Безназоўнае (1925)/Песьня і казка

Хаўтурны марш Песьня і казка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Бай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня і казка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ І КАЗКА

Песьня і казка
Ходзяць у пары,
Сеюць па сьвеце
Дзівы і чары.

Будзяць спрасоньня
Думкі дзіцячы,
Як той ураньні
Промень сьвяцячы.

* * *

Песьня і казка,
Як у крышталі,
Сьвету пакажуць
Тайныя далі.

Шляхі намецяць
К сонцу і зорам
Для людзкай долі,
Скованай горам.

* * *

Песьня і казка
Ў райскіх праявах
Шчасьце збудуюць
З кветак яскравых.

Сэрца атуляць
Вечнаю ласкай…
Слухай-жа, сэрца,
Песьняў і казкаў.