Колькі ў небе ясных зор,
І як рог ці серп, там месяц,
Пад іх бляск сьпіць цёмны бор;
Цемнь абняла гушчу лесу…
Ціхі сон, нямы спакой,
Не варушацца галіны;
Як пад мараю якой
Тут замоўкнуў сьпеў птушыны.
Міг адзін… І шум, як звон,
Ад канца к канцу другому
Разбудзіў салодкі сон,
Як па загаду ліхому…
Што такое, хто-бы мог
Ўскалыхнуць так лесу гушчу,
Ў міг адзін нагнаць трывог
Нейкай сілаю магучай?.
Сьніцца лесу цяжкі сон:
Як-бы гостраю пілою
Хтось пусьціў па лесе звон,
Каб растаўся ён з красою…
Скрозь прабуджаны свой сон
Аглядзеўся у прасторы,
Паглядзеў на ціш старон
І зірнуў на бляскі зораў:
Як раней яны гараць
Тым-жа бляскам залацістым,
Толькі іншае суляць,
А суляць растацца з лістам.
Болей марыць ўздыхам ноч,
Нібы шчыра ўкаханы:
Цяжкай была гэта ноч
Аж да самага сьвітаньня.
1921 г.
|