Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/27

§ 26. Знакі прыпынку пры зваротах § 27. Знакі прыпынку пры незалежн. словах
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 28. Знакі прыпынку пры пабочн. словах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 27. Знакі прыпынку пры незалежных словах у сказе.

Правіла 6. Пасьля выклічніка ставіцца клічнік або коска.

1) Клічнік ставіцца ў тых разох, калі покліч выражаецца ня ўсім сказам, а толькі самым выклічнікам. (Ат! зьясі пасаліўшы. Куга! я табе ня слуга). У праціўным выпадку пасьля выклічніка ставіцца коска, а ў канцы сказу — клічнік ці пытальнік. (Ох, лепей удвох! Эх, скручу я дудку! Ну, што-ж далей будзе?).

2) Калі выклічнік памацняе слова, перад якім стаіць, або калі стаіць перад займеньнікам, то звычайна ня ставіцца ніякага знаку. (Ой пайду я лугам, лугам! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!).

3) Таксама выклічнік не выдзяляецца ніякімі знакамі, калі служыць якою-небудзь часьцінаю сказу. (Не злавіўшы, не кажы тпру. Калі хап, дык хап).

4) Складаныя выклічнікі пішуцца з злучком. (Ні гу-гу. Охо-хо-х, калі-б то я мог!).

5) Такія самыя знакі прыпынку ставяцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў не, так, але. (Не, я ня дзіўны: я — сьляпы! Не, ня гэтага я спадзяваўся! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край. Але, гэта было так).

Практыкаваньне 4. Сьпісаць і незалежныя словы падчыркнуць.

Ну, матулька, будзь здарова! Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Ой, Грыгор, Грыгорка! што зрабіў ты з намі? Гэй, скажы, груган нязнаны, скуль ты прыбываеш? Ой коню, мой коню, заграй пада мною! Ой воўча, сядзі моўча! Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрцайка не ўражай! На, табе, нябожа, што нам нязгожа! Эх ты, небарака! то, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе?! За гарамі, ой дзяўчына, страшны бой вядзецца! Ой стук, маці, стук! Ой куды ты, казача, вандруеш?! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой вы, браткі вы мае, запрагайце коні мне! Прэч! гадзіны, сьліўні, рапухі! Ну, сынок, служы здаровы! Гэй ты, Нёман, наша рэка! Ой вы, думкі, думкі — сэрца майго раны! Эх, наперла ліха, гора! Гайда сьцежкі пракладаць! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе, а цераз поле чалавек ідзе! Ах, як тут прыгожа! Ой чаму я стаў поэтам у нашай беднай старане!? Аа-аа, дзіця, спаць! Ат, вярзе няма ведама што! Брысь пад печ! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі на вароцех у чырвоных боцех. Ні тпру, ні ну. Охо-хох! усё гарох, рэдка — каша, беднасьць наша! Скажы на майго каня тпру, а то мае губы пазяблі. Танянёх, танянёх, куды кінуў, там і лёг. Ух, як холадна стала! Хоць вох, да ўдвох. Гэй ты, Нёман, быстры Нёман! Ох, скарэй-бы закрывала землю чорную зіма! Ой на дварэ дождж ідзе, а ў сенях лужа! Салавей пяе цяцёх, цяцёх, а я, млода, ох-ох, ох-ох. О, наш чысты, наш свабодны Нёман, быстрая рака! Эх, ня лёгка за скацінай! Эт, патрапіць: не вяліка пастуха навука. Ото, дзіва! Эх ты, разводзьдзейка, эх ты, бурлівае! Аа-аа, люлі! прыляцелі куры. Ой ляцела зязюлечка ды сказала ку-ку.