Беларускіе казкі (1912)/Сямілетка

Ведзьмар Сямілетка
Беларуская народная казка

1912 год
Вада памагла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯМІЛЕТКА.

Жыў сабе адзін чэлавек з жонкай і у іх не было сем год дзяцей, а жыў ён дужа бедна. Побач з ім жыў сусед багач, меў усяго многа. І быў у гэтаго багача падцёлак і ён сем год не цяліўся. На восьмы год у беднаго заціжарыла жонка, а у багача стаў цельным падцёлак. Ў адзін час у беднаго жонка радзіла дачку, а у багатаго падцёлак прывёў цялушку. Конка багачова узяла ды паглядзела цёлцы у зубы — зубы чырвоные.

— „Э, — кажэ дзедку: „гэты цялёнак не узгадуецца, выкінь яго за плот.“

Багач узяў ды й выкінуў таго цялёнка.

У гэты час бедны ішоў па ваду. Набраў вады поўные суды і йдзе назад, ажно бачыць, што ляжыць цялёнак ля плоту; занёс ваду і кажэ жонцы:

„Вот, бабка, я нес ваду і бачыў, што ля плоту ляжыць цялёнак. Пайду я ды й вазьму гэтаго цялёнка? Добра нам на што небудзь будзе!“

— „А йдзі, кажэ жонка, вазьмі, прынясі!“

Ён прынёс гэтаго цялёнка і кажэ:

„Прыгодзіцца нам: цяпер к хрэзьбінам зарэжэм, будзе чым закусіць.“ А баба кажэ:

— „А не, дзедку, хай лепей расьце цёлачка! Можэ мы і так абойдземся!“

Тая дзевачка стала расьці і вырасла такая гожая…


Тая дзевачка стала расьці і вырасла такая гожая…

І пачалі хадаваць тую цёлку. Цёлка вырасла, стала рослая, сытая; — і тая дзевачка стала шыбка расьці, ды вырасла такая гожая, вумная, што і сказаць нельга, якая вумная дзевачка. Тады той багач кажэ беднаму, (разгаварыліся ці, так, ці ў шынку дзе):

„Аткуль гэта у цябе цёлка такая харошая?“

— „А, кажэ, братка: мне Бог даў ксьціны; пайшоў я па ваду, ажно за платом ляжыць цёлка, я яе узяў і прынёс дамоў і хацеў зарэзаць к хрэзьбінам, але баба не дала мне рэзаць.“

Багач тады кажэ:

— „Э, братка, дык гэта мая цёлка! Я, кажэ ён, адбяру цёлку, бо гэта мая цёлка!“

— „Не, кажэ бедны, пойдзем да пана, як пан разсудзіць. Якжэ: я сем гадоў карміў яе, ешчэ і карысьці ня бачыў з яе, а ты ўжо адбіраеш!“

Пашлі яны да пана. Гэтыж багач, як прыйшоў к пану, дык а парукаўся з ім. Той кажэ: „Садзіся у нас“. Ен сеў, а бедны стаіць у парозі. Тады пан кажэ:

„Чаго-ж вы прыйшлі камне?“

Абодвы кажуць: „на суд паночку!“

— „На які суд?“

Бедны расказаў сваю крыўду: „так і так, кажэ, даў мне Бог хрэзьбіны, я пайшоў за вадой і знайшоў пад платом цёлку маленькую. А ён цяперка кажэ, што гэта яго, і адбірае у мяне тую цёлку.“

А багач кажэ: „гэта мая цёлка! у мяне быў падцёлак, сем год не цяліўся, а на сёмым ацяліўся. Конка паглядзела яму у зубы і сказала, што ён не ўзгадуецца; і я выкінуў яго за плот. Гэта мая цёлка!“

Пан тады і кажэ ім:

„Ну вот: загадаю я вам тры загадкі. Хто адгадае, таго й цёлка. — Адгадайце мне, што у сьвеці сыцей, што багацей, і што шпарчэй?“

Пайшлі яны дамоў. Бедны прыйшоў і плачэ. І кажэ: „вось, мая дачушка і бабка! Даў нам Бог цёлачку, і тую багач адбірае! Загадаў нам пан тры загадкі — дзе нам, кажэ, дурным, адгадаць? Мы, кажэ, не адгадаем іх!“

А дзевачка гэта пытаецца: „якіеж, тату, загадкі пан загадаў? скажы нам!“

І ён расказаў тые загадкі ім.

Тады дзевачка кажэ: „э, тату, лажыся спаць! Дзень ад вечэра мудрэйшы, заўтра пагадаем“.

А багач прыйшоў дамоў і рад.

„Ну, баба, цёлка будзе наша! Загадаў пан тры загадкі, трэба іх адгадаць!“ Ён расказаў тры загадкі! „пан сказаў адгадаць, што у сьвеці сыцёй, што багацей і што шпарчэй?“

Тады баба кажэ: э, дзед, ты дзед! ты дурэнь — кажэ. Сыцей-жэ, кажэ, німа, як наш кабан! А багацей за нас німа нікога: мы, кажэ, багацей за ўсіх! А шпарчэй, кажэ, за нашаго варанога коніка німа на сьвеці нічога: ён жэ выйдзе на вуліцу, як паглядзіць, дык на ўвесь сьвет, як арол!“

Даў Бог дзень. Тады дзевачка тая кажэ:

„Тата, ідзі ты да пана і скажы, што сыцей усяго земля, багацей за Бога німа нікога, а шпарчэй за ўсё думкі людзкіе!“

Прышлі яны да пана. Пан пытаецца:

„Ну, што угадалі?“

Багач зара і кажэ: Гэ, панок, што там было угадаць: сыцей нічога німа; як наш кабан; а багацей, паночэк, за мяне німа, я багацей за ўсіх; а шпарчэй німа за майго коніка варанога!

— Ну, а ты, — кажэ беднаму, — як угадаў?

Той кажэ: „а, паночэк, — сыцей німа, як земля; а багацей Бога німа нікога; а шпарчэй у сьвеці німа нікога, як людзкіе думкі.“

Тады пан кажэ на багача:

„Гіцэль, ты, кажэ, гіцэль! Дык ты багацей за мяне? Пашоў, кажэ, вон!“

А у беднаго пытаецца: „хто-ж цябе навучыў?“

— „Гэта мяне навучыла мая дачка сямілетка — яна радзілася тады, як гэта цёлка цялілася. Яна сем год не хадзіла і цёлка мая сем год не цялілася“.

Пан кажэ: „ну ідзі сабе з Богам, цёлка твая!“

Раз пан заехаўся у тую вёску, дзе жыў бедны, і пачало карціць яму, каб даведацца, як магла угадаць ягоные загадкі такая маленькая дзяўчынка? Пэўне гэта яна якая ня простая! Заехаўся на панадворак, бацькі не было дома і матка была у полі — дома была адна толькі тая дзяўчынка.

Пан пытаецца у яе: „дзяўчынка, да чаго мне прывязаць коні?“

А яна яму тады кажэ: „а ці к зіме прывяжы, ці к лету!“

А пан стаіць, вочы вылупіў, не разбярэ, што такое зіма, што такое лета?“

Тады ён пытаецца: „скажы-ж мне, дзяўчынка, — што такое зіма, а што такое лета?“

Яна тады кажэ: „ну, хоць к калёсам прывяжы, а хоць к саням.“

Пан гэты пабыў там, палюбаваўся, бачыць: дзевачка гожая, вумная, — і сказаў ей: „скажы, каб у вечэры твой бацька прыйшоў ка мне!“

Калі бацька прыйшоў дамоў, яна і кажэ: „вот, татачка, быў тут пан і казаў, каб ты у вечэры прыйшоў у двор.“

Гэты мужык зара пайшоў да пана, а пан яму і кажэ: „нішто, разумную дачку маеш. На-ж табе лубку яец; скажы ей, каб квакуху пасадзіла і вывела мне к заўтраму на сьнеданьне курчат.“

Тады той мужык ідзе і плачэ.

„Чаго ты тата гэтак плачэш?“ — пытае дачка.

Ды вось, мая дачушка, загадаў нам пан загадку: каб ты на гэты яйцы квакуху пасадзіла і высядзела курчат на сьнеданьне к заўтраму.“

Тады дзяўчына кажэ: „мама бяры гэтые яйкі, ды бій у саган, ды пражы яечню, ды лажыся спаць — дзень ад вечэра мудрэйшы, а там Бог-бацька.“

Перэначэвалі. Устаўшы дзяўчынка кажэ да бацькі: „на табе, тата, гаршчок, ды ідзі скорэнька да пана, ды скажы, каб ён хутчэй лядо высек і наматычыў, і ячменю насеяў і намалаціў, і проса натоўк, ды ў гэты гаршок каб круп насыпаў пісклят карміць.“

Пайшоў дзед да пана. Тады пан кажэ: „нішто, вумніца твая дачка! скажы ты ей, дачцэ сваей, каб яна ні пехатой прыйшла, ні на кані прыехала, і ня голая, і не, ў сарочцы, і каб падарак мне прынесла ды дала, і каб я не скарыстаў з яго. Калі зробіць усё гэта, то замуж за сябе вазьму, а ня зробіць — галаву з яе зніму!“

Ідзе гэты чэлавек дамоў і плачэ. І кажэ: „вось, мая дачушка, нарабіла клопату: загадаў пан табе загадку, каб ты да яго не пехатой прыйшла, ні на кані прыехала, ні голая ні ў сарочцы; і каб падарак яму дала, і каб ён не скарыстаў з яго. Калі зробіш — замуж возьме, а ня зробіш — галаву зніме.“

— Ну, тату, трэба злавіць нам зайца.

Яна ўзяла, сарочку здзела і увярцелася у жак, што рыбы ловяць, на кіёчэк села і едзе і зайца з сабой узяла. Пад’ежджае к пану. Пан гэты стаіць на ганку. Бачыць ён, што дрэнна, — прыдзецца яму яе за сябе узяць, бо яна зрабіла тое, што ён загадаў; — тады ён узяў і сабакамі. яе зацкаваў. Сабакі да яе, а яна узяла ды зайца шыбель на дарогу. Сабакі за зайцэм пабеглі, а яна да пана на ганак: „Вітайце пане!“ Пану гэтаму ужо німа што рабіць — трэба з ей жаніцца! Зазваў яе у пакоі, справіў ей адзежу панскую, ажаніўся з ей, і пачалі жыць хорашо.

Пажыўшы колькі гадоў, паехаў ён у чужы край, а,ей сказаў выежджаючы:

„Глядзі-ж, каб ты тут без мяне не судзіла маіх людзей, а то ты не мая, а я ня твой!“

І выехаў. Жыла яна адна у дварэ, мала ці багата, а здарылося за той час такое. Пашлі два мужыкі на кірмаш, адзін купіў калёсы, другі кабылу. Ехалі яны у двох, і кабыла ажарабілася. Той кажэ: мой жэрабёнак, мае калёсы ажэрабіліся. А той кажэ: мой жэрабёнак, мая кабыла ажэрабілася. Цягаліся, цягаліся ды пайшлі у двор на суд.

Зазвау пан яе у пакоі…


Зазвау пан яе у пакоі…

Прыйшлі да тэй дзяўчынкі, цяпер ужо пані, але ведама, як разумная была, то хоць і у паны выйшла — фанабэрыі не паказывала, дык яны да яе прыйшлі у пакоі і кажуць: „разсудзі нам, панячка, суд.“

— „Які суд?“

— „Ажэрабіліся мае калёсы, а ён кажэ, што гэта яго кабыла ажэрэбілася, кажэ, што гэта яго жэрабёнак.“

— „Ажэрабілася мая кабыла, а ён кажэ, што гэта яго калёсы ажэрабіліся, кажэ, што гэта яго жэрабёнак.“

Тады паня кажэ: хоць мне пан загадаў, каб я нікога не судзіла, адначэ слухайце:

„Вазьмі ты, чэлавечэ, атпражы кабылу, ды вядзі дамоў, а ты цягні свае калёсы да сябе дамоў. За кім жэрабёнак пойдзе, таго і жэрабёнак.“

Тады першы кабылу павёў і жэрабёнак за ім пабег. Вось між імі і скончылася сварка.

Ажно прыехаў пан у двор і дачуўся, што яна разсудзіла тых мужыкоў.

Як-жэ ты, мая мілая, адважылася ня слухаць майго загаду? Я табе сказаў, а ты зрабіла гэтак!.. Бяры сабе, кажэ, што табе мілей, што табе любей, і ідзі, каб я цябе ня бачыў!

Тады яна кажэ: „ну, што-ж, калі нам с табой ня бачыцца, то на развітаньне выпьем віна.“ Узяла і напаіла пана. Пан упіўся і заснуў. Тут яна жывей загадала запрагчы коні у карэту, лякаям загадала палажыць туды пана, ды й марш у бацькаву хату. Там хутчэй яго пьянаго с карэты, ды на пол, у гарохавіны.

„Во табе, пахмеляйся! А ты, тата, гатуй тапары ды матыкі, пойдзем заўтра лядо капаць.“

і пачалі жыць хораша.


і пачалі жыць хораша.

Назаўтрае прачнуўся гэты пан, глядзь, глядзь — гдзе ён гэта? Убачыў сваю жонку і пытае:

— „Што гэта ты, душэчка, зрабіла?“

— „А што ты, душэчка, казаў, тое і зрабіла: ты мне мілей за ўсё, я цябе і ўзяла з сабой. Атпраўляйся з бацькам лядо капаць!“

— „Але, кажэ пан, лепі ты, душэчка, садзіся у карэту, ды паедзем у двор, ды будзем жыць, як жылі…“

І я там быў, мёд-віно піў і сам чуць не заснуў, як той пан…