Наш шлях — жыцьця дарога —
Была заросшы палыном,
І блудам нейкім і трывогай
На сэрца клалася сыном
Айчыны нашай — Беларусі.
Ніхто ня знаў, дзе пэўны шлях,
І скрозь цяжар і скрозь прымусы
Таіўся голас у грудзях;
Таіўся доўга злосьцю нейкай:
На тых ён помстай клекатаў,
Хто імя, славу чалавека
Ў гразі нагамі затаптаў.
Ўсё-ж пыл вякоў сьціралі дзеці,
Каб паглядзець на цень бацькоў,
І як-бы вешчая камэта
Скрозь змрок начэй і звон акоў
Ўсё выплывала наша слава,
Будзіўся дух і крэп і рос,
І родным шумам лес, дубравы
Сушылі сьлед гарачых сьлёз.
Парой нясьмела, баязьліва
На ніве панскай і сваёй
Лілася голасам зычлівым
Магутна песьня родных жней.
Са шляху зблуканых, з дарогі
Званамі моцна зваў званар,
І памаленьку посьле змогі
Нам дораг родны стаў абшар…
Хоць і цяпер яшчэ нядолі
Заходні сьцелецца туман,
І паляць хаты, топчуць поле, —
Ўсё шлях ўжо блізкім бачым свой;
Мы чуем песьню — песьню-гудку,
Яе іграе нам дудар…
Дык грай-ка шчасьцю ты пабудку,
Свабодны песьняю пясьняр!..
1921 г.
|