Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/32

§ 31. Знакі прыпынку ў склад.-злуч. сказе § 32. Знакі прыпынку ў склад.-залежн. сказе
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 33. Знакі прыпынку пры дзеяпрыметных і дзеяпрысл. выражэньнях

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 32. Знакі прыпынку ў складана-залежных сказах.

Правіла 16. 1) Залежны сказ аддзяляецца ад свайго асноўнага сказу коскай. (Ня шукайце кветак у полі, калі вясна к нам ня прышла. Кожнае стварэньне прызвычаена да таго жыцьця, якім яно жыве, і да таго месца, дзе яно жыве).

2) Калі залежны сказ стаіць у сярэдзіне асноўнага, то ён выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся. Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).

3) Сузалежныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога, як у злучаным сказе: 1) коскаю, калі сказы кароткія, і 2) кропкай з коскай, калі сказы значна пашыраныя (разьвітыя) або маюць пры сабе залежны сказ. (Будзеш ты чытаць нам — цёмным няўмекам, што там у кнігах пішуць, што мы ў сьвеце значым, бо мы самі цёмны, сьвету мы ня ўбачым. — Калі асеньнія навіны зьмянілі сад, калі з бяроз рваў лісьце вецер, а мароз, наліўшы ягады рабіны, траву губіў; калі патроху чырванелі чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага гальля чарнелі, і грозны вечару пажар палаў між бура-сівых хмар; калі асеньні вецер дзіка стагнаў і глуха па начах грымеў ў наш залезны дах, — тады да лета Вераніка ад нас зьнікала ў інстытут. М. Багд.).

4) Калі прапускаецца прычынны ці параўнальны злучнік, то звычайна ставіцца двукроп’е. (Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш, і надрыжышся); а калі прапускаецца умоўны злучнік, то ставіцца працяжнік. (Лета праляжыш — зімою з торбай пабяжыш. Ня хочаш з моладасьці працаваць — будзеш пад старасьць з торбай танцаваць).

Практыкаваньне 11. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку ў складана-залежным сказе.

Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной. Люблю я дарогі, што леглі між гор, і грушы старыя, што ў жыце шумяць. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Чалавек, покі ў горы не пабудзе, ня знае дабра. Тады, госьць, бывай у мяне, калі поўна ў гумне. Моцна сьпіць шырокая рака: глядзіш на яе і здаецца, што яна мёртвая. А крыгі, як дзікія зьвяры, злосна скрыгічуць, як ворагі людзкога шчасьця. Як сьнег растае, як сонейка пойдзе ўгару, то, лічы, скора папрылятае „вырай“ з-за мора; а як абсохне зямля, ды спадуць рэчкі, пойдуць у поле цёлкі й авечкі; і кожны весел, лёгкі, як пташка, хоць усякі працуе, як тая мурашка. Улетку вятры, што веюць над сушай, робяцца цёплыя. Край неба, дзе зашло сонца, блішчаў шырокаю чырвонаю стужкаю. Весела пазіраў стары лес, што рос за сялом ды цягнуўся па краёх поля. Мёд носяць рабочыя пчолы, каторых у вульлі вельмі многа. Мы ня прывыклі бачыць тае карысьці, якую прыносяць нам птушкі. Ёсьць на сьвеце бязводныя пустыні, дзе не растуць ні травы, ні дрэвы. За хатай поле пачыналася, дзе жыта хораша гайдалася, і рос ячмень, авёс і грэчка. На зямлі ёсьць суша, на якой стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і іншае. Ёсьць такія месцы на поўдні, дзе зіма лічыцца самай прыемнай парою году. Я ня знаю, чым мне дораг від палёў благенькіх. Я ня знаю, чым я так прыкуты да тваіх, мой родны краю, вобразаў пакуты. Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца, каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца! Глядзела Анелька, як бацька поўнымі жменямі рассыпаў па полю дробныя зерняткі. Людзі любяць птушак за тое, што яны прыгожыя. Прачнуліся пчолкі ад зімовага сну і бачаць, што сонейка сьвеціць, што ўсюды ўжо цёпла. Дзед расказаў нам, што пчаліны рой складаецца з маткі, трутняў і рабочых пчол. Лёгка вытлумачыць сабе, чаму на марозе залезныя рэчы здаюцца халаднейшымі, а дзеравяныя, скураныя й суконныя — цяплейшымі. Зразумела, чаму на сякеру робяць дзеравянае тапарышча, а не залезнае. Таксама зразумела, чаму ўлетку мокрыя дошкі хутчэй сохнуть пад залезным дахам, чымся пад страхою. Як лёгкі дым, як лёгкі пар, расталі ў небе кучы хмар. Там, дзе расьце шмат лесу, чалавек талянтуе лесам. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Добра глядзі, каб агрэху ня даць; усё, як належыць, на полі урадзь. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад холаду, і ад дажджу, і ад сьпякоты. Чыста ад пырніку поле апратай, бо калі ў пырнік зерня пасееш — з працы свае карыстаць не здалееш. Зарадзіў званец — хлебу канец. Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-бы грошай дзежка. Зарадзіла мятліца — хлебу палавіца.