Безназоўнае (1925)/Ой, вяду бяду…

А ў бары, бары… Ой, вяду бяду…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Крым
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ой, вяду бяду…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОЙ ВЯДУ БЯДУ…

З народнага.

Ой, вяду бяду, а бяда мяне
Водзіць вечным сьледам;
Гэтак ходзім мы за адным адно,
Як той дзед за дзедам.

Гэй, паклічу сход ды зьбяру народ,
Ды зьбяру жаўнераў,
Хай ідуць вайной на маю бяду —
На ліхога зьвера.

На мой кліч, на сход гмін народу йшло,
Шоў ваяк з ваякам,—
Кожны сьмел, ахвоч, б‘е адвага з воч,
Поле ўслалі макам.

Як той лес, жаўнер ля жаўнера стаў,
Зброя ў сонцы йграе;
Зварухнуўся полк, а за ім — другі,
Толькі сьцяг міргае.

Мах за крокам крок! войска йдзе ў паход,
Быццам тая хмура,
Аж дрыжыць зямля, як ваякі йдуць
Ды пяюць, як бура.

Гэй, выходзь, бяда, гэй выходзь, хто нам —
Няпрыяцель-вораг!
Пачастуем так, што папомніш век,
Ды сатром на цорах.

Знай, жаўнеры мы, выйшлі не на жарт
Біцца, ваяваці;
Знай, хавалі нас поле, бор і лог
Беларусі-маці!