Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/39

§ 38. Кароткі паўторны пытальнік § 39. Матэрыялы для разбору, сьпісваньня й дыктовак
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
Дадаткі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 39. Матэрыялы для разбору, сьпісваньня й дыктовак.

1. Доля батрачкі.

І.

Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну
І украдкам выцірае
Рукавом сьлязіну.
„Будзь паслушна ты, дачушка!“
Навучае матка:
„Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою:
Твая доля — цямней ночкі, —
Цяжка быць слугою!
Ня уважыць чужаніца
Ручак тваіх белых;
Поту выльлецца крыніца
З шчочак загарэлых.
Леткам ўстанеш раней зоркі,
Перша пойдзеш ў поле,
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!“
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара;
Жаль ёй к сэрцу падступае,
Як-бы тая хмара.

ІІ.

Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
„Ну, матулька, будзь здарова!“
І цалуе матку.
Вышла маці ўсьлед за ёю,
Стала пры парогу
І, падпёршы твар рукою,
Глядзіць на дарогу.
Доўга матка ўсё глядзела,
Доўга паглядала,
Покі Ганны хустка бела
З вачэй не прапала…

Я. Колас.

2. Беларускаму люду.

Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! рві свае путы,
Новую песьню сьпявай!

Дружна і згодна станьма сьцяною!
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною —
Збоку дарог ёй няма.

Люд! праканайся: толькі мы самі
Долі свае кавалі.
Годзі-жа, досыць панукаці намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам прыганятых болей ня трэба —
Будзем мы жыць без паноў.
„Самі вы дбайце лепей пра неба“,
Скажам мы так да ксяндзоў.

Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! Ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.

Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!

Я. Колас.

3. Лес на Палесьсі.

Верхам крыжастым узьняўшысь высока,
Хмурыя елкі панура шумяць;
Дзе-ні-дзе вынікне дуб адзінока,
Дзе-ні-дзе вязы, як вежы, стаяць…
Дзікае месца! Ўсё лес і балоты,
Купін мільёны, кусты лазьняка;
Боязна шэпчуць ў балоце чароты,
Глуха, трывожна шуміць асака,
Што? — Невядома для нашых вушэй:
Нетры лясныя спрадвеку хаваюць
Некую тайну ад вока людзей.
Чорная грэбля лягла срэдзь балота;
Хвораст, бярвеньне, як рэбры, тырчаць;
Грэбля паганая, гразь і плюхота…
Мова нядобрая ходзіць пра гаць.

Я. Колас.

4. На Палесьсі.

Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдка разрываўся невялічкімі палянкамі, на якіх часамі рунела жыта, а па краёх там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, пышна разросшыся на прасторы, або разьвіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя гаспадары; на гэтых дубох паляшукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягнуўшы туды каля дзесятку вульляў. Палянкі зноў зьмяняліся лесам — то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярэзіны мяшаліся з шэрымі хвоямі і прыдавалі характар маркоты й засмучэньня ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка паміж лесу ды замыкаліся лесам, што чуць-чуць чарнеўся роўнаю палоскаю на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць, бо сюды ня зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касою. Нязьлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмерлых дзеравяк расьлі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады — чыстыя, гладкія, як шліфованае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохлыя старыя спарахнелыя алешыны, як сьвечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад гэтых балот патыхала некім нявыразным смуткам; ціхім жалем веяла ад гэтых аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё-ж такі жыцьцё стварала свае асобныя формы і, ня гледзячы на ўсю ўбогасьць, мела сваю павабнасьць і хараство, свой твар, поўны пужлівага задуменьня. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і мімавольна стараешся знайсьці нешта такое, на чым можна было-б адпачыць і супакоіцца.

Тарас Гушча.

5. Нашыя гасьцінцы.

Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасьвецкіх гасьцінцах на Беларусі. Шырока й размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых мотываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожнага! З якою надзвычайнаю сілаю парываюць яны да сябе, і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў, і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны?! Ці ня гэтая, нікім нявыказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі ды запісвалася агнявымі літарамі людзкое крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што йшлі й ехалі па гэтых гасьцінцах і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапісь часоў, так глыбока западае ў душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму ды грознаю маланкаю жахнуць гэтую цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная й страшная бязьмежнасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымболямі якіх зьяўляюцца гэтыя гасьцінцы, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем ды кліча яе зьліцца з бяскрайнасьцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездавальненьня людзкога, таемны покліч да шуканьня іншых форм жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то — парываньне душы разьбіць некія граніцы, каб вырвацца на бязьмежныя прасторы?..

Эх, гасьцінцы, родныя гасьцінцы! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя й напісаныя на гэтых камлёх вашых прысадаў?!

Тарас Гушча.

6. Скрыпач і ваўкі.

Жыў на сяле скрыпач. Яшчэ змалку навучыўся ён граць на скрыпцы. Вось прышла восень, пачаліся вясельлі. Клічуць скрыпача то туды, то сюды граць на вясельлі. Раз прышлося скрыпачу варочацца позна ўночы дамоў. Ісьці трэба было лесам. Праз лес ішла ездавая дарога, але сьцежкаю было бліжэй, як тэю дарогаю. Скрыпач і думае: „Пайду проста сьцежкаю, усё-ж бліжэй будзе“. Дый пашоў.

Ноч была й так цёмная, а то яшчэ ў лесе. Ішоў ён, ішоў ды неяк заблудзіў і раптам як шабаўтне кудысь пад зямлю! Упаў — і ня так пабіўся, як налякаўся. Што яно такое?

Падумаўшы — дагадаўся: гэта была воўчая яма. Гэтак лавілі ваўкоў: выкапаюць глыбокую яму, прыкрыюць зьверху тонкім гальлём і прынаду паложаць. Воўк прынаду счуе, пабяжыць да яе ды ў яму й праваліцца.

Як дагадаўся скрыпач, дык трохі супакоіўся. Калі чуе — у яме штось як завые! Скрыпач так і пахаладзеў. Глянуў — ажно проці яго як-бы дзьве сьвечкі гараць. Скрыпач ведаў, што ў ваўка папоцемку вочы сьвецяцца, і што гэта ваўчок папаўся ў яму ды сядзіць.

— О, гэта добры таварыш! — думае скрыпач. — А ў мяне й паганага пакалка няма, адно скрыпка. Што тут рабіць? Вылезьці з ямы папоцемку нельга, а пачнеш вылазіць, дык воўк цябе ззаду!

— Пагана, — думае скрыпач: — гэта воўк цяпер спалохаўся ды не чапае, а як ачухаецца, то з костачкамі зьесьць.

І запраўды, крыху пачакаўшы, воўк пачаў варушыцца, ня йначай бліжэй падступаецца.

— А ну, хіба на скрыпцы заграю! — сказаў сабе скрыпач ды давай іграць.

Скрыпка як загалосіць, а воўк як адскочыць!

— О, — думае скрыпач, — гэта добра!

Ды давай іграць вясёлае да скокаў. Скрыпач грае, а воўк вые. Калі чуе скрыпач, ажно з лесу яшчэ воўчыя галасы аказаліся.

— Вось, — думае скрыпач, — папрыбягаюць!

Але граць не перастае. І такая ў іх музыка пашла: скрыпач грае, воўк у яме вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Іграе скрыпач, а сам на неба пазірае — ці ня сьвітае часам?

І хто яго там ведае, што-б было, але запраўды стала на сьвет займацца. Здарылася так, што паляўнічы блізка праходзіў і пачуў, што скрыпка грае, а воўк вые. Ён пашоў паглядзець, што яно за дзіва такое.

Падышоў паляўнічы бліжэй, глянуў — і праўда: у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк.

Паляўнічы апусьціў скрыпачу дручка і выцягнуў яго, а тады ўжо ваўка забіў.

К. Каганец.

7. Мядзьведзь

У нашым лесе мядзьведзь самы вялікі зьвер. Ходзіць ён па лесе, спусьціўшы галаву, і ступае так цяжка, што здалёку чуваць, як суччо трашчыць.

У лесе мядзьведзю ўсякай пажывы даволі. Раньняй вясною есьць ён маладую траву, пучкі на дрэвах, ловіць птушак. Улетку хапае на яго долю дзікіх ігруш, яблыкаў, грыбоў. Спрыцен ён лавіць ракоў і рыбу ў рацэ. А то знойдзе мядзьведзь мурашнік, засуне туды лапу ды аблізвае мурашак, што насядуць на лапу. Але найбольш падабаюцца яму мядовыя соты. Хоць пчолы кусаюць яму морду, ён упорчыва ламае дуплё, дзе сядзіць пчаліная сям’я: разломіць і зьесьць з мёдам усё — соты, кускі дрэва, вашчыньне і самых пчол. Добра, калі яму гэткае пажывы хапае, а не — то з голаду мядзьведзь да скаціны лезе: няхай толькі пападзе, дык заесьць цяля, карову задушыць, нават спутанага каня здолее ў лес пацягнуць.

З людзьмі мядзьведзь ня любіць сустракацца — здалёку чуе ды ўцякае. На зіму мядзьведзь ліняе, абрастае цёплаю поўсьцю ды кладзецца ў бярлогу. Засыпае бярлогу сьнегам, і толькі праз невялікую шчыліну йдзе пара ад мядзьведжага дыханьня, і гэтак сьпіць ён да вясны. У вясну схудзелы, галодны вылазіць ён з бярлогі.


8. Птушкі — памочнікі чалавека.

Цяжка працуе чалавек на полі, у гародзе, у садзе: сее хлеб, садзіць варыва, разводзіць садавіну. І ўсюды ў чалавека многа ворагаў: бульбу чарвяк падточвае, капусту вусень зьядае, хлеб на полі псуюць жучкі, а дрэвы ў садзе чарва глуміць. Пералавіць ці патруціць усіх гэтых ворагаў чалавеку немагчыма, і сам-бы чалавек ня змог убараніць усе расьліны ад чарвякоў і шкадлівых казюлек. Яго праца зышла-б на нішто, але ён мае сабе дарагіх памочнікаў — птушак.

Самы дарагі й блізкі чалавеку памочнік — гэта шпак. Куды-б ні пашоў селянін у вясну на работу, усюды за ім ляціць шпак. І ў полі, і ў дарозе, і ў садзе — усюды шпак памагае чалавеку змагацца й нішчыць чарвякоў і казюлек. Ён разграбае сьвежаўзораную зямлю і дастае нязьлічонае мноства чарвякоў, з якіх потым вышлі-б казюлькі. Кожнае дрэўца ў садзе шпак пільна абгледзіць і вышукае там усякага чарвяка.

Вельмі карысная для чалавека другая птушка — лазараўка. Калі прыгледзіцца, як лазараўкі кормяць сваіх дзяцей, дык пабачыш, што кожная пара іх бацькоў прыносіць у гняздо да трыццаці штук вусеню ў гадзіну.

На вераб’я кажуць, што ён злодзей. Праўда, верабей крадзе многа канапель і іншага насеньня, але карысьці робіць чалавеку куды болей, як шкоды. Кажуць, што ў Амэрыцы, у штаце Мэн, загадалі перабіць усіх вераб’ёў за іх быццам-бы крадзеж. Бедныя вераб’і амаль ня ўсе зьвяліся. На другі год усе дрэвы апанаваў такі страшэнны вусень, што не асталося ніводнага лісточка. Усё зьеў вусень, і дрэвы пасохлі. З таго часу людзі закаяліся біць вераб’ёў.

А колькі мошак зьядае наша шчабятуха-ластаўка! Цалюткі дзень лётае яна і спраўна ловіць камароў, аваднёў і ўсялякіх мошак.

Шмат якія птушкі кормяцца зернятамі й ягадамі, але зьядаюць яны мала, а за гэта прыносяць многа карысьці, абараняючы нашыя сады, агароды, поле ад чарвы й машкары.


9. Дуб і чароціна.

Раз завяла чароціна з дубам гутарку:

— Скажы мне, дубе, чаму ты ня гнешся прад бураю, і бура цябе ня можа здалець? Часта, стоячы тут, бачыла я, як сярдзітыя буры ўпіраліся ў цябе, як у каменную сьцяну. На тваёй галаве бусёл зьвіў вялізарнае гняздо, а ты нават ня чуеш гэтага цяжару. А я вось стаю тут ды гнуся, як старая. Маленькая птушачка сядзе на мне — я ня вытрымліваю ды гнуся да самае вады. Часамі жук няўмысьля вытнецца аб мяне — я ўся закалачуся, як у хваробе. Дык скажы-ж мне, дубе, адкуль твая сіла? Скажы мне, чаму я такая слабая?

І кажа ёй дуб:

— Ты баішся жыцьця, затым ты й слабая. Ты выбіраеш мяккі грунт, каб ня так трудна было рыць зямлю сваім карэньнем. Усім ты хочаш угадзіць, да кожнага ты падыходзіш з хітрасьцю, і змалку прывыкла ты гнуцца. А калі хто гнецца, тым ён паказвае сваю слабасьць і непаважаньне к сабе. А хто не паважае сябе, таго й другія не паважаюць, папіхаюць ім, як хочуць. Ты прывыкла да лёгкага жыцьця, і ўсю надзею кладзеш на другіх. А хто не спадзяецца на сябе, той і бывае слабы. А я змалку спадзяюся толькі на свае сілы і на сілы зямлі й сонца. Змалку я навучыўся сам памагаць сабе. Нікому я ня гнуўся. Ляпей зламацца зусім, чымся гнуцца ўсякай сіле. Мы, дубы, так і робім: або ломімся, або выжываем. Затое, як хто з нас захавае сваё жыцьцё, тады нікога не баіцца.

Т. Гушча.

10. Мурашкі і іх будова.

І.

Скажэце, дзеці, хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Хто з вас не разграбаў гэтых куч, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што зрабілі сабе прыпынак, нанасілі гэтыя кучы? Хто з вас гуляючы не ўзьбягаў на гэтыя круглыя горкі, каб толькі пацешыць сябе? Гэтыя горкі насыпаў ніхто іншы, як маленькія, вечна занятыя працай мурашкі. Разварочваючы мурашнік, вы й не падумалі нават, якую бяду прычыняеце вы мурашкам; ніколі ня прыходзіла вам у галаву бліжэй разгледзець мурашнік, пабачыць, як хітра й замыславата ён зроблен. І каб вы ўсё гэта разгледзелі, як мае быць, то вы падзівіліся-б здольнасьці мурашак рабіць хітрыя хаты.

Мурашнікі сустракаюцца найбольш па краёх лесу і насыпаюцца ў тым месцы, дзе сьвеціць сонца. Месцы для будовы мурашкі выбіраюць сухія і наносяць свае кучы каля хвой, ялін, бярэзін, часта каля пня. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад сьцюжы, і ад сьпякоты, і ад дажджу. Раскапайце на цікавасьць мурашнік пасьля самага вялікага дажджу, і вы ўбачыце, што ён прамок на паўпальца, ня болей, а ў сярэдзіне ён зусім сухі.

ІІ.

Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што тысячы мурашак поўзаюць, бегаюць, круцяцца, кішаць на версе бяз усякага парадку: тая цягне сухую хваёвую калючку, другая — саломку сухога лістка; там дзьве або тры валакуць невялічкі сучок. Цярпліва цікуючы за работаю мурашак, можна замеціць, што ўходныя дзьверцы мурашніка мяняюцца з часу на час. Сярод дня мурашкі слабодна сустракаюцца ў гэтых дзьверцах і разьмінаюцца нават з сваёю ношаю. Пад вечар гэтыя дзьверцы памаленьку звужаюцца і ў канцы зачыняюцца зусім, і пасьля гэтага ўсе мурашкі хаваюцца ў сярэдзіну мурашніка. Пільна ўзіраючыся, лёгка ўбачыць, як зачыняюць мурашкі свае дзьверы. Наўперад яны ставяць слупкі наабапал уходу, і ня проста прыстаўляюць іх да сьцен, але ўтыкаюць у пустыя месцы між саломак і калюшак; потым замуроўваюць дзіркі між слупкамі й сьцяною мурашніка матэрыялам больш лёгкім. У канцы ўсё гэта закрываецца, усё гэта прыкрываецца кавалачкамі сухога лісьця.

Назаўтра рана, чуць толькі ўзыйдзе сонца, пойдзем ізноў к мурашніку ды пацікуем, што там робіцца. Па версе ўжо поўзае некалькі мурашак. З-пад маленькіх шалашыкаў пад дзьверцамі выпаўзае яшчэ некалькі, і пачынаецца работа. Самая першая работа мурашак — адчыніць дзьверы. Слупкі, саломкі, кавалачкі лісьця дастаюцца ды складаюцца пад дзьверцамі, каб на выпадак патрэбы можна было йзноў зачыніць шырока адчынены ўход. І кожны летні дзень ідзе такая работа, апрача хіба дажджлівых дзён; у непагоду дзьверы мурашніка шчыльна зачыняюцца. Калі зранку неба хмарнае, то мурашкі робяць у дзьверцах маленькія дзірачкі, і як толькі пачне падаць дождж, яны жывенька зачыняюць іх наглуха.


11. Лясны пожар.

Гарэў лес, толькі трудна было распазнаць, ці ў нашым абходзе быў пожар, ці ў чужым. Мы пабеглі проста на дым. Беглі мы доўга. Было страшна горача, пот так і каціўся з нас. Мы ўжо перабеглі й граніцу свайго лесу. Агню яшчэ ня было відаць, толькі дым, каторы, разьвяваўся ветрам па лесе і туманіў яго, даваў знаць, што пожар блізка. Скора мы ўбачылі й самы агонь. У лесе нікога ня было, і агонь без запынку разгульваўся на волі. Цэлае возера агню абнімала лес да палавіны, разьлівалася кругом і займала ўсё большую й большую лапіну.

Страшны і разам цікавы від мае пожар лесу!

Шум агню чуцен за вярсту. Агонь абхоплівае малады хвойнік да самага верху, а пад маладымі хвоямі многа сухіх калючак і лому.

Агонь узьбягае па камлі, пераходзіць на гальлё, а вецер далёка адносіць сухую кару разам з агнём, ад чаго пожар яшчэ скарэй разрастаецца.

Цэлая сьцяна агню ў сажань увышкі разьлівалася па краёх і няслася ўсё далей і далей.

Кусты ялоўца трашчаць, як толькі надходзіць к ім агонь, на момант даюць белы слуп дыму і разам абхопліваюцца агнём ды прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разьліваецца ў адну мінюту над хвойнікам. Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі, уверсе смаляныя, з выдзеўбленымі дзятламі дзіркамі, гараць, як сьвечкі. Іншыя зусім перагараюць на палавіне, і вяршына з глухім шумам апускаецца наніз у самы агонь ды прападае ў полымі.

Жар нястрывалы — трудна ўстоіць за тры сажні ад агню. Людзі з лапатамі й граблямі прышлі з суседніх вёсак тушыць пожар. Стаўшы здалёк ад агню, пачалі яны адграбаць мох і калючкі, каб ня даць матэрыялу агню. Капалі зямлю і кідалі пясок на агонь. На ахвяру яму пакідалі цэлыя маргі лесу, бо за гарачынёй трудна было рабіць блізка ад агню. У вадным месцы пожар падступаў к старому бору. Людзі кінуліся туды і дружнаю работаю адваявалі бор. Агонь рыхтавалі скіраваць туды, дзе ён меней мог знайсьці сабе корму. Пожар памалу ўсё меншаў і меншаў. Яго дарога ўсё вузілася. Белы дым спакайней слаўся па лесе і тонкімі языкамі ўздымаўся над лесам. Скора бура агню была зусім затушана. Толькі вялізарнае вогнішча дымілася тысячамі маленькіх дымкоў, ды дзе-ні-дзе вынікаў агоньчык сярод абгарэлае палянкі, разьдзьмуханы ветрам. Нудна пазіралі дрэвы з абсмаленымі камлюкамі.


12. Зямля, на каторай мы жывём.

Аб зямлі, на каторай мы жывём, можна расказаць шмат чаго цікавага. Перш-на-перш, зямля круглая, як яйцо. Яна нідзе ня мае краёў, або меж. Зямля — гэта вялікая гала, каторую можна аб’ехаць навокал. Яна нідзе ня мае канца, як ня мае ніякага канца скамечаная галка. Калі муха сядзе на яблыка ды папаўзе ў адзін бок, то яна абойдзе навокал і прыдзе йзноў на тое месца, толькі з адваротнага боку. Гэтак і людзі аб’яжджалі навокал зямлі, варочаліся назад, а канца нідзе не знаходзілі, бо няма канца ў галы, якою ёсьць наша зямля.

На зямлі ёсьць суша, на каторай стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і інш. Пасьля, на зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе ўглыбленьні ў сушы. Напоўніць вада ўглыбленьне ў сушы — і выйдзе возера або мора, калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі, і тады гэта вада завецца рэчкаю. Ёсьць вада й пад зямлёю, і калі яна сама прабіваецца наверх, то завецца тады крыніцаю. Часам дастаюць людзі ваду з-пад зямлі, капаючы калодзежы.

Апроч сушы й вады, на зямлі ёсьць яшчэ паветра. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар і тады мы яго чуем. Калі падае паперынка, паветра падтрымлівае яе і не дае хутка зваліцца на зямлю.

На зямлі жыве многа ўсякіх стварэньняў, і растуць розныя расьліны. Адны стварэньні кормяцца расьлінамі, другія — мясам слабейшых стварэньняў. Чалавек есьць і мяса, і расьліны, хоць бяз мяса мог-бы жыць.


13. Камень.

Такіх прыгожых месц, якім быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсьці. Прынамсі, так думаў доўганосы бусел, каторы меў тут, на старадроўні, пышны палац. А бусел усё-ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу.

Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасьвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасьліва, і гэтым самым як-бы пацьвярджалі, што тут і запраўды ня кепска. Але бывалі й такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці. І хто ведае, быць можа, чым часьцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуваньне цаны жыцьця, тым ясьней яго сьветлыя мамэнты.

Але самым шчасьлівым жыхаром быў тут, ведама, камень — так злажылі й згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і другія. І праўда, як німоцныя дубы, а ўсё-ж ткі іх матлашылі й сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжарныя хмары з залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы на іх каранёх тапталіся людзі. Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагох пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё пяшчанае жоўтае дно. Яе чыстае лона ня раз заносілася сьмецьцем, гразёю і розным брудам няпрошаных госьцей-ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі раз даводзіцца яму, старому, перадрыжэць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучай сякерай на плячох бязьлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы й для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзьнешся досыць, стоячы на гнязьдзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сьцюжу?

А каменю што? Кажуць-жа: моцны, як камень, цьвёрды, як камень, трывалы, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму дзееца тут? Ляжыць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго ня страшныя. Блісьне сонца, дзьмухане вецер — і сухі камень, і цёпла яму. І выбраў-жа, шэльма, — спалі яго сьнег! — і месца прыўдалае! Тут і рэчка табе відаць, і лес, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязьмежнаму прастору сініх нябёсаў. А колькі жыцьця навокал яго! Чорнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх ды пачнуць такія гамонкі, што толькі й можна пачуць іх у вясну. Лесавая жаўранка прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песьні, што душа замлявае. Што-ж, шанцуе яму і толькі! Кожнаму свая доля…

Так казалі суседзі шчасьлівага каменя, а ў сэрцы ўсё-ж не завідвалі яму. Аднаго толькі не маглі сьцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом ня выявіў свае радасьці, што ня мала ўсіх тут зьдзіўляла.

Т. Гушча.

14. На начлезе.

Немалады ўжо чалавек Тамаш Чучка, і не яму-б езьдзіць на начлег. Праўда, начлег не такая ўжо цяжкая рэч, але, што ні кажы, усё-ж такі старым касьцям куды ляпей было-б ляжаць на сяньніку каля печы. Але хто-ж паедзе?! Якуб можа гэтымі днямі прыедзе з плытоў, а пакуль-што трэба зьбірацца. Падапрануўшы кажушок і падперазаўшыся путам, Тамаш вышаў з хаты.

На вуліцы ўжо тупалі капытамі коні, бражджалі званкі сіпаватымі галаскамі. Начлежнікі ехалі шумна. Сярод іх было колькі дзяцюкоў, а найболей усё былі дзеці; былі тут і дзяўчаты.

Тамаш падвёў каня да плоту, каб сесьці конна. Каню, відаць, не падабаецца нясьці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесьці, зараз-жа ўцякаў ад плоту. Тамаш крычаў на каня, ізноў цягнуў яго да плоту, пакуль сяк-так не ўшчапіўся конна.

Начлежнікі ўжо ад’ехалі далёка, як Тамаш выяжджаў з двара.

Начлежнікі выбралі высокі сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен.

Спыніліся начлежнікі, спыніўся й Тамаш. Ён спутаў свайго коніка, павесіў яму на шыю перавясла, каб заўтра скарэй яго можна было знайсьці, ды прылёг воддаль ад гэтае маладое галды.

Зоры, як матылечкі, трапыхаліся, дрыжалі, і іх блеск пераліваўся дзіўнымі колерамі нязьлічаных агнёў. За лугам чуць-чуць выступала сваім чорным абрысам зубатая палоска яловага лесу, а над ім мігацелі чырвоныя стужкі трывожных зарніц.

Кругом было так спакойна, так ціха й згодна, што душа мімавольна адрывалася ад зямлі і няслася ў невядомую высь, каб зьліцца з хараством, з безгранічнасьцю гэтага таемнага, неразгаданага сьвету.

Тамаш лёг на сьпіну, падлажыўшы пад галаву рукі. Доўга ён ляжаў гэтак і разважаў у сваіх думках. Аб чым думалася, ён і сам не адказаў-бы, каб яго хто папытаўся аб гэтым. Думкі самі йшлі й праходзілі, бы тыя лёгкія хмаркі на небе, ішлі ды раставалі, як сьняжынкі.

А там, каля агню, варушыліся й бегалі дзеці, адтуль нясьліся песьні й покрыкі. Памалу ўсё супакоілася, толькі сьмех, дружны й закатны, гаварыў, што каля агню яшчэ ня сьпяць.


15. Навальніца.

Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй да сонца, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.

Спужаўся й задрыжаў сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць бяз літасьці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела й адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.

Што значыць яму навальніца? Ці раз бывала, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі сьмяяўся над непагодай.

Дый так, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў сваё карэньне, даючы яму вольна расьці і ўшыркі, і ўдоўжкі, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.

Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад ня меў вока на яго за тое, што карэньне забірала ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такое бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зьніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.

Цярпліва пераносілі крыўды засохлыя дрэўцы і час-ад-часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыцьцё тоненькія лазінкі й алешынкі. І ніхто з іх ня ведаў, якая доля чакае таго дуба.

Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго карэньне, жыло шмат маленькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу. Хоць гэта й марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэньні.

І настаў дзень, калі на падмогу працы схаваных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як-бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і ня схінаў прад ёй свае галавы.

Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў слуп, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун.

Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся сустрэць націск, як калісь бывала; тымчасам хмары ўжо папаўзьлі на сонца, згасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі к зямлі і чакалі сьмерці. Задрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.

— Глядзі, суседка! — шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасьне: — глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка й яму прышлося…

Але не дакончыў арэшнік, і не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся й зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.

Навальніца, як цёмная вялізная птушка, уцякала далей.

Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар паказалася яснае неба.

Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане; з прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.

Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.

Т. Гушча.

16. Першае гора.

Першае гора сустрэла Цішку, як яму было толькі шэсьць гадкоў. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Любіў хлопчык сваю сястру, а цяпер вот пашла яна ў чужую хату. Доўга Цішка маркоціўся па сястрыцы і часта хадзіў да яе. Урэшце яму так цяжка стала без сястры, што й жыцьцё ня міла. „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа ён раз сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ Бяда хлопчыку: маці шкода! Заплакаў Цішка, але такі паставіў на сваім: забраў свае цацкі, кашулькі, нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Марылька не дала, ды пашоў.

Прышоў да Касі. Селі вячэраць. Зноў яму маркотна стала: захацелася паглядзець, як там, дома. І яны, мусіць, вячэраюць. Вышаў Цішка з хаты, падбег пад акно да сваіх, а ўсе за сталом сядзяць: скраю — бацька, каля яго — матка, а пры мацеры — Марыля, і кот Рудзька на лаўцы сядзіць. А з Марылькай заўсёды Цішка сядзеў. Раптам яму зрабілася так шкода ўсіх, што ён кінуўся пад акном ды моцна заплакаў. Выбегла маці ды ўнесла яго ў хату. „Чаго ты, чаго ты, дурненькі?“ пыталася маці. „Калі-ж я ўжо ня ваш, а мне там маркотна“, плакаў Цішка, а маці сьмяялася й цалавала Цішку.