Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/33

§ 32. Знакі прыпынку ў склад.-залежн. сказе § 33. Знакі прыпынку пры дзеяпрыметных і дзеяпрысл. выражэньнях
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 34. Знакі прыпынку пры пабочных сказах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 33. Знакі прыпынку пры дзеяпрыметных і дзеяпрыслоўных выражэньнях.

Правіла 17. 1) Калі дзеяпрыметнік-азначэньне з паясьняльным словам ці з некалькімі паясьняльнімі словамі стане пасьля таго слова, да якога адносіцца, то аддзяляецца коскаю, напр.: Зноў на полі рунее збажынка, абуджаная сонцам.

Калі такое дзеяпрыметнае выражэньне стане перад тым словам, да якога адносіцца, то коскаю не выдзяляецца, напр.: „Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі стаялі па грудочках“. Калі выражэньне, „парыжэлыя ад сонца“ паставім пасьля слова, „стагі“, то яно выдзяляецца коскамі, напр.: Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаялі па грудочках.

2) Калі дзеяпрыметнік ці прыметнік з паясьняльнымі словамі стане перад тым словам, да якога адносіцца, то аддзяляецца ад свайго азначальнага слова коскай, калі можна паставіць дзеяпрыслоўі „будучы“ ці „быўшы“, напр.: Зруйнованы (будучы зруйнованы) вайною, багаты край асірацеў. Поўны новых сіл і сьветлых надзей, я сьмела йшоў наперад.

3) Дзеяпрыслоўе з усімі словамі, што да яго адносяцца, заўсёды выдзяляецца коскамі. (Зябнуць вербы на марозе, прытуліўшыся к страсе. Вераценца, з рук упаўшы, грукне).

4) Адно дзеяпрыслоўе разглядаецца, як слова акалічнасьці (на пытаньне як? ці якім спосабам?), і коскай не аддзяляецца. (Пад дуб рохкаючы падбегла лапавухая сьвіньня. У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць. Воўк не выбіраючы душыць авечкі).

Практыкаваньне 12. Сьпісаць ды дзеяпрыметныя й дзеяпрыслоўныя выражэньні падчыркнуць.

Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. Хто з вас ня бачыў круглых кучак мурашніку, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Як толькі праходзілі гэтыя, нет ведама адкуль нахлынутыя думкі, Тадора зноў бралася за сваю работу. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі. Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой. На лёдзе паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямлі рытвах. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам, лясьнік загадаў зрабіць аблаву. Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што мурашкі бегаюць, поўзаюць, кішаць бяз ніякага парадку. Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам, а каля хаты у садочку, схіліўшысь ціхенька ў куточку, стаялі вербы дзьве старыя. Брусьніца краснабока — парабак насьпіць сабе вока. Будзе пара — вырасьце трава. Даганяючы не нацалуешся. Зваліўшыся з высакосьці, часам паломіш сабе косьці. Ня шукаючы ня знойдзеш. Апусьціўшы нізка стройны валасок, ные сірацінка, плача каласок. Вышаўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Хто з вас гуляючы не ўзьбягаў на круглыя горкі мурашніку, каб толькі пацешыць сябе? Разварачаючы мурашнік, вы не падумалі нават, якую бяду робіце мурашкам. Не пастаяўшы ў парозе, ня будзеш стаяць і ў куце. Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць. Ня згубіўшы нечага шукаць. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Пытаючыся дапытаешся. Чужое бяручы, сваё гатуй. Каля вады ходзячы, абмочышся. Паволі едучы, далей будзеш. Па балоце чайка ходзячы рагоча.

Практыкаваньне 13. Сьпісаць звычайнымі радкамі наступныя вершы:

1. Нёман.

Льлецца Нёман паміж гораў,
Сьветлы, чысты, як з расы.
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць воду праз лясы.

Гэй ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.

А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў,
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў.

Разьліваўся па ракітах,
Занімаў і лес і гай;
Доўгавязы плыт за плытам
Носіш ты ў далёкі край.

Колькі раз рыбацкі човен
На грудзёх тваіх гуляў!
Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!

Чуў ты смутак горкай долі
Свайга сына — мужыка,
Чуў ня раз у чыстым полі
Плач і сьлёзы бедака.

Ў ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
І кацілася сьлязою
Песьня ў раньні летні час.

А на беразе, пад дубам,
Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.
А у боры вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў;
і ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаманіў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-бедака…
О, наш чысты, наш слабодны,
Нёман, быстрая рака!

Ты цячэш далёка — знаю:
Ў землю Літвы і нямцоў…
Раскажы-ж чужому краю
Пра жыцьцё тваіх сыноў!

Я. Колас.

2. Закліканьне вясны.

Ты прыдзі, вясна жаданая, прыдзі!
Гукам жыцьця, песьняй працы загудзі,
На узгоркі, на нізіначкі зірні,
Сон трывожны, сон наш цяжкі разгані!

Ты нясі нам радасьць, сілачку нясі,
Нашу ленасьць і нядбаласьць атрасі!
Ты ляці на крыльлях выраю скарэй,
Абмахні цяплом пахілых, абагрэй!

Наша жыцьце, нашу долечку пабач,
Над жытамі цёплым дожджыкам заплач,
Пракаціся громам-музыкай ўгары!
Ты ідзі, нясі цудоўныя дары,

Каб ўзбагацеў добрым засевам наш край.
Ты прыдзі, ў адзін тон з намі засьпявай,
Ўскалыхні ты струны сэрданька жывей,
Каб было нам жыць на сьвеце весялей!

Ты прыдзі да нас, жаданая, прыдзі,
Раскатурхай нашу дрэму, абудзі!

Е. Буйла.