Беларускі правапіс (1925)/Дадаткі

§ 39. Матэрыялы для разбору, сьпісваньня й дыктовак Дадаткі
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
Скарачэньні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дадаткі.


Да § 4-га, правіла 6-ае.

Гэтае правіла трэба разумець так: „Нескарочаны (складовы) прыназоўнік у, стаўшы перад словам, што пачынаецца гукам а, падвойваецца і дае ў вымове ув, але в пішацца зьлітна з наступным словам, як прыдыханьне, напрыклад: У ваднае мацеры пяць сыноў. Дом у вагні. Сем варот у вадзін агарод.“

Паміж галоснымі ў сказе прыназоўнік у дае ў вымове в, але пішацца ў (нескладовае), напр: Каза ўлезла ў агарод (замест „в агарод“). Снапы сушылі ў азяродах (замест „в азяродах“). Два мядзьведзі ў аднэй (замест „в аднэй“) бярлозе ня месьцяцца.


Да § 6-га.

У правапісе зычных гукаў (§ 6) прапушчана наступнае правіла:

Правіла. Калі гукі з, с, ц, дз стануць перад мяккімі зычнымі, то вымаўляюцца мякка, і на пісьме ў такіх разох пішацца Ь (зьбіць, зьняць, зьвер, сьвет, радасьць, сьлёзы, цьвет, цьмяны, цьмець, дзьве, дзьвесьце, дзьверы, зьехаць, зьява, зьесьці).

Але перад мяккімі гартаннымі (задня-язычнымі) г, к, х яны вымаўляюцца цьвёрда, і мяккі знак ня пішацца: згінуць, скінуць, схіліцца.

Гэтае правіла не адносіцца да зацьвярдзелага гуку „ц“ (памацнець ад моц). Слова „цьвет“ з старога слова „твісті“.

Практыкаваньне. Упрочкі зьбірайся, а жыта сей. Сьветлая галоўка мысьлямі занята. Адна махнуша не гарыць, а цьмее. Асыпалася лісьце. Ад напасьці не прапасьці. Сьпі, маё дзіцятка! У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка. Адвага не зьнявага. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім полі! Баязьліваму і страх здаецца. Не сьпяваюць птушкі. Сьціхнуў лесу шолам. Сьліна бывае заразьлівая. Гасьне корчык на камінку. Поле апусьцела. Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі. Шкло якоесь цьмянае. Наста якаясь сьлязьлівая. Мяккі сьнег лятае пухам. Маці схінулася над калыскай. Згінуў сьнег з палёў даўно. Яблыні цьвілі белым цьветам. Замерзьлі лужынкі. Цьвёрдую пасьцельку прыгатаваў мароз для мяккага сьнегу. Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гаварыў ён зьняважліва й насьмешліва. Падзьмуў сівер, і папаўзьлі па небе сьнегавыя хмары. Ад баязьні мала прыязьні. Часьцей і гусьцей залёталі сьнегавыя пушынкі. Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Сьляпы сьляпому не павадыр. Ісподак скінуўся ды разьбіўся. Апанавала млявасьць. У Нёмне рыбу вудзіў дзядзька. У нізкіх мясьцінах заўсёды зьбіраецца вада. У нашым лесе мядзьведзь — самы вялікі зьвер. З людзьмі мядзьведзь ня любіць сустракацца. Сонца шчыра разьлівала блеск прыветны і цяпло. Поле жыцьцем трапятала, усё пяяла і цьвіло. Чуецца говар мне сьпелае нівы.