Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/28

§ 27. Знакі прыпынку пры незалежн. словах § 28. Знакі прыпынку пры пабочн. словах
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 29. Кропка, кропка з коскай і двукроп‘е

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 28. Знакі прыпынку пры пабочных словах.

Правіла 7. Калі пабочнае слова стаіць у пачатку сказу, то пасьля яго ставіцца коска. (Знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе). Калі яно стане ў сярэдзіне сказу, то выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Ты, мабыць, забыўся). А калі пабочнае слова стаіць у канцы сказу, то перад ім ставіцца коска. (Будзе вайна, кажуць).

Увага. Пабочных слоў можа быць два і больш. Напрыклад: Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты! На мой густ, дык і гэта добра.

Практыкаваньне 5. Сьпісаць і пабочныя словы падчыркнуць.

Ну, авось, табе паможа сусед. Стары дзед не пачуў, мабыць, грукату. Вот, напрыклад, маё, дык, пэўна-ж, райскае жыцьцё. Нажаль, я не памятаю такога здарэньня. Зьбяруцца бывала і люлькі закураць. Ты, разумеецца, паможаш мне ў гэтай справе. Родная зямелька! ты, маўляў, здароўе: той цябе ашануе, каму безгалоўе. На вялікай, знаць, быў згубе ў далёкай старонцы. Нашая ластавачка, напрыклад, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Ён, мусі, зусім забыўся, што далі яму такую мянюшку. У дарозе, вядомая рэч, спачатку ня чуеш, што цяжка, а потым і хунт пудам здасца. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Усё йшло, здавалася яму, звычайным парадкам. От, ведама, забаўляліся, як дзеці. Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі, разам з вамі! У нашай, напрыклад, воласьці другі ўжо год, як ідуць непарадкі. Прызнацца, Андрэй нават ня рад быў, што сьсек той дубок. Гэтая карчма бывала бітком была набіта людзьмі. Каню, відаць, ня вельмі падабалася несьці на сабе свайго нядбалага гаспадара. Апроч таго, яны й па натуры былі мурашкі-практыкі. Папраўдзе сказаць, мне не хацелася ехаць на ўловы. А вясна, тымчасам, рабіла сваё. Перш-на-перш, мы суседзі, а потым, і сама справа вымагае нашай супольнасьці. Бывала ўстане, бедны, падыдзе да акна ды глядзіць на яснае неба. У вольныя дні бывала клікала цётка Ганна малога Юрку ў грыбы. Нарэшце, надумаліся яны паглядзець, што гэта значыць.

Практыкаваньне 6. Сьпісаць вершы звычайнымі радкамі.

1. Разводзьдзе.

Крэпкі, магутны аковы зімовыя!
Лёдавы крыгі на захад і ўсход.
Бліснула сонца, сонца вясновае,
Топіцца гурбіна, топіцца лёд.
З грукатам, з ломатам крыга за крыгаю
Прэцца-нясецца ў нязнаную даль;
Хваля за хваляю коціцца, мігае,
Ломіць прашкоды, як молатам сталь.
Дарма запорыну людзі бяздольныя
Выбегуць ставіці сіле такой:
Скрышыць паводка ўсясільная, вольная,
Скрышыць і пойдзе сваёй пуціной!
Эх ты, разводзьдзейка! Эх ты, бурлівае!
Ты аднаўляеш, купаеш зямлю!
Вынесі, вынесі хваляй жычліваю
К лепшаму шчасьцю людзкую сям’ю!

Я. Купала.

2. Родныя вобразы.

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае,
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгоркі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы-нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю —
Бачу я вас прад сабой:
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Зьзяючы мілай красой.

Чуецца говар мне сьпелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага гоман шчасьлівы,
Песьня магучых дубоў…
Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд!
Песьні цягучыя, песьні пакутныя
Бачу і чую я тут.

Я. Колас.

3. Песьня пры рабоце.

Дружна з ахвотай,
Гэй, за работу,
Брацьця, скарэй!
З песьняю зычнай
Ў працы прывычнай
Будзе спраўней.
Гора з нядоляй
Ня знойдуць патолі
Доўга між нас;
Весела й хутка,
Мінута ў мінутку
Сойдзе нам час.
Ў стуку і груку
Забудзем мы муку
Працы сваёй.
Шчыра і сьмела
Гайда да дзела
Цеснай сям’ёй!
Там, дзе цярпеньне
Ў цемры гніеньне,
Стане расьці
Семя жывое;
Шчасьце сьвятое
Пасеем ў жыцьці.
Дружна з ахвотай,
Гэй, да работы,
Брацьця, скарэй!
Праца сьвятая
Хай прывітае
Нас ўсіх хутчэй!

Ц. Гартны.