Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/31

§ 30. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе § 31. Знакі прыпынку ў склад.-злуч. сказе
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 32. Знакі прыпынку ў склад.-залежн. сказе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 31. Знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе.

Правіла 15. Злучаныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога коскаю, коскай з кропкай і двукроп’ем.

1) Коска ставіцца перад злучнікамі і, а, або, ці, але, толькі і інш. (Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Пачарнеў на полі сьнег, і на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пашоў. Або пан, або прапаў. Ці паплачаш, ці паскачаш. Сонца яшчэ ня ўзыходзіла, але ўжо павеяла халадком. Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы ды прадзе кудзельку).

2) Коска ставіцца паміж злучанымі сказамі і ў тым выпадку, калі граматычнай сувязі (злучнікаў) няма, а сказы мала разьвітыя і цесна зьвязаны паміж сабою сэнсам. (Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло, поле жыцьцем трапятала, усё сьпявала і цьвіло).

3) Значна пашыраныя (разьвітыя) сказы або ня цесна зьвязаныя сэнсам аддзяляюцца адзін ад другога коскай з кропкай. (На цьвічку павешан начнічок убогі; сумна пазірае месячак двурогі; карагоды зорак угары мігаюць, а ўнізе сьняжынкі срэбрам адліваюць).

4) Калі адзін сказ паясьняе другі або калі прапушчаны паясьняльныя словы (а ўласна, г. значыць, або, дзеля таго) ці супярэчныя або вінавальныя (прычынныя) злучнікі, то паміж такімі сказамі ставіцца двукроп’е. (Перад ім стаяў ня ўбогі: перад ім стаяў гаспадар маёнтку. І на могілках прыбавілася яшчэ адна магілка: гэта пахавалі маленькага Юрку. Я іх ня ваблю сваёю красою: вецер інакшы ім дзьме ў галаве. Не схаваешся, сьнег, ад сонца: ўсюды яно цябе знойдзе. Над калыскай матка ночку каратае: хворага сыночка цешыць, забаўляе).

5) Калі ў злучаных сказах выражаецца нешта такое, што адбываецца скора, адно па другім, або калі прапушчана слова ці нават некалькі слоў, то ставіцца працяжнік. (Толькі першыя пеўні прапяялі, як чую — нехта едзе на маю атаўку. Ня я яму — ён для мяне падмогай быў).

6) Там, дзе мова абрываецца або не даказваецца, ставіцца недаказ або трохкроп’е. (Эх, каб дачка!.. ня жала-б адна. Ты ўжо ўходзіш, браце, у годы… колькі табе будзе? Рвануў я дзьверы і вырваў… к брату… брата няма).

Практыкаваньне 9. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе.

Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае. Сонца паліць што раз гарачэй; пажоўклі маладыя каласкі; пажоўкла зялёная саломінка. Тут рэчка пад бокам; і процьма ў ёй рыбы. Слухаюць людзі, і сэрца іх млее. Падышоў паляўнічы да ямы і бачыць — у вадным кутку скрыпач, а ў другім — воўк. І такая ў іх музыка пашла: скрыпач грае, воўк вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Плача зіма, льлюцца яе халодныя каламутныя сьлёзы. Падымуцца хмаркі ўночы, павее вецер з халоднага боку, і на заўтра выпадзе сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі, трасе яна сваімі дужымі плячмі, і лёд покае, трашчыць. Ціха і плаўна коцяцца воды вольнага Нёману ў ціхую даль, толькі ў часе глухой непагоды з берагу Нёман ня выйдзе амаль. Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве бяда. Атаўка — сену прыбаўка, да ня ўмеў скасіць Саўка. Вось на сьвеце як бывае: хто працуе, той і мае. Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць. Ажывіўся замак хмуры: усюды блеск, гараць агні. Надумаліся мы каня прадаваць: ціхават быў, і дыхавіца прычапілася. Пішчыць дзесь чайка на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела; слава далёка за мора ішла; ворага кожны за плечы браў сьмела; цемра чужынцаў ня страшна была. Хлопцы папрасілі пабудзіць іх заўтра да сонца: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ сонца было нізка, а ў хлопцаў былі ўжо поўныя кошыкі баравікоў. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж паліўся, як з вядра.

Практыкаваньне 10. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў злучаным сказе.

Прачнуліся нівы і хаты; уся ў полі людзкая сямейка; за сошкай шнуруе араты; ля статку іграе лейка. Знаць, сіла ў сяўца не малая: захоча — і сьвет пераверне. З студні вада па рыштоках праводзіцца на поле, і бясплодная пустыня ажывае ўраджаем. Суша й вада зусім не падобны да сябе: па зямлі можна хадзіць, а ў вадзе мы тонем. Неба зацягнулася лёгкімі хмарамі, як кудзеляю, але было ціха й цёпла, як часта трапляецца ў харошую веснавую ноч. Нікла жыцьце ў лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам сумным над балотам жураўлі. Доўга ня мог заснуць Міхаська: заўтра рана выбіраецца ён у дарогу. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар, і тады мы яго чуем. Над калыскай матка ночку каратае: хворага сыночка цешыць, забаўляе. Пачарнела кола, і даўно мохам чорным абрасло яно. Кінь толькі вокам да гэтага люду — сьцісьнецца сэрца ад болю: столькі пабачыш ты гора усюды, столькі нуды без патолі! Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог, а вядуць яны ўсе да магілы. Ярка на камінку смольны корч палае; бацька на калодцы лапаць выплятае; латае халацік на зуслоне матка: ў школку заўтра пойдзе іх сынок Ігнатка. Пасьціхалі птушак сьпевы; паскідалі лісьце дрэвы; зьніклі кветкі на палёх; пахавалісь людзі ў хаты; сумна лес глядзіць кашлаты; жоўты ліст увесь палёг. На камінку корч палае; злотам іскры скачуць; за ваконцам вецер ходзіць; глуха вербы плачуць; сьнегам вецер сыпле ў дзьверы; ходзіць шум па лесе. Гасьне корчык на камінку; пацямнела ў хаце; поўнач пеўні пракрычалі, да ня сьпіць ўсё маці. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі, перастала грэць яснае сонейка; не падымаецца яно высока над зямлёю; яго косы ня сьвецяць ужо так ясна; яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Пачаліся прымаразкі; ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся; згінулі кветкі, што ўбіралі поле і луг; ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць пчолкі, „не таўкуць куцьці“ камары й мошкі.