Байкі, гумар, сатыра/Байкі/Мужык і клапы

Што бачыў Кандрат Мужык і клапы
Байка
Аўтар: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
1928 год
Ідэалы на „Крэсах“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мужык і клапы.

У курнай хаце мужыка
Дзе здаўна вадзілісь
Тараканы й прусакі —
Клапы паявілісь.

Чухаў бакі гаспадар,
Скраблась гаспадыня.
Лягуць ноччу яны спаць —
Бы жывець пярына!

Так і ходзіць хадуном!
І паўзуць казяўкі
І кроў сьвежую з усіх —
Смокчуць, бы піяўкі.
Вось да хаты нек зайшоў
Гарадзкі паночак.
Як зірнуў па сьценках ён —
Аж ўгару падскочыў!
— Што ты, кажа, чалавеча?
— Як жыць можна гэтак?
Гэта-ж клапы распладзіўшысь
Зьядуць цябе й дзетак!
Мужык чухнуў сабе крыху
Там, дзе было трэба;
— Эх, паночак! Я ня згіну
Пакуль хопіць хлеба!
А бяз гэтых вось жывёлін
Нам штось ня жывецца.
Ці у шчасьці, ці у горы —
Штось ў сьцяне вядзецца.
Былі калісь прусакі,
Пазьней тараканы;
Хай цяпер клапы сабе
Пажывуць, бы паны!
Чапаць іх ня буду я,
З імі ўжо абжыўся.
Незнарок каб у бяду
Большую ня ўбіўся…
Гэты вось ад’елісь ўсе —
Жывуць не галодна.
Прыдзе час — я з хаты ўсіх
Выганю свабодна!
А тымчасам, дык баюсь:
Ну-ж прыдуць другія?
А напэўна будуць ўсе
Галодныя, ды злыя…
Вось тады дык ўзвыю я!
Не, калі лёс хоча,
Кроў маю каб нехта піў —
Хай пап’е клапочак!