Беларуская совецкая паэзія (1936)/Фальклор і дарэволюцыйныя паэты

Беларуская совецкая паэзія Фальклор і дарэволюцыйныя паэты
Крытыка
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Паэзія мужнасці і аптымізма

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ФАЛЬКЛОР І ДАРЭВОЛЮЦЫЙНЫЯ ПАЭТЫ


Мы ў спадчыну ў галіне мастацкай літаратуры значнага багацця не атрымалі. Тыя беларускія паэты, якія пачалі сваю плённую літаратурную дзейнасць да Кастрычніцкай рэволюцыі (Янка Купала, Якуб Колас), у нашыя дні, у дні соцыялістычнага жыцця, перажываючы сваю другую творчую маладосць, шчаслівую маладосць росквіту свайго талента, узбагачаюць совецкую мастацкую літаратуру творамі вялікай паэтычнай культуры.

Пра якую беларускую мастацкую літаратуру магла ісці гутарка ў гады змрочнай рэакцыі? Пра стварэнне якой паэзіі магла марыць краіна, якую па-варварску эксплаатавалі, якая была калоніяй «вялікай і непадзельнай» дзяржавы? Правільна сказаў адзін з беларускіх паэтаў, што «пад пятою Расійскай імперыі расцвітае толькі палын».

Яшчэ за некалькі дзесяцігоддзяў да вершаў Некрасава паэт Д. Веневіцінаў напісаў верш « Родина», дзе ён паказвае суровую карціну рабскай Нікалаеўскай Расіі:

Природа наша точно мерзость,
Смиренно-плоские поля:
В России самая земля
Считает высоту за дерзость;
Дрянные избы, кабаки,
Брюхатых баб босые ноги,
В лаптях дырявых мужики,
Непроходимые дороги,
Да шпицы вечные церквей,
С клистирных трубок снимок верный.
С домов господских вид мизерный
Следов помещичьих затей.
Грязь, мерзость, вонь и тараканы
И надо всем хозяйский кнут.
И вот что многие болваны
„Священной родиной“ зовут.

Гэты верш, дзе так многа гневу, верш, які мог з’явіцца ў друку толькі пасля рэволюцыі (надрукаваны ўпершыню ў 1924 г.), становіць сабой зусім выключную з’яву па яркасці і сіле выкрыцця. Гэты рэзкі натуралістычны малюнак поўнасцю характэрны для ілюстрацыі жыцця беларускага прыгнечанага народу.

У сваім славутым вершы «Железная дорога» Н. А. Некрасаў, паказваючы рабскую народную працу, пісаў:

Видишь, стоит, изможден лихорадкою
Высокорослый больной белорусс:
Губы бескровные, веки упавшие,
Язвы на тощих руках,
Вечно в воде по колено стоявшие
Ноги опухли, колтун в волосах.
Ямою грудь…


Беларусоў не лічылі за людзей, інакш не называлі іх, як «быдлам». Памешчыкі беларускімі сялянамі замянялі на паляванні сабак. Балотны мох і лясная кара былі прадуктамі харчавання абяздоленай беднаты. І ў нашыя дні ў беларускім Палессі захаваліся назвы вёсак — Мохаеды, Караеды — жывыя помнікі галоднай смерці.

Вы чуеце, лес шуміць,
Схіліўшы зялёныя вецці?
Гэта не лес шуміць,
І не вецці зялёныя гнуцца, —
Гэта стогне галодны народ,
Гэта плача бяспраўны народ,
Скручаны горам і крыўдай.

Народ стагнаў, а гарачым летнім днём пан Радзівіл наладжваў «зімовы» карнавал. Ён засыпаў дзесятак кілометраў дарогі соллю, каб пад ценем дзівосных таполяў і бяроз праехацца на санях.

Бяспраўе, галеча і голад, каўтун, трахома і трасца пажыралі штогод тысячы людзей.

Народ «не ўмеў скардзіцца», але ў грудзях народу кіпела буйная ненавісць, ён верыў, што будзе жорсткая барацьба:

Бо за крыўду сваю адамсціць,
Свінням будзе крыві не пабраць.
Адамсціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.

(Янка Купала)

ЯНКА КУПАЛА

Паказальную дэталь, якая малюе характар прыгнечанага беларускага селяніна, што умее «не скардзіцца» мы знаходзім у апавяданні А. С. Тургенева «Поездка в Полесье».

…Чалавек, якому ці то ад сваёй віны, ці ад віны другіх прышлося дрэнна на свеце — павінен прынамсі ўмець маўчаць.

— Ну што-ж ты, Ягор, — ускрыкнуў раптам Кандрат, які паспеў ужо змясціцца ў перадку калёсаў і, гуляючы, перабіраў лейцы: — ідзі сядай. Чаго задумаўся? Ці пра карову ўсё?

— Пра карову? Пра якую карову? — паўтарыў я і глянуў на Ягора. Спакойны і важны, як заўсёды, ён, сапраўды, — здавалася, задумаўся і глядзеў некуды ў даль, у палі, што пачыналі ўжо цямнець.

— А вы не ведаеце? — падхапіў Кандрат. — У яго сёння ўночы карова акалела. Не шанцуе яму — што ты будзеш рабіць.

Ягор сеў моўчкі ў фурманку і мы паехалі.

„Гэты ўмее не скардзіцца“, падумаў я.

Заключная фраза як-бы ўскрывае «нутро» мужыка, што ўмее, затаіўшы гнеў «у сабе», цярпець самавольства і бяспраўе, пакуль больш яснымі і зразумелымі не сталі для яго заклікі да барацьбы.

Пра гэтага селяніна, пра яго жыццё, пра яго краіну мы зможам даведацца, азнаёміўшыся з багацейшым беларускім фальклорам.

Народным песням, казкам і легендам, як гаворыць А. М. Горкі, «чужды песімізм, не гледзячы на той факт, што творцы фальклору жылі цяжка, і пакутна-рабская праца іх была пазбаўлена сэнсу эксплаататарамі, а асабістае жыццё — бяспраўнае, безабароннае. Але пры ўсім гэтым калектыву як-бы ўласціва ўсведамленне яго бяссмерцця і ўпэўненасць у яго перамозе над усімі варожымі яму сіламі».

Аднак якой жудасцю вее ад многіх вобразаў галечы і роспачы ў беларускім фальклоры:

Тады гора ты ўтопіш,
Як свой век ты пражывеш.


Выключная па яркасці соцыяльнага зместу і вялікай мастацкай сіле яўрэйская народная песня, перакладзеная беларускім народам і стаўшая папулярнай сярод сялянства, з’яўляецца прыгаворам для эксплаататараў працоўных.

Гэтая песня — крык жонкі батрака:

Сэндэрка, Сэндэрка,
Муж мой,
Дзе ўзяць мне
грошы?
У памешчыка, у памешчыка,
Жонка мая,
У памешчыка, у памешчыка,
Душа мая,
Сэндэрка, Сэндэрка,
Муж мой,
Дзе ўзяць мне
Хлеба?
У памешчыка, у памешчыка,
Жонка мая,
У памешчыка, у памешчыка,
Душа мая,

Каларыт любоўных песень, маладзёжных, калі можна так сказаць, прасякнуты часцей за ўсё гаркатою няволі, смутку і слёз.

Буйнейшы рускі паэт А. Майкаў запісаў некалькі беларускіх народных любоўных песень. Не гледзячы на тое, што гэтыя песні да некаторай ступені літаратурна апрацаваны паэтам, у іх захавалася лірыка народнага смутку. У алегорыях, уласцівых мноству народных песень, хаваецца сапраўдная соцыяльная сутнасць настрояў:

Не секи ты, батюшка,
при дороге березки;

Не коси ты, братинька,
Травоньки шелковой;

Не щипи ты, сестрынька,
Цветиков в садочке;

Не бери ты, матушка,
Из ключа водицы.

При дороге березка —
Я сама младенька:

Травонька шелкова —
Мои русы косы

В садочке цветочки —
Мои ясны очки:

Во ключе водица —
Мои горьки слезки.

Маладая сялянка-жняя звяртаецца да сонца, каб яно «скараціла» дзень, каб лягчэй пераносіць было ўвесь цяжар рабскай працы.

Жняя скардзіцца:

Ах ты, сонца-сонейка,
Я на цябе віну маю,
Віну маю вялікую,
Што ты раненька ўзыходзіш,
Што позненька заходзіш.

І жняя сама адказвае, бо яна ведае сапраўдную прычыну. Адказ у песні ідзе ад імя сонца, але гэта толькі прыём рытмічнага паралелізма, які шырока развіты ў народнай песеннай творчасці:

Ах ты, дзеўка-дзеванька,
Не вінуй-жа ты мяне,
Вінуй-жа ты свайго пана.
Хоць я раненька ўзыйду,
Цябе на ніўцы я знайду.
Хоць і позненька зайду,
Цябе на ніўцы я знайду.

Вось соцыяльная атмасфера, пачуцці і надзеі беларускага народу, што выцякаюць з творчасці, створанай самім народам. І першыя песні першых буйнейшых паэтаў у гісторыі беларускай паэзіі былі поўныя смутку і гаркаты аб «няволі і нядолі» свайго краю і свайго народу.

Нельга патрабаваць ад маткі, якая сядзіць каля дамавіны свайго дзіцяці, каб яна спявала вясёлую песню. Цяжка шукаць у творах першых год творчай работы ў Янкі Купалы і Якуба Коласа вясёлых сонечных песень. «Пакуль сонца ўзыйдзе, раса вочы выесць». Праўда, Янка Купала натхняе сябе надзеяй, што «ночка цёмная на свеце вечна не пануе». Аднак, слязлівыя матывы, асабліва пасля 1907 года, аплакванне лёсу беларуса-селяніна, прыдушанага галечай, малазямеллем, памешчыцкай эксплатацыяй і хабарамі царскіх чыноўнікаў, былі беспрасветныя, яны праходзілі пад усыпляючым, нацыяналістычным лозунгам — «загляне сонца і ў наша аконца».

У 1904 годзе Якуб Колас першай песняй перадвызначыў ужо характар настрою ў сваёй творчасці.

Не пытайце, не прасіце
Светлых песень у мяне,
Бо як песню заспяваю,
Жаль вам душу ўскалыхне.

Гэта асноўная меладыйная лінія ў творчасці, гэта паэтычная дэкларацыя сына беларускай вёскі, куды «вясна яшчэ не прышла», гэта яго «песні жальбы», што перарастаюць у соцыяльны і нацыянальны пратэст, што апяваюць грозную «мужычую сілу» і заклікаюць да барацьбы — «устаньце, хлопцы» і далей — «стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Янка Купала прышоў у беларускую літаратуру з песняй, малюючай галодную, цёмную долю знясіленага працай і галечай мужыка-беларуса, знясіленага, але ўсведамляючага, што:

… але хоць колькі жыць тут буду
Як будзе век мой тут вялік,
Ніколі, братцы, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

Гэтая самасвядомасць натхняла, вяла на барацьбу; гэта сцверджанне паэта вырасла з рэволюцыйнага руху рабочых 1905 года, які пракаціўся шырокай і бурнай хваляй сярод сялянства Беларусі.

Паэты дарэволюцыйнай Беларусі, якія пакінулі ў беларускай паэзіі больш ці менш значны след (Цётка, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля (Ясакар), Алесь Гурло, Янук Журба, Канстанцыя Буйла і многія іншыя), — усе яны, вар’іруючы некалькі каларыт і сродкі мастацкага паказу, ідэйна і тэматычна ў аснове сваёй былі адзіныя. Прышоўшы ў літаратуру ў 1910—1914 гг., яны выхоўваліся на старонках буржуазна-нацыяналістычнай газеты «Наша Ніва», сталі выяўнікамі і носьбітамі яе ідэалогіі. З нарастаннем рэволюцыйных падзей адны зусім адыходзілі ад літаратуры, другія, нясмела, чакаючы, з вялікімі ўнутранымі хваравітымі працэсамі, з ідэйнымі праваламі, уключаліся ў рэволюцыйны паток, трэція — пераходзілі ў лагер контррэволюцыі.

Значны гісторыка-літаратурны інтарэс становяць паэт прыгонніцтва Вінцук Дунін-Марцінкевіч і паэт Францішак Багушэвіч — глашатай нарадзіўшайся нацыянальнай буржуазіі.

Крытыка, якая прапагандавала буржуазныя нацыяналістычныя ідэалы «Нашай Нівы», не адзін раз пісала, што:

„Па стылю і па чыстаце скарыстання яго ў творах беларускай мовы Дуніна-Марцінкевіча справядліва лічаць бацькам беларускай мастацкай літаратуры.

ЯКУБ КОЛАС

Бацькам-жа беларускіх пісьменнікаў з сапраўды чыстым характарам і з чыста беларускім нацыянальным духам і яшчэ больш чыстай беларускай мовай з’яўляецца Францішак Багушэвіч“.

Гэтая аслепленая нацыяналістычным чадам крытыка з вялікай сілай шкодзіла Янку Купалу і Якубу Коласу. Пачаўшы сваю паэтычную дзейнасць пад велізарным рэвалюцыйным уплывам падзей 1905 года, будучы выказнікамі працоўных, Купала і Колас пачалі здаваць дэмакратычныя пазіцыі, пападаючы пад уплыў пазалочаных фраз беларускіх памешчыкаў і кулакоў аб «залатым веку» беларускай гісторыі.

Навакол ранніх твораў Янкі Купалы ішла жорсткая класавая барацьба. Ішла барацьба за Купалу, за яго талент, які развіваўся не па духу «дзеячам нівы беларускай культуры». Польскія паны-крытыкі, сцвярджаючыя, што «беларускі народ ніколі не меў і не мае сваёй літаратуры», пачуўшы голас паэта працоўнага сялянства, пачалі пісаць ужо інакш. Яны стараліся Купалу звярнуць на іншы шлях, сцвярджалі, што «пад выглядам рыфмаваных твораў» паэт раскрывае злоўжыванні існуючага царскага ладу, але не заклікае, як бачыце, да «працавітасці, да маральнасці пазнання асветы». І ў тон польскім панам-крытыкам беларускія буржуазныя нацыяналісты ўсяк імкнуліся затушаваць прагрэсіўныя элементы ў творчасці Купалы, шукалі ў творах паэта «душы беларуса», самабытных матываў, зварачваючы Купалу на свой бок.

Владэк з Казіміраўкі ў рэцэнзіі на зборнік «Жалейка» («Наша Ніва», 1908 г., № 17) поўнасцю пераклікаецца з польскім «панам-даследчыкам» беларускай паэзіі: «Песні Купалы, — піша ён, — гэта люстэрка, у якім свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край. Да вялікай працы, «будаўніцтва краю» кліча паэт наш «свой люд»; ён кліча ўсіх «працаваць за траіх, каб не аддацца смутку». Польскі пан толькі намякаў яшчэ, што Купала не заклікае «да працавітасці», як беларускі шляхцюк Владэк, фальсіфікуючы купалаўскую «Жалейку» ва ўгоду польскаму пану, знайшоў ужо гэтую «мірную працавітасць» — беларус, ці бачыце, «працуе за траіх, каб не аддацца смутку».

Яшчэ больш нацыяналістычна адкрыта піша, схаваўшыся за экзатычны псеўдонім, А. Бульба («Наша Ніва», 1910 г., № 43), заяўляючы, што кнігай «Гусляр» Купала «вызваляецца ад чужых налётаў і становіцца на самабытны шлях».

Значна пазней, у нарысе пра беларускую паэзію, буржуазна-нацыяналістычны паэт Максім Багдановіч аб першым этапе суровай народнай прастаты купалаўскай творчасці, аб яго паэтычных пракламацыях пісаў, што ці бачыце, Купала «пачаў з шурпатых вершаў, якія амаль не зусім зліліся з сучасным яму слоем беларускай паэзіі». Вось калі-б Купала працавіта заклікаў-бы да «працавітасці» на славу польскага і беларускага пана — вершы яго зліліся-б з «сучасным яму слоем беларускай паэзіі».

І польскі пан, і беларускія буржуазныя нацыяналісты інакш і не маглі расцэньваць творчасць Купалы. Бачачы шырокі водгук купалаўскіх песень у масах, іх папулярнасць, Багдановіч крычыць: «шурпатыя вершы», «слаба апрацаваныя з боку формы і мовы». Хіба гэтыя крыкі не нагадваюць нам ацэнку рускіх дваранскіх эстэтаў творчасці Некрасава, яго магутных, гнеўных строф? Дваранская-ж знаць крычала — «тапорны талент», бачачы, як круг уплыву Некрасава на чытачоў усё больш і больш пашыраецца. Гэтыя факты барацьбы нагадваюць нам і славутую гісторыю цкавання Т. Г. Шэўчэнка.

Багдановіч абвінавачвае Янку Купалу ў тым, што ў яго вершах і паэмах «неапрацаваная мова», у той час, калі мова творчасці Янкі Купалы выключная па сваёй эмацыянальнай сіле, мова народнай творчасці, мова, якая паслужыла асновай у справе барацьбы за развіццё беларускай літаратурнай мовы. На багацце і чыстату беларускай мовы ў Купалы звярнуў увагу і А. Луначарскі («Известия», 1930 г., № 132). Гаворачы пра зборнік «Жалейка», тав. Луначарскі сказаў: «Яе чыстая, багатая і сапраўды беларуская мова, яе глыбокі бядняцка-сялянскі змест вобразаў, думак, яе простая, празрыстая і меладыйная напеўнасць стварылі вялізнае ўражанне. Кніга адлюстравала сабой той уздым самасвядомасці і надзеі, які адпавядаў уздыму 1905 г.».

Мова творчасці Багдановіча з’яўляецца кніжнай, халоднай мовай. З аднаго боку, моўная культура яго расла на базе прымітыва «дзеравеншчыны», з другога боку, ён уключаў у беларускую мову, без патрэбы для гэтага, бытавыя словы, з іншых моў.

Хіба гэта не яркія прыклады класавай барацьбы за Янку Купалу? Гэта было ў той гістарычны перыяд часу, як піша таварыш Сталін, калі «закралася ў душу сумненне і людзі пачалі разыходзіцца па нацыянальных кватэрах. Няхай кожны разлічвае на сябе. «Нацыянальная праблема» — перш за ўсё».

На старонках «Нашай Нівы» пачынае займаць «вядучае» месца заалагічны шавінізм, прыкрыты «філасофіяй» нацыянальнага духу. У гэты перыяд Янка Купала і Якуб Колас, замест далейшага развіцця дэмакратычных элементаў у сваёй творчасці, не ўстаялі, сышлі на буржуазныя пазіцыі, сталі ідэолагамі руху, так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі.

Вялікую Кастрычніцкую рэволюцыю і Я. Купала, і Я. Колас не зразумелі. Яны не зразумелі класавай сутнасці пролетарскай рэволюцыі і ў першыя совецкія гады творча аставаліся на сваіх старых пазіцыях.

Часам у іх творах гучэлі ноткі непрыязні па адрасу дыктатуры пролетарыята.

Рост соцыялістычнай гаспадаркі і культуры Совецкага саюза і Совецкай Беларусі, перамогі нацыянальнай палітыкі, якую праводзіць наша партыя, росквіт беларускай совецкай культуры, клапатлівыя адносіны нашай партыі да людзей, работа беларускіх пісьменнікаў-комуністаў — прывялі і Я. Купалу, і Я. Коласа ў рады актыўных будаўнікоў нашага дзівоснага жыцця. (Апладысменты.)

Гісторыкі нашай літаратуры бясспрэчна скажуць, што творы Я. Купалы і Я. Коласа першых гадоў іх паэтычнай работы з’яўляюцца лепшымі старонкамі ўсёй дарэволюцыйнай паэзіі, па сутнасці — першыя ў гісторыі беларускай паэзіі слаўныя старонкі беларускага мастацкага слова.

Гісторыкі нашай літаратуры бясспрэчна скажуць, што цяперашнія нашы народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас з’яўляюцца родапачынальнікамі сапраўднай мастацкай беларускай літаратуры. (Апладысменты.)

Сёння і Я. Купала, і Я. Колас з’яўляюцца ўдзельнікамі ўпартай барацьбы за беларускую совецкую мастацкую літаратуру. Калі Янка Купала гадоў 25 таму назад пісаў:

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народу упадак і хвала,
А беларусы нікога-ж не маюць,
Няхай-жа хоць будзе Янка Купала, —

дык сёння ў ордэнаноснай соцыялістычнай Беларусі мы чуем дружны многагалосы паэтычны хор. Беларуская совецкая паэзія сёння — гэта малады вясновы сад у весёлкавым квітненні з моцнай завяззю, якая абяцае даць так многа пладоў высокай паэтычнай культуры ў скарбніцу вялікай усесаюзнай соцыялістычнай мастацкай літаратуры (Апладысменты.)