Беларускіе казкі (1912)/Ведзьмар

Чэлавечае вока Ведзьмар
Беларуская народная казка

1912 год
Сямілетка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вядзьмар (казка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕДЗЬМАР.

У кожным сяле ёсць свой ведзьмар. Яны шэпчуць, лечаць, адрабляюць уселякую хваробу, або нешчасьце. Людзі баяцца іх, годзяць ім. От быў такі ведзьмар. Яго зналі ня толькі у суседніх сёлах, але мо у цэлай акрузе. Гэта быў такі вялікі ведзьмар, што ён усё знаў. Ніхто ня сьмеў яму казаць на перакор, гэтак яго баяліся. Толькі быў там адзін чалавек; ён многа па сьвеці хадзіў: кажуць — быў аж у Кралеўцу. Вось гэты чэлавек не баяўся ведзьмара і ўсё казаў, што ён толькі чмуціць. Але яму ня верылі. Раз той чэлавек пайшоў у сваё жыта і зрабіў там за́ламку. Праз тыдзень, а то два прыходзіць к таму ведзьмару, каб ён вырваў тую за́ламку. Пайшлі яны на поле. Падыйшоў ведзьмар к за́ламцы на крокоў дваццаць ды й кажэ, што ня може ісьці далей, такая моцная за́ламка. Скінуў гэта ён нагавіцы і caрочку ды так, як маці радзіла, і папоўз да залому ракам. Паўзе і ўсё стогне, што вельмі моцна удзеяна. Маўчаў гэта, маўчаў той чэлавек, а як падыйшлі другіе людзі, узсеў на ведзьмара верхам, дастаў с пад палы гарапнік ды давай палосаваць ведзьмара. — „Вось-жэ я табе, хварэць тваей галаве, — кажэ — пакажу, як моцна удзеяна, бо гэтую за́ламку я зрабіў сам“. — Раве нямым голасам ведзьмар, а той яго лупіць. Біў — біў пакуль здаваліўся ды й пытае: „А што — кажэ — ня будзеш больш добрых людзей чмуціць?“ — „Ня буду просіцца ведзьмар, — толькі пусьці жывого.“ — Пусьціў той чалавек ведзьмара. Усхапіўся гад, забыўся і сарочкі і нагавіц апрануць ды так і сунуў наўцекача. Паўзіраліся людзі, думалі перш, што ведзьмар таго чалавека са сьвету зжыве, але бачаць, жыве сабе і нічагусенькі, пачалі гаварыць, што мабыць той чэлавек мацнейшы ад ведзьмара, калі гэтак з яго накпіў. Годзі ведзьмар с тае пары чмуціць. Дык вось як ведзьмары знаюцца.