Барвенак (1924)/Родныя вобразы/На шляху адраджэньня

Селянін На шляху адраджэньня
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Бацькаўшчыне
Іншыя публікацыі гэтага твора: На шляху адраджэньня (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ШЛЯХУ АДРАДЖЭНЬНЯ.

Мы доўга стагналі пад зьдзекам другіх,
Мы праўды і шчасьця ня зналі,
Адбіўшысь ад хаты ў куткох мы чужых
Блудзілі і выйсьця шукалі.

Цьвіло наша поле быльлём, палыном
І звала да працы свайго хлебароба;
Струхлела і сошка з стальным сашніком,
А хатка скрывілась ад мукі-хваробы…

Навокал кідала ўсё смутны пагляд…
Ў нядолі і скарзе, нібы сіраціна,
Глядзела наперад, глядзела назад,
Чакала, як сонца, шчасьлівай часіны.

Ні родныя зыкі, ні родны напеў
Ня чулісь на родным вялікім абшары —
Нявольнікам нейкім край родны гібеў
І чуў толькі скаргі, аб нечым ўсё марыў…

А сонца скрозь хмары паслаў нам усход,
Красою чароўнай напоўніў паляны,
І ніва паволі дае ўжо прыплод
І гоіць даўнейшыя цяжкія раны.

Радзілась надзея, жыве пачуцьцё,
Хоць стара-даўнейшая песьня — лад новы:
Ўсё-ж мы аднаўляем, будуем жыцьцё,
Як дзень аднаўляе прыроду вясновы.

1912 г.