Беларускіе казкі (1912)/Чэлавечае вока

Багатыр Чэлавечае вока
Беларуская народная казка

1912 год
Ведзьмар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чалавечае вока.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЭЛАВЕЧАЕ ВОКА.

Жыў даўней адзін мудры цар. Добра жылося у яго царстве, а людзі ўсё не былі здаволены і нарэкалі на сваю долю. Думаў, думаў мудры цар, чаму гэта у яго царстві людзі не здаволены — нічога не прыдумае. От ён перэдаў сваё царство сыну, а сам пайшоў у сьвет, каб паглядзець, паглядзець, як у другіх краёх жывуць людзі. Доўга хадзіў ён, пабываў па розных краëх і землях. Але куды не прыдзе бачыць, што ўсюды людзі не здаволены сваей долей. Хочэцца мудраму цару пазнаць, чаму гэта чэлавек ніколі не здаволен тым, што мае і чаму ён усё хочэ больш. І пайшоў мудры цар шукаць такога чалавека, каторы-б растлумачыў яму гэта. Доўга хадзіў ён, ужо барада адрасла па самы паяс, — ня можэ знайсьці ён такога чэлавека, што-б сказаў яму, калі самы счасьлівы будзе здаволен тым, што мае. Ідзе раз цар каля мора; бачыць, ажно на березі гуляюць дзеці. Цар падыйшоў да іх паглядзець, што яны робяць. Зблізіўся ён і бачыць, што дзеці усё штось важаць на шальках.

— Што вы робіце? — пытае цар.

— Важым людзкое вока — кажуць дзеці, — ды вот налажылі на шалькі каменьня цэлую кучу, а вока усё перэцягае. Паўзіраўся мудры цар, нічога не сказаў і пайшоў хадзіць каля мора і ўсё думаець. Думаў ён, думаў, нічога не прыдумае. А тут яму так захацелося пазнаць гэта, што лепш і ня жыць. „Не — думае цар — калі я не пазнаю гэтаго, то не вярнуся да гасподы.“ І хацеў ён ужо кінуцца ў морэ, але адно дзіця ухапілося яму за бараду і кажэ: «вот дзеду, мне так хочэцца падзержаць цябе за бараду, што лепш ня жыць. Кідайся са мной у морэ.» — „Разумнае ты — кажэ цар — дзіця. Скажы-ж ты мне, калі чалавечае вока ня будзе завідаваць, а будзе здаволено“. — „А вось калі“ — кажэ дзіця. — З гэтымі славамі яно ухапіло жменю пяску і пасыпало на чэлавечае вока — і шалька з вокам адразу пайшла у верх. Дагадаўся мудры цар, што тагды чалавек будзе здаволен, як яму пяском прысыплюць вочы.