Барвенак (1924)/Родныя вобразы/Селянін

Начлег Селянін
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
На шляху адраджэньня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Селянін (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЕЛЯНІН.

Хоць я ў лапцях, абарваны —
Па адзеньню ня судзі, —
Мой палетак заараны,
А парадак — паглядзі:
Ў хаце чыста, бо мяцёлка
Мая чысьценька мяце,
У хляве кароўка, цёлка,
А вунь сьвінка у купе…
А мой конік аж ласьніцца,
А хамуцік, а гужы!..
Нават з лепшае пшаніцы
Хлеб рашчынен у дзяжы…
Гэты годзік удаліся
Добра жыта, ярына:
Ўсе стаўпы пазаняліся
Майго новага гумна…
Жыць нанова пачынаю,
Буду жыць і не памру,
І табе, мой брат, жадаю
Жыць у гэтую пару.
Зацьвітае ўжо красою
Наша бацькаўшчына-маць,
Будзем жыць і мы з табою,
А мо’ нават панаваць…

1921 г.