне.
Ну, вось: раз-два! распачынайце,
Дый толькі, бачце: ў такт іграйце!“
Ізноў пілікаць ўсе пачалі.
Глядзяць на малпу (ўжо бяз нот),
Аж вушы ў саміх затрашчалі:
Хто ў лес паехаў, хто ў гарод…
„Стой, братцы! пачакайце!
Нешта ў нас ня ідзе у лад!
Сядзім мы блага — ўсе у рад.

Іначай крыху вы сядайце:
Ты, Мішка, з басам, тут сядай,
Ды не мармоч, не падпявай.
Ты альт, садзіся проці ўторы…
У нас заскачуць цяпер горы
І лес пачне нам падпяваць,
Як пекна ўсе пачнем іграць“!
Паселі, згодна з малпы казам,
Ў смыкі ударылі ўсе разам.
Кіруе ўсімі малпа жыва…
Але вось дзіва:
Няма зноў ладу з іх музыкі!
Выходзяць піскі, роў і зыкі.
Аж рэхам енчыць увесь лес,
Як быццам пакутуець бес…
На гэты гвалт і кавардак —
Зьляцеў аж з пушчы салавей,
Тут ўсе бягуць к яму хутчэй:
— „Браток! ты ў музыцы мастак!
Парадзь, як лепей нам тут сесьці,
Каб музыкантаў здабыць чэсьці,
І гонару і славы тэй,
Што маеш ты, брат салавей!“
— „Эх, браткі! скажу вам сьмела,
Тут не ў мясцох сядзеньня дзела!
Замест шукаць, як дзе садзіцца —
Перш іграць трэ’ навучыцца.
У вас з канцэртам будуць мукі,
Няма-ж талентаў, ні навукі!
Дзеля таго, лепш ня іграйце,
Струмэнты кінце ды ўцякайце,
Пакуль за тое вас ня білі,
Што кавардак вы тут зрабілі“…