Беларусь (1922)/Беларуская казка
← У гразь утоптана ляжыш… | Беларуская казка Абразок Аўтар: Леапольд Родзевіч 1922 год |
Роспач → |
III Беларуская казка. Я быў яшчэ падшпаркам, а ўжо тады мне гэту казку баеў такі, як я цяпер, бел-бялюсенькі, як перасьпеўшая ніва, дзядок. О, гэта казка векапомная! За даламі, за гарамі, аж за морам-акіянам, была сабе старонка-край. А сказ свой старонка тая пачынае вось з якога часу. Калі ўзгнеўлены Бог прыказаў Арханелу сагнаць з неба анелаў-здраднікаў, хаўрусьнікаў злога, калі паслухмяны Арханел прозьбай-пагрозай пачаў ачышчаць абшары пакояў Бога і калі адзін з злыдняў зачапіў сваім савіным габдзюром нягрэшнае цела Арханела, то тады капнула нявінная кроў жыхара неба, капнула, папала на зямлю і лягла на зямлі крывавай пламяй. І вось гэта пламя ёсьць тая беспатольная сторонка, і з гэтага часу яна пачынае сваё жыцьцё-стогн. Паплылі тады па сторонцы рэкі сьлёз, пасеўнае поле, ураджайны грунт стаў багата фарбавацца крывёй, бязьвіннай, людзкой, братэрскай крывёй; сялібы, вёскі, гарады дымам узьняліся і засланілі сонейка. А ненаедная, прагавітая крыўда векавечна гнала ворагаў жывадзёраў, а вораг… — Ох!.. Але чаго я замаўчаў?! Гэта толькі казка. толькі казка. І вось моладзь адважная, юнакі-асілкі, старцы-думаньнікі ўсталі як адзін, песьняй спаяліся ў загартаваную, адналітую, адважную моц, узьнялі свае белыя, чыстыя, як сумленьне малалетак, вопраткі з чырвонымі ад нявіннай крыві пасамі-шляхамі, узьнялі ўвыш на павеў ветру, на паказ сонцу, на пагібель ліхадзеям. І так пад сьцягамі пашлі… Схамянуліся, захацелі, змаглі! Вораг кінуўся на ўцёк-бег. Дык барджэй на коні гарачых, быстрых, як птахі, і хутчэй у пагоню, паслаць пагоню! Ускочылі на сёдлы і памчалі стралой. Пагоня дагоне, даканае і адаб’е ім ахвоту памыкацца, пакарае па заслугах і верніцца са славай і здабычай… — О, супакойся, ня радуйся, сэрца, грымі прароча голас, бо гэта толькі казка, толькі казка… І вось асталіся жыхары без сваіх абаронцаў-збаўцоў. А бяда, ня ў лесе жыцьцё маё, а між людзьмі гадуецца, сябруе. А ліхадзеі на зямлі рэдка сеюцца, але густа ўраджайна ўзрастаюць, і дзіўна, як іх зямелька носіць, бо нават гадзіна ядавітая, укусіўшы, гіне ад іх крыві. Дык зноў зьнядужэлую старонку агарнулі, запалонілі, пазганялі ў цёмныя астрогі ўдоў, сірот, калек, замучаных, схварэлых і паставілі вартаваць бяду-бедачку, боль-балючую, гора-горкае. І моляць, чакаюць людцы пагоні. Страшнай помсты жадае іх сэрца, сьвету — іх душа, лекаў — іх раны, хлеба — іх цела. А пагоні як няма, дык няма. Дні, вякі панырнулі ў вечнасьці… Ажно, ўрэшце, там, дзе сходзіцца зямля з небам… Пагонь! Пагонь! Здрыгануўся, уціхамірыўся, прытаіўся вораг. А дрэвы, вітаючы радасна, зашумацелі, заківаліся; рэкі весела заіскрыліся, а неба яшчэ раз узбагацела ўсьмешкай сонца — бога. А вораг-крыўдзіцель натапырыўся аружжам, прызапасіў моц-магучую, зашыпеў, як гад падкалодны. І вось пагонь тут, тут… Гура, пагонь! Бі! Ратуй! Вызваляй! Гура! Але дзіва: пагонь ідзе вольным крокам і мае выгляд, быццам сейбіт вясной у полі, быццам сьвяты, згледзіўшы Божы цуд, быццам мудрэц, адкрыўшы праўду сьветлую, вялікую. І замест грознага покліча, кажа да ворагоў гэткія словы-гімн:
Але вораг-кравапійца не сказаў „аман!“ А размахнуўся важкім, сьмертаносным аружжам ды зноў пачаў ліць кроў, бязьвінную, людзкую, братэрскую кроў… — Ах, выбачайце! Я забыўся, што гэта казка… Вось як у казцы: „.. І палюбім усіх, як любіць Бог!“ І вораг-зьвер стаў сябрам, чалавекам; раскрыў братэрскія абняцьці, заплакаў сьлязьмі анела. І была вялікая радасьць на зямлі і на небе… І я там быў, кроў, пот свой ліў… — Выбачайце… Дзед заплакаў, недакончыўшы. |