Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/26

§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках § 26. Знакі прыпынку пры зваротах
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 27. Знакі прыпынку пры незалежн. словах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 26. Знакі прыпынку пры зваротках.

Правіла 5. 1) Зваротак у сярэдзіне сказу выдзяляецца коскамі: Цяжкая, жнейка, праца твая! Час табе, дзеванька, на пасад!

2) Калі зваротак стаіць у пачатку сказу і вымаўляецца з асаблівай сілай, то пасьля яго ставіцца клічнік, а ў канцы сказу пункт, клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад сказу. (Браты! хай кожны пасьпяшае адно нам думаць і рабіць! Дзеці! аўсяны кісель на стале. Брацьця! ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! ці хопіць нам сілы?!).

А калі зваротак стаіць у пачатку сказу, але вымаўляецца бяз націску, або без асаблівага павышэньньня голасу, то пасьля яго ставіцца коска, а ў канцы сказу — клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад таго, які будзе сказ — клічны ці пытальны. (Сонейка, чаму Янава ночка невялічка? Каліна, ня стой, распускайся ды ў белы цьвет раскладайся!).

3) Калі зваротак стаіць у канцы сказу, то перад ім ставіцца коска: Будзь паслушна ты, дачушка! Дзе ты, лепшая, дзе ты, доля!

4) Калі зваротак мае свае даданыя словы, то яны выдзяляюцца знакамі прыпынку разам з самым звароткам: Сьпі, мой міленькі сыночак!

Практыкаваньне 3. Сьпісаць і звароткі падчыркнуць.

Вот, брат, раўніна — і вокам ня скінеш! Плыві, з рожы кветка, аж да майго роду! Вярнецеся, млоды леты, хоць да мяне ў госьці! Прадам цябе, коню, коню вараненькі, за талер бяленькі! Ня дзівуйся, мой дружа нядбалы, што я сягодня так злосна шумлю! Ты, саколе — верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане? Ці плача айцец-маці па мне? Ня гудзі так, восень, непагодай дзікай! Ня крываўся, сэрца, з нядолі вялікай! Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? Чуў я, мужчыны, зямля прадаецца. Памажы мне, галубка, зьвязаць ячмень! Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Прыбірайся, сын, у панцыр: зараз паход будзе! Мой мілы пакою, добра мне з табою! Зязюлька, зязюлька! кукуеш голасна, да ня жаласна. Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Глянь ты, слаўны гаспадар, на палеткі свае! Салавейка лугавы, ня пей рана да зары! Ойчанька мой родненькі, да ўбяром мы ключначку да паставім на таначку! Ты, зялёная дуброва, расьцьвітай і шумеці добрай славай пачынай! Варушыся, конік мой сівенькі! Нядобра вы, дзеткі, зрабілі! Павесь шапачку, мой сыне! Што цябе чакае, сын? Муляр! што ты будуеш, каму? Што-ж табе пісаць, старэнькі? Краю мой родны, столькі, ты зносіў нядолі! Не настане, кум, ніколі супакой між намі! За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! Разьвейся, туман, расплывецеся, хмары, над хатай пахілай маёй! Лійцеся, думкі — сэрца дзеці! Ці вас песьня-жальба, думкі, узгадавала? Ночанька мая ты, ціхі сон вясны! Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце! Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы. Дам табе, косю, крынічнай вады. Прывет табе, жыцьцё на волі! Добрай ночы, зара-зараніца! Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі сьнег. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Ты пакінь мяне, нуда мая нямая! Куды нясеш мяне, невядомая дарога! Адабраў ты, брат Андрэй, ад мяне кусок хлеба! Грамадзяне! ці трэба казаць вам, якую страту панесла наша кампанія ў асобе гэтага чалавека? Хто з вас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль? Што ёсьць на сьвеце мілей за цябе, узрост маладога жыцьця?! Ня будзеш цяжкая ты сыну свайму, зямля!