Песьня і казка Бай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
А зязюлька кукавала
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бай (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАЙ

Бегаў бай па сьцяне
У чырвоным каптане,
Байку баіў. Ой, лю-лі!
Жылі пчолкі у вульлі…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Шла вясна па вясьне,
Жылі пчолкі з году ў год,
Бралі ў соты з кветак мёд…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Ніхто пчолак не кране;
Самі мёд зьбіраюць той,
Самі ласваюць зімой…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
У тэй самай старане
Пустапасам труцень жыў,
Неяк з пчолкамі здружыў…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Труцень кажа: «Дайце мне
Глянуць, пчолкі, у вульлёк,
Паспытаці ваш мядок!»…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Ці так добра, ці так не,—
Пчолкі добрымі былі,
Трутня ў госьці прынялі…
Баіць ці не?
— Баіць!

Бегаў бай па сьцяне…
Труцень пальцам ня кіўне;
Пчолкі мёд нясуць да сот,
Труцень есьць ды есьць той мёд…
Баіць ці не?
— Не!

Менск, 6—III—21 г.